Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
60143.doc
Скачиваний:
137
Добавлен:
19.08.2019
Размер:
978.94 Кб
Скачать

3.4. Янка брыль

(нар. у 1917 г.)

Жыццё і творчасць Янкі Брыля. Уплыў выпрабаванняў Першай сусветнай вайны на лёс бацькоў. Роля беларускай, рускай, польскай літаратуры ў выпрацоўцы эстэтычных крытэрыяў асобы, у авалоданні культурай творчасці. Станаўленне творчай індывідуальнасці пісьменніка. Уздым да вышыняў літаратурнай славы, уганараванне званнем народнага пісьменніка Беларусі (1981) і інш.

Адлюстраванне заходнебеларускай рэчаіснасці ў ранніх творах Я. Брыля. Даследаванне празаікам сацыяльнай глебы, маралі і псіхалогіі ўласніцтва, паказ здаровых народных сіл, якія супрацьстаяць эгаізму, індывідуалізму (апавяданні “Марыля”, “Праведнікі і зладзеі”, “Як маленькі”). Тыповасць, псіхалагічная грунтоўнасць і агульная мастацкая выразнасць нацыянальных характараў у ранняй прозе Я. Брыля, асаблівасці яе лірызму.

Складанасць становішча беларусаў пад уладай буржуазнай Польшчы ў паказе Янкі Брыля (аповесці “Сірочы хлеб”, “У сям’і”). Аўтабіяграфічныя элементы твораў. Маральна-этычныя пошукі герояў у аповесці “У сям’і” (1943—1955). Іх душэўнае высакародства, чалавечнасць, імкненне да разумнага, змястоўнага жыцця. Матывы пратэсту супраць несправядлівага грамадскага ўладкавання (вобраз Івана Бразоўскага, размова пра канцэнтрацыйны лагер Картуз-Бяроза і інш.). Клопаты Я. Брыля аб будучыні Радзімы, пошукі грамадзянскіх сіл для ўсталявання дабра і праўды на зямлі.

Фарміраванне пачуцця чалавечай і нацыянальнай годнасці ў Даніка Мальца (“Сірочы хлеб”, 1942—1956). Мастацкая дасканаласць персанажа, выразнасць аўтарскай пазіцыі. Гуманістычны пафас твора.

Шырокая і пераканальная карціна жыцця і нацыянальна-вызваленчай барацьбы заходнебеларускага народа ў рамане “Граніца”. Выкарыстанне дакументалістыкі, архіўных матэрыялаў у адлюстраванні гісторыі рэвалюцыйных падзей. Мастацкая адметнасць твора (ліра-эпічны характар, навелістычнасць сюжэтна-кампазіцыйнай арганізацыі, асаблівасці апавядальнай культуры, інш.).

Партызанская барацьба супраць фашызму ў кнізе “Нёманскія казакі” (1947). Тэма народнага подзвігу ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў апавяданнях Я. Брыля (“Мой зямляк”, “Казачок”, “Адзін дзень”, “Сцежка-дарожка”, “Глядзіце на траву”, “Апоўначы” і інш.). Адлюстраванне лёсу народа ў гады акупацыі, асаблівасці партызанскага руху ў заходніх раёнах Беларусі. Дакладнасць пісьменніка ў паказе канкрэтных умоў, шляхоў і сродкаў падпольнай і партызанскай барацьбы з фашысцкімі акупантамі. Паэтызацыя мужнасці і самаахвярнасці народных мсціўцаў, патрыятызму і высакародства простага народа. Абвостранасць гуманістычнай думкі, шырокае разуменне народнага гераізму, уменне ўбачыць гераічнае ў звычайным, тонкая псіхалагічная выверанасць і шматпланавасць дзеянняў герояў, насычанасць апавяданняў аб Вялікай Айчыннай вайне грамадска-сацыяльным і маральна-этычным зместам. Выкрыццё ў творах антычалавечай філасофіі фашызму (“Memento mori”, “Ты мой найлепшы друг”, “Дваццаць”, “Маці” і інш.).

Майстэрства Янкі Брыля-апавядальніка. Ёмістасць мастацкай дэталі, значэнне эмацыянальна-ацэначнага слова, багацце яго адценняў. Спалучэнне лірызму і псіхалагізму, пластычнасць малюнкаў (“Гуртавое”, “Глядзіце на траву”, “Яшчэ раз першы снег” і інш.). Гумар і іронія ў стылёвай сістэме Янкі Брыля. Самабытнасць фарбаў, народнасць погляду на свет.

Аповесць “У Забалоцці днее” (1950). Ідэйная накіраванасць твора, праблематыка. Элементы святочна-захопленага, ідылічнага ўспрымання рэчаіснасці. Вобраз Васіля Сурмака. Эпічнае і лірычнае ў раскрыцці падзей, прыёмы тыпізацыі і індывідуалізацыі герояў.

Аповесць “На Быстранцы” (1955) — сведчанне паглыбленага аналітычнага падыходу да адлюстравання будняў калгаснай вёскі 30-х гадоў. Вызначэнне ролі інтэлігенцыі ў пазітыўнай перабудове грамадства. Грамадзянская пазіцыя аўтара ў аналізе негатыўных з’яў жыцця. Канцэпцыя прызначэння літаратуры, ролі пісьменніка ў грамадстве, ролі навукі ў яго развіцці. Вобразы Толі Клімёнка, Максіма, Аржанца. Спалучэнне ў аповесці публіцыстычнага і лірычнага стылёвых пачаткаў. Роля малюнкаў бытавога плана ў раскрыцці ідэйнага зместу твора, у выяўленні індывідуальных рыс характараў герояў. Паэтызацыя кахання.

Павелічэнне ў прозе Брыля элементаў аналітычнасці (аповесць “Апошняя сустрэча”, 1958—1959). Праблемы сяброўства, кахання ў аповесці, пафас маральнай патрабавальнасці і чысціні, беспадстаўнай падазронасці і палітычнай напружанасці ў грамадстве. Вобраз Лёні Жывеня, Алесі, Адама Бухаўца, Чэсі Расіцкай і інш. Асаблівасці канфлікту, сюжэта, кампазіцыі твора.

Раман “Птушкі і гнёзды” (1963). Творчая гісторыя. Аўтабіяграфічныя элементы. Тэма Радзімы і яе мастацкае асвятленне ў рамане. Вобраз Алеся Руневіча. Уплыў жыцця на фарміраванне яго характару, на выпрацоўку патрыятычных поглядаў. Загартоўка героя ва ўмовах цяжкіх выпрабаванняў вайны, палону. Выкрыццё ў рамане фашызму, чалавеканенавісніцкай ідэалогіі. Гістарызм твора, аналітычнасць эстэтычнага даследавання, глыбіня філасофскай думкі, эпічнасць і лірызм. Прыёмы і сродкі тыпізацыі нацыянальных характараў у творы. Асаблівасці стылю.

Стыхія народнага жыцця ў аповесці “Ніжнія Байдуны” (1975). Яскравыя мастацкія вобразы-тыпы: Захар Качка, Іван Бохан-Калоша, Сідар Асмалоўскі і інш. Роля лірычных адступленняў і аўтарскага каментарыя ў аповесці, іх моўныя асаблівасці. Прыём карнавалізацыі, сродкі стварэння камізму ў творы.

“Золак, убачаны здалёк” (1978) — лірыка-філасофская аповесць пра дзяцінства і лёс пакалення, якое гадавалася і сталела паміж дзвюма сусветнымі войнамі. Вобраз Ігара Міхайлавіча — своеасаблівага двайніка аўтара. Прыём рэтраспекцыі. Дзеці і вайна. Агульначалавечая, філасофская праблематыка ў творы. Мастацкая структура і стылістыка аповесці.

Я. Брыль як майстар лірычнай мініяцюры. Яе жанравая спецыфіка і эстэтычная адметнасць. Абвостранасць пісьменніцкага позірку, лірыка-пачуццёвая плынь аповеду, звязаная з непасрэдным выяўленнем уражанняў і перажыванняў, філасофская заглыбленасць думкі, інш. Аўтарская тэхніка пісьма: мастацкі “мазок, які фіксуе імгненне” (Ю. Канэ). Жывапіс словам. Шматтэмнасць лірычных запісаў і мініяцюр з кніг “Жменя сонечных промняў” (1965), “Вітраж” (1972), “Свае старонкі” (1951—1979), “Сёння і памяць” (1985), “На сцежцы — дзеці” (1988), “Пішу як жыву” (1994), “Вячэрняе” (1994), “Дзе скарб ваш” (1997), “Сцежкі, дарогі, прастор” (2001), “З людзьмі і сам-насам” (2003), “Блакітны зніч” (2004) і інш. Асоба аўтара ў гэтых мініяцюрах, шчырая і даверлівая размова з чытачом, глыбіня і гуманізм пісьменніцкага роздуму. Гумар у брылёўскіх мініяцюрах, лаканізм, дасціпнасць, афарыстычнасць іх мовы. Эстэтычныя погляды, грамадзянскае аблічча, асаблівасці мастацкага мыслення Я. Брыля ў яго дзённікавых запісах, іх месца ў творчай біяграфіі аўтара і ў гісторыі беларускай літаратуры.

Фактычная грунтоўнасць і актыўнасць пісьменніцкага самавыяўлення ў нарысавых творах Янкі Брыля (“Партрэт старэйшага таварыша” і інш.).

Стварэнне разам з А. Адамовічам і У. Калеснікам кнігі “Я — з вогненнай вёскі” (1975). Гістарызм твора. Яго шырокі грамадзянскі рэзананс. Ідэйна-палітычнае значэнне, унікальнасць дакументальнай асновы. Гістарычнае сведчанне народнай памяці аб зверствах фашызму на беларускай зямлі.

Аўтабіяграфізм аповесці “Муштук і папка” (1990). Матыў балючай памяці. Лёс брата пісьменніка Валодзі. Гісторыя адной сям’і як адбітак агульнанароднай трагедыі. Дакументальная аснова твора, асаблівасці пабудовы яго сюжэта.

Творы Я. Брыля для дзяцей. Праблема патрыятычнага і эстэтычнага выхавання. Шматфарбнасць і паэтычнасць брылёўскай прозы для дзяцей, дасканалае пранікненне ў асаблівасці дзіцячай псіхалогіі і іх светаўспрыманне.

Праца Брыля як перакладчыка польскай, рускай, украінскай і іншых літаратур. Роля яго перакладаў ва ўзбагачэнні выяўленчых магчымасцей беларускай літаратурнай мовы. Пераклады брылёўскіх твораў на замежныя мовы.

Творчасць Я. Брыля ў славянскім і сусветным літаратурным кантэксце (А. Чэхаў, Л. Талстой, І. Тургенеў, М. Прышвін, Э. Хемінгуэй, Т. Ман і інш.)

Значэнне творчай дзейнасці Брыля для гісторыі беларускай літаратуры, для развіцця лірычнай плыні ў шматнацыянальнай савецкай прозе. Уплыў творчасці пісьменніка і яго асобы на сучасны літаратурны працэс.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]