Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Ходзін С.М. Крыніцы гісторыі Беларусі.doc
Скачиваний:
206
Добавлен:
10.02.2015
Размер:
1.22 Mб
Скачать

1.5.4. Методыка аналiзу дакументаў заканадаўства

Законы (як i акты) – рэшткi прававых адносiн пэўнага часу. На пачатковым этапе развiцця крынiцазнаўства асобныя даследчыкі iдэалiзавалi дакументальныя крынiцы. Так М. П. Лiхачоў (аўтар падручнiка «Текстология». М., 1901) пiсаў: «Юрыдычныя i адмiнiстрацыйныя дакументы, акты дзяржаўныя i прыватныя даюць нам паказаннi дакладныя i фактычныя. Творцы дагавораў, духоўных, правых, купчых i ўкладных дзейнiчалi дзеля самiх сябе, а зусiм не для нашчадкаў i даследчыкаў. Iм не было патрэбы апраўдвацца цi падманваць». I калi ў дачыненнi да асобных актаў (велiкакняжацкiя даравальныя на зямлю, пасады i iнш.) зазначалiся асобныя карыслiвыя мэты, то ў адносiнах да законаў адкiдвалiся ўсякiя сумненнi ў тым, быццам яны не адлюстроўваюць дакладна фактаў рэчаiснасцi. Распрацоўка праблемы верагоднасцi заканадаўчых дакументаў – заслуга ў вялiкай ступенi даследчыкаў савецкай школы крынiцазнаўства.

Сапраўды, усе бакi грамадскага жыцця, зафiксаваныя ў нарматыўных дакументах – гэта непасрэдныя рэшткi гiстарычных фактаў, часткай якiх яны з'яўляюцца. Але разам з тым законы змяшчаюць i элемент «паданняў» аб гiстарычным факце. Яны з'явiлiся ў пэўных гiстарычных умовах, на iх адбiлася пазiцыя складальнiкаў (пазiцыя суб'ектыўная, бо выяўляла iх погляды на парадак рэчаў у дзяржаве). У найбольшай ступенi гэта акрэслiваецца ва ўводнай прэамбуле цi ўводнай частцы заканадаўчага дакумента (у якасцi прыкладу можна прывесцi царскiя манiфесты, савецкiя дэкрэты i iнш.). Таму для аналiзу заканадаўчага дакумента пасля ўстанаўлення яго верагоднасцi (тут методыка, падобная для ўсiх дакументаў) неабходны ўважлiвы аналiз умоў, у якiх рыхтаваўся закон.

Закон – гэта ў большасцi выпадкаў яшчэ не сам факт, якi звычайна па сваім характары значна шырэйшы i па аб'ёме, i па змесце. Важнейшае ў заканадаўчым дакуменце – яго пастаноўчая частка, выяўленая ў iм прававая норма. Для аналiзу гiсторыi прававой думкi ў гэтым сэнсе вызначэнне сапраўднасцi раўназначна выяўленню верагоднасцi. Аднак у рэальным жыццi ўстанаўленне прававой нормы не прадвызначае яе выканання ў поўным аб'ёме. Таму аналiз заканадаўчага матэрыялу павiнен спалучацца з аналiзам iншага дакументальнага матэрыялу (найперш распарадчага характару).

Такiм чынам, аналiз зместу закону не можа быць фармальна юрыдычным. Кожны закон (прававая норма) – гэта складаная частка цэласнай i адзiнай сiстэмы права, што вызначае ўстанаўленне крынiц таго цi iншага заканадаўчага дакумента. Акрамя таго, у грамадскiм жыццi кожны закон дзейнiчае ў цеснай узаемасувязi з iншымi законамi. Таму любы заканадаўчы дакумент патрэбна разглядаць i ў сувязi з адпаведнымi з'явамi гiстарычнага мiнулага (генетычны рад), i з фактамi сучаснай закону рэчаiснасцi (структурны рад).

I апошняе: неабходна мець на ўвазе, што ў заканадаўчых дакументах ёсць шэраг звестак, якiя не маюць дачынення да права i якiя трапiлi ў iх незалежна ад волi складальнiкаў. Так, у Рускай праўдзе ўпамiнаюцца прылады працы сельскагаспадарчай вытворчасцi, хатняя птушка; у Статутах ВКЛ – суадносiны цэн на розныя вiды рамеснай i сельскагаспадарчай прадукцыi i г. д.

Абагулiм: устанавiўшы сапраўднасць (месца, час, умовы ўзнiкнення) крынiцы, даследчык чэрпае з яе матэрыял аб гiстарычным мiнулым. Але аналiз гэтага матэрыялу павiнен праводзiцца, як аналiз часткi мiнулага i адначасова сведчання аб iм. Вызначэнне месца юрыдычнага дакумента ў сiстэме грамадскага жыцця дазваляе выявiць, якiя новыя прававыя нормы ўведзены тым цi iншым дакументам заканадаўства i у якой ступенi яны дзейнiчалi. I ўрэшце, выяўляецца ўскосная (дадатковая) iнфармацыя, якая трапiла ў дакумент незалежна ад волi яго складальнiкаў.