Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беларуская мова. Прафесийная лексика.doc
Скачиваний:
62
Добавлен:
10.11.2018
Размер:
926.72 Кб
Скачать

Тэма іі Дыялекты і літаратурная мова

Беларуская мова мае дзве формы: дыялектную і літаратурную.

Дыялектная мова – гэта вусная неўнармаваная форма нацыянальнай мовы, якая распаўсюджана на пэўнай тэрыторыі і адрозніваецца пэўнымі фанетычнымі, марфалагічнымі, сінтаксічнымі і лексічнымі асаблівасцямі. У беларускай мове вылучаюць два асноўныя дыялекты: паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні. Паміж імі знаходзіцца паласа сярэднебеларускіх гаворак, якая з’яўляецца пераходнай тэрыторыяй ад аднаго дыялекта да другога. Паўночная мяжа сярэднебеларускіх гаворак праходзіць прыблізна па лініі Мядзел – Барысаў – Быхаў, а паўднёвая – па лініі Воранава – Дзяржынск – Бабруйск – Рэчыца. Асобна вылучаюцца брэсцка-пінскія гаворкі, якія адрозніваюцца ад астатніх гаворак беларускай мовы.

Паўночна-ўсходні дыялект мае наступныя спецыфічныя рысы: дысімілятыўнае (адрознае) аканне і яканне: выда, ныга, вісна, зімля; цвёрды і мяккі гук [р]: рака, дрэва, треба, бярёза; канчаткі -аць, -эць(-ець) у дзеясловах 3-й асобы адзіночнага ліку 1-га спражэння: кажаць, бярэць, нясець; наяўнасць суфікса -онак (-ёнак) у назвах маладых істот: цялёнак, ягнёнак; наяўнасць канчаткаў -ый (-ій), -эй (-ей) у прыметніках мужчынскага роду адзіночнага ліку: добрый, сіній, маладэй, плахей і інш.

Паўднёва-заходні дыялект характарызуецца недысімілятыўным аканнем і яканнем: вада, нага, вясна, зямля; цвёрдым гукам [р]: рака, бяроза; прыстаўным [г] у словах тыпу гавечка, гуліца, гараць; наяўнасцю дыфтонгаў [уо], [іе] у словах дуом, сіена, муост, хліеб; наяўнасцю канчатка -му ў дзеясловах будучага часу: казацьму, рабіцьму, хадзіцьму; постфікса -са ў зваротных дзеясловах: памыласа, садземса і інш.

Сярэднебеларускія гаворкі маюць асаблівасці і таго і другога дыялектаў, але разам з тым ёсць і адметныя рысы, напрыклад, адсутнасць мяккага [ц’] у 3-й асобе дзеясловаў ІІ спражэння (ходзя, робя, гавора), вымаўленне [о] на месцы [а] перад [ў] (проўда, казоў) і інш.

Даволі спецыфічнымі рысамі характырызуюцца брэсцка-пінскія (ці заходнебеларускія) гаворкі. Яны істотна адрозніваюцца ад усіх іншых гаворак асноўнага масіву беларускай літаратурнай мовы. У іх многа агульнага з украінскай мовай, што дае падставы вучоным называць Палессе своеасаблівым этна-культурна-моўным мастом паміж беларускім і ўкраінскім народамі. Так, палескай групе гаворак уласцівы оканне (вода, нога), цвёрдыя зычныя на месцы мяккіх (вэчор, зыма), вымаўленне [і] на месцы старажытнага гука [Ђ] (ліс, хліб); інфінітыў на -ты (ходыты, купаты); зычны [л’] у дзеясловах 3-й асобы мн. ліку з асновай на губны (лоўляць, купляць) і інш.

Акрамя таго, дыялекты адрозніваюцца і некаторымі лексічнымі адзінкамі – словамі, якія не ўвайшлі ў склад літаратурнай мовы. І калі фанетычныя і марфалагічныя асаблівасці не надта перашкаджаюць узаемаразуменню носьбітаў розных дыялектаў, то зразумець значэнне дыялектызмаў не так лёгка, бо нават у кантэксце далёка не заўсёды можна здагадацца, што вятроўкі – гэта басаножкі, макотра – вялікая міска, надысь – нядаўна, махнытка – галавешка . Але ў той жа час дыялекты – гэта адна з крыніц пашырэння слоўнікавага запасу літаратурнай мовы.

Літаратурная мова – гэта апрацаваная майстрамі слова, унармаваная, стылістычна разгалінаваная вышэйшая форма нацыянальнай мовы, якая замацавана ў пісьмовых крыніцах.

Наяўнасць нормы – істотная асаблівасць літаратурнай мовы, якая адрознівае яе ад дыялектнай. Пад нормай разумеюцца правілы, якім падпарадкоўваюцца вымаўленне і напісанне, выбар слова, ужыванне граматычных формаў, пабудова словазлучэнняў і сказаў. Гэтыя правілы выпрацаваны грамадствам і пісьмова замацаваны ў нарматыўных слоўніках, даведніках, граматыках. Кадыфікаваная, узаконеная норма з’яўляецца абавязковай для ўсіх носьбітаў літаратурнай мовы.

Спецыфіка літаратурнай мовы выяўляецца і ў тым, што яна існуе ў дзвюх разнавіднасцях – вуснай і пісьмовай (дыялектная мова – толькі ў вуснай). Гэта дзве раўнапраўныя формы рэалізацыі літаратурнай мовы, кожная з якіх мае сваю сферу выкарыстання. Гутарковая разнавіднасць ужываецца ў вусных зносінах паміж людзьмі. У ёй пераважаюць простыя канструкцыі, няпоўныя і незакончаныя сказы. Важнае значэнне ў вуснай мове маюць інтанацыя, міміка, жэстыкуляцыя. Пісьмова-кніжная мова, як правіла, характарызуецца шырокім ужываннем развітых, ускладненых канструкцый. Носьбіты літаратурнай мовы звычайна валодаюць абедзвюма яе формамі і карыстаюцца імі ў залежнасці ад патрэб моўных зносін.

Такім чынам, літаратурная і дыялектная мовы як разнавіднасці мовы нацыі ўзаемазвязаны і ўзаемадзейнічаюць. Але паміж імі ёсць істотныя адрозненні:

● літаратурнай мовай карыстаюцца на ўсёй тэрыторыі Беларусі, яна з’яўляецца агульназразумелай для ўсіх носьбітаў мовы. Дыялектная мова выкарыстоўваецца людзьмі пэўнай тэрыторыі – адной вёскі ці некалькіх блізкіх вёсак, невялікіх пасёлкаў, мястэчак;

● літаратурная мова абслугоўвае разнастайныя патрэбы грамадскага і культурнага жыцця людзей і з’яўляецца мовай мастацкай літаратуры, навукі, справаводства, публіцыстыкі. Дыялектная мова – гэта бытавая мова, на ёй, як правіла, размаўляюць члены сям’і, аднавяскоўцы;

● літаратурная мова строга ўнармаваная і мае дзве формы – вусную і пісьмовую. У дыялектнай мове няма строга выпрацаваных нормаў, яна мае толькі вусную форму, гэта гутарковая, беспісьмовая мова.

Сучасная літаратурная мова склалася ў пачатку ХХ ст., калі выходзіла газета «Наша ніва». У аснову нацыянальнай беларускай літаратурнай мовы леглі гаворкі цэнтральнай Беларусі (зона Ашмяны – Мінск – Барысаў). У працэсе развіцця яна ўвабрала і ўбірае ў сябе найбольш тыповыя рысы паўднёва-заходняга і паўночна-ўсходняга дыялектаў, адначасова ўзбагачаецца (асабліва ў лексіцы) запазычаннямі з роднасных рускай і ўкраінскай, а таксама іншых моў. Літаратурная мова пастаянна папаўняецца за кошт дыялектаў. Разам з тым літаратурная мова ўплывае на дыялекты, спрыяючы ўніфікацыі нацыянальнай мовы.