Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
история бел.театра 2.doc
Скачиваний:
37
Добавлен:
18.09.2019
Размер:
1.17 Mб
Скачать

Фларыян ждановiч (1884--1942) Першае таварыства беларускай драмы і камедыі

Фларыян Паўлавiч Ждановiч нарадзiўся ў Мiнску 16/28 кастрычнiка 1884 г. Яго iмя найцяснейшым чынам звязана з гiсторыяй фармiравання i станаўлення беларускага прафесiйнага тэатра першай паловы ХХ стагоддзя. Яму было наканавана лёсам стаць адным з першых прафесiйных акцёраў беларускай сцэны, сапраўдным энтузiастам, якi яшчэ ў дарэвалюцыйныя гады, а потым падчас кайзераўскай i белапольскай акупацый закладваў падмурак будучага нацыянальнага тэатра.

Васемнаццацiгадовым юнаком уступае Ф.Ждановiч на нязведаны i нялегкi шлях сцэнiчнай творчасцi, паводле яго аўтабiяграфii, першае публiчнае выступленне ён меў 8 студзеня 1902 г. Гэта адбылося падчас яго вучобы ў Варшаўскай драматычнай школе, кiраўнікамі якой тады -- як ужо прыгадвалася ў лекцыi аб Ф. Аляхновiчы -- былі Вiнцэнцi Рапацкi i Людвiг Сольскi -- прадстаўнiкi школы пераўвасаблення.

Пасля заканчэння Варшаўскай драматычнай школы Ф.Ждановiч некаторы час працуе акцёрам у польскiх тэатрах. У сярэдзiне 1906 г. вяртаецца ў Мiнск i пачынае працаваць у польскай трупе пры спартыўным таварыстве "Сокал". Адначасова актыўна далучаецца да ўдзелу ў беларускiм культурна-асветнiцкiм руху.

I ўжо з гэтага часу пачынае настойлiва дабiвацца стварэння ў Мiнску нацыянальнага тэатра. Яшчэ раней ён стаў непасрэдным сведкам гастроляў на Беларусi рускiх, украiнскiх, польскiх труп, у якiх нямала працавала i акцёраў-беларусаў. Яны падчас гастроляў часта i з задавальненнем удзельнiчалi ў спектаклях аматарскiх беларускiх калектываў, але выступалi на рускай мове -- арганiзаваць выступленнi нават аматарскiх тэатраў на беларускай мове ўлады не дазвалялi.

I Ф. Ждановiч спрабуе знайсцi хоць вузенькую сцяжынку, па якой потым можна было б выйсцi i на шырокi шлях развiцця беларускага тэатральнага мастацтва.Так 6 студзеня 1907 г. нечакана для многiх на адной з вечарын клуба выступiў з чытаннем вершаў беларускiх паэтаў на роднай мове. Большасць публiкi ўспрыняла яго з прыхiльнасцю, хоць i прагучалi незадаволеныя галасы з залы: "Что это за стихи?.. На каком языке?.." Пасля гэтага ён яшчэ пасля аднаго са спекталяў на польскай мове пачаў чытаць верш:

Край наш бедны, край наш родны!

Лес, балота ды пясок...

Чуць дзе крыху луг прыгодны...

Хвойнiк, мох ды верасок.

(Якуб КОЛАС "Наш родны край")

Яго выклiкаюць у палiцыю, учыняюць строгi допыт -- чые вершы, чы надрукаваныя яны, дзе iх узяў выканаўца i цi па сваёй ахвоце чытаў? Напрыканцы далi параду -- на "испорченном русском языке стихов со сцены больше не читать".

Аднак Ф.Ждановiч працягвае гэтую справу i неўзабаве ладзiць праграму "Беларускi кiрмаш", якая была паказаная ў садзе польскага спартыўнага таварыства "Сокал", што знаходзiўся на рагў цяперашнiх вўлiц Кiрава i Ленiнскай. Акоамя вершаў, якiя выконвалiся на роднай мове, пўблiка слўхала таксама чароўныя беларускiя песнi. Пасля гэтага вечара артыст атрымаў вымову ад адмiнiстрацii клуба i папярэджанне мiнскага палiцмайстара.

Нiшто ўжо не можа спынiць Ф.Ждановiча. На пачатку лета 1907 г. ён арганiзуе ў Мiнску драматычны калектыў, ставiць п'есу ўкраінскага драматурга ХІХ ст. М.Крапiўнiцкага "Па рэвiзii" i вязе яго на паказ у Старое Сяло. Мясцоваму спраўнiку, у якога прыйшлося браць дазвол на паказ, на пытанне аб тым, на якой мове будзе iсцi спектакль, Ф.Ждановiч, не доўга думаючы, адказаў, што на балгарскай. Зразумела, што спектакль iшоў па-беларуску, але удалося паказаць яго такiм чынам толькi адзiн раз.

Прыгадаем, што прыкладна ў гэты ж час у 1907 г. I.Буйнiцкi стварае сваю Першую беларускую трупу. У гэты ж перыяд, акрамя I.Буйнiцкага i Ф.Ждановiча, iдэяй стварэння беларускага прафесiйнага тэатра -- спачатку паасобку -- пачынаюць займацца яшчэ i У.Фальскi, А.Бурбiс i iнш. Нарэшце, у 1911 г. Першая беларуская трупа I.Буйнiцкага прыязджае у Мiнск i дае некалькi прадстаўленняў, першае з якiх адбылося 25 чэрвеня. Пасля яго i адбылася памятная сустрэча I.Буйнiцкага, Ф.Ждановiча i У.Фальскага, якая мела выключнае значэнне для гiсторыi беларускага тэатра. На ёй было прынята рашэнне аб рэарганiзацыi трупы ў новы тэатральны калектыў. Арганiзацыйная работа i падрыхтоўка рэпертуару была даручана Ф.Ждановiчу.

За 1912 г. Ф.Ждановiч iнсцэнiруе аповесцi Элаiзы Ажэшкi "Мужык" ("Хам") i "Рысь" ("У зiмовы вечар"), перакладае з украiнскай мовы п'есу М.Старыцкага "Цыганка Аза" пад назвай "Хата за вёскай". З польскага тэатра Ф.Ждановiч запрашае артыстаў-беларусаў П.Акулiча, Валейку, Т.Русетчанку, А.Лiпнiчэнку i iнш. У творчы калектыў улiваецца таксама Ус.Фальскi. У фармiраваннi трупы актыўны ўдзел прымае У.Галубок.

Трупа пачала рыхтаваць купалаву "Паўлiнку". Паказаць спектакль у Мiнску не было дазволена, пры актыўным удзеле Я.Купалы паказ спектакля адбыўся 15 жнiўня 1913 г. у памяшканнi пажарнага дэпо мястэчка Радашковiчы. Спектакль меў небывалы поспех, на iм прысутнiчаў i аўтар – Янка Купала.

Акрылены поспехам малады калектыў вырашыў назвацца Першым таварыствам беларускай драмы i камедыi. Кiраўнiком яго быў прызначаны Ф.Ждановiч, меў намер працаваць тут i I.Буйнiцкi з дочкамi.

Пачалася актыўная праца над пастаноўкай "Хама" паводле Э.Ажэшка. Ф.Ждановiч звяртаецца з просьбай да губернатара аб дазволе працаваць у Мiнску i Мiнскай губернi, аднак не толькi не атрымаў такога дазволу, але i быў прыгавораны да арышту. Ф.Ждановiч тэрмiнова быў вымушаны пакiнуць Беларусь. Па сведчаннi Зм.Бядулi, ён едзе ў Крым i працуе там у рускiм тэатры. У жнiўнi 1914 г., з пачаткам I Сусветнай вайны Ф.Ждановiч прызываецца ў армiю.

У Мiнск Ф.Ждановiч змог вярнуцца толькi ў 1917 г. пасля Лютаўскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыi ў Расii. На той час у Мiнску працуе толькi хор пад кiраўнiцтвам Ус.Фальскага, драматычная трупа пад кiраўнiцтвам пiсьменнiка Ядвiгiна Ш. З вяртаннем Ф.Ждановiча зноў распачынае дзейнiчаць Першае таварыства беларускай драмы i камедыi.

Першае прадстаўленне пасля больш чым чатырохгадовага перпынку адбылося ў памяшканнi гарадскога тэатра (зараз -- тэатр iмя Я.Купалы) 24 красавiка 1917 г. Паказалi "Паўлiнку" Я.Купалы i "У зiмовы вечар" паводле Э.Ажэшка. Публiка прымала пастаноўку вельмi прыхiльна.

Неўзабаве былi паказаныя "Сённяшнiя i даўнейшыя" К.Буйло i "Пашылiся ў дурнi" М.Крапiўнiцкага.

Афiцыйнае абвяшчэнне аб узнаўленнi працы Першага таварыства беларускай драмы i камедыi адбылося на сходзе 1 мая 1917 г., куды быў запрошаны i I.Буйнiцкi, якога абралi кiраўнiком тэатра. Ф.Ждановiч быў прызначаны рэжысёрам, Ус.Фальскi -- дырэктарам. Але, як вы ведаеце, I.Буйнiцкi практычна гэтым калектывам так i не кiраваў (у чэрвенi быў прызваны ў армiю i ў жнiўнi 1917 г. памер ад хваробы на запаленне легкiх).

Амаль адразу калектыў накiраваўся на гастролi па малых гарадах i мястэчках Беларусi, дзе ўсюды вельмi прыхiльна яго прымалi. Пашырыўся рэпертуар тэатра: былi пастаўлены "Модны шляхцюк" К.Каганца, "Мiхалка" бр. Далецкiх. 10 лiпеня 1917 г. у Мiнску ў памяшканнi гарадскога тэатра адбылася прэм'ера "Раскiданага гнязда" Я.Купалы ў пастаноўцы Ф.Ждановiча. Затым ён ставiць "Хама" паводле Э.Ажэшка. I з гэтым рэпертуарам у блiжэйшы год тэатр аб'ездзiў амаль усю Беларусь.

У снежнi 1917 г. у пастаноўцы Ф.Ждановiча адбылася прэм'ера п'есы У.Галубка "Апошняе спатканне", а затым у самым хуткiм часе i прэм'ера па п'есе таго ж аўтара "Пiсаравы iмянiны".

Наступае 1918 г. У Мiнску на працягу гэтага i наступнага года некалькi разоў будзе мяняцца ўлада: кайзераўцы, саветы, белапалякi, iзноў кайзераўцы, iзноў саветы... Усе гэта мала спрыяе плённай дзейнасцi Таварыства, якое нават вымушана на некаторы час прыпыняць сваю дзейнасць. Тым не менш з красавiка 1918 г. спектаклi пачынаюць iсцi рэгулярна, 6 мая адбываецца прэм'ера "Антось Лата" Я.Коласа, затым "Бязвiнная кроў" У.Галубка. Разам з тым узнiкаюць пэўныя праблемы ўнутры калектыву, звязаныя i з iдэалагiчнымi рознагалоссямi. Гэта зразумела -- час складаны. Тым не менш Ф.Ждановiчу i У.Фальскаму ўдаецца захаваць частку калектыву. Летам 1918 г. Таварыства шмат гастралюе па Беларусi.

Толькi к лету 1919 г. палiтычнае становiшча ва ўсходняй частцы Беларусi больш-менш стабiлiзуецца. Калектыў зноў можа працаваць, але паўстае пэўная праблема прафесiйных творчых кадраў. Вось у такiх умовах Ф.Ждановiч пачынае будаўнiцтва новага калектыва -- Першага беларускага дзяржаўнага тэатра.

Зазначым, што на працягу амаль 15 гадоў Ф.Ждановiч настойлiва вёў працу па стварэннi беларускага тэатра. Актыўны ўдзел у гэтай яго справе прымалi беларускiя пiсьменнiкi першай адраджэнскай хвалi -- Я.Купала, Я.Колас, М.Чарот (Кудзелька), К.Каганец, К.Буйло, Л.Родзевiч, У.Галубок; акцёры -- Ус.Фальскi, Г.Грыгонiс, М.Мiцкевiч, А.Iльiнскi, С.Станюта, I.Ждановiч, К.Мiронава i многiя iншыя, якiя потым i склалi асноўнае ядро Першага беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ-1).

У жнiўнi 1920 г. Ф.Ждановiч прызначаецца мастацкiм кiраўнiком БДТ-1, якi афiцыйна адкрываецца 14 верасня 1920 г. спекталем "У зiмовы вечар" паводле Э.Ажэшкi. У рэпертуары перапрацаваныя спектаклi з тых, што iшлi ў Першым таварыстве беларускай драмы iкамедыi, -- "Бязвiнная кроў" i "Апошняе спатканне" У.Галубка, "Наталка-Палтаўка" I.Катлярэўскага, "Паўлiнка" Я.Купалы, "Пашылiся ў дурнi" М.Крапiўнiцкага i iнш.

Ф.Ждановiч шмат намаганняў прыкладае да арганiзацыi творчай працы ў БДТ-1, па стварэннi новага, сучаснага рэпертуару. Выдатны акцёр i арганiзатар, ён быў даволi слабы ў рэжысуры, дзе заставаўся на ўзроўнi аматара.

У 1921 г. ён вызваляецца ад пасады мастацкага кiраўнiка БДТ-1 i пераходзiць у акцёрскi склад трупы, становiцца адным з вядучых артыстаў. Займаецца таксама перакладамi. "Вясковы суддзя" П. Кальдэрона, "Дамы i гусары" А. Фрэдра iшлi ў яго перакладах.

У перыяд з 1922 па 1929 гг. Ф.Ждановiч заняты практычна ва ўсiх спектаклях БДТ-1. Да лепшых яго сцэнiчных вобразаў належаць Сымон з "Раскiданага гнязда", Якiм i пан Быкоўскi з "Паўлiнкi" Я.Купалы. З высокiм драматызмам iграў ён ролю Антося Латы з аднаiменнай п'есы Я.Коласа.

Ф.Ждановiч быў яркiм, самабытным акцёрам, з шырокiм творчым дыяпазонам. Яму былi падўладныя ролi розных планаў -- i камедыйныя, i гераiчныя, i гратэскавыя. У "Хаме", напрыклад, ён вельмi ўдала выконваў жаночую ролю жабрачкi Марцэлькi.

Ф.Ждановiчу як акцёру былi ўласцiвыя непасрэднасць, жыццёвая праўдзiвасць у стварэннi сцэнiчнага вобраза. Разам з тым сучаснiкi сцвярджаюць, што гэта быў акцёр iнтэлектуальны, якi абдумваў кожную рысу характара, кожную мастацкую дэталь. На высокiм творчым узроўнi ён выконваў ролi Рычарда Даджэна ў спектаклi "Вучань д'ябла" Б.Шоу, Серакоўскага ў "Кастусi Калiноўскiм" Е.Мiровiча, Пекляванава ў "Браняпоезд-1469" Ус.Iванава.

У 1929 г. Ждановiча накiроўваюць у Беларускi вандроўны тэатр у якасцi рэжысёра. Практычна, гэта была ўжо першая ссылка. Тут ён ставiць "Кастуся Калiноўскага" Е.Мiровiча, "Ярасць" А.Яноўскага. У яго спектаклях заняты такiя артысты як К.Былiч, У.Дзядзюшка, У.Галубок.

Сучаснiкi адзначаюць, што Ф.Ждановiч не толькi выдатны арганiзатар i таленавiты акцёр, ён быў вялiкiм знаўцам беларускага фальклору i беларускай мовы, што значна дапамагала ў яго творчай працы. Сваёй самаадднасцю, бескарыслiвасцю ў адносiнах да мастацтва тэатра ён вельмi падобны на другога волата беларускай сцэны Уладзiслава Iосiфавiча Галубка.

У 1930 г. Ф.Ждановiч быў несправедлiва абвiнавачаны як вораг народа, i спачатку лёс закiнуў яго ў Сiбiр, потым на Беламорканал, дзе ён арганiзуе тэатр для абслугоўвання рабочых-будаўнiкоў.

У 1933 г. яму ўдаецца на месяц вярнуцца ў Мiнск, пасля чаго ён вымушаны выправiцца з сям'ёй у Саратаў. Тут ён прызначаецца на работу ў тэатральнае вучылiшча рэжысёрам-педагогам, пачынае рыхтаваць спектакль "Узнятая цэлiна" паводле М.Шолахава. Спектакль меў поспех, асаблiва крытыка адзначала акцёрскiя работы галоўных персанажаў i масавыя сцэны. Наступнай работай з навучэнцамi быў спектакль "Чўжое дзiця" Ф.Дымава. З навучэнцаў утвараецца трупа калгасна-саўгаснага тэатра, якi на чале Ф.Ждановiча накiроўваецца на пастаянную работу ў невялiкi заволжскi горад Пятроўск. Як бачым, зноў Ждановiч, ужо ў каторы раз, будуе тэатр.

У 1934 г. Ф.Ждановiч цяжка захварэў. Пасля папраўкi ў 1935 г. яго накiроўваюць на работу ў якасцi намеснiка дырэктара i рэжысёра калгасна-саўгаснага тэатра ў невялiкi гарадок Сокал.

У 1937 г. Ф.Ждановiч рэпрэсiраваны i ссылаецца на востраў Новая Зямля.

Па афiцыйных звестках Фларыян Паўлавiч Ждановiч памёр у ссылцы 27 студзеня 1942 г.

УЛАДЗIСЛАЎ ГАЛУБОК І ЯГО ТЭАТР

Галубок (сапраўднае Голуб) Уладзiслаў Іосiфавiч, нарадзiўся 3.05.1882 г. у Баранавiцкiм раёне, памёр 7.03.1942 г. Вядлмы беларускi пiсьменнiк i драматург, рэжысёр, акцёр, тэатральны дзеяч, мастак. Народны артыст Беларусi (1928 г.)

Лiтаратурную дзейнасць Уладзiслаў Галубок пачынае ў 1906 г., хутка пасля заканчэння Мiнскага гарадскога вучылiшча. Першыя творы былi надрукаваныя ў газеце "Наша Нiва", часопiсе "Лучынка", альманаху "Маладая Беларусь". У 1913 г. выйшаў першы зборнiк апавяданняў У.Галубка.

Як драматург У.Галубок пачынае выступаць з 1918 г. Увогуле iм напiсана больш за 40 драм i камедый на гiстарычныя i бытавыя тэмы з жыцця беларускага народа. П'есы У.Галубка вызначаюцца яркай сцэнiчнасцю, выстрынёй канфлiкту, дакладнасцю аўтарскай пазiцыi. Камедыi насычаны сакавiтым народным гумарам, вострымi камедыйнымi сiтуацыямi з яскравай сатырычнай абмалёўкай характараў. Многiя бытавыя п'есы Галубка напiсаны ў жанры меладрамы.

Практычна ўсе п'есы Галубка ставiлiся ў беларускiх тэатрах у 1920-30-я гады. Значнае месца яны займалi i ў рэпертуары Першага Беларускага таварыства драмы i камедыi, дзе Галубок выступаў як акцёр i рэжысёр яшчэ ў 1917 -- 20 гг. У праватнасцi, тут былi пастаўлены яго п'есы "Апошняе спатканне" i "Пiсаравы iмянiны" (1917), "Бязвiнная кроў" (1918), "Бязродны" i "Праменчык шчасця" (1919).

У БДТ Першым у 1920-я гады былi пастаўленыя "Залёты дзяка" ("Пiсаравы iмянiны"), "Ганка" i iнш.

Найбольш поўна i ўсебакова драматургiя Галубка была ўвасоблена на сцэне БДТ Трэцiм, якi ён стварыў у 1920 г. i дзе найбольш ярка раскрыўся яго шматгранны талент арганiзатара, рэжысёра, тэатральнага педагога, акцёра i мастака.

Яшчэ на пачатку 1920-х гадоў вялiкае пашырэнне набывае культурна-асветніцкая дзейнасць рабочых клубаў. Ужо летам 1920 г. праўленне першага Беларускага рабочага клуба запрашае Уладзiслава Галубка арганiзаваць трупу. Трупа, якую сабраў У.Галубок, уяўляла сабой самабытны нацыянальны калектыў, якi вырас з аматарскiх гурткоў. На жаль, мала звестак захавалася ад першых крокаў працы гэтай трупы. Вядома, што адкрыццё новага тэатра адбылося 10 жнiўня 1920 г. (пазней тэатр стане называцца БДТ-III) у Беларускiм рабочым клубе на былой Юр'еўскай вулiцы Мiнска.

Уладзiслаў Галубок у сваёй творчасцi наследваў традыцыi беларускага народнага тэатра, мастацкiя дасягненнi i творчы вопыт Першай беларускай трупы iгната Буйнiцкага. У тэатры У.Галубка драматычнае мастацтва спалучалася з вакальным i танцавальным. Сiнтэтычны характар пастановак i становiцца творчай адметнасцю гэтага калектыва.

Першай пастаноўкай новага тэатральнага калектыва стала камедыя Галубка "Суд", у якой сатырычна выкрываўся судовы бюракратызм. Змест твора нескладаны. У селянiна Гарбуза панскi аканом вырваў палавiну барады i выбiў тры зубы, за што Гарбуз падаў на яго ў суд. i хаця падчас судовага допыту пацярпеўшых i сведкаў вiна аконама вiдавочная, валасны суд прызнае вiнаватым Гарбуза, якога i садзяць на тры днi ў халодную. Галубок дае сваiм персанажам надзвычай трапныя характарыстыкi, с цяплынёй i спачуваннем ставiцца да сялян -- самога Гарбуза, яго жонкi Гарбузiхi i iх сведкi Авечкi. Яго гумар у адносiнах да гэтых персанажаў мяккi, лагодны, дасцiпны. Зусiм iнакш падае ён вобразы валаснога старшынi, пiсара, суддзi. З'едлiвая сатыра спапяляе гэтых так званых прадстаўнiкоў улады -- п'янiц i хабарнiкаў. На прэм'ерным спектаклi сам Галубок з бляскам выканаў ролю Авечкi.

У 1920 г. за калектывам зацвердзiлася назва Трупа Галубка. Гэты калектыў аказаўся вельмi мабiльным, не чакаў прыходу гледача ў сваю залу, а сам наведваў розныя гарадскiя раёны i мiнскiя прадмесцi. Даступнасць, народнасць, свежэсць рэпертуару, да таго ж таннасць бiлетаў забяспечвалi яму поспех i перапоўненныя гдядзельныя залы.

З красавiка 1921 г. Трупа Галубка была ўзята на дзяржаўнае ўтрыманне i ёй была прысвоена афiцыйная назва Другая беларуская трупа. Тэатру даручалася абслугоўваць гледачоў гарадскiх рабочых клубаў i блiжэйшых да Мiнска вёсак. Па сутнасцi, трупа вельмi хутка пераўтварылася ў вандроўную.

Неўзабаве Беларускi рабочы клуб, перастаўшы лiчыць трупу сваёй, адказаў ёй у памяшканнi, а Наркамасветы зняў калектыў з датацыi ў сувязi з пераходам тэатраў на гаспадарчы разлiк. Для трупы Галубка наступiлi цяжкiя днi.

Але не зважаючы на цяжкасцi трупа ў гэты час працуе самааддана. За сезон 1921/22 гг. было дадзена 225 спектакляў i канцэртаў. Умовы работы трупы дыктавалi i характар дэкарацыйнага афармлення пастановак. Звычайна ўжывалiся толькi самыя неабходныя дэталi, часам нават даводзiлася абмяжоўвацца вусным паведамленнем пра месца дзеяння. Разам з тым рэпертуар трупы быў вельмi разнастайным. Як ужо гаварылася, тут ставiлiся ўсе п'есы Галубка, апроч гэтага iшлi спектаклi "Князь Качаргiн", "Модны шляхцюк" Каруся Каганца, "Паўлiнка" Я.Купалы, "Антось Лата" Я.Коласа, "Па рэвiзii" М.Крапiўнiцкага, "Пiнская шляхта" В.Дунiна-Марцiнкевiча, "Мiкiтаў лапаць" М.Чарота.

Запрашэнняў паказаць спектакль заўсёды было шмат i адказу ад трупы нiколi не было. Але перад трупай усё больш пэўна паўстае пытанне аб сталым месцы. Як раз у пачатку 1922 г. адбудаваўся новы клуб у Серабранцы, што тады знаходзiлася даволi далёка за горадам. Вось туды i пераехала трупа. Акрамя драматычнай трупы ў тэатры ўзнiк невялiкi струнны аркестр, якi ўдзельнiчаў у спектаклях i канцэртах, а таксама iграў на танцах пасля спектакляў.

Захоўваючы асноўную базу ў Серабранцы, трупа Галубка пачала выступаць i ў iншых месцах. Нязменным поспехам гледачоў карыстаюцца п'есы Галубка "Пан Сурынта", "Падкiдыш" i iнш.

У 1923 г. калектыў зноў вяртаецца ў памяшканне Беларускага рабочага клуба, атрымоўвае матэрыяльную дапамогу Наркамасветы. Творчае жыццё тэатра нармалiзуецца, наладжваецца трывалая сувязь са студэнтамi Белдзяржунiверсiтэта, якiя былi не толькi гледачамi, але часам i самi прымалi ўдзел у пастаноўках.

У вераснi 1924 г. Наркамасветы прыняў рашэнне аб наданнi тэатру статуса дзяржаўнага. У сувязi з рэарганiзацыяй удалося палепшыць матэрыяльнае становiшча акцёраў, павялiчыць творчы склад калектыва, надаць больш увагi павышэнню мастацкай якасцi спектакляў.

Трупа, выступаючы ў Мiнску, па-ранейшаму многа выязджала ў вёску. На тэатр была ўскладзена ганаровая задача па абслугоўванню жыхароў вёскi. Аднадзённыя выезды сталi чаргвацца з больш працяглымi гастрольнымi паездкамi. Межы гастроляў пашырылiся: тэатр пабываў у Оршы, Слуцку, Мазыры i iншых гарадах i вёсках Усходней Беларусi.

Тэатр Галубка з першых сваiх крокаў стаў сваiм i родным на вёсцы. К 1925 году трупа пад кiраўнiцтвам У.Галубка творча вырасла i стала сапраўдным прафесiйным тэатрам, якi праводзiў вялiкую культурна-асветнiцкую работу, далучаючы рабочых i сялян да сцэнiчнага мастацтва.

Як рэжысёр У.Галубок меў схiльнасць да яркай сцэнiчнай вобразнасцi, эфектаў, шырока выкарыстоўваў песенна-музычную i харэаграфiчную народную спадчыну.

Уладзiслаў Галубок быў яркiм акцёрам i славiўся як выканаўца характарных -- драматычных i камедыйных -- роляў. Яго сцэнiчныя вобразы вызначалiся псiхалагiчнай дакладнасцю, сацыяльнай завостранасцю. Найбольш значныя з акцёрскiх работ Уладзiслава Галубка: Дзяк ("Пiсаравы iмянiны"), Сурынта ("Пан Сурынта"), Вар'ят ("Васiль Хмель"), Мiхалка (у аднаiменнай п'се Далецкiх), Гусак ("Дыктатура" І.Мiкiтэнкi) i iнш.

Як тэатральны педагог У.Галубок выхаваў цэлую плеяду беларускiх артыстаў, сярод якiх Сцяпан Бiрыла, Уладзiмiр Дзядзюшка, Таццяна Шашалевiч, Аляксей Бараноўскi i iнш.

У.Галубок многа выступаў у друку с публiцыстычнымi i тэатразнаўчымi артыкуламi.

Вядомы ён i як мастак-сцэнограф: практычна ён афармляў усе пастаноўкi сваiх п'ес. Як мастак-пейзажыст удзельнiчаў у шэрагу рэспублiканскiх мастацкiх выстаў.