Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
история шпоры.docx
Скачиваний:
3
Добавлен:
23.12.2018
Размер:
194.04 Кб
Скачать

7. Полацкае и Тураускае княствы

Полацкае княства

Полацкае княства – адно з буйнейшых у сiстэме Русi. Яно займала звыш трэцi сучаснай тэрыторыi Беларусi. Полацак лiчыцца найстаражытнейшым горадам Беларусi, першы ўспамiн аб якiм сустракаецца ў «Аповесцi мiнулых часоў» пад 862 годам.

Рагвалод і Рагнеда (970-ыя гг.) Першым летапiсна вядомым полацкiм князем традыцыйна з’яўляецца Рагволод. Не вядома адкуль ён з’явiўся. Некаторыя даследчыкi трактуюць словы летапiсу «прыйшоў з-за мора» як сведчанне яго нарманскага (гэта значыць скандынаўскага, вiкiнгi) паходжання. Аднак далёка не ўсе гiсторыкi пагаджаюцца з такой думкаю. Выхад да мора праз Заходнюю Дзвiну даваў палачанам магчымасць падтрымлiваць даволi ажыўлёныя сувязi з паморскiмi славянамi, якiя жылi на паўднёвым узбярэжжы Балтыйскага мора. Гэтыя сувязi былi не толькi гандлёвыя, але i дынастычныя. З пазнейшай гiсторыi, напрыклад, вядома, пра шлюб полацкага князя Барыса з паморскай князёўнай Святохнай. Так што гэты полацкi валадар мог быць зусiм не вiкiнгам, а славянiнам. I ягонае iмя, дарэчы, можна разглядаць, як славянскае «валадар рога». Сучасны гiсторык Мiкола Ермаловiч выказаў дапушчэнне, што гэты полацкi валадар паходзiў з полацкага княскага роду i быў сынам княгiнi Прадславы, якая згадваецца ў летапiсы пад 945 годам. Ён мог быць запрошаны на княжанне да паморскiх славянаў i ўжо адтуль вярнуўся ў Полацк, пераняўшы яго ў спадчыну ад мацi. Яго лёс склаўся трагiчна. Так сталася, што да яго дачкi-прыгажунi Рагнеды пасваталiся гаспадары двух суседнiх княстваў: Яраполк з Кiева i Уладзiмiр з Ноўгарада. Мабыць памiж двумя цэнтрамi палiтычнай арыентацыi Рагвалод выбраў Кiеў. Таму Рагнеда ганебна адказала Уладзiмiру: «Не хачу разуць рабынiча.» Той сапраўды быў сынам князя Святаслава ад рабынi-ключнiцы Малушы, аднак абразiўся настолькi, што пайшоў вайною на Полацак. Спалiў горад. Забiў Рагвалода, яго жонку i абодвух сыноў, а Рагнеду праз гвалт узяў у жоны, даўшы ёй новае iмя Гарыслава. Па нейкiм часе, жывучы пад Кiевам у сяльцы Прадславiне, Рагнеда спрабавала адпомсцiць сваяму «мужу» за тое, што «бацьку яе забiў, зямлю ў палон ягоную ўзяў, а цяпер ня любiць нi яе, нi iх дзетак». Раз’юшаны Уладзiмiр хацеў пакараць няўдалую забойцу, аднак у абарону мацi нечакана выступiў яго старэйшы сын Iзяслаў. Яе з сынам выслалi ў спецыяльна пабудаваны для нiх горад – Заслаўль, дзе Рагнеда пастрыглася ў манахiнi пад iмем Анастасiя i памерла каля 1000 г.

Ізяслаў (988-1001). Менавiта з iмем Iзяслава звязваецца аднаўленне сваеасаблiвай аўтаномi Полаччыны ў рамках так званай «Кiеўскай Русi». Аб Iзяславе вядома няшмат. Нiканаўскi звод, а за iм i В.М. Тацiшчаў прыводзiць наступную характарытыку Iзяслава: «Бысть же сий князь тих и кроток, и смирен, и милостив, и любя зело, и почитая священнический чин иноческий, и прилежаще прочитанию божественных писаний, и отвращаясь от суетных глумлений, и слезен, и умилен, и долготерпив». Памёр Ізяслаў у 1001 годзе, пражыўшы каля 23-25 гадоў. Паколькi Iзяслаў памёр яшчэ пры жыццi бацькi i не змог атрымаць у спадчыну вялiкае кiяўскае княжэнне, то яго нашчадкi па iснаваўшай традыцыi ўжо не мелi права дамагацца кiеўскага прастола. Ён не быў iх «вотчынай» – уладаннем бацькi. Гэта ў многiм прадвызначыла далейшае развiццё Полацкага княства i яго адносiны да iншых рускiх зямель.

Брачыслаў (1003-1044). Праз два гады пасля смерцi Iзяслава, як адзначана ў летапiсы, памёр яго сын Усяслаў. Новым полацкiм князем стаў Брачыслаў (1003-1044). Перыяд памiж 1003 i 1021 гг. зноў для нас пакрыты цемрай. У 1021 г. Брачыслаў раптоўна нападае на Ноўгарад, i з палоннымi варочваецца ў Полацак. Аднак на рацэ Судамiры яго чакаў з войскам Яраслаў, якi прыйшоў ад Кiева за 7 дзён. Брачыслаў пацярпеў паражэнне i збег у Полацак. Палонных наўгародцаў вызвалiлi i яны вярнулiся дадому.

Аб гэтай падзеi таксама ўпамiнаецца ў адной са скандынаўскiх саг, якая запiсана ў XII–XIII стст. Калi выключыць з яе шэраг фантастычных эпiзодаў, што характэрна для твораў падобнага жанру, то можна даведацца пра наступнае. Атрад варажскiх наймiтаў пад кiраўнiцтвам Эйдмунда, якi служыў у Яраслава i прымаў удзел у яго барацьбе з братам Святаполкам, пасварыўшыся з iм, пайшоў у Полацак да Брачыслава. Варагi, як быццам, i ўгаварылi Брачыслава напасцi на Ноўгарад i самi прынялi ў гэтым удзел. Пажывiўшыся нарабаванай здабычай нарманы пакiнулi полацкага князя, хутчэй за ўсё перад самай бiтвай на Судамiры.

Далейшыя падзеi развiвалiся даволi дзiўна. Яраслаў не пайшоў на Полацак, а запрасiў да сябе на перагаворы Брачыслава i прапанаваў яму: «Будзе же со мною за один». Брачыслаў згадзiўся i атрымаў за гэта два гарады – Вiцебск i Усвят. Затым, робiць вывад летапiсец, «воеваша Брячислав с великим Ярославом все дни живота своего». Бяручы ва ўвагу гэты выраз, можна дапусцiць, што полацкi князь у наступныя гады быў верным саюзнiкам вялiкага князя кiеўскага, падтрымлiваў яго ў барацьбе з Мсцiславам Тмутараканскiм, а таксама прыняў удзел у шэрагу паходаў Яраслава, напрыклад, супраць Лiтвы ў 1040 г. Можа, менавiта ў гэты час на балцка-славянскiм этнiчным памежжы была заснавана крэпасць Браслаў, названай так у гонар полацкага князя.

Усяслаў Чарадзей (1044-1101). Брачыслаў памёр у 1044 г. Яго княжацкае месца заняў сын Усяслаў Чарадзей – адна з найбольш яркiх фiгур полацкай гiсторыi. Сучаснiкi нiколi не былi да яго абыякавымi. Нават у першым паведамленнi аб заняццi iм полацкага княжацкага прастола летапiсец, парушыўшы стыль i манеру пагадовага апiсання найважнейшых падзей, палiчыў неабходным даць штрыхi да партрэта. Паводле слоў летапiсца мацi нарадзiла Усяслава з дапамогай «валхавання». Калi мацi нарадзiла немаўля, у яго на галаве аказалася язвена. Валхвы сказалi мацi яго: «Гэта язвена, навяжы на яго, няхай носiць яго да канца дзён сваiх. I носiць яго на сабе Усяслаў i да сяго дня; таму i нелiтасцiвы на кровапралiцце».

У першыя гады праўлення Усяслава на Русi адбылiся iстотныя палiтычныя змены. У 1054 г. памёр Яраслаў Мудры. Улада перайшла да яго сыноў – Iзяслава Кiеўскага, Усевалада Пераяслаўскага i Святаслава Чарнiгаўскага – сваеасаблiвага «трыўмвiрата».

Першапачаткова памiж пляменiкам i яго стрыечнымi дзядзямi iснавала згода. У 1060 г. Усяслаў прымаў удзел у паходзе супраць качэўнiкаў-торкаў.

У 1061 г. на паўднёвыя межы Русi ўпершыню напалi полаўцы. Яны нанеслi паражэнне Усеваладу Пераяслаўскаму. У той жа час памiж «трыўмвiратам» i iх пляменiкам Расцiславам успыхнула барацьба за Тмутаракань.

Выкарыстаўшы занятасць паўднёвымi справамi паўднёвымi справамi, Усяслаў «пачаў раць збiраць», i ў 1065 г. раптам напаў на Пскоў. У наступным 1066 г. зрабiў напад на Ноўгарад. Горад быў узяты i разрабаваны, знялi, нават, званы з галоўнай гарадской святынi – Сафiйскага сабара. Якiя прычыны падштурхнулi полацкага князя пайсцi на гэты крок пакрыты цемрай. Частка гiсторыкаў лiчыць, што да гэтага часу ў Полацку скончылася будаўнiцтва Сафiйскага сабора. Наспела неабходнасць аснасцiць яго рытуальным iнвентаром. Таму i давялося зрабiць рабаўнiцкi паход на Ноўгарад, каб зняць званы. Iншыя выказваюць меркаванне, што Усяслаў проста iмкнуўся пашырыць тэрыторыю княства i далучыць да яго Пскоў i Ноўгарад. Так цi iнакш, але ваенная акцыя Усяслава аказалася авантурай. Вiдаць, полацкi князь спадзяваўся, што Яраславiчы завязнуць у барацьбе з хiтрым i энэргiчным Расцiславам. Акрамя таго важкую ролю мог адыгрываць палавецкi фактар. Але Усяслаў пралiчыўся. Расцiслаў быў атручаны падасланым забойцам. Адразу ж пасля яго смерцi Iзяслаў, Святаслаў i Ўсевалад пайшлi супраць Усяслава. Стаяла суровая зiма з глыбокiм снегам («зиме сущее велице…и был снег велик»). Першым полацкiм горадам, якi апынуўся на iх шляху, быў Мiнск (Менск). «I падышлi да Мiнска, i мiнчане закрылiся ў горадзе. Гэтыя ж князi ўзялi Мiнск, забiлi ўсiх мужчын, а жанчын i дзяцей узялi ў палон». Так на лiстах летапiсу з’явiлася першае ўпамiнанне пра будучую сталiцу Беларусi.

Усяслаў не паспеў прыйсцi на дапамогу. Працiўнiкi сышлiся пазней у баi каля «Нямiзы» (3 сакавiка 1067 г.). «I быў бой люты, – занатаваў летапiсец, – i шмат людзей пала, i перамаглi Iзяслаў, Расцiслаў, Усевалад. Усяслаў жа кiнуўся ў бегства».

Летапiс не апавядае, што сталася далей. Невядома, вярнулiся паўднёварускiя князi дадому, цi яны засталiся тут. Што сталася з Усяславам, з Полацкам? Вядома толькi, што супрацьстаянне аднавiлася летам таго ж 1067 года.

Яраславiчы стаялi лагерам пад Оршай i прапанавалi Усяславу, якi, вiдаць, стаяў з войскам на другiм беразе Дняпра, пачаць перамовы. Для гэтага Усяслаў павiнен быў пераплыць праз раку. Iзяслаў, Расцiслаў, Усевалад прысягнулi на крыжы полацкаму князю, што з iм нiчога не стане. Усяслаў паверыў. У лодцы з двумя сваiмi сынамi ён пераплыў праз Днепр. Там ён быў паланёны i адвезены ў Кiеў, дзе быў кiнуты ў турму разам з сынамi.

У наступным 1068 годзе браты Яраславiчы пацярпелi паражэнне ад полаўцаў у бiтве на рацэ Альцы. Калi вестка дасягнула Кiева, кiяўляне запатрабавалi ад свайго князя (Iзяслава) выдаць зброю i коней для абароны ад полаўцаў. Перапалоханы князь вагаўся. Тады людзi пайшлi да цямнiцы, дзе сядзеў Усяслаў, узламалi сцены i вызвалiлi яго. Iзяслаў вымушаны быў збегчы ў Польшчу. 15 верасня 1068 г. наперакор усiм законам аб прастоласпадчыннасцi вялiкiм князем кiеўскiм стаў полацкi князь Усяслаў. У «порубы» ён прасядзеў каля 14 месяцаў. Прабыў фармальным гаспадаром Русi Усяслаў да 2 мая 1069 года (гэта значыць сем з паловай месяцаў). I зноў дзейнасць Усяслава ў якасцi вялiкага князя кiеўскага для нас пакрыта покрывам няведання. Патаемна ноччу ён бяжыць з лагера пад Белгарадам у Полацак.

Вярнуўшыся ў Кiеў, Iзяслаў жорстка расправiўся з тымi, хто падтрымлiваў Усяслава. Затым рушыў на Полацак, дзе пасадзiў свайго сына Мсцiслава. Аднак той неўзабаве памёр i на яго месца сеў другi сын Iзяслава – Святаполк.

Што рабiў у гэты час Усяслаў дакладна не вядома. Ёсць сведчаннi, што полацкi князь апынуўся далёка на поўначы ў фiнскiм племенi водзь i нават спрабаваў захапiць Ноўгарад, але пацярпеў паражэнне.

У 1071 г. Усяславу ўдалося выбiць на нейкi час з Полацка Святаполка, але ў бiтве пад Галоцiчаскам (дакладнае месцазнаходжанне гэтага пункта не ўстаноўлена) ён зноў пацярпеў паражэнне ад трэцяга сына Iзяслава – Яраполка. Гэтай бiтвай i завяршылася адкрытая барацьба Усяслава з кiеўскiм князем.

Наступныя ўпамiнаннi ў летапiсах аб полацкiх справах адрознiваюцца яшчэ большай фрагментарнасцю. Па iх можна меркаваць, што абодва князi не толькi памiрылiся, але i праявiлi ўзаемнае iмкненне да саюзу.

У 1073 г. Усяслаў сасватаў свайго сына, будучага мiнскага князя Глеба з дачкой Яраполка – Анастасiяй, унучкай кiеўскага князя Iзяслава. Гэты акт, безумоўна, замацоўваў новы палiтычны саюз, таму што самi заручаныя былi яшчэ немаўлятамi. Просты падлiк паказвае, што Анастасiя толькi нарадзiлася ў тым годзе (летапiс пазней пад 1159 г. адзначыць, што Анастасiя памерла ва ўзросце 84 гадоў).

Вiдавочна праз гэты шлюб Усяслаў дамогся ад Iзяслава згоды на вяртанне сабе Полацкага княства.

У саюзе кіеўскага і полацкага князёў Святаслаў і Ўсевалад убачылі пагрозу сваёй уладзе. У выніку іх сумеснага выступлення Ізяслаў вымушаны быў зноў збегчы ў Польшчу.

У той жа час Усяслаў напаў на Смаленск. Супраць полацкага князя новыя ўладары Русі накіравалі Ўладзіміра Манамаха (сына Ўсевалада Яраславіча Переяслаўскага), які здзейсніў ў 1077 і ў 1078 г два паходы. Не застаўшы Ўсяслава ў Смаленску, як піша Манамах у сваім “Павучанні”, ён “пажог зямлю і з боем прайшоў да Лукомля і Лагойска, затым на Друцк з боем жа”.

Праз сем гадоў у 1084 (або 1085) годзе Уладзімір Манамах здзейсніў новы паход, пад час якога захапіў Мінск, не пакінуўшы ў ім “ні чэлядзіна, ні жывёліны”. Зруйнаванне Мінска ў 1084 (1085) годзе з’яўляецца апошняй вядомай падзеяй з палітычнай гісторыі Полаччыны ХІ стагоддзя.

Усяслаў Чарадзей памёр 14 красавiка 1101 года.

Турау

Летапісныя звесткі аб Тураўскай зямлі, на жаль, фрагментарныя, несістэматычныя і згадваюцца толькі ў сувязі з падзеямі ў іншых краінах. У недатаванай частцы “Аповесці мінулых гадоў“, гэта значыць, да сярэдзіны IX-га ст., паведамляецца, што свае княжанні мелі паляне, драўляне, “а дреговічі свое...”

Пазней гэтае родапляменнае этнічнае аб’яднанне пераўтварылася ў феадальную дзяржаву з тэрытарыяльна-палітычнымі сувязямі. Упершыню Тураўскае княства згадваецца пад 980 годам у сувязі з імем князя Тура – заснавальніка горада («бе бо Рогволод пришел из-за моря и имяше волость свою в Полотьске, а Тур Турове, от него же и Туровци прозвашася»-ПСРЛ-Т.2.-Стб.64). Як бачым, Тураў упамінаецца нароўні з Полацкам, сталіцай самастойнага княства. Пабудаваны ў цэнтры дрыгавіцкай зямлі, дзе Прыпяць праз шматлікія прытокі злучаецца з басейнам Нёмана і Заходняга Буга, Тураў паступова станавіўся важным вузлом водных гандлевых шляхоў.

Пачатак палітычнай гісторыі Тураўскага княства звязана з імем Святаполка Уладзіміравіча (988–1015). Ён быў сынам Ўладзіміра Святаславіча і “грэкіні” (дачкі візантійскага імператара), былой жонкі Яраполка, зводнага брата Ўладзіміра, якую той узяў цяжарнай у якасці адной са сваіх жон пасля забойства ў 980 г. мужа.

Поўнасцю падпарадкаванай Кіеву Тураўская зямля была пры Яраславе Мудрым (другім сыне Рагнеды і Уладзіміра ), які ў 1019 г. заняў абодва пасады – і Кіеўскі і Тураўскі. Але пасля яго смерці (у 1054г.) Тураўскае княства 40 гадоў жыло асобна ад Кіеву, дзе самастойна княжылі Узяславічы. Пры Уладзіміру Манамаху і яго спадкаемцах Тураў зноў трапляе пад уладу Кіеўскай Русі аж на 60 наступных гадоў.

Чаму так упарта змагаліся за тураўскі пасад кіеўскія князі? Прычын таму некалькі.

Зручнае геаграфічнае становішча Тураўскага княства: прыпяцкае адгалінаванне воднага шляху “з варагаў у грэкі “, сувязі Кіева з Захадам, плацдарм барацьбы з яцвягамі, палякамі, Літвой, палачанамі.

Добрыя прыродныя і кліматычныя ўмовы, багатыя, ураджайныя землі.

Тураўскі пасад быў сваеасаблівым плацдармам для пераходу на кіеўскі прастол, якім карысталіся іншыя князі ( Святаполк Уладзіміравіч у 1015 г., Узяслаў Яраславіч у 1054 г., Святаполк Узяславіч у 1092 г., Вячаслаў Уладзіміравіч у 1139 г.)

І хоць Тураўская зямля доўгі час знаходзілася ў складзе Паўдневай Русі, але ніколі не злівалася з ёй, не была яе арганічнай часткай. Размешчаная на нязначнай адлегласці ад Кіева , яна мела свае асаблівасці ў прыродных і геаграфічных умовах, а таксама ў эканамічным i культурна-рэлігійным жыцці. Блізкасць да Польшчы спараджала тут заходне-еўрапейскі напрамак у духоўным жыцці, у той час як у Кіеве панаваў толькі візантыйскі ўплыў.

Тураўскае княства заставалася цэласным тэрытарыяльна і самастойным эканамічна арганiзмам, а залежнасць часта абмяжоўвалася падатковымі абавязкамі, штогадовай выплатай даніны.

Але канчатковую незалежнасць ад Кіева Тураўская зямля атрымала толькі ў 1157 (1158) г., калі прастол у Тураве заняў князь Юрый Яраславіч10, нашчадак добра вядомага тураўцам роду. Дзесяць тыдняў трымалі тураўцы асаду кааліцыйнага войска кіеўскіх, смаленскіх, галіцкіх, луцкіх і, нават, полацкіх дружын. Яны не толькі добра бараніліся на гарадскіх сценах, але рабілі вылазкі і шкодзілі ворагу, ператварыўшы свой горад у непрыступную крэпасць( цвердзь). І выстаялі. Кіеў вымушаны быў падпісаць пагадненне аб самастойнасці Тураўскай зямлі. А абаронены народам Юрый Яраславіч стаў першым князем адноўленай мясцовай дынастыі Узяславічаў.

Як сцвярджае М.Ермаловіч, падзеі 1157 года, як і ранейшыя 1013, 1146 гг. паказваюць, што ў жыхароў Тураўскай зямлі, знешне ціхіх і пакорлівых, пад неаслабнай увагай Кіева – ніколі не замірала імкненне да свабоднага палітычнага жыцця.

З апошняй чвэрці 12-га ст. звестак пра Тураўскую зямлю ў летапісах вельмі мала. Вядома, што пасля смерці Юрыя Яраславіча яна была падзелена на ўдзельныя княствы паміж яго сынамі – Тураўскае , Пінскае , Дубровіцкае , Слуцкае, Клецкае. У адрозненне ад Полацка , Тураўшчына не зведала страшных , знясільваючых міжусобных войнаў.

У пачатку 13-га ст. Турава-Пінская зямля звязала свой лес з Навагародкам, які дапамагаў ей змагацца з Галіцкімі князямі . У канцы 13-га – пачатку 14-га ст.ст. палескія землі былі далучаны да ВКЛ.

Акрамя вышэйназваных княстваў, у 11-м – 12-м ст.ст. на тэрыторыі Беларусі існавалі Смаленскае, Гарадзенскае, Навагародскае і іншыя княствы.