Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Тэма 3. Класіфікацыя і сістэматызацыя гістарычн....doc
Скачиваний:
5
Добавлен:
11.11.2018
Размер:
248.32 Кб
Скачать

2.3. Эпісталярныя крыніцы

Паняцце «эпісталярныя крыніцы» даволі часта ўжываецца ў шырокім сэнсе, абазначаючы цалкам матэрыялы перапіскі. Аднак па паходжанні, мэтам, функцыям дакладна вызначаюцца дзве групы: матэрыялы афіцыйнай перапіскіі прыватная перапіска. Першую з іх адносяць да матэрыялаў справаводства, і гэта традыцыя ўжо зацвердзілася ў крыніцазнаўчай літаратуры.

Таму тэрмінам «эпісталярныя крыніцы» ўсё часцей абазначаюць толькі прыватную перапіску. Генезіс, развіццё матэрыялаў прыватнай перапіскі безумоўна падобны на мемуарныя творы. Да і ў навейшы час аўтары даволі часта звярталіся да эпісталярнай формы, каб абнародаваць свой пункт гледжання па таму ці іншаму пытанню. Але ж пры гэтым назіралася толькі выкарыстанне формы. Сутнасць жа эпісталярных матэрыялаў – у іх прыватным характары; гэта размова, пры якой субяседнікі імкнуцца пазбегнуць падслухоўвання.

Прыватнае пісьмо – гэта асабісты зварот аўтара да пэўнага чалавека (альбо некалькіх). Звычайна яно пішацца не для друку, не для шсеагульнага і нават частковага азнаямлення з ім «трэцціх асоб».

Баючыся «падслухоўвання», аўтары пісьмаў ужываюць эзопаву мову, толькі ім вядомыя выражэнні і скарачэнні. Калі яны зразумелы аўтарам, то ў далейшым сур’ёзна ўскладняюць задачу для даследчыка.

Андрэй Платонаў неяк сказаў: «На маю думку, дастаткова сабраць пісьмы людзей і апублікаваць іх - і атрымаецца літаратура сусветнага значэння» (Однажды любившие // Литературная газета. 1983. 19 октября). Сапраўды, пісьмо, напэўна, як ніякая іншая крыніца, здольна спыніць імгненне, паказаць чалавека з усімі яго асабістымі турботамі і грамадскімі сувязямі ў нейкі пэўны момант жыцця. Пры гэтым вельмі істотна вывучэнне таго, аб чым выказаўся аўтар і аб чым змоўчыў у сваім паведамленні. Гэта патрабуе ўважлівага вывучэння іншых матэрыялаў, якія датычацца абставін, якія ўказаны ў пісьме.

Устойлівымі элементамі эпісталярнага помніка з’яўляецца ўказаннне адрасата, месца напісання і даты, звяртанне да адрасата, подпіс аўтара пісьма. Але ж у змесце асабістага пісьма аўтар зусім вольны – ён можа пісаць аб службовых, сямейных, асабістых справах.

Вельмі цесная ўзаемасувязь і ўзаемаперапляценне эрісталярных матэрыялаў з мемуарамі, публіцыстыкай і іншымі крыніцамі асабістага характару часта прыводзіць да зразумелага іх аб’яднання – у асобную групу крыніц (Источниковедение истории СССР / Под ред. И.Д.Ковальченко) пад назваю крыніцы асабістага паходжання (Учебник РГТУ. 1998 г.).

Вывучаючы прыватную перапіску, неабходна валодаць звесткамі па гісторыі пошты, яе ўстаноў, арыентавацца ў знаках (помніках) паштовага абарачэння – марках, паштовых штэмпелях і інш.

У сваім развіцці эпісталярныя крыніцы прайшлі шэраг этапаў. Пісьмы як форма зносін паміж людзьмі былі распаўсюджаны ўжо з глыбокай старажытнасці. Антычнае бытавое пісьмо пачыналася з прывітання, уключаўшага тэкст паведамлення адрасату, і ў заключэнні – развітальная форма, дата і месца напісання пісьма. Матэрыялам для пісьма служылі пераважна гліна, складзеныя разам драўляныя дошчачкі, паверхня якіх пакрывалася слоем воску, на ім выдзіраўся тэкст, пазней – папірус і пергамент. На Русі першым матэрыялам для пісьма служыла бяроста.

Не толькі матэрыял спрыяў слабай захаванасці пісьмаў. Яна зележыла ад эмацыянальнага стану аўтараў (разрыў часта прыводзіў да знішчэння пісьмаў, асабліва калі мець на ўвазе матэрыялы любоўнай перапіскі, боязь арышту і г.д.). Адносіны дзяржавы і самой асобы да захаванасці пісьмаў мяняліся з часам і былі рознымі ў розных слаях грамадства.

Калі мець на ўвазе тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага, то ў другой палове XVII ст. матэрыялы перапіскі вельмі складана адрозніць ад іншых відаў апавядальных крыніц. У форме пісьмаў складаюць (узнікаюць) дзённікі (Я.Збароўскі), эпісталярная форма служыць таксама для абаснавання свайго пункту гледжання, поглядаў і ў сувязі з тым вельмі складана размежаваць перапіску прыватную і афіцыйную (пісьмы аршанскага старасты Ф.Кміты-Чарнабыльскага). Вядомы таксама пасланні, якія прыпісваюцца старцу Арцёмію (асуджанаму за вольнадумства ў рэлігійных пытаннях Маскоўскім Саборам 1554 г. і уцёкшаму ў Літву). Таксама прыкладам можа служыць перапіска канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі, апублікаваныя А.Прахаскай, дзе змяшчаюцца пісьмы да Л.Сапегі (у прыватнасці, 93 пісьма караля Жыгімонта ІІІ, якія маюць афіцыйны характар, і ў той жа час цікавыя пісьмы Іпація Пацея). Прыкметна імкненне Л.Сапегі як дзяржаўнага дзеяча падняцца вышэй прыватных інтарэсаў (сваіх і свайго саслоўя). У пісьме уніату І.Кунцевічу (12 сакавіка 1622 г.) ва ўсім велічы паўстае асоба канцлера-патрыёта сваёй Радзімы і разам з тым разважлівага, асцярожнага чалавека. Прыватнае пісьмо І.Кунцевічу было папярэджэннем яму, якое той не пачуў і загінуў.

У XVIII-XIX стст. колькасць пісьмаў істотна павялічваецца. Узнікаюць і фапміруюцца цэлыя эпісталярныя комплексы. Часцей за ўсё гэта адбываецца ў сувязі з дзейнасцю вядомых пісьменнікаў, архітэктараў, мастакоў і іншых прадстаўнікоў творчых прафесій. Але ж і тут маюцца свае асаблівасці. Так, у адносінах да перапіскі пісьменнікаў Беларусі ХІХ ст. можна сказаць, што лік захаваўшыхся пісьмаў настолькі невялік, што на ўліку літаральна кожны помнік.

Прыватны характар пісьма не заўсёды захоўваў яго ад прачытання сучаснікам. У Расійскай імперыі праводзілася перлюстрацыя (прачытанне) пісьмаў. Яшчэ больш істотны кантроль існаваў у Савецкім Саюзе, дзе мада хто мог спадзявацца на захаванне тайны перапіскі.

У апошні час усё большае распаўсюджанне атрымлівае электронная пошта. І калі яна выкарыстоўваецца пераважна для афіцыйных паведамленняў, то ў сістэме Інтэрнет моладзь шукае новы сродак сувязі. Непасрэдны характар гэтых зносін, натуральна, аддаляе іх ад традыцый прыватнай перапіскі, калі напісанне пісьма дапускала нейкае асэнсаванне, эмацыянальны шруршок да напісання і г.д.

Неабходна яшчэ раз падкрэсліць, што вывучэнне эпісталярных комплексаў павінна праводзіцца ў спалучэнні з іншымі відамі крыніц, пры ўважлівым аналізе псіхалагічных характарыстык аўтара, асаблівасцяў яго стыля і паводзін.