Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Ходзін С.М. Крыніцы гісторыі Беларусі.doc
Скачиваний:
206
Добавлен:
10.02.2015
Размер:
1.22 Mб
Скачать

Уводзіны

Гісторыя, як і іншыя навукі, мае свае метады даследавання. Для ўсіх вядома, што калі фізік або хімік не змогуць наладзіць эксперымент, то яны не пацвердзяць сваю гіпотэзу. У эксперыменце даследчык умешваецца ў даследчы працэс і змяняе яго ўмовы, каб вызначыць, якія вынікі гэта будзе мець. Гісторык не мае такой магчымасці. Не можа ён скарыстаць і шэраг метадаў іншых навук, напрыклад назіранне (як біёлаг). Няма яшчэ машыны часу, выкарыстоўваючы якую даследчык змог бы даведацца, хто сапраўды забіў царэвіча Дзмітрыя (а можа, ён застаўся жывы, як мяркуюць зараз некаторыя гісторыкі-публіцысты).

Гісторык бачыць, што адбываецца вакол яго, але гэта яшчэ не гісторыя. Гісторыя – навука аб мінулым чалавечага грамадства. С. М. Салаўёў падкрэсліваў, што гісторык не можа дакладна меркаваць аб тых падзеях, якія ён перажывае, паколькі гэты погляд будзе занадта суб’ектыўнымi. Мы можам апісаць, што адбываеца з намі, з рэспублікай, але калі мы не сацыёлагі ці палітолагі, то як лепшы вынік такой працы атрымаем мемуары.

Калі гісторыя – навука аб мінулым, то на падставе чаго гісторык робіць вывады «пра справы даўно мiнулых дзён»? Ён выкарыстоўвае даступныя яму аб’екты як крыніцы інфармацыі. Самая галоўная каштоўнасць старога рукапiсу для гiсторыка менавiта ў тым, што ён перадае інфармацыю аб мінулым. Ён з’яўляецца гістарычнай крыніцай. Гісторык-прафесіянал умее адшукаць і прааналізаваць гістарычныя крыніцы. Вядомы афарызм В. В. Ключэўскага: «Сапраўдны гісторык не той, хто ўмее прачытаць радкі старых летапісаў, а той, хто ўмее прачытаць паміж радкоў»ii.

Што такое гістарычныя крыніцы

Слова «крыніца» ўвогуле вызначае ў нашай мове любы рэзервуар, любую адтуліну, з якіх штосьці выцякае ці штосьці можна зачарпнуць, пачатак ручая. У пераносным сэнсе «крыніца» – аб’ект, з якога можна за-пазычыць нейкую інфармацыю (звесткі, веды) аб тым або іншым аб’екце.

Вызначэнняў гістарычнай крыніцы шмат. Аднак у большасці з іх акрэсліваюцца тры характэрныя рысы. Па-першае, гэта пэўная фіксаваная інфармацыя (аб'ект). Па-другое (паколькі крыніца гістарычная), яна змяшчае інфармацыю аб рэальным жыцці чалавечага грамадства ў мінулым. I трэцяе: нельга сцвярджаць, што гістарычная інфармацыя змяшчаецца ў крыніцы, быццам малако ў збане: толькі нахілі – пацячэ; колькі ўліта, столькі выльецца, прычым такой каларыйнасці, тлустасці, якой нам патрэбна. Гістарычная інфармацыя не існуе папярэдне ў крыні-цы, не запазычваецца збоку, яна «вырастае» з інфармацыі аб мінулым у працэсе яе вывучэння. Крыніца дае нам патрэбную інфармацыю тады, калі яна ўключаецца ў працэс гістарычнага даследавання.

Такім чынам, гістарычная крыніца – гэта аб’ект, што змяшчае інфармацыю аб мінулым жыцці людзей і ўключаны ў працэс гістарычнага даследавання.

Катэгорыя «гістарычная крыніца» ўжываецца ў вузкім і шырокім сэнсе. У першым выпадку пад гістарычнай крыніцай разумеюць «прадукты дзейнасці чалавека» – усё тое, што створана ў выніку яго мэта-накіраванай псіхафізічнай дзейнасці. Нават у такім сэнсе азначаная катэгорыя ўключае велізарную разнастайнасць аб’ектаў: ад летапісаў да каналаў, плацін і касмічных караблёў. Шэраг даследчыкаў (зараз іх усё болей) акрэсліваюць катэгорыю «гістарычная крынiца» ў яе шырокiм сэнсе, разумеючы пад гістарычнай крыніцай усё тое, адкуль можа быць пачэрпнута інфармацыя аб мінулым (геаграфічнае асяроддзе, кліматыч-ныя ўмовы, прыродныя з’явы). Безумоўна, у першыя тысячагоддзі свайго існавання чалавек вельмі моцна залежаў ад прыродна-кліматычных умоў, ад геаграфічнага асяроддзя, і нераўнамернасць гістарычнага развіцця ў гэты час з’яўляецца таму пацверджаннем. Гісторык не можа пакінуць іх па-за ўвагай і пры вывучэнні наступных перыядаў. Аднак названыя вышэй фактары з’яўляюцца найважнейшай умовай чалавечай дзейнасці, а не прычынай гістарычных падзей. Усе яны могуць быць вывучаны метадамі іншых навук (астраноміі, геафізікі, геалогіі, медыцыны і г. д.).