Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
история бел.театра 2.doc
Скачиваний:
37
Добавлен:
18.09.2019
Размер:
1.17 Mб
Скачать

Заключэнне

Беларускі тэатр на ўсіх этапах свайго развіцця быў цесна звязаны з тымі надзённымі жыццёвымі праблемамі, якія ставіў перад ім сам час. Тэатральнае мастацтва, вельмі жывое, рухомае па сваёй сутнасці і адначасова залежнае ад дзяржавы ў эканамічным і арганізацыйным плане, заўсёды тонка і дакладна рэагавала на тыя змены, што адбываліся ў грамадстве. Таму заканамерна, што вострыя сацыяльныя праблемы 90-х гг., калі пачалі закладвацца асновы рынкавых адносін, хваравіта адбіліся на тэатральнай справе. Разам з тым, варта адзначыць, што кіраўніцтва тэатраў (у рэспубліцы сёння працуе моцны дырэктарскі корпус) даволі хутка пераадолела перыяд разгубленасці і пачало паступова адаптавацца да новых гістарычных рэалій. Пра гэта засведчыла стабілізацыя рэпертуарнай палітыкі, актывізацыя гастрольнай дзейнасці не толькі на Беларусі, але і за яе межамі, станоўчае вырашэнне кадравых пытанняў, асабліва ў галіне падрыхтоўкі творчай моладзі.

Адчувальныя зрухі адбыліся ў пашырэнні самых розных формаў міжнародных тэатральных сувязей. Гэта і засваенне тэатрамі сучаснай зарубежнай драматургіі, і пастаноўкі творчых груп з Беларусі ў тэатрах краін бліжняга і дальняга замежжа, і гастролі творчых калектываў у Польшчы, Германіі, Расіі, Шатландыі, Францыі, Славакіі, і шырокі фестывальны рух. Усё гэта спрыяе актыўнаму ўваходжанню беларускага тэатра ў кантэкст сусветнай культуры.

Кожны гістарычны этап накладвае свой адбітак на сцэнічнае мастацтва, абумоўлівае актуальнасць яго тэматыкі, жанравую і стылёвую варыятыўнасць, своеасаблівасць эстэтыкі. У 90-я гг. адбылося значнае абнаўленне рэпертуару. Ніколі раней беларускі тэатр не паглыбляўся ў такую далёкую айчынную гісторыю. Гістарычныя творы як і нацыянальная класіка адкрылі шырокія магчымасці для філасофскага асэнсавання розных пластоў народнага жыцця, для спасціжэння своеасаблівасці беларускага характару, для абуджэння памяці і самасвядомасці беларусаў. Зарубежная інтэлектуальная п’еса, драматургія абсурду і экзістэнцыялізму садзейнічалі абнаўленню эстэтыкі, сцэнічнай вобразнасці. Адметнасцю мастакоўскга роздуму над праблемамі дня сённяшняга з’яўляецца тое, што герой-сучаснік разглядаецца не ў звыклым асяродку школы, сям’і, вытворчасці і нават грамадства, а ўводзіцца ў кантэкст айчыннай гісторыі, рэлігіі, сусветнай культуры. Відаць, ёсць свая заканамернасць, што на мяжы стагоддзяў тэатр разглядае чалавека, яго ўнутраны свет не ў ізаляваным коле асабістых праблем, а як часцінку сусвету, дзе ўсё ўзаемазвязана і ўзаемазалежна.

Асаблівасць рэпертуару 90-х гадоў – яго жанравая і тэматычная разнастайнасць, з’яўленне розных стыляў, плыняў і накірункаў. Тэатр захоўвае ў пэўных пастаноўках традыцыі псіхалагічнага рэалізму і разам з тым плённа засвойвае мадэрнісцкую эстэтыку сучаснага андэграўнду. Пры гэтым розныя выканальніцкія манеры суіснуюць у своеасаблівай гармоніі кантрастаў. Рэжысёры і акцёры актыўна выкарыстоўваюць сінтэтычную прыроду тэатра і вынаходліва запазычваюць выразныя сродкі іншых відаў мастацтва – харэаграфію, пантаміму, цыркавую буфанаду, вакал і нават увасабляюць на драматычнай сцэне мюзікл і сучасную оперу. Сцэнографы і кампазітары творча асэнсоўваюць каштоўнасці, назапашаныя айчыннай і сусветнай мастацкай культурай. У светапоглядным жа плане лепшыя спектаклі процістаяць сваёй духоўнасцю парушанай гармоніі, змроку і безвыходнасці, хаосу і разбурэнню.

Як своеасаблівае чароўнае люстэрка, беларускі драматычны тэатр на мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў то размыта, то гранічна ясна адлюстроўваў нашу гісторыю і сучаснае жыццё. Разам з усім грамадствам ён зведаў свае ўзлёты і свае падзенні, прарываўся ў высокія сферы духу і скочваўся да ўзроўню дробязнай мітусні. Відавочна адно: лепшыя мастацкія творы беларускай айчыннай сцэны падтрымлівалі чалавека ў яго пошуках сэнсу жыцця, дапамагалі захаваць годнасць, не страціць высокіх духоўных арыенціраў. Магчыма таму ў тэатральныя залы Беларусі вярнуўся глядач, якому імпануе дзейсная, стваральная пазіцыя беларускіх майстроў сцэны.

1 Выдадзена кніга: Аляхновіч Ф. Выбраныя творы.—Мн., 2005.

2 Тут і далей па тэксту даецца сучасная назва драматычных тэатраў.

3 Е.Холодов. Драматург на все времена. М. 1975. С. 410.

4 Культура. 1998, 24 красавіка.

5 Вячэрні Мінск. 1998, 24 сакавіка.

6 Белорусская газета. 1996, 23 снежня.

7 Літ. і мастацтва. 1996. 24 мая. С. 10.

8 Беларускі тэатр — 98. Агляд тэатральнага года. Мн., 1999. С. 56.

9 В. Баркоўскі ў гэты час ужо два гады быў мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа.

10 Мастацтва. 2001. № 4. С. 17.

11 Курэйчк А. Для нармальных… Беларуская газета. 16.12.2002.

12 Беларускі тэатр — 2000: Агляд тэатральнага года. Мн. 2001. С. 37.

13 Беларускі тэатр — 2000: Агляд тэатральнага года. Мн. 2001. С. 38.

14 Советская Белоруссия, 2004. 05. 06.

15 Тэатральная Беларусь. 1994. № 3. С. 37.

16 Тэатральная творчасць. 1994. № 3. С. 39.

17 Культура. № 25. 29 чэрвеня — 5 ліпеня 2002.

18 Ярмалінская В. Малады тэатр на Палессі. “Беларуская думка”. 2007. № 7. С. 146—147.

19 Ярмалінская В. Малады тэатр на Палессі. “Беларуская думка”. 2007. № 7. С. 149.

20 Цыт. па: Ярмалінская В. Малады тэатр на Палессі. “Беларуская думка”. 2007. № 7. С. 147.

21 Театр начинается... с энтузиастов! Заря. 04.04.2011.

22 Театр начинается... с энтузиастов! Заря. 04.04.2011.

23 Театр начинается... с энтузиастов! Заря. 04.04.2011.