Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
история бел.театра 2.doc
Скачиваний:
37
Добавлен:
18.09.2019
Размер:
1.17 Mб
Скачать

Творчасць еўсцiгнея мiровiча (1878--1952)

Тры тэатральныя кiты закладвалi падмурак сучаснага беларускага сцэнiчнага мастацтва. Гэта Фларыян Ждановiч, Уладзiслаў Галубок i Еўсцiгней Мiровiч. Папярэднiкам iх у 1907—10 гг. быў Iгнат Буйнiцкi, а яшчэ раней -- у сярэдзiне XIX стагоддзя -- Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч. А вось яны -- трое -- тварылi на беларускай сцэне фактычна ў адначассе, i вяршынныя iх узлёты i здзяйсненнi прыпадаюць на дваццатыя гады, перыяд, якi прынята ў нас называць беларусiзацыяй.

Разам з тым кожны з iх -- i Ждановiч, i Галубок, i Мiровiч -- займае ў гiсторыi нацыянальнага тэатра сваё ўласнае i вельмi адметнае месца.

Ф.Ждановiч лiтаральна падхапiў з рук I. Буйнiцкага сцэнiчную справу i ў надзвычай цяжкiх палiтычных i эканамiчных варунках, гуртуючы i выпестваючы творчыя сiлы, завяршыў яе стварэннем першага ў Беларусi дзяржаўнага, цяперашняга Нацыянальнага акадэмічнага тэатра iмя Янкi Купалы. I, годна пачаўшы яго рэй, неўзабаве перадаў калектыў у рукi Е. Мiровiча, стаўшы поплеч з iм адным з асноўных акцёраў.

У. Галубок акцёрскую i рэжысёрскую, ды i драматургiчную дзейнасць пачынаў пад крылом Ждановiча, а затым арганiзавау свой тэатральны калектыў i павёў яго ўласным шляхам -- шляхам глыбока самабытнага, фальклорна-народнага мастацтва, упiсаўшы надзвычай яркiя, непаўторныя старонкi ў гiсторыю беларускай сцэны.

Е. Мiровiч, прыняўшы тэатральную справу ад Ф. Ждановiча, доўжыў яе па ўласных пуцявiнах i таксама вельмi годна. Калi папярэднiк арганiзоўваў, фармiраваў калектыў, збiраючы лiтаральна крупiнках акцёрскiя таленты, то наступнiк, працягваючы здзяйсняць тое ж самае, асноўную ўвагу скiраваў на стварэнне тэатральнай школы, ды не проста школы, а менавiта беларускай. I дзякуючы гэтаму Мiровiч лiтаральна праз лiчаныя гады ўзняў сцэнiчнае мастацтва, яго прафесiйны ўзровень на вышыню, якой не дасягалi тэатральныя калектывы нi раней, нi на той час, што працавалi побач. I адна з галоўных прычын феномена не проста паскоранага, а ўзрыўнога росту майстэрства гадамi вельмi маладых i, так бы мовiць, зусiм зялёных у сваёй прафесii артыстаў, заключаецца якраз у тым, што яны з энтузiязмам прынялi i паспяхова авалодалi мiровiчаўскай школай. Сваю школу меў ён i ў галiне драматургii, выгадаваўшы ў дваццатыя гады вельмi значную кагорту беларускiх тэатральных пiсьменнiкаў.

Увогуле поле дзейнасцi Еўсцiгнея Мiровiча шырокае i размаiтае. Гэта i акцёрская праца, i драматургiя, i рэжысура, i педагогiка.

Заснавальнiкам Беларускага дзяржаўнага iнстытута, цяперашняй Акадэмii мастацтваў, стаў у 1945 г. рэжысёр, акцёр, драматург, педагог народны артыст Беларусi прафесар Еўсцiгней Афiнагенавiч Мiровiч.

Пазнаёмiмся з гэтым творцам, хоць бы беглым позiркам акiнуўшы яго жыццёвы i тэатральны шлях.

Нарадзiўся Еўсцiгней (у дзяцiнстве i маладосцi называлi Сцёшай) у 1878 г. у Пецярбургу ў сям'i Дунаевых, выхадцаў з Беларусi, якая ў пошуках сродкаў на iснаванне пераехала з Вiцебшчыны ў паўночную сталiцу.

А прозвiшча Мiровiч -- тэатральный псеўданiм, пад якiм i жыў усё далейшае жыццё Еўсцiгней Афiнагенавiч. Са сцэнай ён сутыкнуўся з маленства. Спачатку проста як глядач, потым як арганiзатар i ўдзельнiк аматарскiх гурткоў. Ужо тады на хлопца звяртаюць увагу знаўцы мастацтва, але ён пакуль не асмельваецца поўнасцю аддацца тэатру. Трэба было зарабляць на жыццё, а праца акцёра, ды яшчэ маладога, не абяцала колькi-небудзь значнай узнагароды. I юнак пачынае сваё свядомае жыццё з працоўных унiверсiтэтаў, прайшоўшы якiя ён узбагацiцца вопытам, веданнем рэчаiснасцi. Адначасова працягвае выступаць у аматарскiх спектаклях, удасканальваючы выканаўчае майстэрства.

I толькi закончыўшы драматычныя курсы iмя Ф. Волкава, Мiровiч, насуперак вялiкаму супрацiўленню бацькоў, у 1900 г. iдзе працаваць на сцэну. Пачынае як акцёр з трэцярадных пецярбургскiх тэатраў, з нязначных, часта проста "выхадных" роляў. Вучоба працягваецца, тым больш што было ў каго i чаму вучыцца. Побач знаходзiўся Александрынскi тэатр з выдатнымi традыцыямi i набыткамi, з праслаўленымi майстрамi сцэны. Прытым Мiровiч быў не толькi гледачом. З буйнейшымi з александрынцаў -- У. Давыдавым, К. Варламавым, В. Стрэльскай -- малады акцёр выступаў у адных спектаклях, якiя паказвалiся на розных падмостках.

Крытыка заўважыла Мiровiча, прыхiльна адгукнулася аб яго выкананнi. Была адзначана моцная бытавая плынь, якая адчувалася нават у так званых "фрачных" ролях, гэта значыць у вобразах вялiкасвецкiх джэнтльменаў, каханкаў, дзе перш за ўсё патрэбны знешнi бляск, вытанчанасць манер. За Мiровiчам паступова замацоўваецца акцёрскае амплуа прасцяка, хоць талент яго не ўмяшчаўся толькi ў гэту групу характараў. Як пакажа развiццё здольнасцей артыста ў наступныя гады, ён быў моцны не толькi бытавой верагоднасцю ў сцэнiчных вобразах, а i псiхалагiчнай праўдай. Праўдай паглыбленага рэалiзму.

Адначасова з акцёрскай працай Е. Мiровiч усё часцей i больш упэўнена звяртаецца да рэжысуры. Ён ужо не толькi iграе ролi, а i ставiць спектаклi. А з 1904 г. выступае i ў драматургii. Адна за адной выходзяць яго п'есы -- камедыйнага, парадыйнага, фарсавага, сатырычнага планаў.

Як правiла, п'есы невялiкiя, як iх тады называлi, мiнiяцюры. Дастаткова сказаць, што Еўсцiгней Мiровiч напiсаў прыкладна сорак такiх мiнiяцюр. Вядомасць, папулярнасць прыходзiць да драматурга са з'яўленнем у свет яго п'ес "Графiня Эльвiра", "Тэатр купца Япiшкiна", "Вова прыстасаваўся". Уздзеянне iх на публiку было вялiкiм, п'есы станавiлiся баевiкамi пецярбургскiх сезонаў, нярэдка матэрыяльна выратоўвалi тэатры ад разарэння.

I вось прызнаны акцёр i рэжысёр, якi адпрацаваў на сцэне ледзве не дваццаць гадоў, шырока вядомы драматург, чые творы абышлi многiя сцэны Расii, у 1919 г. па распараджэннi наркома асветы А. Луначарскага з групай артыстаў прыязджае ў Беларусь. Накiроўваецца для абслугоўвання армейскiх часцей, насельнiцтва. I тут яго заспела польская акупацыя.

Пасля вызвалення рэспублiкi Мiровiч, вядома, мог вярнуцца ў Петраград -- ён жа быў жаданым для многiх калектываў. Але застаееца на радзiме бацькоў, у Беларусi, з якой звязвае ўсё далейшае творчае жыццё.

У першыя гады Мiровiч працуе акцёрам i рэжысёрам Мiнскага гарнiзоннага тэатра, Тэатра рэвалюцыйнай сатыры. На адкрытай пляцоўцы, даступнай тысячнай аўдыторыi, ставiць масавае дзейства.

У 1921 г. яго запрашаюць на пастаноўкi ў Беларускi дзяржаўны тэатр, цяперашнi Нацыянальны акадэмiчны iмя Янкi Купалы, -- у прыватнасцi, фальклорнай п'есы "На Купалле" Мiхася Чарота. Працуючы над сцэнiчным увасабленнем гэтага твора, Е. Мiровiч асаблiва дэталёва i дбайна вывучае побыт, звычаi беларускага народа, яго гiсторыю, традыцыi, яго фальклор, этнаграфiю.

Спектакль густа насычаўся народнымi абрадамi, песнямi, танцамi. Да 1928 г., як вядома, тэатр быў сiнтэтычным, меў свой хор, салiстаў, аркестр, балетную групу. Мiровiч здолеў аб'яднаць гэтыя творчыя сiлы, стварыўшы вельмi яркi, маляўнiчы спектакль.

Пастаноўка "На Купалле" мела выключна вялiкi поспех i ў жыхароў Беларусi, i ў гледачоў Масквы, дзе яна была паказана ў 1923 г., праз два гады пасля прэм'еры.

З канца 1921 г. Е. Мiровiч узначальвае Беларускi дзяржаўны тэатр i кiруе яго дзейнасцю з невялiкiм перапынкам на працягу дзесяцiгоддзя. Гэта быў вельмi плённы перыяд у працы калектыву. Зорным ён стаў i для творчасцi Мiровiча, для раскрыцця яго шматграннага таленту, хоць i быў звязаны з цяжкасцямi.

Адна з асноўных задач, якая паўстала перад мастацкiм кiраўнiком, -- прафесiянальны рост калектыву, павышэнне майстэрства, стварэнне ў тэатры акцёрскага ансамбля з адзiнымi мастацкiмi поглядамi i накiрункамi. Мэту гэту, як вядома, цяжка дасягнуць, на яе ажыццяўленне патрэбны найвялiкшыя намаганнi, працяглы час. У калектыве ж было ўсяго некалькi акцёраў, што мелi пэўны сцэнiчны вопыт. А абсалютная большасць, ужо не гаворачы аб прафесiянальнай адукацыi, нiякага вопыту, навыкаў акцёрскай працы не мела.

Неўзабаве пасля прыходу ў беларускi калектыў Е. Мiровiча ў тэатры аб'яўляецца студыйны перыяд. Адначасова з падрыхтоўкай новых спектакляў -- а iх у той час выпускалася вельмi шмат i ставiў у асноўным сам Мiровiч, -- адначасова з iх штовячэрнiм выкананнем акцёры павiнны былi вучыцца. Ствараюцца розныя гурткi, iх было больш за дзесяць. Iнiцыятыва iдзе ад моладзi, але наведваюць заняткi ўсе, у тым лiку i больш вопытныя артысты. Кiруе ж вучобай, заахвочвае, натхняе Е. Мiровiч.

Вучоба працягвалася i на рэпетыцыях спектакляў, якiя ён праводзiў i на якiх звычайна прысутнiчалi ўсе акцёры, нават тыя, хто не заняты ў пастаноўцы.

У выбары рэпертуару курс быў узяты на стварэнне спектакляў, у якiх бы артысты найбольш поўна маглi ўвасобiць свае жыццёвыя назiраннi i напрацоўкi. Пастаноўкi вырашалiся маляўнiча, з шырокiм выкарыстаннем песень, танцаў, абрадаў. Гэта тычыцца спктакля "Вяселле" В. Гарбацэвiча, з разгорнутым увасабленнем народнага абраду, i асаблiва "Машэкi", дзе Е. Мiровiч выступае i пастаноўшчыкам, i аўтарам п'есы. Ён звярнуўся да народнай легенды, пашыраючы i ўзмацняючы яе сацыяльнае гучанне. У творы Машэка паўстае не толькi бунтаўшчыком, а i народным абаронцам, носьбiтам яго дум i спадзяванняў.

Мiровiч быў адным з нямногiх беларускiх драматургаў, хто ролi ў сваiх п'есах пiсаў для канкрэтных акцёраў. Так, вобраз Машэкi ствараўся ў разлiку на Уладзiмiра Крыловiча, якi прыйшоў у беларускi калектыў у адзiн год з Мiровiчам. Драматург у ролi Машэкi ўлiчваў здольнасцi i творчыя магчымасцi артыста, яго бурны, неўтаймаваны, рамантычнай красы тэмперамент. I таму Крыловiч змог у ёй так поўна i ярка раскрыць свой талент, адразу ж заняўшы становiшча першага акцёра тэатра.

Але Е. Мiровiч не быў тым драматургам, якi, зразумеўшы здольнасцi i магчымасцi акцёраў, проста эксплуатаваў iх. Ствараючы драматургiчныя вобразы для артыстаў, ён ставiў канкрэтныя мэты педагагiчнага, выхаваўчага характару.

Напрыклад, ролю Кастуся Калiноўскага ў сваёй аднайменнай п'есе, пастаўленай Мiровiчам у тым жа, што i "Машэка", 1923 г., ён таксама пiша для У. Крыловiча. Але гэтай роляй ставiць перад iм ужо iншыя задачы -- раскрыць не стыхiйны тэмперамент народнага бунтара, а паказаць свядомага барацьбiта з выразнай праграмай, увасобiць вобраз чалавека, якi падымае на змаганне i вядзе за сабой масы i ў якога эмацыянальны пачатак падуладны iнтэлектуальнаму. Гэта была новая i значна больш складаная, чым у Машэкi, задача для акцёра. I дзякуючы дапамозе рэжысёра, педагога, Крыловiч годна адолеў гэту вышыню. Вобраз Калiноўскага стаў новым творчым дасягненнем артыста, яго новай перамогай.

Прыклады можна прыводзiць i яшчэ. Вось, скажам, з творчай бiяграфii таго ж Крыловiча. Ён адразу раскрыўся ў тэатры як сацыяльны герой, усё адно як быў народжаны для такiх роляў. Але ў наступнай сваёй п'есе "Каваль-ваявода" Мiровiч стварае для Крыловiча вобраз зусiм супрацьлеглага плана -- пiша вострахарактарную адмоўную ролю Ваяводы. I Крыловiч з поспехам яе iграе, раскрываючы новыя гранi таленту.

А цэнтральная роля Блазна была створана для Уладзiмiра Уладамiрскага, якi зусiм нядаўна прыйшоў у калектыў тэатра. Высокая тэхнiчнасць, вiртуознае валоданне акцёрскiм рамяством, пластычнасць рухаў, жэстаў ужо тады былi ўласцiвы Уладамiрскаму, якi меў да прыходу ў Беларускi дзяржаўны тэатр пэўны сцэнiчны вопыт. I ўсе гэтыя якасцi надзвычай добра "леглi" на вобраз Блазна -- чалавека кемлiвага, з народа, якi завязвае i кiруе ўсiмi падзямi, спрытна, тонка разыгрываючы i, што называецца, абводзячы вакол пальца свайго гаспадара Ваяводу. Уладамiрскi таксама раскрыўся даволi поўна i ярка, амаль адразу ж вылучыўшыся ў лiк асноўных артыстаў тэатра.

У сатырычнай жа камедыi "Кар'ера таварыша Брызгалiна", якую Мiровiч стварае пасля "Каваля-ваяводы", Уладамiрскаму аддаецца роля ўжо зусiм супрацьлеглага плана. Ён увасабляе сатырычны вобраз Брызгалiна, у мiнулым жандара, якi пры савецкай уладзе, спрытна маскiруючыся пад бальшавiка, творыць страшэнныя беззаконнi. I зноў жа -- новыя фарбы ў вобразе, iншыя, пакуль яшчэ не адкрытыя гранi ў акцёрскай палiтры.

Е. Мiровiч часта гаварыў, што ён любiць "прапалоскваць" артыста, гэта значыць не затрымлiваць яго на аднапланавых ролях, а ўвесь час даручаць новыя, нечаканыя. З педагагiчных меркаванняў ён нярэдка ў сваiх п'есах, пастаноўках прызначаў на ролi артыстаў, з якiмi, наперад ведаў, яны не зусiм цi не зўсiм справяцца. Але для далейшага творчага развiцця i росту iм неабходны ьылi такiя выпрабаваннi. Трэба было вучыць не толькi на дасягненнях, а i на правалах. У такiх выпадках Е. Мiровiч трацiў i як аўтар п'есы i як рэжысёр спектакля. Але ён думаў не пра сваю рэпутацыю, клапацiўся не толькi пра сённяшнi дзень, а i пра дзень наступны, пра будучыню сваiх выхаванцаў.

Пастаноўкай п'есы "Кар'ера таварыша Брызгалiна" ў 1925 г. Е. Мiровiч распачаў летапiс сучаснага яму жыцця. Затым ён прадоўжыў яго ў наступныя тэатральныя сезоны спектаклямi па ўласных творах "Перамога", "Лён". I па праву стаў буйнейшым беларускiм драматургам дваццатых гадоў, так бы мовiць, першай асобай на абранай нiве творчасцi.

Гэтак жа, як i артыстаў, Мiровiч, беражлiва, па-гаспадарску клапатлiва гадаваў драматургаў. Маючы шматгадовы вопыт, майстэрства, ён становiцца настаўнiкам i беларускiх тэатральных пiсьменнiкаў. Памагае iм дапрацоўваць, давяршаць драматычныя творы, часам пазначаныя толькi агульным каркасам. Працуе з маладымi i пачынаючымi аўтарамi ахвотна i шмат. I ўвасабляе iх творы ў тэатры. Вось iмёны пiсьменнiкаў, п'есам якiх даў сцэнiчнае жыццё Е. Мiровiч: Мiхась Чарот, Цiшка Гартны, Васiль Гарбацэвiч, Яўген Рмановiч, Мiхайла Грамыка, Назар Бываеўскi (Язэп Дыла), Васiль Шашалевiч, Рыгор Кобец, Дзмiтрый Курдзiн. Спiс, як бачым, багаты, iмёны пiсьменнiкаў вядомыя, а большасць iх п'ес, пастаўленых на купалаўскiх падмостках, увайшла ў гiсторыю беларускай драматургii.

Без перабольшання можна сцвярджаць, што Мiровiч у дваццатыя гады выпусцiў у свет цэлае пакаленне беларускiх драматургаў.

Аднак зноў вернемся да яго рэжысёрска-педагагiчнай дзейнасцi. У сваiх першых спектаклях на беларускай сцэне Мiровiч дамагаўся жыццёвай i бытавой верагоднасцi, патрабаваў ад артыстаў веданне гiсторыi, традыцый, засваення найвялiкшых багаццяў народнай творчасцi ў розных яе вiдах i жанрах. Дамагаўся праўдзiвасцi паводзiн, шчырасцi пачуццяў, непасрэднасцi, арганiчнага iснавання на сцэне. Артысты, увасабляючы вобразы, iшлi "ад сябе", ад свайго ведання жыцця, уласнага вопыту.

Але вось у наступных пастаноўках, напрыклад, у "Кавалi-ваяводзе", рэжысёр дабiваецца вастрынi i завершанасцi сцэнiчнага малюнку, высокай тэхнiчнасцi акцёраў, пластычнасцi, абвостранага пачуцця рытму, формы спектакля. Гэтыя ж задачы ставяцца перад выканаўцамi i ў шэрагу iншых пастановак, ажыццёўленых Е. Мiровiчам. Дасканалае валоданне акцёрскiм рамяством, знешняй i ўнутранай тэхнiкай -- адна з наступных, але не канчатковых мэт, якiя ставiць перад калектывам Мiровiч i зыходзячы з якiх вядуцца яго рэжысёрскiя пошукi.

Ад фальклорна-этнаграфiчных спектакляў са змястоўным сацыяльным пачаткам, праз пастаноўкi эксперыментальнага характару з яркай вобразнасцю, метафарычнасцю, адшлiфаванасцю формы да ўвасаблення сцэнiчных твораў псiхалагiчнага плана з глыбiнным раскрыццём чалавечых характараў -- такi дыялектычны шлях рэжысёра Мiровiча. Менавiта па такiм шляху вёў тэатральны педагог i калектыў, у такiм плане выхоўваў акцёраў.

З сярэдзiны i асаблiва с другой паловы дваццатых гадоў Беларускi дзяржаўны тэатр упэўненай рукой рэжысёра Мiровiча выкiроўваецца ў рэчышча псiхалагiчнага рэалiзму. Калектыў дасягае новых i вельмi значных вышынь. Са спектакляў павiнны быць адзначаны "Мяцеж" Дз. Фурманава i С.Палiванава, "Мост" Я. Рамановiча, "Мiжбур'е" Дз. Курдзiна i асаблiва "Гута" Р. Кобеца. У iх былi глыбокiя акцёрскiя работы, увогуле моцны, зладжаны выканаўчы ансамбль -- менавiта тое, чаго так упарта i мэтанакiравана дамагаўся Мiровiч i як рэжысёр, i як педагог.

У яго пастаноўках адны акцёры, як У. Крыловiч, стварылi свае вяршынныя вобразы. Для другiх, як У. Уладамiрскi, такiя вобразы яшчэ былi наперадзе, але ўжо ярка i маляўнiча раскрыўся iх талент. Трэцiя артысты, як Барыс Платонаў, Вольга Галiна, Лiдзiя Ржэцкая, Вера Пола, упэўнена заявiлi пра свае здольнасцi, якiя потым будуць развiвацца, раскрывацца ў новых i больш высокiх якасцях. У чацвёртых, як Iрына Ждановiч, Глеб Глебаў, сапраўдны талент i майстэрства выявяцца пазней, у пастаноўках ужо iншых рэжысёраў. Але ўсе яны прайшлi выдатную школу Е. Мiровiча, набылi загартоўку на ўсё жыццё. I кожны з тых, хто працаваў пад яго кiраўнiцтвам, хто меў магчымасць у яго вучыцца, будзе заўсёды лiчыць Мiровiча сваiм першым i самым лепшым настаўнiкам. Усе яны будуць дзякаваць за гэта лёсу i з любоўю i пашанай гаварыць пра свайго выхавацеля.

А якую блiскучую плеяду складуць мiровiчаўскiя вучнi, акцёры першага пакалення купалаўскага тэатра! Такога шматлiкага i яркага па сваiх iндывiдуальнасцях i талентах сузор'я яшчэ не ведала беларуская сцэна.

Тэатр, што ўзначальваў Мiровiч, развiваўся паскоранымi тэмпамi. Ад напаўаматарства, напаўпрафесiяналiзму да спасцiжэння i перадачы вышынь чалавечага духу, да найтанчэйшага раскрыцця глыбiнь псiхалогii вобразаў -- гэты шлях быў пройдзены ўсяго за адно дзесяцiгоддзе.

У 1931 г. Еўсцiгнея Мiровiча змусiлi пакiнуць калектыў БДТ-1. Артысты ж заставалiся верныя настаўнiку.

Пакiнуўшы самы блiзкi сабе калектыў, Мiровiч тэатральную дзейнасць не спыняе. Па-ранейшаму працуе многа, настойлiва, i гэтую яго працу, бадай, сама дакладна будзе назваць асветнiцкай. Ды i яна наскрозь пранiзана педагагiчнымi мэтамi i задачамi. Мiровiч пiша п'есу "У вясновую ноч", прызначаную для мастацкай самадзейнасцi i спецыяльна разлiчаную на сiлы i магчымасцi аматараў. Ён таксама ўзначальвае Гомельскi тэатр рабочай моладзi (ТРАМ), якi з самадзейнага ўзроўню ўзнiмае да прафесiйнага. I невыпадкова на аснове гэтага калектыву быў створаны першы ў Беларусi калгасна-саўгасны тэатр (у пазнейшы перыяд iх ужо мелася шмат), на чале якога стаў Е. Мiровiч. У сярэдзiне трыццатых гадоў ён таксама ўвасабляе спектаклi ў Трэцiм беларускiм тэатры, дзе ў гэты час галоўным рэжысёрам быў К. Саннiкаў, якi возьме ў спадчыну важнейшыя творчыя прынцыпы Мiровiча, прадоўжыць закладзеныя iм традыцыi.

З 1937 г. Е. Мiровiч ажыццяўляе мастацкае кiраўнiцтва Беларускiм тэатрам юнага гледача iмя Н. Крупскай. Калектыў гэты быў створаны ў 1931 г. i праiснаваў да Вялiкай Айчыннай вайны. Яго параўнальна невялiкая гiсторыя рэзка дзелiцца на два перыяды, да 1937 г. i пасля. З прыходам Мiровiча калектыў становiцца на моцную прафесiйную аснову, адразу ж павышаецца мастацкi ўзровень спектакляў. Яго пастаноўкi "Як гартавалася сталь" паводлi М. Астроўскага (ажыццёўлена сумесна з Ю. Палiчынецкiм), "Цудоўная дудка" В. Вольскага, "Даходнае месца" А. Астроўскага сталi прыкметнай з'явай у тагачасным беларускiм сцэнiчным мастацтве.

У перыяд Айчыннай вайны Мiровiч зноў працаваў з купалаўскiм калектывам, паставiў тут тры чарговыя спектаклi, у якiх перш-наперш вырашаў педагагiчныя задачы. Уласна педагогiкай ён займаўся пастаянна, прынамсi, усе гады творчасцi ў Беларусi. I было зусiм заканамерна, што Е. Мiровiч, маючы агромнiстую практыку, тэатральны вопыт, завершыць свой шлях "чыстай" педагогiкай. Ён яшчэ ў даваенныя гады, калi было створана Рэспублiканскае тэатральнае вучылiшча, узначальваў яго мастацкую частку. А ў 1945 г., як ужо адзначалася, Мiровiч арганiзоўвае Беларускi дзяржаўны тэатральны iнстытут, ажыццяўляе яго мастацкае кiраўнiцтва i ўсе сiлы аддае выхаванню акцёрскай змены. Праўда, сiл ужо было не так многа -- узрост, перагрузка бралi сваё...

Памёр Е.А. Мiровiч у 1952 г.