Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
история бел.театра 2.doc
Скачиваний:
37
Добавлен:
18.09.2019
Размер:
1.17 Mб
Скачать

Тэатральная школа

Ля вытокаў беларускай тэатральнай школы, акцёрскай, якая вядзе адлік з 1945 г., і рэжысёрскай, што пачала фарміравацца з 1958 г., стаялі такія выдатныя майстры, практыкі драматычнага мастацтва, як народныя артысты Беларусі Еўсцігней Афінагенавіч Міровіч, Канстанцін Мікалаевіч Саннікаў, Дзмітрый Аляксеевіч Арлоў, заслужаны дзеяч мастацтваў Кабардзінскай ССР Андрэй Андрэевіч Яфрэмаў, народная артыстка РСФСР Вера Паўлаўна Рэдліх. У 1960—70-я гады ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстутуце выкладалі карыфеі нацыянальнага тэатра народныя артысты СССР Глеб Паўлавіч Глебаў, Барыс Віктаравіч Платонаў, народныя артысты Беларусі Вольга Уладзіміраўна Галіна, Зінаіда Іванаўна Браварская, Георгій Андрэевіч Волкаў, заслужаныя дзеячы мастацтваў рэспублікі Любоў Іванаўна Мазалеўская, Уладзімір Андрэевіч Маланкін, Аляксандр Іванавіч Бутакоў.

Cёння ў тэатрах нашай краіны плённа працуюць і радуюць беларускага гледача іх вучні і вучні іх вучняў – народныя артысты СССР і Беларусі В.Тарасаў і Г.Аўсяннікаў, народныя артысты рэспублікі С.Акружная, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, Г.Дубаў, М.Захарэвіч, В.Клебановіч, Т.Кокштыс, Б.Масумян, А.Мілаванаў, А.Памазан, М.Пятроў, Г.Талкачова, А.Ткачонак, заслужаныя артысты Беларусі З.Асмалоўская, З.Белахвосцік, Л.Былінская, Ф.Варанецкі, Л.Волкава, Э.Гарачы, С.Журавель, З.Зубкова, Н.Качаткова, М.Кірычэнка, А.Лабуш, В.Манаеў, Т.Мархель, В.Смірноў, Р.Шацько, Т.Шашкіна, Г.Шкуратаў; рэжысёры народныя артысты рэспублікі Б.Луцэнка, В.Раеўскі, заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларусі В.Анісенка, В.Баркоўскі, В.Мазынскі, лаурэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі М.Пінігін, рэжысёры А.Жугжда, В.Катавіцкі, А.Ляляўскі і інш. Многія з іх, як Б.Луцэнка, В.Раеўскі, Л.Давідовіч, З.Белахвосцік, Ф.Варанецкі, М.Кірычэнка, В.Катавіцкі, А.Ляляўскі з няменьшым поспехам сумяшчаюць працу ў тэатры з заняткамі майстэрствам акцёра і рэжысёра са студэнтамі ў аўдыторыях Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. На працягу многіх гадоў і стала тэатральна-педагагічнай дзейнасцю ў Акадэміі займаюцца такія майстры, як заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Л.Манакова, заслужаныя артысты рэспублікі Ф.Варанецкі, І.Курган, У.Мішчанчук, кандыдаты мастацтвазнаўства Р.Баравік і А.Шагідзевіч. Разам з тым, і яны не парываюць са сцэнай – Л.Манакова і Р.Баравік у якасці рэжысёраў, Ф.Варанецкі і У.Мішчанчук як акцёры.

Тэатральны факультэт рыхтуе прафесійныя кадры па трох тэатральных спецыяльнасцях – акцёрскае мастацтва, рэжысура, тэатразнаўства, 15 спецыялізацыях. Прафесійная падрыхтоўка вядзецца як па вочнай, так па завочнай і вочна-завочнай формах навучання.

Сярод вядомых у рэспубліцы і за яе межамі тэатразнаўцаў, колішнія выпускнікі Акадэміі – доктар мастацтвазнаўства Р.Смольскі, кандыдаты мастацтвазнаўства Т.Гаробчанка, Э.Герасімовіч, А.Лабовіч, А.Савіцкая, Дз.Стэльмах, І.Ягорава і інш.

Плённа працуюць на сцэнічных пляцоўках рэспублікі і прадстаўнікі наступных пакаленняў выпускнікоў тэатральнага факультэта Акадэміі: рэжысёры Н.Башава, В.Катавіцкі, С.Кавальчык, М.Лашыцкі, Г.Мушперт, У.Савіцкі, Дз.Саладуха, У.Шчэрбань, акцёр і рэжысёр А.Гарцуеў; акцёры Г.Гайдук, А.Душачкін, К.Дзегцярова, І.Дзянісаў, А.Ждановіч, С.Зелянкоўская, А.Кот, Н.Кот, А.Маланкіна, А.Малчанаў, В.Паўлюць, М.Прылуцкі, І.Пятроў, В.Рэдзька, І.Сігоў, А.Сідарава, Л.Сідаркевіч, Н.Сяўніцкая, А.Шэдзько, П.Юрчанкоў-малодшы і інш.

Сярод найбольш значных спектакляў, што былі пастаўлены ў тэатрах Беларусі выпускнікамі альбо з удзелам выпускнікоў БДАМ у апошнія пяць гадоў спектаклі: “Касцюмер” Р.Харвуда (1997, рэжысёр М.Пінігін, т-тр імя Я.Купалы), “Князь Вітаўт” А.Дударава (1997, рэжысёр В.Раеўскі, т-тр імя Я.Купалы), “Пестуны лёсу” А.Паповай (1997, рэжысёр В.Баркоўскі, т-тр імя М.Горкага), “Раскіданае гняздо” Я.Купалы (1997, рэжысёр Б.Луцэнка, т-тр імя М.Горкага), “Таму што люблю” А.Паповай і “Пісьменныя” М.Чокэ (абодва – 1998, рэжысёр В.Баркоўскі, т-тр імя Я.Коласа), “Маленькі лорд Фаўнтлярой” М.Воранава (1998, рэжысёр А.Андросік, ТЮГ), “Апошняя пастараль” паводле А.Адамовіча (1998, рэжысёр М.Дзінаў, т-тр беларускай драматургіі), “День нараджэння Чылентаны” С.Мрожака (1998, рэжысёр Дм.Саладуха, Гомельскі абласны драматычны тэатр), “Школа блазнаў” М. дэ Гельдэрода і “Шалёныя грошы” (абодва – 1998, адпаведна – рэжысёр М.Лашыцкі і рэжысёр У.Шчэрбань, Магілёўскі абласны драматычны тэатр), “Шагал, Шагал…” Л.Драздова, В.Острава (1999, рэжысёр В.Баркоўскі, т-тр імя Я.Коласа), “Тэрмінова патрабуецца… “самазабойца” М.Эрдмана (2000, рэжысёр Б.Луцэнка, т-тр імя М.Горкага), “Крэслы” Э.Іянеска (2000, рэжысёр А.Грышкевіч, т-тр імя Я.Коласа), “Трыстан ды Ізольда” С.Кавалёва (2000, рэжысёр А.Жугжда, Магілёўскі абласны драматычны тэатр), “У адкрытым моры” С.Мрожака (2001, рэжысёр У.Пятровіч, Магілёўскі абласны драматычны тэатр), “Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро” П.Бамаршэ (2001, рэжысёр М.Дударава, Дзяржаўны маладзёжны тэатр).

Трэба адзначыць, што станаўленне і развіццё тэатральнага мастацтва Беларусі было б немагчымае без стварэння нацыянальнай школы сцэнічнага мастацтва, якая ўвабрала ў сябе вопыт рускай тэатральнай культуры і свае ўласныя мастацкія традыцыі. Даследаванне багатага творчага вопыту вядомых дзеячаў беларускага сцэнічнага мастацтва В. Дуніна-Марцінкевіча, І. Буйніцкага, У. Галубка, Ф. Ждановіча, іх мастакоўскіх унёскаў у развіццё нацыянальнага тэатра мела вялікае значэнне і для тэатральнай педагогікі.

На Беларусі тэатральная адукацыя ў 20-30-я гады XX ст. мела дзве асноўныя формы – у тэатральных студыях і ў тэатральных вучэльнях. Толькі ў 1945 г. у Мінску быў адкрыты Беларускі тэатральны інстытут, дзе меркавалася распачаць прафесійную падрыхтоўку нацыянальных творчых кадраў у галіне тэатральнага мастацтва – акцёраў, рэжысёраў, тэатразнаўцаў. Мастацкае кіраўніцтва інстытутам узначаліў народны артыст БССР Еўсцігней Афінагенавіч Міровіч –адзін з заснавальнікаў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Маючы вялікі творчы і педагагічны вопыт (праца ў тэатральных вучэльнях і ў студыях), Е.Міровіч і ў вышэйшай тэатральнай навучальнай установе імкнуўся раскрыць студэнтам усе "сакрэты" акцёрскага майстэрства. Абапіраючыся на сістэму К. Станіслаўскага, яго эстэтычныя і творчыя прынцыпы, Е. Міровіч шмат што рабіў "па-свойму", асабліва рапрацоўваючы, развіваючы, выхоўваючы псіхатэхніку будучых артыстаў. Е. Міровіч выхоўваў не шараговага артыста-прафесіянала, а ТВОРЦУ, развіваў непаўторную індывідуальнасць кожнага студэнта, выхоўваў творчую АСОБУ. Школу Е. Міровіча "прайшлі" выдатныя майстры беларускага тэатра: народныя артысты СССР У. Уладамірскі, Б. Платонаў, Г. Глебаў, Л. Ржэцкая, Л. Рахленка, С. Станюта, народныя артысты БССР У. Крыловіч, В. Галіна, В. Пола, С. Бірыла, К. Саннікаў, А. Ільінскі, І. Ждановіч (тэатр імя Янкі Купалы), заслужаныя дзеячы мастацтваў БССР А. Бутакоў, Э. Герасімовіч, А. Гутковіч, У. Станкевіч, В. Карпілаў, заслужаныя артысты БССР І. Курган, Л. Федчанка, заслужаная артыстка УССР Дз. Шпакава (першы акцёрскі выпуск Беларускага тэатральнага інстытута).

З 1947 па 1965 г. справу падрыхтоўкі прафесійных акцёрскіх кадраў для нацыянальнага тэатра, распачатую Е. Міровічам, плённа працягваў народны артыст БССР Канстанцін Мікалаевіч Саннікаў, які спавядаў мастацкія прынцыпы МХАТа ў сцэнічным мастацтве Беларусі. Атрымаўшы прафесійную акцёрскую і рэжысёрскую падрыхтоўку ў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве, К. Саннікаў не толькі вучыў будучых артыстаў рамяству, але і выхоўваў у іх творчыя адносіны да самой прафесіі, імкнуўся, як і Е. Міровіч, у кожным студэнце выявіць мастака, творцу. Выдатны майстар беларускага тэатра быў перакананы ў тым, што "сапраўдны артыст заўсёды павінен быць і рэжысёрам, сапраўдны рэжысёр павінен быць артыстам і педагогам, а сапраўдны педагог павінен быць і рэжысёрам, і артыстам".

Як успамінае кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт А. Бутакоў, "для Саннікава-педагога такія паняцці, як выхаванне і навучанне, былі непадзельныя. Выхаваннем асобы ён займаўся на кожным уроку, у кожным сцэнічным эцюдзе, у кожным вучэбным урыўку, у кожным дыпломным спектаклі. Рэпетыцыі Саннікава не абмяжоўваліся толькі выпрацоўкай прафесійных навыкаў. Найчасцей яны пераходзілі ў шчырыя гутаркі са студэнтамі пра самае галоўнае, самае важнае ў жыцці. У будучым акцёры і рэжысёры ён імкнуўся выхаваць мастака-грамадзяніна. Канстанцін Мікалаевіч патрабаваў ад студэнтаў штодзённага трэнінгу свайго акцёрскага інструмента, развіцця і ўдасканалення выразных сродкаў унутранай акцёрскай тэхнікі". За 18 гадоў педагагічнай дзейнасці тэатральную школу прафесара К. Саннікава "прайшлі" многія знакамітыя акцёры і актрысы нацыянальнага тэатра: народныя артысты СССР В. Тарасаў, Г. Аўсяннікаў, народныя артысты БССР Л. Давідовіч, М. Захарэвіч, Г. Талкачова, М. Пятроў, народная артыстка РСФСР Л. Драздова, заслужаныя артысты БССР Т. Шашкіна, Л. Былінская, З. Зубкова, Л. Караткевіч, заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР А. Яленская і інш.

Больш за 20 гадоў працаваў на ніве тэатральнай педагогікі народны артыст БССР Дзмітрый Аляксеевіч Арлоў, прыхільнік і прапагандыст сістэмы К. Станіслаўскага, які, "ставячы ў цэнтры сцэнічнай творчасці чалавека, разглядаючы яго ў псіхафізічным адзінстве і ва ўзаемадзеянні з акаляючым асяроддзем, знаходзіць спосабы падпарадкаваць псіхіку акцёра яго творчай волі. Ён знаходзіць для акцёра шляхі кіравання сваімі пачуццямі, па ўласным жаданні выклікаючы ў сабе любыя чалавечыя перажыванні". Таленавіты акцёр, рэжысёр і педагог, Дз. Арлоў вучыў і выхоўваў будучых акцёраў па сістэме К. Станіслаўскага, гэта значыць "па законах самой прыроды, якія ляжаць у аснове творчасці акцёра".

Творчы плён тэатральнай педагогікі народнага артыста БССР прафесара Дз. Арлова – яго выхаванцы, выдатныя майстры драматычнай сцэны: народны артыст БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Г. Гарбук, народныя артысты Беларусі, лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Беларусі А. Мілаванаў, Т. Кокштыс, народныя артысты Беларусі Г. Дубаў, Б. Масумян, заслужаныя артысты Беларусі З. Асмалоўская, А. Кашкер, Э. Гарачы, Ф. Варанецкі, заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларусі У. Маланкін, У. Караткевіч, заслужаны артыст УССР Л. Бакштаеў, заслужаная артыстка АзССР І. Гэрэнбург...

Нацыянальная акцёрская школа, заснаваная Е. Міровічам, выдатна зарэкамендавала сябе і за межамі Беларусі – на Усесаюзным конкурсе дыпломных спектакляў у Маскве ў 1958 г. спектакль "На дне" М. Горкага, пастаўлены мастацкім кіраўніком курса Дз. Арловым, быў ацэнены крытыкамі і тэатральнай грамадскасцю вельмі высока. На творчым конкурсе нацыянальных тэатральных школ у Маскве быў адзначаны поспех не толькі Дз. Арлова і яго выхаванцаў, але і ўсяго педагагічнага калектыву Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута.

Для далейшага развіцця тэатральнага мастацтва ў рэспубліцы, акрамя акцёрскай, патрэбна была яшчэ і нацыянальная рэжысёрская школа. У 1958 г. у БДзТМІ была створана кафедра рэжысуры, якую ўзначаліў запрошаны з Масквы рэжысёр і педагог Андрэй Андрэевіч Яфрэмаў. Як Е. Міровіч акцёрскай, так і А. Яфрэмаў здолеў закласці толькі асновы рэжысёрскай школы. Па стану здароўя ён не змог працягваць заняткі, і яго студэнтаў (два курсы) выпускалі народны артыст Беларусі, прафесар К. Саннікаў і дацэнт Б. Дакутовіч. Дзевяць выпускнікоў рэжысёрскага аддзялення паспяхова закончылі інстытут і пачалі працаваць у драматычных і тэатрах лялек, у кіно, на тэлебачанні: К. Галушкова, Я. Громаў, В. Ліпень, Дз. Ніжнікоўская, Н. Алейнічава, П. Бекіш, Г. Данілаў, А. Сакевіч, В. Мкртумаў.

З 1959 г. творча-педагагічны лёс Веры Паўлаўны Рэдліх, народнай артысткі РСФСР, прафесара, звязаны з Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытутам. В. Рэдліх была адным з тых дзеячаў драматычнага тэатра, якія "праходзілі тэатральныя універсітэты" пад непасрэдным кіраўніцтвам К. Станіслаўскага, У. Неміровіча-Данчанкі, Я. Вахтангава. Цудоўная школа тэатральнага мастацтва, добрае веданне тэарыі і практыкі сцэнічнай справы, нястомнасць творчых пошукаў, абвостранае адчуванне запатрабаванняў часу, здольнасць да імправізацыі, мацярынская ўвага і клопат пра кожнага студэнта –вось што, у першую чаргу, вызначала В. Рэдліх, якую будучыя акцёры і рэжысёры называлі высокім імем Настаўнік. Яна рабіла ўсё для таго, каб на кожным курсе тэатральнага факультэта, дзе яна была мастацкім кіраўніком, панавала атмасфера творчага гарэння, захопленасці працаю, без якіх немагчыма сапраўднае мастацтва.

Амаль чвэрць стагоддзя В. Рэдліх працавала на тэатральным факультэце БДзТМІ, і плён яе педагогікі ў тым, што дзесяткі рэжысёраў і акцёраў, яе вучняў, паспяхова працуюць ў тэатрах Беларусі і за яе межамі.

Шмат зрабіў для станаўлення беларускай рэжысёрскай школы заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, дацэнт Уладзімір Андрэевіч Маланкін, які атрымаў выдатную тэатральную адукацыю: спачатку акцёрскую ў народнага артыста БССР Дз. Арлова, а затым і рэжысёрскую ў Маскве (у прафесараў А. Папова і М. Кнебель). У. Маланкін першы на тэатральным факультэце пачаў практыкаваць сумеснае навучанне акцёраў і рэжысёраў (акцёрска-рэжысёрскія курсы). Вопытны педагог і рэжысёр, ён умеў актывізаваць думку і ўяўленне студэнтаў, выклікаць у іх жаданне паглыбленага асэнсавання творчага працэсу. Узначальваючы кафедру майстэрства акцёра і рэжысуры больш за дзесяць гадоў, У. Маланкін здолеў сфарміраваць высокапрафесійны педагагічны калектыў, які падрыхтаваў для беларускага тэатральнага мастацтва плеяду выдатных рэжысёраў і акцёраў нацыянальнага драматычнага тэатра. Сярод іх народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і Беларусі, прафесар В. Раеўскі, народны артыст Беларусі Б. Луцэнка, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі В. Мазынскі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі В. Маслюк, народны артыст Беларусі А. Ткачонак, заслужаныя артысты Беларусі В. Смірноў, Н. Качаткова, Л. Волкава...

Сем выпускаў па спецыялізацыі "Акцёрскае мастацтва драматычнага тэатра і кіно" падрыхтаваў да самастойнай прафесійнай дзейнасці заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Аляксандр Іванавіч Бутакоў, творчыя і педагагічныя прынцыпы якога сфарміраваліся пад уплывам пачынальнікаў прафесійнай тэатральнай адукацыі на Беларусі Е. Міровіча, Дз. Арлова, К. Саннікава. Менавіта на курсе К. Саннікава ў 1953 г. А. Бутакоў пачаў засвойваць асновы педагагічнага майстэрства , методыку прафесійнай падрыхтоўкі будучых акцёраў. Сем гадоў педагагічнай практыкі ў К. Саннікава (два акцёрскія выпускі) – і А. Бутакоў быў выпраўлены сваім настаўнікам у самастойнае творча-педагагічнае "плаванне". У 1960 г. ён, як мастацкі кіраўнік, набраў курс па спецыяльнасці "Акцёрскае мастацтва", а ўсяго А. Бутакоў падрыхтаваў сем акцёрскіх выпускаў – 122 чалавекі, сярод якіх нямала цікавых, рознахарактарных акцёраў і актрыс, якія і сёння паспяхова працуцюць на драматычных сцэнах тэатраў Беларусі, у кіно, на тэлебачанні і радыё.

З 1990 г. кафедру майстэрства акцёра і рэжысуры ўзначальвае вучаніца народнага артыста Беларусі, прафесара К. Саннікава і народнай артысткі РСФСР, прафесара В. Рэдліх дацэнт Лідзія Аляксееўна Манакова, якая ў новых сацыяльна-эканамічных умовах канца ХХ ст. імкнецца захаваць у нацыянальнай акцёрскай і рэжысёрскай школе самае галоўнае – ПРАФЕСІЯНАЛІЗМ, акадэмічны ўзровень навучання і выхавання, закладзены Е. Міровічам, К. Саннікавым, Дз. Арловым, А. Яфрэмавым, В. Рэдліх, У. Маланкіным.

Больш за сорак гадоў працаваў у БДзТМІ член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР Уладзімір Іванавіч Няфёд, добра вядома ў нашай краіне і за яе межамі. Жыццё і дзейнасць выбітнага вучонага непарыўна звязана з тэатральным мастацтвам рэспублікі, яго тэорыяй і практыкай. Цяжка нават пералічыць усіх вучняў Уладзіміра Іванавіча. Сярод іх – дактары і кандыдаты мастацтвазнаўства, рэжысёры, акцёры, мастакі, драматургі, многія з якіх маюць вышэйшыя дзяржаўныя ўзнагароды. У творчым асяродку існуе нават жартаўлівая прымаўка "Выйшлі мы ўсе з Няфёда", якая мае пад сабой зусім рэальную глебу. Адна з важных старонак педагагічнай дзейнасці Уладзіміра Іванавіча – заўсёдны клопат аб падрыхтоўцы маладых кадраў тэатразнаўцаў і крытыкаў. Разам з А. Сабалеўскім ён прыклаў шмат намаганняў, каб у 1962 г. адкрылася тэатразнаўчае аддзяленне.

Развіццё і станаўленне вышэйшай тэатральнай адукацыі на Беларусі абазначана асноўнымі храналагічнымі вехамі:

1945 г. – адкрыты Беларускі тэатральны інстытут з адным акцёрскім аддзяленнем у складзе 27 студэнтаў;

1949 г. – адбыўся першы выпуск акцёраў драматычнага тэатра (18 чалавек);

1958 г. – набраны першы курс па спецыялізацыі "Рэжысура драматычнага мастацтва";

1962 г. – адкрыта завочнае аддзяленне па спецыяльнасці "Тэатразнаўства";

1975 г. – набраны першы курс па спецыялізацыі "Акцёр тэатра лялек";

1984 г. – набраны першы курс па спецыялізацыі "Арганізацыя, планаванне і кіраванне тэатральнай справаю" (завочная форма навучання);

1989 г. – набраны першы курс па спецыялізацыі "Акцёрскае мастацтва драматычнага тэатра і кіно" (вочна-завочная форма навучання);

1990 г. – набраны першы курс па спецыялізацыях "Акцёр драматычнага тэатра, кіно, чытальнік", "Рэжысура тэатра лялек";

1993 г. – адкрыта вочнае аддзяленне па спецыяльнасці "Тэатразнаўства";

1996 г. – набраны першы курс па спецыялізацыях "Акцёрскае мастацтва музычнага тэатра" і "Рэжысура музычнага тэатра".

2002 г. – набраны першы курс па спецыялізацыі "Арганізацыя тэатральнай справай" (дзённая форма навучання);

Як відаць з гэтай гістарычнай даведкі, на Беларусі прафесійная падрыхтоўка ў галіне тэатральнага мастацтва вядзецца ўжо больш за 50 гадоў, але ўсяго толькі па сямі спецыялізацыях. Шмат па якіх тэатральных спецыяльнасцях (мастакі-тэхнолагі, мастакі-скульптары лялек, мастакі па святлу, загадчыкі мастацка-пастановачнай часці, бутафоры, грымёры-пасціжоры...) прафесійнай падрыхтоўкі на Беларусі не было. Беларускі тэатр атрымліваў такіх спецыялістаў з Масквы, Ленінграда, Кіева.

Нацыянальнай акцёрскай школе Беларусі – 65 гадощ, рэжысёрскай – 53 гадоў, іх вопыт выхавання творчай змены для тэатраў краіны даў цудоўныя вынікі.

Выпускнікі Беларускай акадэміі мастацтваў складаюць "залаты запас", духоўна-творчы фонд тэатральнага мастацтва краіны. Сярод іх: 2 народныя артысты СССР, 23 народныя артысты Беларусі, 2 народныя артысты Расіі, 15 заслужаных дзеячаў мастацтваў Беларусі, 1 заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР, 38 заслужаных артыстаў Беларусі, 2 заслужаныя артысты УССР, 1 заслужаны артыст АзССР, 1 заслужаны артыст РСФСР, а таксама лаўрэаты Дзяржаўных прэмій СССР, Беларусі, прэмій ВЛКСМ, ЛКСМБ, прафсаюзаў, Савета Міністраў БССР, лаўрэаты міжнародных і ўсесаюзных фестываляў і конкурсаў.