Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Тэма 3. Класіфікацыя і сістэматызацыя гістарычн....doc
Скачиваний:
5
Добавлен:
11.11.2018
Размер:
248.32 Кб
Скачать

2.4. Літаратурныя і публіцыстычныя творы

Неабходна адрозніваць літаратурныя творы як гістарычныя крыніцы і крыніцы па гісторыі літаратуры (у якасці якіх могуць выступаць і рэчавыя помнікі, і розныя віды пісьмовых крыніц). Акрамя таго, неабходна ўлічваць ужыавнне паняцця «літаратура» ў сэнсе абазначэння ўсіх помнікаў пісьмовага апавядальнага характару (мемуарная літаратура, эпісталярная літаратура). У далейшым пад гэтым паняццем будем мець на ўвазе мастацкую літаратуру.

Творы літаратуры, дзе мастацкая форма не менш істотная, чым сам змест, як і помнікі публіцыстыкі(для якіх характэрна перавага палемічнай функцыі), займаюць асобае месца сярод гістарычных крыніц. Яны не столькі дакументальна фіксуюць падзеі, колькі адлюстроўваюць эмоціі, адчуванні, роздумы аўтараў аб пэўных падзеях і з'явах. Літаратурныя і публіцыстычныя творы маюць першаступеннае значэнне для вывучэння гісторыі культуры, ідэалогіі. Яны таксама могуць служыць і служаць цікавай крыніцай аднаўлення сацыяльна-палітычнай карціны эпохі, да якой яны адносяцца.

Да нашага часу гісторыкі, калі і звярталіся да літаратурных твораў, то толькі пераважна па перыяду XII-XVIII стст. Гэты падыход (па справядлівай заўвазе І.М.Данілеўскага) адрозніваўся, за невялікім выключэннем, «наіўным гістарызмам і спажывецкімі адносінамі да крыніцавай інфармацыі» (Учебник РГТУ. 1998. С.280).

Між тым на змену антычнай літаратуры прыйшла зусім іншая. У сярэдневякоўі ў кнізе шукалі зусім не эстэтычнае задавальненне, а перш за ўсё мудрасць. У традыцыі Русі ўжо чытанне было Мудрасцю (Яраслаў Мудры), і вучоны таго часу з’яўляўся менавіта кніжнікам. Літаратура набыла інфарматыўны і нешматслоўны характар (акрамя асобных жанраў, дапускаючых красамоўства). Друая важнейшая рыса літаратуры сярэдневякоўя – яе пераважна рэлігійны змест і характар.

Калі закрануць літаратурныя творы Русі XII-XIV стст., то поруч з помнікамі свецкага характару (сапраўды адзінкавымі), можна заўважыць перавагу як перакладаў духоўнай літаратуры (скрыптурных і літургічных, Веравучыцельных, прапаведніцкіх, жыційных), так і наяўнасць вялікай колькасці арыгінальных кананічных твораў. Літаратура была заклікана забяспечыць перадачу, трансфармацыю ведаў, гэтым прадвызначалась наяўнасць мноства павучэнняў і пасланняў. Гэтай жа мэце служыла і жыційная літаратуры (з’явіўшаяся прадметам магісцерскай дысертацыі В.В.Ключэўскага). Інфармацыйны характар твораў выявіўся і ў літаратуры падарожжаў («Хаджэнні»).

Пры ўсіх адрозненнях, аднак, літаратура сярэдневякоўя засноўвалася на магутным фундаменце літаратуры антычнасці. Тая ж агіяграфічная літаратура як бы працягвала традыцыі эліністычнага раману (які аформіўся да сярэдзіны другога стагоддзя нашай эры ў асобны жанр), маючы першапачатковай мэтай не толькі павучальнае і займальнае чытанне (першыя аповесці аб муках хрысціан – «пасіёны» («страсці»), «мартырыі» («сведчанні»). Толькі з часам элементы белетрыстыкі, займальнасці ў агіяграфіі зніклі, уступаючы месца прагматызму і схематызму апавядання; персанажы ўсё больш набываюць абагульнены характар, фарміруючыся з «тыповых» станоўчых якасцяў.

Адзінкавасць крыніц эпохі сярэдневякоўя, іх крайняя недастатковасць прымушала даследчыкаў звяртацца і да літаратурных твораў. Іншую сітуацыю мы назіраем у адносінах да новага і навейшага часу. Індывідуалізацыя персанажаў, псіхалагічнасць і эмацыянальнасць апавядання і шматлікасць літаратурных твораў поруч з ростам колькасці іншых відаў крыніц сталі сур’ёзнай перашкодай для звяртання да іх гісторыкаў, даследчыкаў па сацыяльнай гісторыі.

Разам з тым мастацкая літаратура, як ніякая іншая крыніца, можа паказаць спосаб мыслення людзей розных пакаленняў, розных сацыяльных слаёў, іх уяўленняў аб ідэаалах, аб шчасці, аб матэрыяльных і маральных каштоўнасцях. У апошні час шырокае распаўсюджанне, у тым ліку і ва ўсходнееўрапейскіх краінах, атрымала так называемая «гісторыя паўсядзённасці». Разам з тым нашы архівы змяшчаюць падрабязнейшую інфармацыю аб розных установах і мінімальную – аб канкрэтных людзях, аб сем’і, аб асабістым. У гэтых адносінах менавіта мастацкая літаратура ўяўляе сабай каштоўнейшую крыніцу аб тым, як жылі, аб чым марылі, як апраналіся, як кахалі, заляцаліся за дамамі і г.д. у тыя ці іншыя часы. Бо вядома выказванне аб тым, што «ведаючы, чым харчавалася то ці іншае грамадства, можна вызначыць яго культуру, філасофію, палітыку і ўсё, усё астатняе» (Цыт. па: Кабанов В.В. Источниковедение истории советского общества. РГГУ.1997. С.340).

Савецкая (да і ў многім заходнееўрапейская) гістарычная літаратура доўгі час спрабавала вывучаць альбо ўсярэдненыя «народныя масы» альбо тыпізаваныя вобразы правадыроў. Каштоўнасць мастацкай літаратуры ў тым, што яна дапамагае ўстанавіць пабуджальныя матывы тых альбо іншых індывідуальных дзеянняў, стварае вобраз чалавека пэўнай эпохі, «героя нашага часу».

Пры гэтым аднолькава каштоўны ўсе жанры літаратуры: ад дакументальнай аповесці да фантастыкі. Бо апошняя таксама адлюстроўвае ступень тэхнічнага развіцця грамадства і ўяўлення аб будучым, розныя сацыяльныя ідэалы (не выпадкова існаваў феномен «савецкай фантастыкі»).

У большай ступені, чым мастацкія творы, у даследчыкаў сацыяльных навук сапраўдную цікавасць выклікалі публіцыстычныя творы. Яны былі і з'яўляюцца непарыўна звязанымі не толькі з літаратурнымі, але і іншымі відамі апавядальных крыніц. Характэрным з'яўлялася ўжо адзначанае вышэй імкненне публіцыстаў выкарыстоўваць эпісталярную форму. Адзіным вядомым творам мітрапаліта Клімента Смаляціча (XII ст.) з’яўляецца «Пасланне да Фамы Прэсвіцера».

Яшчэ большае развіццё гэты накірунак атрымаў у эпоху Рэфармацыі і Адраджэння («Пісьмы цёмных людзей» і інш.). Прыкладна ў гэты час зараджаецца асобы жанр – эсе. Эсэіст выкладе думку па адвольна выбранай ім альбо грамадска значнай праблеме, але выступае не ад імя нейкай сацыяльнай групы (што характэрна для публіцыстыкі цалкам), а ад свайго імя.

Публіцыстыка – від гістарычных крыніц, які ўзнікае пераважна ў грамадскай сферы. Яна заклікана выражаць думку якой-небудзь сацыяльнай групы аб грамадска-значнай праблеме. У той жа час публіцыстычныя творы могуць мець як індывідуальнага, так і калектыўнага аўтара. Неабходна таксама адзначыць, што выступленне аўтара ад імя якой-небудзь групы можа мець незаўсёды адкрыта выяўлены характар.

Калі ў перыяд сярэдневякоўя публіцыстычная літаратура звязана па пераважнасці з рэлігійнымі спрэчкамі, то ў новы і навейшы час у якасці твораў публіцыстыкі выступаюць праекты дзяржаўных пераўтварэнняў і канстытуцый, адбываецца зліццё публіцыстыкі і перыёдыкі (яркі прыклад – «Мужыцкая праўда» К.Каліноўскага), узнікаюць новыя формы, выразна акрэсліваюцца літаратурна-мастацкая, навуковая і грамадска-палітычная публіцыстыка. Вызначаюцца афіцыйная, урадавая і апазіцыйная публіцыстыка. Яркай старонкай беларускай публіцыстыкі другой паловы ХІХ ст. з'яўляецца публіцыстыка беларускіх народнікаў.

З пачатку ХХ ст публіцыстыка становіцца адной з форм партыйнай прапаганды. Публіцыстычную накіраванасць набываюць праграмныя дакументы розных партый. Атрымліваюць шырокае развіццё такія формы публіцыстычнай літаратуры як пракламацыі і лістоўкі. Апошнія, між тым, выкарыстоўваліся там, дзе свабоднае выказванне думак было немагчымым альбо неразумным з мэтаю дыскрэдытацыі ўлады і выяўлення грамадскай апазіцыі яшчэ ў антычныя часы. У ХХ ст. яны становяцца масавай крыніцай, суправаджаюцца графічнымі выявамі, што набліжала іх да плакатаў.