Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Мартынаў М.І. Філасофія.docx
Скачиваний:
11
Добавлен:
13.09.2019
Размер:
672.41 Кб
Скачать

Тэма 14 ФіЛаСоФіЯ культуры

14.1 Паняцце культуры

14.1. Паняцце культуры

Грамадства з’яўляецца цэласным утварэннем, дзе кожная краіна непаўторна своеасаблівая, мае ўласную унікальную гісторыю і культуру. Гэта дапускае наяўнасць сістэмаўтваральных фактараў, якія інтэгруюць разрозненыя сацыяльныя падсістэмы, у пэўнае якаснае адзінства. Культура – гістарычна вызначаны ўзровень развіцця грамадства, творчых сіл і здольнасцей чалавека, выражаны ў спосабах арганізацыі і дзейнасці людзей, а таксама ствараемых імі матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей.

Тэрмін «культура» першапачаткова абазначаў мэтанакіраванае ўздзеянне на прыроду: апрацоўку, культываванне глебы, а таксама выхаванне чалавека. У познерымскай імперыі і ў эпоху Сярэднявечча паняцце культуры асацыіруецца з гарадскім укладам жыцця і звязанымі з ім дабротамі цывілізацыі. У эпоху Адраджэння культура вызначалася як прыкмета асабістай дасканаласці. У гэты перыяд узнікае тэндэнцыя атаясамлівання культуры з рознымі галінамі духоўнай дзейнасці: зараджэннем навукі, маралі, мастацтва, філасофіі, рэлігіі. Культура разглядалася як сукупнасць узораў паводзін, як працяг антычнай традыцыі духоўнай дзейнасці. У гэтым значэнні паняцце культуры праіснавала аж да XVIII ст.

Філосафы эпохі Асветніцтва разглядалі культуру як нейкую спецыфічную, аўтаномную і самакаштоўную сферу чалавечай дзейнасці. Важнейшым аспектам культуры ў іх разуменні з’яўлялася імкненне ўзвесці гмах Розуму, закліканага разбурыць панаванне адвольных меркаванняў, паставіць перад чалавецтвам універсальныя значныя мэты і падпарадкаваць сабе сацыяльныя змены. Эпоха Асветніцтва выпрацавала сістэму крытэрыяў, згодна з якімі адбіралася тое, што можна было лічыць культурай. Культурная дзейнасць павінна была быць інтэлектуальнай, творчай, прадуктыўнай, наватарской, г. зн. не проста ўзнаўляць, але пастаянна пашыраць сферу чалавечых магчымасцей. Рэальная сутнасць культуры, яе спецыфіка вызначалася гранічнымі рамкамі духоўнай дзейнасці як нейкай абсалютной свабоды чалавечага розуму.

І. Кант абмяжоўваў паняцце культуры вобласцю навукі і мастацтва. У навуцы, згодна з Кантам, канцэнтруецца заканадаўчая сіла разважання, а ў мастацтве – прадуктыўная сіла ўяўлення. Яны процілеглыя, таксама як аб’ектыўныя веды і суб’ектыўныя пачуцці. Тым не менш адносіны навукі і мастацтва Кант разглядаў як адносіны дадатковасці.

У XIX ст. у культуры сталі бачыць перш за ўсё сістэму каштоўнасцей і ідэй, якія адрозніваюцца па іх ролі ў жыцці і самарганізацыі грамадства таго ці іншага тыпу. г. Гегель разглядаў культуру як пачатковае і завяршальнае звяно самапазнання абсалютнай ідэі. Гегелеўская тэорыя адзінай лінейнай эвалюцыі была падвергнута крытыцы ў шэрагу канцэпцый культуры XIX–ХХ стст. У канцэпцыі «лакальных цывілізацый» О. Шпенглер разглядаў культуры народаў як замкнутыя, самадастатковыя, непаўторныя арганізмы, якія праходзяць у сваім развіцці стадыі ўзнікнення, росквіту, надлому, а затым упадку і гібелі. Ідэя множнасці культур выводзіцца Шпенглерам з факту своеасаблівай перарывістасці гістарычнага працэсу.

У ХХ ст. вывучэнне культуры ажыццяўлялася галоўным чынам у рамках этнаграфіі і сацыяльнай антрапалогіі. У другой палове ХХ ст. атрымліваюць развіццё ўяўленні аб камунікатыўных уласцівасцях культуры, узрастае цікавасць да мовы як асновы для вывучэння будовы і асаблівасцей культуры.

Культура вылучаецца цэласнасцю ўсіх яе структурных элементаў, якая збяспечваецца яе сістэмнасцю, наяўнасцю іерархіі і субардынацыі каштоўнасцей. Важнейшым інтэграцыйным механізмам культуры з’яўлецца традыцыя. Традыцыяй называецца перадача духоўных каштоўнасцей ад пакалення да пакалення, а таксама тое, што перадаецца. Паняцце традыцыі ўключае такія праявы культуры, як культурнае ядро, эндагеннасць, самабытнасць, спецыфіка, культурная спадчына, культурная дынаміка. Ядро культуры – гэта сістэма прынцыпаў, якія гарантуюць яе адносную стабільнасць і ўзнаўляемасць. Яно фарміруецца на працягу вякоў і забяспечвае адаптацыйныя механізмы да зменлівых умоў быцця грамадства. Эндагеннасць азначае, што сутнасць культуры, яе сістэмнае адзінства зададзены счапленнем унутраных прынцыпаў. Самабытнасць – гэта своеасаблівасць, унікальнасць, абумоўленая адноснай самастойнасцю і адасобленасцю развіцця культуры. Спецыфіка азначае наяўнасць уласцівасцей культуры як адметнай з’явы грамадскага жыцця. Культурная спадчына становіць сабой сукупнасць каштоўнасцей, створаных папярэднімі пакаленнямі і ўключаных у сацыякультурны працэс кожнага грамадства.

Паняцце культуры мае сваім зместам сістэму матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, спосабаў іх стварэння, фарміравання чалавека, здольнага засвойваць вопыт папярэдніх і сучасных пакаленняў, выкарыстоўваць яго для стварэння новых каштоўнасцей. Усякая культура ўключае ў сябе ўстойлівыя элементы, г. зн. культурныя універсаліі, і элементы мінучыя, якія ўзнікаюць і знікаюць у канкрэтных гістарычных умовах.

Да культурных універсалій адносяцца ўсе родавыя, агульначалавечыя формы грамадскага жыцця: грамадская вытворчасць, праца і гульня, вольны час і стасункі, грамадскі парадак і кіраванне, адукацыя і выхаванне, духоўнае жыццё. Яны з самага пачатку складваюцца як дзейнасць па пераўтварэнні прыроднага асяроддзя і формы стварэння новага. Існуюць і элементарныя культурныя ўніверсаліі: догляд цела, выхаванне дзяцей, прыгатаванне ежы, прыбіранне жылля, пахаванне памерлых. Гэтыя формы жыццядзейнасці ў спецыфічным выглядзе ўласцівыя ладу жыцця ўсіх цывілізаваных грамадстваў на працягу іх гісторыі.

Гістарычна мінучыя элементы ўласцівыя канкрэтным тыпам культуры, якія ўзнікаюць і знікаюць у працэсе эвалюцыі грамадства. Тып культуры неаддзельны ад свайго сацыяльна-псіхалагічнага грунту, менталітэту насельніцтва, спарадзіўшай яго цывілізацыі. Змены, якім падвяргаецца культура, абумоўлены атрыманымі ў спадчыну новымі прыкметамі, якія ўзнікаюць па неабходнасці альбо выпадкова. Канкрэтна-гістарычны тып культуры ўключае ў сябе субкультуры, г. зн. часткі, абумоўленыя этнічнай, рэгіянальна ці рэлігійнай спецыфікай.

Унутраная будова кожнай культуры абумоўлена асаблівасцямі яе функцыянавання. У культуры выдзяляюцца такія важнейшыя кампаненты, як суб’ект культуры, чалавечая дзейнасць, культурная прадметнасць, камунікацыя паміж людзьмі.

Паколькі суб’ектам культуры з’яўляецца асобны індывід ці сацыяльная група, адрозніваюцца разнастайныя формы групавой і індывідуальнай культуры. Пад групавой культурай разумеецца нацыянальная, пасяленцкая культура, культура класа, прафесійнай групы. Пад уплывам канкрэтных умоў групавая культура змяняецца, узнікаюць яе новыя формы. У сучасным грамадстве асаблівае месца займаюць масавая і элітарная культуры. Індывідуальная культура – гэта мера сацыяльнасці чалавека. Яна характарызуецца ў паняццях узроўню культуры, яе наяўнасці ці адсутнасці.