Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
история бел.театра 2.doc
Скачиваний:
37
Добавлен:
18.09.2019
Размер:
1.17 Mб
Скачать

Агульныя тэндэнцыі развіцця драматычнага тэатра на мяжы хх—ххі стагоддзяў

Як ужо адзначалася, на пачатку 1990-х гадоў адбыліся пазітыўныя зрухі і ў сферы творчасці. Дэмакратызацыя грамадскага жыцця абумовіла знікненне цэнзуры, свабоду рэпертуарнай палітыкі, магчымасць атрымліваць дадатковыя спонсарскія сродкі ад прыватных і іншых структур, садзейнічала пашырэнню ўзаемасувязей з замежнымі дзеячамі сцэнічнага мастацтва, уваходжанню беларускага тэатра ў прастору еўрапейскай культуры. Усё гэта красамоўна засведчыла развіццё і ўзбагачэнне тэатральнай справы на Беларусі. Разам з тым выразна акрэсліліся і тыя складаныя праблемы, што паўсталі перад дзеячамі сцэны.

Характэрнай асаблівасцю тэатральнага працэсу стала відавочная страта тэатрам прывілеяванага месца ў грамадскім і культурным жыцці краіны. Новая гістарычная рэальнасць вызначыла глыбінную пераарыентацыю ўсёй айчыннай мастацкай культуры, абумовіла пошук новых стасункаў з грамадствам і сувязей з народным жыццём. У час, калі палітыка стала прэрэгатывай сродкаў масавых камунікацый, само жыццё вызваліла тэатр ад утылітарнай функцыі, ад неабходнасці быць лідэрам палітычнай апазіцыі. Адначасова перад тэатрам востра паўстала неабходнасць знайсці сваю нішу ў сістэме рыначных узаемаадносін, вызначальных для пераходнага перыяду развіцця грамадства.

Свабода, якую атрымалі дзеячы сцэны, пазбавіла іх ад ідэалагічнага ціску і цэнзурных абмежаванняў. Аднак, ці былі яны ўнутрана падрыхтаваны да гэтай свабоды? Найбольш яскрава супярэчнасці часу адбіліся на тэатральнай афішы, калі была скасавана забарона на пэўныя тэмы ў драматургіі, стылі і накірункі ў тэатральным мастацтве. Даволі хутка стала зразумела – камерцыялізацыя мастацтва, прыёмы шокавай тэрапіі не далі чаканага выніку. Тэатр, няздольны канкурыраваць з электроннымі сродкамі масавай інфармацыі, стаў няўмольна страчваць гледача. Так, у 1996 была зафіксавана крытычная адзнака – запаўняльнасць глядзельнай залы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы склала ўсяго толькі 57%. Хістанні ад ідэй містыцызму да адкрытай эротыкі і вульгарнай палітызацыі засведчылі разгубленасць дзеячаў сцэны ва ўмовах свабоды творчасці.

Працэс уваходжання тэатра ў новую гістарычную рэальнасць быў хваравіты, але заканамерны. Паступова эйфарыя свабоды пачала праходзіць. Вызначыліся прыярытэтныя накірункі сцэнічнага мастацтва: гуманізацыя творчасці, пошук новых тэатральных ідэй, актыўны паварот тэатра да яго спрадвечнай ігравой асновы, пашырэнне вобразных сродкаў сцэнічнай выразнасці, фарміраванне рэпертуару, арыентаванага на сацыяльна дыферэнцыраваную аўдыторыю. Калі раней тэатр у прыхаваных метафарах, алюзіях і падтэкстах далучаў гледача да праўды, якой былі пазбаўлены іншыя падцэнэурныя інстытуты, то цяпер першаснымі сталі сфера духоўнасці, захаванне маральных каштоўнасцей, традыцыйных для народа, яго нацыянальнага менталітэту. Да таго ж, тэатр не можа існаваць па-за інтарэсамі дзяржавы і народа. Таму побач з праблемамі чыста творчымі перад тэатрам паўсталі важнейшыя задачы сродкамі сцэнічнага мастацтва духоўна фарміраваць нацыю, кансалідзіраваць грамадства, захоўваць суверэнітэт беларускай дзяржаўнасці, садзейнічаць нацыянальна-культурнаму абнаўленню.