Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Вялюга2-рэд.doc
Скачиваний:
95
Добавлен:
05.09.2019
Размер:
2.69 Mб
Скачать

2.2. Лексічныя асаблівасці навуковых тэкстаў

Аснову навуковага стылю складаюць агульналітаратурныя, стыліс­тычна нейтральныя словы (або міжстылёвая лексіка). Міжстылёвая лексі­ка складае аснову ўсёй мовы, выкарыстоўваецца ў любым тыпе выказван­ня: хата, будынак, пабудова, сонца, вецер, дождж, месяц, вуліца, адзенне, працаваць, пісаць, вучыцца і інш.

У навуковых тэкстах агульнаўжывальнае слова можа набываць пэў­ную функцыянальную стылістычную афарбоўку: Хата, жылая пабудова, пераважна зробленая з дрэва. Як тып жылля гістарычна развівалася ад будана і зямлянкі да наземнай пабудовы (БелСЭ). Перад намі тыповае навуковае апісанне, у якім даецца паняцце пра тып пабудовы.

Агульналітаратурныя нейтральныя словы ўключаюць у сябе не толь­кі самастойныя часціны мовы (назоўнікі, прыметнікі, лічэбнікі, займеннікі, дзеясловы, прыслоўі), але і службовыя (прыназоўнікі, злучнікі, часціцы), якія выконваюць звычайныя для іх функцыі і маюць пэўныя значэнні.

Пэўную частку навуковай мовы складаюць словы агульнанавуковага выкарыстання, якія ўжываюцца ў навуковых працах самых розных галін ведаў: гіпотэза, аналіз, дослед, сінтэз, пошук, мадэль, тэорыя, сістэма, эксперымент, узаемасувязь, даказаць, абгрунтаваць, абумовіць, вызна­чыць, прадугледзець, планаваць, пацвердзіць і інш.

Сярод слоў гэтай групы шмат іншамоўных (пераважна лацінскіх ці грэчаскіх): асіміляцыя (лац. assimilatio – прыпадабненне, супастаўленне) у лінгвістыцы – прыпадабненне аднаго гука да другога, у біялогіі – утварэн­не ў арганізме складаных рэчываў з больш простых, у сацыялогіі – зліццё аднаго народа з другім шляхам засваення яго мовы, звычаяў і страты сваёй мовы, культуры; асацыяцыя (ад лац. associatio – аб’яднанне, злучэнне) у псіхалогіі – сувязь, якая ўзнікае пры пэўных умовах паміж двума і больш псіхічнымі ўтварэннямі (адчуваннямі, успрыманнямі, уяўленнямі, ідэямі і да т.п.), у хіміі – аб’яднанне малекул рэчыва ў падвоеныя, патроеныя і г.д., у астраноміі – зоркавая асацыяцыя, ці вялікая колькасць зорак спектраль­ных класаў ці пераменных зорак, як сведчанне таго, што працягваецца зор­каўтварэнне, у батаніцы – сукупнасць аднародных раслінных згуртаванняў (фітацэнозаў) з аднолькавым саставам відаў раслін і з блізкімі ўзаемаадно­сінамі як між арганізмамі, так і між імі і асяроддзем і інш.

Досыць часта такога тыпу словы становяцца па-за навуковымі тэк­стамі, дзе ўсё ж выяўляецца іх спецыфіка ўжывання, агульнаўжывальнымі ў кніжнай сферы. Так, напрыклад, агульнавядомае слова перыяд (ад лац. periodos – абход, кругазварот) ужываецца са значэннямі: 1) прамежак часу, на працягу якога адбываецца што-небудзь; 2) этап грамадскага развіцця, грамадскага руху. У лінгвістыцы яно абазначае складаную сінтаксічную канструкцыю, якая пры чытанні распадаецца па інтанацыі на часткі, у ма­тэматыцы – адну лічбу або групу паўтаральных лічбаў у перыядычным дробе, у геалогіі – час, на працягу якога ўтварыліся горныя пароды, якія складаюць геалагічную сістэму, у фізіцы – перыяд вагання – прамежкі ча­су, праз якія сістэма, якая ажыццяўляе ваганне, вяртаецца ў зыходны стан, перыяд паўраспаду – час, за які распадаецца палова з наяўных пачаткова атамаў радыеактыўнага рэчыва.

Тое ж можна сказаць і пра слова аргумент (ад лац. argumentum), агульнаўжывальнае значэнне якога – факт, які прыводзіцца для пацвяр­джэння, абгрунтавання; доказ, довад; у матэматычнай тэрміналогіі яно аба­значае незалежную пераменную велічыню, ад змянення якой залежыць змяненне другой велічыні, што называецца функцыяй.

Самую спецыфічную групу навуковай мовы складаюць тэрміны, якія аб’ядноўваюцца ў тэрмінасістэмы (напрыклад, лінгвістыкі, літаратуразнаў­ства, медыцыны, гісторыі, фізікі, эканомікі, машынабудавання, правазнаў­ства, сельскай гаспадаркі і інш.).

Кожная галіна навукі і тэхнікі валодае сваімі тэрмінамі, і толькі ў сваёй тэрмінасістэме тэрмін атрымлівае адназначнасць.

Слова агульналітаратурнай мовы выяўляе сваё значэнне ў пэўным кантэксце: дробны твар, дробная бульба, дробны почырк; свежы вецер, свежыя навіны, свежае сена, свежы хлеб, свежае паветра.

У навуковых тэкстах пашыраны рознага тыпу скарачэнні, абрэвіяту­ры, сімвалічныя і формульныя абазначэнні: КЗаП (Кодэкс законаў аб пра­цы) – у справаводстве; ВНП (валавы нацыянальны прадукт) – у эканоміцы; Па (паскаль) – у фізіцы; Н2О (вада) – у хіміі; [ ] – [ ] (бяззлучнікавы склада­ны сказ) – у лінгвістыцы.