Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беларуская мова. Прафесийная лексика.doc
Скачиваний:
62
Добавлен:
10.11.2018
Размер:
926.72 Кб
Скачать

7 Антонімы

Антонімы – гэта словы з лагічна процілеглым лексічным значэннем, якія ўсё ж азначаюць суадносныя паняцці: нацыяналізацыя – прыватызацыя, пакаранне – памілаванне, страты – даходы, шлюб – развод, аналогія – неадпаведнасць, ісцец – адказчык, крэдытор – даўжнік, штраф – узнагарода, правы – абавязкі, экспарт – імпарт, расход – даход, крэдыт – дэбет, стратны – прыбытковы, спытаць – адказаць. Антанімічная група складаецца толькі з двух слоў. Не маюць антонімаў, як правіла, уласныя назоўнікі і назоўнікі з канкрэтным значэннем, лічэбнікі і большасць займеннікаў.

Антонімы могуць абазначаць прасторавыя і часавыя паняцці (неба – зямля, верх – ніз, дзень – ноч, лета – зіма, поўдзень – поўнач, пачатак – заканчэнне, імгненне – вечнасць і інш.); пачуцці, эмоцыі, настрой, стан чалавека (шчаслівы – няшчасны, п’яны – цвярозы, любоў – нянавісць, актыўнасць – пасіўнасць, весялосць – паныласць, смеласць – баязлівасць, удача – няўдача, упэўненасць – няўпэўненасць і інш.); стан прыроды (світанне – змярканне, мароз – спёка, усход – захад, шторм – штыль і інш.); якасць і ацэнку (трывалы – нетрывалы, моцны – слабы, якасны – няякаcны, высакародны – подлы, станоўчы – адмоўны і інш.) і г.д. Па структуры антонімы падзяляюцца на рознакаранёвыя і аднакаранёвыя. У рознакаранёвых (лексічных) антонімах супрацьлегласць выражаецца рознымі каранямі ці асновамі: добры – злы, жыццё – смерць, доўгі – кароткі, вайна – мір, паміраць – нараджацца, лёгка – цяжка, аналіз – сінтэз і інш. У аднакаранёвых (граматычных) антонімах супрацьлегласць узнікае пры дапамозе антанімічных прыставак: фашызм – антыфашызм, гармонія – дысгармонія, праўда – няпраўда, увезці – вывезці, адчыніць – зачыніць, упісаць – выпісаць і інш.

Акрамя агульнамоўных антонімаў важную ролю для выражэння кантрастаў адыгрываюць кантэкставыя антонімы (антонімы маўлення) – словы, якія ў звычайнай моўнай сітуацыі не выражаюць супрацьлеглых значэнняў, але набываюць іх у індывідуальных аўтарскіх кантэкстах. Напрыклад: Прайсці нялёгка год за годам, бо шлях – то шоўк, а то асцё... хто ж меру ведае заўсёды, шчаслівы той на ўсё жыццё (П. Броўка); Вось так хлопец, вось так ён, слухай яго, голь! На славах магутны слон, а на дзеле – моль (Я. Купала); Я да цябе звяртаю слова: ты паглядзі на тых між нас, каму дзяржавы нашай мова – кусок руды, а не алмаз (Н. Гілевіч) і інш.

З’ява антаніміі, якая праяўляецца ў існаванні слоў з супрацьлеглым значэннем, у мове навукі мае свае асаблівасці. Так, напрыклад, словы, якія ўтвараюць антанімічную пару ў агульналітаратурнай мове лёгкі – цяжкі (камень), у мове спорту антонімамі не з’яўляюцца: лёгкая – цяжкая (атлетыка): лёгкая атлетыка – від спорту, які ахоплівае хадзьбу, бег, скачкі, кіданне кап’я, дыска, штурханне ядра і пад.’; цяжкая атлетыка – ‘комплекс фізічных практыкаванняў па падыманні цяжараў (штангі, гіры, гантэлі і інш.)’. Выкарыстанне літаратурнага антоніма мокры да тэрміналагічных словазлучэнняў сухі плод (плод з сухім каляплоднікам), сухая касцянка (касцянка з сухім мезакарпам (у какосавай пальмы) мяняе іх значэнне: мокры плод (касцянка) – які трапіў пад дождж і намок’. Значэнне супрацьлегласці можа ўзнікаць у слове як вынік яго спецыфічнага выкарыстання ў мове навукі. Напрыклад, зменная ў матэматычнай логіцы – ‘моўны выраз, які служыць для абазначэння адвольнага аб’екта з нейкага фіксаванага мноства аб’ектаў’. Зменная называецца свабоднай, калі ў выраз, у які яна ўваходзіць, магчымая падстанова замест зменнай імёнаў аб’ектаў з абсягу яе значэнняў. Калі названая падстанова немагчымая (па сэнсе выразу), то зменная называецца звязанай’. Такім чынам, узнікае антанімічная пара свабодны – звязаны. У эканоміцы бык ‘удзельнік таргоў, які чакае павышэння цэн і іграе на павышэнне цэн на біржы’антанімічны слову мядзведзь ‘спекулянт, які іграе на паніжэнне цэн на біржы’.

Семантычныя асаблівасці антонімаў шырока выкарыстоўваюцца для стылістычных мэт у мастацкіх творах, публіцыстычнай літаратуры, розных жанрах вуснай народнай творчасці і г.д. Веданне суадноснасці антонімаў дапамагае больш дакладна азначыць процілеглыя з’явы, што немалаважна для дакументаў, ад якіх патрабуецца дакладная фармулёўка паняццяў.