Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беларуская мова. Прафесийная лексика.doc
Скачиваний:
62
Добавлен:
10.11.2018
Размер:
926.72 Кб
Скачать

Тэма ііі Двухмоўе, або білінгвізм

Двухмоўе – гэта папераменнае карыстанне дзвюма мовамі. Сінонім двухмоўя – білінгвізм, ад лацінскага bi – двойчы і lingua – мова. Калі ж ва ўжытку знаходзяцца тры і больш моў, то прынята гаварыць пра шматмоўе, або полілінгвізм.

Вылучаюць наступныя разнавіднасці двухмоўя:

– індывідуальнае, калі мовамі валодаюць толькі асобныя члены калектыву;

– групавое, калі двухмоўнымі з’яўляюцца цэлыя групы або асобныя сацыяльныя слаі;

– поўнае, або суцэльнае, калі двухмоўе з’яўляецца характэрным для ўсіх сацыяльна-культурных груп народа.

Можна гаварыць і пра дзяржаўнае двухмоўе, калі статус дзяржаўнай, або афіцыйнай, маюць дзве мовы. Напрыклад, у Канадзе дзяржаўныя мовы – англійская і французская, у Ірландыі – англійская і ірландская. Ёсць і шматмоўныя краіны, напрыклад, Швейцарыя, дзе чатыры мовы дзяржаўныя – нямецкая, французская, італьянская і рэтараманская.

Вылучаюць тры аспекты двухмоўя: псіхалагічны, педагагічны і сацыялінгвістычны. Псіхалагічны аспект звязаны з асаблівасцямі псіхалагічнага складу індывіда, з яго разумовымі здольнасцямі, эмацыянальнай прыстасаванасцю і г.д., з праблемай пераключэння з аднаго моўнага кода на другі. Педагагічны бок двухмоўя закранае розныя аспекты навучання другой мове, у тым ліку і ўлыў адной мовы на працэс засваення другой. Сацыялінгвістычная характарыстыка двухмоўя грунтуецца на такіх параметрах:

  • сфера выкарыстання першай і другой мовы;

  • ступень авалодання мовамі; набор сацыяльна-функцыянальных кампанентаў моў, якія выкарыстоўвае двухмоўны індывід (літаратурная мова, жаргон і г.д.);

  • размеркаванне камунікатыўных функцый паміж мовамі; кантынгент ахопленых двухмоўем членаў соцыуму і шырыня выкарыстання другой мовы; ацэнка двухмоўнымі індывідамі ўласнага двухмоўя як сацыяльна-лінгвістычнага феномена.

На тэрыторыі Беларусі двухмоўе – з’ява не новая. Пасля прыняцця хрысціянства на нашых землях стала шырока выкарыстоўвацца стараславянская мова. Яна была мовай пісьменнасці. Паступова яна займае значнае месца ў жыцці людзей, таму можна сказаць, што ўжо на той час на беларускіх землях існавала двухмоўе.

У пазнейшыя часы, калі польская мова распаўсюджваецца на тэрыторыі Беларусі, развіваецца беларуска-польскае двухмоўе. Акрамя таго, у раёнах пражывання іншых народаў на нашых землях узнікае беларуска-літоўскае, беларуска-латышскае і іншыя віды двухмоўя. Можна гаварыць нават пра групавое шматмоўе ў той перыяд, бо на той час лацінская мова мела вельмі вялікае распаўсюджванне: яе вывучалі ў шматлікіх каталіцкіх і ўніяцкіх школах (разам з беларускай і польскай), а таксама ў праваслаўных бурсах (разам з беларускай і царкоўнаславянскай). Існавала нават лацінамоўная беларуская літаратура, што сведчыць пра высокі ўзровень валодання гэтай мовай вялікай часткай насельніцтва.

Пасля падзелу Рэчы Паспалітай і адыходу Беларусі пад уладу Расіі распаўсюджваецца руская мова і пачынае развівацца беларуска-рускае двухмоўе. З таго часу руская мова толькі ўзмацніла свае пазіцыі, асабліва ў ХХ ст., калі ў савецкі час вялося мэтанакіраванае выкараненне беларускай мовы.

І ў першую чаргу аслабленню пазіцый беларускай мовы ў ХХ ст. спрыяла русіфікаванне адукацыі, што прывяло фактычна да поўнага выцяснення беларускай мовы з сістэмы вышэйшай адукацыі. Беларуская мова вывучалася толькі як прадмет для асобных спецыяльнасцей, а само навучанне поўнасцю вялося на рускай мове. Гэта было вынікам палітыкі на збліжэнне ўсіх нацыянальнасцей у СССР з мэтай утварэння так званай новай фармацыі – савецкі народ, які павінен быў быць з’явай наднацыянальнай. Таму насаджалася для ўсіх народаў Савецкага Саюза адзіная рускамоўная культура. Найбольш удала гэты працэс ішоў на Беларусі і Украіне, што, відавочна, было абумоўлена блізкасцю рускай мовы з беларускай і ўкраінскай.

Такім чынам, сёння мы можам гаварыць пра тое, што беларуская і руская мовы, з’яўляючыся раўнапраўнымі de jure, de facto, займаюць розныя пазіцыі: беларуская мова крыху палепшыла свае пазіцыі ў галіне культуры і сістэме сярэдняй адукацыі ў параўнанні з 80-мі гадамі, але эканоміка, палітыка, вышэйшая адукацыя па-ранейшаму з’яўляюцца рускамоўнымі. Гэта прывяло да таго, што нават людзі, якія валодаюць беларускай мовай, фактычна не маюць магчымасці свабодна выкарыстоўваць яе ва ўсіх сферах нашага жыцця.