Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Ходзін С.М. Крыніцы гісторыі Беларусі.doc
Скачиваний:
206
Добавлен:
10.02.2015
Размер:
1.22 Mб
Скачать
  1. Пастановы (канстытуцыi) сеймаў Вялiкага княства Лiтоўскага I Рэчы Паспалiтай

Да 1569 г. (Люблiнскай унii) пастановы сейма называлiся часцей ухваламi. У Статуце 1588 г. ужываюцца абодва тэрмiны. Канстытуцыi сеймаў Рэчы Паспалiтай падзялялiся на тры групы: 1) тыя, што датычылi ўсёй Рэчы Паспалiтай; 2) рашэннi, якiя датычылi толькi Польшчы; 3) рашэннi, якiя мелi сiлу толькi ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм. Як правiла, апошнiя ў сеймавых дакументах вылучалiся ў спецыяльны раздзел. Працэс прыняцця заканадаўчых рашэнняў у сейме складаўся з некалькiх стадый: 1) падрыхтоўка законапраекта, 2) абмеркаванне i прыняцце яго, 3) абнародаванне закона. Падрыхтоўка законапраекта ажыццяўлялася дзяржаўнай канцылярыяй i спецыяльна створанай камiсiяй. Заканадаўчая iнiцыятыва належала вялiкаму князю i радзе. Абмеркаванне i прыняцце Канстытуцыi праходзiлі ў абедзвюх палатах сейма – сенаце i пасольскай палаце («избе»). Канчаткова закон рэдагаваў кароль. Канстытуцыі абнародавалiся на спецыяльных сеймiках, пасля ўпiсвалiся ў адпаведныя кнiгi, а таксама ў Метрыку Вялiкага княства Лiтоўскага (гл. раздзел 3 «Матэрыялы справаводства»), з 1732 г. друкавалiся ў зборы законаў i актаў (Volumina legum). Апошняе выданне складзена паводле хранала-гiчнага прынцыпу i ахоплiвала перыяд ад 1317 г. да 1782 г., аднак не з'яўлялася афiцыйным i не змяшчала ўсiх законаў Рэчы Паспалiтай. Да таго ж шэраг дакументаў запазычаны з прац асобных даследчыкаў.

Канстытуцыяй таксама называюць прыняты Чатырохгадовым сеймам Закон аб урадзе 3 мая 1791 г. Гэты заканадаўчы акт складаўся з прэамбулы i 11 раздзелаў. Канстытуцыя вызначала правы i абавязкi ўсiх саслоўяў. Прадугледжвалася размежаванне «трох улад»: заканадаўчай, выканаўчай i судовай (сейм, урад, судовыя органы). Дзякуючы Кансты-туцыi, у Рэчы Паспалiтай была зроблена спроба ажыццявiць прынцып парламенцкага спосабу кiравання, але яе палажэннi не былi поўнасцю ажыццёўлены па прычыне бунту рэакцыйных колаў, якiя абвясцiлi вясной 1792 г. у горадзе Таргавiцы канфедэрацыю i стварылi ўмовы для ўмяшання замежных дзяржаў.

1.4. Заканадаўства Расiйскай iмперыi (канец XVIII – пачатак XX ст.)

1.4.1. Агульная характарыстыка

У заканадаўстве, якое дзейнiчала на тэрыторыi Беларусi ў перыяд яе знаходжання ў складзе Расiйскай iмперыi, умоўна можна вызначыць наступныя перыяды: 1) канец XVIII – 30-я гг. XIX ст.; 2) 40-я гг. ХІХ – пачатак XX ст.; 3) 1905 – 1917 гг.; пры гэтым трэба мець на ўвазе асаблiвасцi заканадаўчых нормаў Часовага ўрада i адносiць сюды заканадаўчыя дакументы, якія ўзнiклі на працягу таго вельмi кароткага адрэзку часу (верасень – кастрычнiк 1917 г.), калi Расiя стала рэспублiкай, але яшчэ не з'яўлялася савецкай.

Для першага перыяду характэрна дзейнасць на тэрыторыi Беларусi не толькi нормаў права Расiйскай iмперыi, але i Статута 1588 г. Лавiраванне расiйскага ўрада ў першай трэцi XIX ст. памiж iнтарэсамi дзяржавы i мясцовай апалячанай арыстакратыi выявiлася i ў галiне заканадаўства. Менавiта ў гэты час адбываецца ўпарадкаванне мясцовых нарматыўных актаў. Перакладаецца i перавыдаецца Статут 1588 г. з дапаўняючымi яго сеймавымi пастановамi. «Высочайше утвержденное» палажэнне Камiтэта мiнiстраў (17.09.1828 г.) прадугледжвала «учинение перевода Литовского Статута на русский язык с белорусского издания 1588 г.» i «напечатание сего Статута на трех языках: белорусском, польском и русском». Побач з гэтым (у рамках работы над «Зводам законаў Расiйскай iмперыi») разгортваецца распрацоўка «Зводу мясцовых законаў Заходнiх губерняў». Ён з'явiўся апошняй, найбольш значнай сiстэматызацыяй мясцовага права, у якiм спалучалiся рысы мясцовага i агульнарасiйскага права. Праект «Зводу» не быў уведзены ў дзеянне. Задушэнне паўстання 1830 – 1831 гг. прадвызначыла змену палiтыкi расiйскiх улад «в присоединенных провинциях» i адмену мясцовых заканадаўчых нормаў 1832 – 1840 гг. Трэба мець на ўвазе, што адменены былi толькi тыя нормы, якiя да гэтага часу захавалi сваё дзеянне (у асноўным сямейнага i грамадзянскага права). Што ж датычыць значнай часткi нормаў дзяржаўнага права, крымiнальнага права, то яны фактычна дзейнiчалi з моманту ўключэння асобных частак тэрыторыi Беларусi ў склад Расiйскай iмперыi, хоць заканадаўчага акта, які б адмянiў адпаведныя нормы Статута 1588 г., выдадзена не было.

I першы, i другi перыяд аб'ядноўвае акалiчнасць, якая найбольш выразна выявiлася ў расiйскiм заканадаўстве ў XVIII – XIX ст., – права выдання новых законаў належала толькi цару. Што датычылася Сената, Сiнода, калегiй (а пасля мiнiстэрстваў, Кабiнета мiнiстраў) i iншых урадавых устаноў, то яны мелi толькi права звяртацца да яго з дакладамi цi прапановамi. Вызначальным было права цара i ў галiне заканадаўчай iнiцыятывы. Любое «волевыяўленне» цара мела цi магло набыць сiлу закону. У ранг закону ўзводзiлiся ўсе дакументы, якiя былi пазначаны адабрэннем цара («Быть по сему», «Принять к сведению» i г. д.). Адсюль вынiкае i велiзарная колькасць вiдаў заканадаўчых актаў, i тая (характэрная найперш для феадалiзму) акалiчнасць, што адрознiць заканадаўчы акт ад адмiнiстрацыйнага распараджэння вельмi складана (цi ўвогуле немагчыма). Таму гiсторыкi паклалi ў аснову пераважна такi прынцып: законамi лiчыцца толькi тое «волевыяўленне» манарха, якое змешчана ў «Полном собрании законов Российской империи» (ПСЗ).

Як эвалюцыю сiстэмы заканадаўства пад уздзеяннем першай расiйскай рэвалюцыi трэба разглядаць акрэслены трэцi перыяд. Манiфест 17 кастрычнiка толькi дэклараваў пачатак канстытуцыйнага ладу i не гарантаваў яго рэальнага ўсталявання (урэшце, дэпутаты Дзяржаўнай думы прысягалi «самадзержцу»). Але пачалася эвалюцыя ад абсалютызму да канстытуцыйнай манархii; прызнаючы само iснаванне Дзяржаўнай думы, замацоўваючы за ёй пэўныя правы, Асноўныя законы 1906 г. усё ж непазбежна прызнаюць i пэўнае абмежаванне правоў манарха. Такая супярэчнасць знайшла сваё ўвасабленне ў заканадаўстве гэтага перыяду. Права Дзяржаўнай думы на заканатворчасць кампенсавалася тым, што за царом захоўвалася больш поўнае i больш значнае па змесце права закана-даўчай iнiцыятывы. Артыкул 8 Зводу Асноўных законаў зазначаў: «Гасудару iмператару належыць пачын па ўсiх прадметах заканадаўства. Толькi па яго пачыну Асноўныя дзяржаўныя законы могуць належаць перагляду ў Дзяржаўным Савеце i Дзяржаўнай Думе». Да таго ж створаны ў лютым 1905 г. Савет Мiнiстраў лiтаральна «закiдваў» Думу дробязнымi закона-праектамi. Мелi месца выпадкi, калi ў выглядзе закону прымалiся адмi-нiстрацыйныя распараджэннi. Напрыклад, III Думай былi прыняты законы «Аб отпуску з дзяржаўнага казначэйства дадатковых сродкаў на асвятленне дома ваеннага мiнiстэрства», «Аб парадку ацяплення i асвятлення месца заключэння i водпуску на гэтыя патрэбы неабходных матэрыялаў» i г. д.

Нязначныя змены былi ўнесены з 1906 г. i ў працэдуру канчатковага зацвярджэння заканадаўчых актаў. Права канчатковага зацвярджэння захавалася за царом, але патрабавалася папярэдняе адабрэнне законаў Дзяржаўнай думай i Дзяржаўным саветам. Гэтае вельмi абмежаванае права абвяшчаў артыкул 86 Зводу Асноўных дзяржаўных законаў, за якім ішоў артыкул 87, што дапускаў прыняцце законаў непасрэдна царом у «надзвычайных абставiнах» i ў перыяд прыпынення пасяджэнняў Дзяржаўнай думы.

Пачынаючы з сакавiка 1917 г. законы выдавалiся Часовым урадам. Звычайна яны падпiсвалiся мiнiстрам-старшынёй. Так, Пастанова ад 1 верасня аб абвяшчэннi Расii рэспублiкай была падпiсана А. Керанскiм.