Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Ходзін С.М. Крыніцы гісторыі Беларусі.doc
Скачиваний:
206
Добавлен:
10.02.2015
Размер:
1.22 Mб
Скачать

3.2.4. Віды дакументавання і тэрміналогія Метрыкі

Спецыфіка дзейнасці канцылярыі Вялікага княства Літоўскага і фарміравання фонду «Літоўская Метрыка» ўскладняюць вылучэнне ўласна справаводчай дакументацыі з усяго корпуса названых крыніц. Аднак, выкарыстоўваючы методыку пераважнага функцыянальнага прызначэння дакумента, можна акрэсліць групу распарадчай дакументацыі (земскія, абласныя і валасныя ўставы, «навукі» (інструкцыі) паслам і іншым дзяржаўным служачым, сеймавыя лісты і інш.), а таксама спецыяльную групу судова-следчай дакументацыі.

Пры гэтым можна заўважыць, што адны і тыя ж тэрміны часам вызначалі розныя дакументы. Напрыклад, «уставы» – гэта і назва дакументаў заканадаўчага характару (сеймавыя, прынятыя на пасяджэннях гаспадара і паноў-рады), і тэрмін, пад якім можна сустрэць арганізацыйна-распарадчыя дакументы (рашэнні па пытаннях кіравання мытамі, корчмамі і г. д.).

Найбольш распаўсюджанымі формамі дакументавання ў «Кнігах запісаў» з’яўляюцца лісты і прывілеі. Вядомы лісты-распараджэнні мясцовым адміністрацыйным асобам па гаспадарчых і фінансавых пытаннях. Пад такім жа загалоўкам выпісваліся дакументы аб дазволе арганізоўваць кірмашы і таргі, адкрываць корчмы, гандляваць без мыту і г. д. Прывілеі – вельмі распаўсюджаны від запісаў, які фіксаваў падараванні магнатам, шляхціцам («земянам»), прадстаўнікам мясцовай каралеўскай адміністрацыі правы на нерухомую маёмасць, арганізацыю кірмашоў, мяшчанам – на гандаль без мыту.

Такім чынам, прывілеі маюць шмат агульнага з лістамі, аднак у іх няма распараджэнняў, наказаў і іншых нормаў імператыўнага характару. Пры страце арыгіналаў дакументаў і ў некаторых іншых выпадках выдаваліся пацвярджэнні («потверженья»). Асобнай формай прывілеяў з’яўляліся «видимусы» (копіі). Блізкія да даравальных і пацвярджальных грамат «прызнанні» – афіцыйнае пацвярджэнне правоў і паўнамоцтваў, «вызнанне» – пацвярджэнне сапраўднасці дакумента асобамі, ад імя якіх ён складаўся.

У кнігах ЛМ прысутнічаюць таксама такія запісы, як «угода» – пагадненне, «квітанцыі» – паступленні сродкаў ад мытнікаў і справаздачы – «лічбы». У «Кнігах судовых спраў» часцей сустракаюцца такія тэрміны, як справа (судовая справа), «отложенье» – перанос слухання справы на іншы час, «припоминанье» – іскавая заява, «вызнанне» – паказанні сведкаў, «вырок» – рашэнне, прыгавор па справе вялікага князя ці ад яго імя паноў-рады, трыбунала.

3.2.5. Сеймавыя матэрыялы XVI – XVII ст.

Вальныя соймы ў Вялікім княстве Літоўскім пачалі праводзіцца з 1401 г. Галоўнымі відамі дакументаў, якія на іх прымаліся, былі акты уніі з Польскім Каралеўствам і прывілеі. З 1507 г. у якасці пастаноў сойма з’яўляюцца ўхвалы («уфалы»). Ужо да гэтага часу ў структуры ўхвалы адбыліся пэўныя змены.

Пачынаючы з вальнага сойма 1547 г., якім кіраваў вялікі князь Жыгімонт Аўгуст, на сеймах разам з ухваламі запісваюцца «прозьбы» шляхты ВКЛ і «отказы». Галоўнымі «прозьбамі» з’яўляліся: 1) каб чужа-земцы не мелі маёнткаў і не займалі ўрады ў княстве; 2) каб не паруша-ліся прывілеі і вольнасці земскія; 3) каб усе новыя пастановы ўхваляліся на вальным сойме. Узрастанне ролі вальных соймаў прадвызначыла пераўтварэнне пастаноў сойма ў дакументы заканадаўчага характару, што было акрэслена ў Статуце 1566 г. і канчаткова замацавана ў 1588 г.

Неабходна таксама адзначыць матэрыялы мясцовых соймікаў. Гэта інструкцыі і наказы дэпутатам на вальны (усеагульны) сойм, хадайніцтвы і просьбы да ўрада, а таксама справаздачы паслоў і інфармацыя аб прайшоўшых соймах.

Ужо ў сярэдзіне XVI ст. узрастае жаданне скласці для нашчадкаў падрабязную справаздачу аб сойме. Першыя з такіх спроб (як «Дзённік Люблінскага сейма 1569 г.») знаходзяцца на мяжы паміж матэрыяламі справаводства і гісторыка-мемуарнай літаратурай. «Дзённік Люблінскага сейма 1569 гг.» захаваўся ў дзвюх рэдакцыях. У 1869 г. ён выдадзены паводле рукапісу, які належаў Імператарскай публічнай бібліятэцы. Ён напісаны некалькімі почыркамі XVI ст. з нешматлікімі праўкамі адной рукой у тэксце і на палях, што адносяцца да таго ж XVI ст. Паводле меркавання М. Любаўскага, гэта звод першапачатковых запісаў, якія ўзніклі па ходу пасяджэнняў сейма. Асаблівасцю гэтага дакумента з’яўляецца яго эмацыянальная насычанасць у адлюстраванні дзень за днём, гадзіна за гадзінай складанага развіцця падзей на сейме ў Любліне. Гэта, дарэчы, і дае падставу многім даследчыкам адносіць «Дзённік» да гісторыка-мемуарных твораў.