Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Мартынаў М.І. Філасофія.docx
Скачиваний:
11
Добавлен:
13.09.2019
Размер:
672.41 Кб
Скачать

ТЭма 1 фІлАсофІя Як сацЫЯкультурны феномен

1 Праблема вызначэння філасофіі. Светапогляд і філасофія 1.1 .1. Праблема вызначэння філасофіі. Светапогляд і філасофія

Чалавек, калі засвойвае і пазнае свет, задумваецца аб тайне светабудо­вы, сусвету, аб лёсах чалавецтва, аб жыцці і смерці, аб сэнсе жыцця, аб сум­ленні, аб тым, што ёсць дабро, а што ёсць зло. Гэтыя як і іншыя «вечныя» пытанні, нанава вырашаюцца новымі пакаленнямі, складаюць кола тых пытанняў, якія неабходныя чалавеку для агульнай арыентацыі ў свеце, для разумення свайго месца і ролі ў ім. Адказы на гэтыя «вечныя» пытанні фарміруюць у чалавека агульны погляд на свет, складаюць аснову яго светапогляду. Светапогляд – гэта сістэма поглядаў чалавека на свет, на сябе і сваё месца ў свеце.

Вытокамі філасофіі і рэлігіі ў старажытным свеце былі міфы. У міфа­логіі ў цэласным адзінстве былі аб’яднаныя рэальнасць і фантазія, веды і вера, думка і дзеянне, натуральнае і звышнатуральнае. Такая цэлас­насць, нерасчлянёнасць свядомасці была гістарычна неабходным споса­бам засваення рэчаіснасці старажытнымі людзьмі. Аднак па меры развіцця ведаў, згасання першабытных формаў грамадскага жыцця міфалогія сыхо­дзіць са сцэны грамадскай свядомасці. Але засталіся «вечныя» пытанні – аб паходжанні свету і чалавека, аб жыцці і смерці і г. д. Іх атрымалі ў спад­чыну ад міфаў рэлігія і філасофія, толькі адказваюць на іх па-рознаму.

Рэлігія – форма светапогляду, у якім свет у свядомасці чалавека па­двойваецца на гэты (зямны, рэальны, натуральны) і той (нябесны, звыш­натуральны, звышпачуццёвы), прычым звышнатуральныя сілы ў выглядзе багоў адыгрываюць галоўную ролю ў светабудове і ў жыцці людзей.

У адрозненне ад рэлігіі, філасофія імкнецца абаперціся на навуку: догме супрацьстаіць сумненне, эмоцыям – інтэлект, веры – логіка. Філасофскія веды абгрунтоўваюць адпаведны светапогляд. Філасофія выступае, такім чынам, яго тэарэтычнай асновай.

Першыя старажытнагрэчаскія філосафы прадметам вывучэння зрабілі прыроду – разглядалі праблемы ўзнікнення і будовы свету, шукалі першааснову ўсяго існага, з якой усё ўзнікае і ў якую ўсё ператвараецца. Паварот ад космасу да чалавека здзейсніў Сакрат (470–399 гг. да н. э.), які паставіў праблемы сэнсу чалавечага жыцця і смерці і інш. З той пары філасофія ставіць перад сабой двухадзіную задачу – даследаванне свету і чалавека ў іх узаемасувязі, узаемаадносінах.Усю тэарэтычную дзейнасць людзей можна было б, не вельмі адхіляючыся ад ісціны, ахарактарызаваць формулай «С–З–В» – свядомасць, зман, вера. Гэта значыць, што працэс разважання, якім бы ён хаатычным ні быў, толькі з выгляду падаецца зразумелым і своечасовым. На паверку ж у ім ёсць пастаянны нязменны стрыжань. Прызначэнне філасофіі – стварэнне цэласнага светаразумення, тлумачэнне аб’ектыўнай рэальнасці і граніч­ных асноў чалавечых дзеянняў у сістэме лагічных катэгорый і законаў.

У чым жа заключаецца своеасаблівасць філасофіі?

Першае – яна валодае ўсеагульнасцю і абстрактнасцю.

Другая характэрная асаблівасць філасофіі – наяўнасць у ёй значнага каштоўнаснага кампаненту. Гэта азначае, што філасофія, будучы рэф­лексіяй над усёй культурай, валодае аксіялагічным аспектам, што яна ёсць такім складаным духоўным утварэннем, якое мусіць сцвярджаць гумані­стычныя ідэалы: Ісціну, Дабро, Справядлівасць, фарміраваць цэласны светапогляд асобы.

Трэцяя адметная рыса філасофіі заключаецца ў яе асаблівай рэфлексіўнасці (адбітку). Яна рэфлексуе саму духоўную дзейнасць, да­следуе і паказвае, як вывучаюцца працэсы рэчаіснасці, з’яўляецца выні­кам самасвядомасці ўсёй навукі, гранічнай асновай духоўнай культуры.

З прычыны гэтых асаблівасцей філасофія з’яўляецца інтэгратарам усёй духоўнай культуры. Менавіта філасофская сістэма ў адрозненне ад навуковай тэорыі не схільна выдзяляць групу фактараў, а прэтэндуе на ўсеагульную значнасць свайго прынцыпу.

Нягледзячы на тое, што філасофія і навука – розныя формы грамад­скай свядомасці, паміж імі існуе цесная ўзаемасувязь – як актуальная, так і генетычная. Філософію нельга атаясамліваць з навукай, але можна гаварыць пра навуковасць філасофіі. Гэта справядліва, хоць у адносінах не ўсіх філасофскіх сістэм, а толькі тых, якія прынята называць матэрыялістычнымі.

Як спецыялізаваная тэарэтычная аснова светапогляду, філасофія валодае шэрагам несумненных прыкмет навуковых ведаў: 1) сістэм­насцю, 2) фіксаваннем у лагічных катэгорыях і законах, 3) доказнасцю, 4) аб’ектыўнай праўдзівасцю.

Філасофія заўсёды звяртаецца да дасягненняў іншых навук, абапі­раючыся на якія яна будуе агульную карціну свету. Пра цесную сувязь філасофіі і навукі В. І. Вярнадскі сказаў: «Дакладнае і глыбокае лагічнае вывучэнне паняццяў ёсць аснова і сама сутнасць філасофскага мыслення. Гэта тая сіла – аналіз паняццяў- якімі філасофія самым глыбокім чынам уплывае на навуку».

Філасофія ўзнікла і развівалася як сістэма тэарэтычнах ведаў. Па меры ўскладнення прадмета і спосабу пазнання свету фарміраваўся апарат філасофскіх ведаў: паняцці, прынцыпы, катэгорыі, законы. Так філасофія з вучэння, якое ўяўляе сабой сукупнасць ідэй, ператваралася ў тэорыю, у навуку і, адпаведна, у метадалогію.

Працэс станаўлення філасофіі як вучэння аб універсальных прынцы­пах і законах быцця ператвараўся ў спосаб фарміравання навуковых ведаў наогул: аб’ектыўны свет (аб’ект, які ўтрымлівае веды) – паняцці (мова навукі, без якой яна існаваць не можа) – прынцыпы (асновы навукі) – законы (логіка навукі, структурныя асновы пабудовы ведаў як сістэмы) – тэорыя (сістэма сувязі, паняццяў, прынцыпаў і законаў, якія ўяўляюць сабой адзіную канцэпцыю) – метад (спосаб пазнання, які абапіраецца на законы і прынцыпы) – навука (арганічнацэласнае вучэнне, зместам якога з’яўляюцца прынцыпы, катэгорыі і законы свету).

Вывад: фундаментальныя філософскія паняцці ў логіцы філасоф­скага вучэння заключаюць у сабе па сутнасці законы развіцця і з’яўляюцца ключом, метадалагічнай асновай развіцця канкрэтна-навуковых ведаў, вызначэнне іх стратэгіі.

Аднак філасофія адрозніваецца ад прыватна-навуковых ведаў:

– яе прадметам з’яўляюцца універсальныя ўсеагульныя законы і прынцыпы быцця;

– філасофія даследуе праблему субстанцыі свету як прычыны і сутнасці яе формаў, сістэм і працэсаў прыроды, грамадства і мыслення (свядомасці);

– зместам катэгорый філасофіі з’яўляюцца універсальныя, істотныя сувязі быцця;

– філасофія з’яўляецца метадалогіяй навуковага пазнання – спо­сабам асваення свету на аснове ўніверсальных прынцыпаў і законаў, тэарэтычнай асновай сінтэзу прыватнанавуковых ведаў у навуковую карціну свету. У працэсе развіцця ведаў аб свеце адбываецца ўзаема­абагачэнне як філасофіі, так і прыватных навук.

Такім чынам, суадносіны філасофскіх і прыватнанавуковых ведаў заключаюцца ў наступным: з аднаго боку, філасофія, прадметам якой з’яўляецца ўсеагульнае, выступае тэарэтычным абагульненнем эмпірыч­ных, канкрэтных ведаў прыродазнаўчых навук.

З іншага боку, філасофія выступае метадалогіяй прыродазнаўчых навук, выпрацоўвае падыход да разгляду эмпірычных фактаў. У гэтым заключаецца дыялектычнасць, узаемазалежнасць і ўзаемадзеянне філа­софіі і прыродазнаўства, абстрактных і канкрэтных ведаў.

Любыя навуковыя веды, якія абапіраюцца на законы і прынцыпы, уяўляюць сабой адзінства тэорыі і метаду: з аднаго боку, сама тэорыя, логіка, якая вызначана гэтымі законамі, становіцца метадам даследа­вання, з іншага боку,– гэта тэорыя сваім зместам дапамагае выпрацоўцы новых метадаў і спосабаў даследавання праблем. Тэорыя – сістэма ідэй, поглядаў, скіраваных на пазнанне, тлумачэнне з’яў, працэсаў аб’ектыўнага свету – адказвае на пытанне, што з’яўляецца прадметам даследавання, раскрывае яго прыроду, сутнасць, усебаковыя сувязі.

Метад – спосаб і сродак пазнання і практычнага змянення з’яў і працэсаў, які адпавядае законам і прынцыпам, што дзейнічаюць у сферы гэтых з’яў. Метад адказвае на пытанне: як пазнаць свет?

Як метадалагічная аснова прыватных ведаў і тэорыя, логікай якой з’яўляюцца універсальныя законы і прынцыпы адзінства, сувязі і развіцця, філасофія дапамагае:

– вызначыць стратэгію, напрамкі навуковых даследаванняў;

– выдзеліць фундаментальныя праблемы, якія раскрываюць сут­насць, аснову, прычыну, сувязі свету як цэласнасці, і якія з’яўляюцца асно­вай (непасрэдна ці апасродкавана) зместу навуковых паняццяў, ідэй, тэорый;

– вылучаць навуковыя прадбачанні і прагноз, які абапіраецца на філа­софскую метадалогію;

– фармуляваць навуковыя метады, якія грунтуюцца на прынцыпах, законах філасофіі, як тэорыі і метадалогіі.

Зыходным пачаткам філасофскага аналізу, даследавання, выву­чэння становяцца, такім чынам, вынікі багатага і разнастайнага вопы­ту духоўна-практычнага асваення чалавекам рэчаіснасці (звычайнай, рэлігійна-міфалагічнай, мастацкай, навуковай). Філасофія быццам зводзіць разам усе веды аб адзінкавым, канкрэтным, адметным, спе­цыфічным, заканамерным у абагульнена схематызаванае адлюстра­ванне рэчаіснасці.