Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Курсовая. Дипломная.doc
Скачиваний:
23
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
189.95 Кб
Скачать

Падбор навуковай і мастацкай інфармацыі

Рыхтуючыся да сустрэчы з навуковым кіраўніком, студэнт паві­нен скласці спіс асноўнай мастацтвазнаўчай літаратуры, кожную з крыніц у якім неабходна ўважліва прагледзіць і мець дакладнае ўяўленне аб яе змесце. Што да ілюстрацыйнага матэрыялу (мастац­кія альбомы, каталогі, нотныя зборнікі, аўдыа- і відэакасеты і г.д.), то ён можа быць прадстаўлены часткова спісачна, а часткова – экспазіцыйна. У гэтым выпадку трэба дакладна ведаць, якія з мастацкіх твораў можна ўбачыць толькі ў рэпрадукцыях, а якія – у натуральным выглядзе ў музейных экспазіцыях, у майстэрнях маста­коў, у сховішчах і г.д. Неабходна ўважліва прагледзіць сучасныя канцэртныя і тэатральныя афішы горада, адзначыць у іх творы, якія патрэбны для аналізу ў курсавой рабоце, і абавязкова наведаць гэтыя канцэрты ці спектаклі.

Работу з навуковымі першакрыніцамі трэба пачынаць з азнаямлення з самымі апошнімі энцыклапедычнымі, даведачнымі, навуковымі выданнямі, бо ў іх звычайна суміруецца ўсё, што было зроблена папярэднікамі, даюцца самыя дакладныя, вывераныя звест­кі, раскрываюцца сучасныя канцэпцыі, дэманструецца сучасны навуковы стыль напісання тэксту.

Паступова пералік навуковых крыніц будзе пашырацца, таму, каб захаваць гэта ў сваёй памяці, трэба фіксаваць кожную крыніцу з дакладным бібліяграфічным апісаннем (прыклады правільнага сучаснага бібліяграфічнага афармлення крыніц гл. у дадатку № 3), адзначаць для сябе – ў якой бібліятэцы, архіве, музеі ці мастацкім фондзе яна знаходзіцца, каб, пры неабходнасці, адшукаць патрэбны матэрыял.

Праца ў некаторых аддзелах пэўных бібліятэк, архіваў, музеяў патрабуе дазволу, г.зн. афармлення спецыяльнага пропуску, які дае права карыстацца патрэбнымі навуковымі фондамі. Узор формы напісання такога дакумента гл. у дадатку № 4.

Наведванне канцэрта ці спектакля, праца ў архіве ці музейных сховішчах, калі ўжо не будзе нагоды трапіць другі раз, патрабуе асаблівай увагі, аналізу, фіксацыі ў памяці і на паперы (!) сваіх уражанняў. Пажадана зафіксаваць пісьмова логіку эмоцый, асацыя­цый, назіранняў, думак і запісаць тыя пытанні, якія ўзніклі ў працэсе “навуковага ўжывання” ў мастацкі вобраз, і калі спатрэбіцца, каб аднавіць гэта ў памяці.

Такім чынам сабраўшы матэрыял па тэме курсавой работы, можна прыступаць да яе напісання. Саставіўшы план, патрэбна тэзісна вызначыць асноўныя яе часткі, і абавязкова сустрэцца з навуковым кіраўніком, каб узгадніць з ім свае намеры і ўпэўніцца ў правільнасці абранага рашэння навуковай задачы.

Структура курсавой работы

Па структуры курсавая работа павінна мець наступныя састаўляючыя: уступ, асноўная частка (2–3 раздзелы і некалькі падраздзелаў у кожнай), заключэнне, бібліяграфічны спіс. Пры неабходнасці можна ў канцы курсавой работы ўключыць дадаткі.

Уступ павінен мець вельмі канкрэтны і дакладны матэрыял, які раскрывае актуальнасць тэмы курсавой работы (абаснаванне тэмы), мэту і задачы курсавой работы, аб'ект і прадмет даследавання, метадалогію і метады праведзенага даследавання, агляд выкарыстанай літаратуры, структуру курсавой работы.

Актуальнасць тэмы курсавой работы вызначаецца правамернасцю і запатрабаванасцю раскрыцця абранай тэмы.

Абгрунтаваннем для выбару тэмы могуць быць наступныя аргументы:

– недастатковая распрацаванасць у навуцы абранай тэмы, саста­рэласць ацэнак, што дыктуе неабходнасць перагляду матэрыялу;

– наяўнасць некалькіх процілеглых пунктаў гледжання на вырашэнне пастаўленых праблем, што выклікае жаданне ўступіць у палеміку;

– сацыяльная значнасць тэмы;

– практычная важнасць распрацоўкі;

– неабходнасць абагульнення матэрыялу па дадзенай тэме для выкарыстання яго ў навучальным працэсе.

Актуальнасць тэмы павінна быць сфармулявана сцісла, даклад­на, аргументавана, таму што менавіта гэтая частка курсавой задае тон усёй рабоце.

Аналітычны агляд выкарыстанай літаратуры– абавязковы і вельмі важны раздзел для любой навуковай працы, у якім трэба паказаць працэс вырашэння дадзенай праблемы раней. Пры бібліяграфічным аналізе рэкамендуецца пачынаць агляд літаратуры з самых ранніх (храналагічна) публікацый па абранай тэме, а падбор і вывучэнне літаратуры – з апошніх выданняў.

Пры аглядзе літаратуры ўсе навуковыя крыніцы неабходна класіфіцыраваць, што адлюструе сістэмнае мысленне студэнта, яго асэнсаваную пазіцыю. Да класіфікацыі крыніц могуць быць некалькі падыходаў, прыводзім два з іх: 1) – у адпаведнасці з жанравай тыпа­логіяй выданняў (манаграфіі, мастацкія альбомы і нотныя зборнікі, у якіх прысутнічаюць грунтоўныя ўступныя артыкулы, артыкулы з навуковых зборнікаў, артыкулы з часопісаў, газет); 2) – у адпаведнасці з навукова-праблемнай класіфікацыяй пытанняў, якія асвятляюцца ў пэўных крыніцах (па навуковых праблемах, адпавед­на эвалюцыі ацэнкі поглядаў на пытанні па тэме курсавой работы, у адпаведнасці з гісторыка-тэарэтычным падыходам і г.д.).

Адзінай рэкамендацыі да напісання гэтага раздзела не існуе. Тут патрабуецца не фармальны падыход, а вызначаная студэнтам (разам з навуковым кіраўніком) сістэма, якая прадэманструе яго разуменне праблемы, складзеную ім іерархію каштоўнасцей у дадзеным пытан­ні.

Асноўная частка – самая галоўная і важная ва ўсёй курсавой рабоце, для напісання якой няма адзінай схемы і падыходу, таму даваць пэўныя рэкамендацыі няварта, бо колькі тэм – столькі і спосабаў іх раскрыцця, колькі праблем – столькі варыянтаў іх вырашэння, колькі аўтараў – столькі і магчымасцей праявіць асабіс­ты стыль літаратурнага выкладання.

Тым не менш, асноўны тэкст павінен быць лагічным па структу­ры, ясным па выказанай думцы і дакладным па аргументацыі. Вытрымаць гэтыя патрабаванні студэнту дапамогуць пытанні, на якія ён павінен даць адказ: што я хачу даказаць у гэтай працы, якія аспекты праблемы найменш асветлены ў літаратуры, які факталагіч­ны матэрыял найбольш яскрава пацвердзіць мае тэарэтычныя разва­жанні? Апошняе пытанне самае цяжкае, бо разнастайнасць гістарыч­ных фактаў, аналізу творчасці, біяграфічных звестак іншы раз выклі­кае павелічэнне аб’ёму курсавой работы. Лепшае выйсце з такога становішча – змяшчэнне пэўнай часткі тэксту ў дадаткі са спасылкай на яго ў асноўным тэксце.

Вельмі важна звярнуць увагу на карэктнасць пры ўжыванні цы­тат. Любы тэкст прамога цытавання бярэцца ў двукоссе (“ ”), пасля чаго даецца зноска на яго ў квадратных дужках ([ ]), унутры якіх ставяцца дзве лічбы: першая азначае нумар са спіса выкарыстаных крыніц, а другая – нумар старонкі ([5, 87]). Пры не дакладным, але блізкім да арыгінала пераказе (“як мяркуе даследчык А.”, “па словах мастака Л.”, “адпаведна погляду тэарэтыкаў эпохі Асветніцтва”, “абапіраючыся на даследаванне, праведзенае мастацтвазнаўцай П.” і г.д.), таксама даецца зноска.

Кожная структурная частка работы (раздзел, падраздзел) павінна вызначацца ўнутраным сэнсавым адзінствам і завяршацца вынікамі.

Заключэнне. У гэтай частцы курсавой аўтар-студэнт павінен сцісла і дакладна паказаць самастойныя распрацоўкі, а таксама выні­кі сваіх даследаванняў, каб любы чалавек, прачытаўшы заключэнне, мог зразумець каштоўнасць гэтай працы.

Бібліяграфічны спіс. Прыклады правільнага афармлення спіса гл. у дадатку № 3.

Дадаткі. Дадаткі да курсавой работы ўяўляюць сабой той матэрыял, які студэнт асвоіў у працэсе распрацоўкі тэмы і які дэман­струецца асобна, па-за тэкстам. Кожны з дадаткаў звычайна адлюстроўвае адзін з аспектаў распрацоўкі тэмы і можа быць рэпрэ­зентаваны ў выглядзе ілюстрацый (рэпрадукцыі, фатаграфіі, ксера­копіі, камп’ютэрны друк), нотных прыкладаў (нотная графіка, фона­запіс), слоўнікаў тэрмінаў па тэме, каталогаў твораў, біяграфічных слоўнікаў асоб, якія называюцца ў рабоце, каментарыяў да тэксту, рознага кшталту схем, табліц, запісаў інтэрв’ю з майстрамі мас­тацтва, дзеячамі культуры, слухачамі, гледачамі. Трэба правільна афармляць інтэрв’ю з указаннем імя суразмоўцы, пажадана з яго подпісам, даты і месца інтэрв’юіравання і г.д.