Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Тэма 3. Класіфікацыя і сістэматызацыя гістарычн....doc
Скачиваний:
5
Добавлен:
11.11.2018
Размер:
248.32 Кб
Скачать

4. Асаблівасці вывучэння пісьмовых крыніц.

  1. Дакументальныя крыніцы.

    1. Заканадаўчыя дакументы.

Заканадаўчыя крыніцы – нарматыўныя дакументы, якія санкцыянаваны вярхоўнай уладай і маюць вышэйшую юрыдычную сілу ў межах пэўнай тэрыторыі. Яны складаюць аснову сістэмы права дзяржавы.

Права, як вядома, узнікае разам са з’яўленнем дзяржавы. Таму заканадаўства адносіцца да тых відаў крыніц, якія, узнікшы аднойчы, захоўваюцца да нашых дзён. Але ж у яго развіцці можна выдзеліць наступныя перыяды.

  1. Зараджэнне і станаўленне заканадаўства ахоплівае перыяд ад зъяўлення першых дзяржаў і першых помнікаў права (найбольш знакаміты з якіх – законы вавілонскага Хамурапі XVIII ст. да н.э.) і завяршаецца рэцэпцыяй рымскага права ў XIII-XIV стст. у краінах Заходняй Еўропы.

У Старажытнай Грэцыі правапарадак называўся “законам” альбо “законамі”. Старажытныя прававыя звычаі, у значнай ступені грунтаваўшыяся на рэлігіі, былі ў VII ст. да н.э. заменены пашыранымі і кадыфікаванымі прававымі нормамі. У перыяд рымскай імперыі адбываецца стварэнне і фіксацыя абавязковых прававых норм, якая аказала ўплыў на юрыдычную думку сярэдніх вякоў і новага часу (рымскае права). Гісторыя рымскага права пачынаецца з Законаў 12 табліц, якія ў сярэдзіне V ст. да н.э. замацавалі ў пісьмовай форме існаваўшыя прававыя нормы і ляглі ў аснову ўсяго далейшага развіцця заканадаўства. Развіццё рымскага права завяршылася складаннем у Візантыі ў VI ст. пры імператары Юстыніане Зводу грамадзянскага права (Corpus juris civilis). На працягу дадзенага перыяду пераважная частка паўсядзённых адносін чалавека з тымі хто акружае рэгулявалася нормамі звычаёвага права, традыцыяй. Яна звычайна не знаходзіла адлюстравання ў пісьмовых помніках, бо не мела патрэбы ў санкцыях (зацвярджэнні заканадаўчай уладай). Такога роду фіксацыя мела месца ў выпадках, калі звычай прыходзіў у супярэчнасць з новымі адносінамі, якія фарміруюцца ў грамадстве, і меў патрэбу ў некаторай карэкціроўцы.

Станаўленне сістэмы крыніц права адлюстроўвае і працэс выдзялення права з рэлігіі ў ходзе ў ходзе ўскладнення грамадства. Кожны новы помнік адлюстроўваў няздольнасць папярэдніх выканаць свае функцыі. Па сутнасці, новыя нормы ствараюцца шляхам надання іншага сэнсу старажытнаму звычаю альбо прадпісанням Свяшчэных кніг.

Ужо з канца V ст. у германскіх народаў сталі з’яўляцца зводы судовых правіл, вядомыя як “праўды”. На Брытанскіх астравах яны з’яўляюцца ў VII-IX стст.; на Русі ў X-XII стст.; у Скандынавіі – XII-XIII стст. Назва іх звычайна этнаўказальна (“Салічаская праўда”, “Руская праўда”). Праўды ўяўлялі сабой запіс існаваўшых прававых норм, традыцыі (звычаёвага права) – але ж з тымі дапаўненнямі і зменамі, якія былі выкліканы як развіццём феадальных адносін, так і ўздзеяннем царквы. В.В.Ключэўскі, напрыклад, меркаваў, што “Руская праўда” узнікла і дзейнічала ў рамках царкоўнай юрысдыкцыі. Сапраўды, так як у адрозненне ад Заходняй Еўропы на Русі адсутнічала рэцэпцыя (запазычанне і засваенне) рымскага права, то аналагічную ролю тут адыгрывалі прававыя нормы, зафіксаваныя ў Бібліі. На жаль, гісторыя кананічнага права даследавана яшчэ недастаткова. Першыя помнікі права, такім чынам, уяўлялі сабой пераважна зборнікі судовых звычаяў, а закон на ранніх этапах развицця дзяржавы неистотна адрозниващся ад судовага рашэння па прыватным пытанни.

  1. Заканадащства новага часу (XVIпачатак XX ст.). Дадзены этап развіцця заканадаўства быў выкліканы станаўленнем цэнтралізаваных дзяржаў, фарміраваннем капіталістычных адносін. На гэтым этапе пераадольваюцца прававыя асаблівасці, характэрныя для розных абласцей (зямель) дзяржавы, на аснове традыцый і запазычанняў будуецца адзіны звод заканадаўства.

На тэрыторыі Беларусі, у ВКЛ, гэты працэс пачаўся з “Судзебніка” Казіміра IV 1468 г., і завяршыўся Статутамі 1529, 1566 і 1588 гг.Заключным этапам станаўлення адзінага Расійскага заканадаўства стала Саборнае Улажэнне 1649 г.

Буржуазныя рэвалюцыі ў заходнееўрапейскіх дзяржавах прывялі да адасаблення заканадаўчай веткі ўлады. Пэўнае размежаванне трох ветак улады (судовай, выканаўчай, заканадаўчай) можна заўважыць і ў Статуце 1588 г. Натуральна, што гэта дазваляе больш выразна выдзеліць уласна заканадаўчыя дакументы. Бо ва ўмовах існавання абсалютнай манархіі, калі ўся ўлада належыць адной асобе, вельмі складана класіфіцырываць нарматыўныя акты.

Завяршэнне гэтага этапа прыводзіць да з’яўлення канстытуцыі – асноўнага закона. Таму адрозніваюць канстытуцыйныя законы (якія патрабуюць, як правіла, для прыняцця альбо змены 2/3 большасці ў заканадаўчым органе) і звычайныя, якія выдаюцца ў адпаведнасці з канстытуцыяй. На працягу гэтага перыяду выпрацоўваецца пэўная працэдура прыняцця заканадаўчых дакументаў. Яна распадаецца на шэраг стадый: заканадаўчую ініцыятыву, абмеркаванне праекта, прыняцце закона, абнародаванне закона. Веданне асаблівасцяў гэтай працэдуры ў розных дзяржавах дае даследчыку каштоўны матэрыял для вывучэння. Калі даследаваць толькі публікацыі, то гэта можа прывесці да сур’ёзных памылак і памылковых поглядаў. У сувязі з гэтым неабходна адзначыць яшчэ адну рысу заканадаўства новага часу – рэгламентаваную публікацыю заканадаўчых дакументаў.

У Расійскай імперыі і некаторых іншых дзяржавах працэс аддзялення заканадаўчай веткі ўлады адносіцца пераважна да пачатку XX ст. (хаця некаторыя змены ў гэтых адносінах прыкметны ўжо з XVIII ст.) (Источниковедение… РГГУ, 1998. С.340-343). Адсюль складанасць вызначэння самога паняцця «закон». М.Ф.Уладзімірскі-Буданаў і шэраг іншых даследчыкаў выдзеляюць два крытэрыя: 1)наяўнасць подпісу імператара, 2) фіксаваныя парадак прыняцця. Абодва яны з'яўляюцца дастаткова спрэчнымі. На практыцы даследчыкі па гісторыі Расійскай імперыі адносяць да заканадаўчых дакументаў тыя , якія былі апублікаваны ў Поўным зборы законаў Расійскай імперыі.

  1. Заканадаўства навейшага часу. Адной з істотных змен з'явілася станаўленне міжнароднага права. Яркім феноменам гэтага этапа з'яўляецца таксама станаўленне савецкай сістэмы заканадаўства. Ва ўмовах савецкай прававой сістэмы адзінай крыніцай права прызнаваўся нарматыўны акт. А паняцце «сістэма крыніц права» змянілася на «сістэму заканадаўства». Такім чынам, хавалася падпарадкаванасць закона актам норматворчасці правячай партыі і бюракратычнага дзяржаўнага апарата.

Ва ўмовах ідэалагізацыі ўсіх сфер жыцця ажыццяўлялася інтэрпрэтацыя закона (у тым ліку асноўнага закона – канстытуцыі) як праграмы дзеянняў па рэалізацыі ідэалагічнай дактрыны. Змена апошняй меркавала змену канстытуцыі. Ва ўмовах рэальнага парушэння норм заканадаўства 1920-х гг., у 1930-1950-я гг. шырокае распаўсюджанне атрымала практыка сумесных пастаноў партыі і ўрада.

Пры вывучэнні заканадаўства заходніх краін неабходна ўлічваць, да якой сістэмы права яны адносяцца – кантынентальнай альбо англасаксонскай. Кантытнентальная сістэма базіруецца на рымскім праве, якое было прыстасавана да новых умоў французскай рэвалюцыяй XVIII ст. і Напалеонам І. Для англасаксонскай сістэмы характэрна апора на судовыя прэцэдэнты і традыцыі. Судовы прэцэдэнт у дадзеным выпадку азначае, што рашэнне суда вышэйшай інстанцыі з’яўляецца абавязковым для судоў ніжэйшых інстанцый пры разглядзе аналагічных пытанняў. Традыцыя адыгрывае вялікую ролю ў англійскай канстытуцыйнай сістэме, для якой характэрна адсутнасць пісанай канстытуцыі. Англасаксонская сістэма распаўсюджана ў Англіі і ЗША, кантынентальная – у краінах еўрапейскага кантынента.

Неабходна таксама падкрэсліць, што без уліку асаблівасцей традыцыйнага права нельга растлумачыць многія з’явы прававой рэчаіснасці навейшага часу. Распаўсюджанасць рэлігійнага праваразумення тлумачыць амаль паўсюднае абвяшчэнне ў развіваючыхся мусульманскіх краінах ісламскіх прынцыпаў і адмова ад канстытуцыі.

Пры вывучэнні заканадаўчых крыніц неабходна памятаць, што кожная прававая норма і закон цалкам устанаўліваюць абавязковыя нормы паводзін, але яны не выконваюцца ўсімі грамадзянамі дзяржавы. Для даследчыка не павінна існаваць прадузятых думак (напрыклад, “сталінская” канстытуцыя 1936 г. і “перадавыя” палажэнні Статута 1588 г.). Неабходна ўдакладненне рэальнага ўздзеяння прававых норм на жыццё грамадства і іх выканання на аснове іншых крыніц (у тым ліку апавядальных).

Аналіз заканадаўчых дакументаў патрабуе асвятлення шэрагу ўмоў, месца, часу і абставін, у якіх прымаецца дадзены закон. Неабходна ўлічваць, што пакуль ён дзейнічае, выкананне зафіксаваных у ім норм не стала агульным правілам. У той жа час законы крыху запазняюцца адносна прычын, якія іх парадзілі.

Калі заканадаўчыя дакументы фарміраваліся як сродак уплыву на масы, неабходна ўдакладніць, у якой ступені дзяржава мела неабходныя механізмы для рэалізацыі іх палажэнняў.

Пэўную складанасць уяўляе аналіз юрыдычнай тэрміналогіі. Гэта патрабуе глыбокіх ведаў прававых традыцый краіны (альбо рэгіёна), якія палітычныя выступалі за (і якія – супраць) прыняцце дадзенага закона, якія аргументы прыводзіліся, ці прымаліся (і кім) аналагічныя законы раней, ці маюцца ў прынятым законе супярэчнасці і г.д. Пры гэтым неабходна, канешне, карыстацца найбольш надзейнымі выданнямі заканадаўчых дакументаў.