Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
правка кніга білінгвізм.doc
Скачиваний:
67
Добавлен:
11.02.2015
Размер:
400.38 Кб
Скачать

Тэма 2. Псіхолага-педагагічныя асновы навучання дашкольнікаў другой мове ва ўмовах беларуска-рускай білінгвальнай сітуацыі

План

1. Спецыфіка білінгвальнай сітуацыі ў дашкольных установах Беларусі.

2. “Размежаванае” карыстанне дзвюма мовамі.

3. Змест білінгвальнай працы педагога паводле праграмы “Пралеска”.

Спецыфіка білінгвальнай сітуацыі ў Беларусі заключаецца ў тым, што для пераважнай большасці дзяцей асноўнай мовай, мовай, засвоенай ад бацькоў, з’яўляецца руская. У многіх рэгіёнах, асабліва ў гарадах, дашкольнікі пазбаўлены паўнавартаснага беларускамоўнага асяроддзя, многія выхавальнікі ў дзіцячых садах не валодаюць нацыянальнай мовай.

Анкетаванне, якое ахапіла больш ста педагогаў дашкольных устаноў г. Брэста і якое праводзілася з лютага па красавік 2012 года з мэтай высветліць праблемы білінгвальнага выхавання дашкольнікаў, паказала, што ў цэлым педагогі з’яўляюцца інфармаванымі і дасведчанымі ў пытаннях пашырэння беларускага маўлення дзяцей. Яны звярнулі ўвагу на дастатковую забяспечанасць (96 %) навучальных устаноў горада адпаведным метадычным матэрыялам. Вынікі анкетавання засведчылі, што выхавальнікі добра ведаюць тэхналогіі, метады і прыёмы працы, у якіх можна эфектыўна выкарыстоўваць творы беларускай лiтаратуры і вуснай народнай творчасці. На практыцы педагогі найчасцей звяртаюцца да беларускага фальклору ў народных рухавых гульнях (70 %), а таксама ў тэатралізаванай дзейнасці і інсцэніроўках (60 %), назіраннях за з’явамі прыроды (54 %) і гутарках па праслуханых творах (52 %).

Апытанне рэцыпіентаў паказала, што педагогі не заўсёды дыферэнцуюць жанры фальклору і не ўсведамляюць выразна шляхі яго эфектыўнага выкарыстання. Найбольш папулярнымі жанрамі ў розных рэжымных момантах дашкольных устаноў з’яўляюцца казкі (92 %), лічылкі (74 %), забаўлянкі (71 %). Пераважная большасць педагогаў праводзіць заняткі на беларускай мове, аднак не выкарыстоўвае яе па-за заняткамі, нават у спецыяльна вызначаны дзень тыдня. Сваю працу выхавальнікі ў накірунку развіцця маўлення звязваюць найперш з узбагачэннем слоўніка дзяцей (84 %) і з развіццём звязнага маўлення (76 %). Апошнюю працу пераважная большасць настаўнікаў праводзіць павярхоўна, фармальна, калі дзеці толькі праслухоўваюць творы і зрэдку паўтараюць асобныя фразы за дарослымі. Многія педагогі пазбягаюць навучання пераказу твораў на роднай мове, спасылаючыся на складанасць гэтай працы для старэйшых дашкольнікаў.

Брэст з’яўляецца спецыфічным поліэтнічным рэгіёнам Беларусі, у якім беларускае маўленчае асяроддзе займае далёка не першае месца. Гэтай акалічнасцю выкліканы і праблемы ў маўленні саміх педагогаў, якія не заўсёды здольны даць прыклад узорнага для дзяцей выказвання. У той жа час айчынныя навукоўцы (Н.С. Старжынская, Л.В. Шчэрба, А.Я. Супрун, А.П. Кліменка і інш.) адзінадушна сцвярджаюць, што для дзяцей важна стварыць добрае моўнае асяроддзе, калі дзеці не толькі будуць слухаць чужое маўленне, але і спрабаваць выказвацца самастойна ў розных гульнявых маўленчых сітуацыях. Як адзначае К.М. Гаўрыленка, “гульнявыя маўленчыя сітуацыі павінны будавацца такім чынам, каб змест іх даваў прастор дзіцячаму сачыніцельству, самастойнай мастацка-маўленчай дзейнасці. У дзяцей павінен быць накоплены багаты літаратурны багаж мастацкіх твораў розных жанраў, і задача педагога – зрабіць яго асновай для развіцця ўласнага маўлення дзяцей. Гэтаму будуць спрыяць такія сітуацыі гульні, у якіх дзеці будуць пастаўлены перад неабходнасцю стварыць свой тэкст, свае апавяданні, казкі, вершы, свае сюжэты спачатку на аснове літаратурных узораў, а потым самастойна” [8, с. 29].

Анкетаванне сведчыць, што дзеці не могуць самастойна адабраць словы для перадачы думкі, пабудаваць звязны тэкст не парушыўшы правілы беларускай граматыкі. А педагогі, якія маглі б дапамагчы дзецям, не ўсведамляюць матывацыі сваёй працы па развіццю беларускага маўлення дзяцей. Большасць выхавальнікаў адносіцца да гэтага кірунку сваёй дзейнасці як да фармальнага выканання прымусовых заданняў. У такой сітуацыі станоўчы вынік можна было б атрымаць праз спалучэнне гульнявой і камунікатыўнай матывацыі. У час заняткаў па развіццю беларускага маўлення неабходна наладжваць гульнявую вучэбна-маўленчую дзейнасць дзяцей, у якой былі б змадэліраваны рэальныя сітуацыі зносін. Такія ўмоўна камунікатыўныя сітуацыі маглі б спрыяць выхаванню цікавасці да вывучэння беларускай мовы як сродку зносін. У фарміраванні звязнага маўлення дашкольнікаў важна выпрацаваць у іх устойлівую цікавасць і станоўчыя эмацыянальныя адносіны да маўленчага дзеяння, асновай якога павінна стаць не паўтарэнне тыповых канструкцый, а самастойная іх пабудова для выражэння ўласнай думкі, што садзейнічае выпрацоўцы прадуктыўнага маўлення на беларускай мове.

Псіхолага-педагагічнай асновай навучання дашкольнікаў другой мове ва ўмовах беларуска-рускай білінгвальнай сітуацыі з’яўляецца тэорыя асаблівай успрымальнасці і цікавасці дзіцяці да засваення мовы ў дашкольным узросце. Эфектыўнай яе рэалізацыі на практыцы можа садзейнічаць паступовае пашырэнне адпаведнай камунікатыўнай прасторы, удасканаленне моўнага чуцця, спалучэнне неўсвядомленага засваення беларускай мовы ў паўсядзённых зносінах са спецыяльна арганізаваным фарміраваннем у дашкольнікаў элементарных моўных абагульненняў.

Даследчыкі дзіцячага маўлення (В. Пенфільд, Л. Робертс і інш.) адзначаюць, што ранні дашкольны ўзрост з’яўляецца найбольш сензітыўным у развіцці маўлення на другой мове. Аналагічным чынам сцвярджае і Н.С. Старжынская: «Далучаць дашкольнікаў да роднага слова неабходна як мага раней – з моманту наведвання дзіцём дашкольнай установы. У гэтым выпадку маўленчыя механізмы, што фарміруюцца ў дзіцяці, “працуюць” не толькі на рускую, але і на беларускую мову і забяспечваюць нацыянальнае бачанне навакольнай рэчаіснасці. Ранняе ўвядзенне беларускай мовы, засваенне якой ідзе не апасродкавана – праз рускую мову, а непасрэдна, садзейнічае фарміраванню моўна-мысліцельнай дзейнасці на беларускай мове» [35, с. 24]. Псіхолаг Т.М. Савельева таксама лічыла ўзроставыя перадумовы вызначальнымі ў авалоданні дзецьмі другой мовай, падкрэслівала, што “чым раней адчыняецца ў дзіцяці сістэма беларускай мовы, тым больш паспяхова і мэтанакіравана фарміруецца ў яго беларуская маўленчая сістэма, якая дзейнічае аўтаномна ад рускай, што дазваляе вольна пераходзіць у працэсе зносін з адной мовы на другую, не парушаючы пры гэтым ніводнай з сістэм” [29, с. 43].

Для пераважнай большасці рускамоўных дашкольнікаў актыўная практыка маўлення па-беларуску не з’яўляецца жыццёвай неабходнасцю. Ім дастаткова правільна разумець пачутае і назапашваць, “акумуляваць” веды на будучае. Н.С. Старжынская падкрэслівае: “Развіццё беларускага маўлення неабходна ажыццяўляць паступова, пачынаючы з увядзення беларускай мовы ў розныя віды дзейнасці дзяцей ранняга і малодшага дашкольнага ўзросту з мэтай развіцця рэцэптыўнага і рэпрадуктыўнага двухмоўя і яго пачуцця, пераходзячы затым да навучання дашкольнікаў сярэдняга і старэйшага ўзросту прадуктыўнаму беларускаму маўленню. Навучанне на кожным наступным этапе ажыццяўляецца на фоне далейшага развіцця і ўдасканалення маўленчых навыкаў дзяцей, набытых на папярэдніх этапах” [35, с. 25].

Варта памятаць, што білінгвізм у дашкольным узросце бывае двух тыпаў: адны дзеці авалодалі абедзвюма мовамі ад бацькоў і актыўна карыстаюцца імі, іншыя засвойваюць другую мову ад педагогаў і не карыстаюцца ёю ў зносінах. Пры гэтым можа ўзнікнуць сітуацыя, калі дзеці разумеюць выказванні на абедзвюх мовах, аднак пазбягаюць размаўляць на другой мове. Да гэтага трэба ставіцца спакойна, бо звычайна дзеці засвойваюць кожную мову толькі ў тым аб’ёме, які з’яўляецца неабходным для іх камунікацыі на гэтай мове. “Не запатрабаваная”, але зразумелая для дашкольнікаў мова будзе чакаць свайго часу, стане перадумовай для будучай унутрымоўнай дыгласіі.

Сучасныя вучоныя (Я.Р. Андрэева, А.М. Богуш, А.Я. Супрун і інш.) прытрымліваюцца меркаванняў, што станоўчыя вынікі білінгвальнай адукацыі дарослай асобы дае размежаванае засваенне дзвюх моў. Напрыклад, калі адной мовай індывідум карыстаецца выключна ў вусным маўленні, а іншая дапамагае афармляць пісьмовыя зносіны, калі адна мова служыць для камунікацыі ў сям’і, а другая – у прафесійнай сферы і г.д. У дзіцячым садзе падобнае размежаванне рэгламентавана ўжываннем роднай мовы ў спецыяльна абраны (“беларускі”) дзень тыдня. Прыдатным у гэтым плане можа быць выкарыстанне беларускага маўлення ў асобных відах дзейнасці дзяцей, некаторых рэжымных момантах, на пэўных занятках або ў аднатыпных гульнях. Эталонам вуснага маўлення для дашкольнікаў пры гэтым могуць стаць аўдыёзапісы прафесійных майстроў слова, дзіцячыя спектаклі лялькавага тэатра, чытанне фальклорных твораў і мастацкай літаратуры выхавальнікам, бо ў штодзённых зносінах мова апошняга можа быць не заўсёды дасканалай. Акрамя спецыяльна арганізаванага навучання, эфектыўным сродкам авалодання беларускім маўленнем могуць служыць народныя гульні і святы, суправаджэнне дыдактычных і рухавых гульняў лічылкамі. Гэта заахвочвае дзяцей, актывізуе іх цікавасць і сімпатыю да роднай мовы.

Асноўны змест працы педагога па развіццю беларускага маўлення ў дзіцячых садах з рускай мовай выхавання акрэслены ў базіснай праграме “Пралеска”. Яна базіруецца на пастулаце параўнальна лёгкага засваення дзецьмі другой мовы, сцвярджэнні замежных навукоўцаў, што “мозг дзіцяці мае спецыялізаваную здольнасць да мовы, але яна памяншаецца з узростам” [26, с. 419]. Аўтары праграмы адзначаюць, што дзеці не разумеюць, навошта ім ведаць іншую мову, матывацыя гэтых дзеянняў для іх занадта далёкая і абстрактная. Менавіта таму працэс навучання неабходна арганізаваць па прынцыпу задавальнення асобасных, пазнавальных, гульнёвых патрэбнасцей дзіцяці ў адносінах з дарослымі і іншымі дзецьмі. Спецыяльныя задачы развіцця беларускага маўлення неабходна вырашаць ужо ў малодшым дашкольным узросце, калі дзеці вучацца ўспрымаць родную мову і ўзнаўляць на ёй простыя творы (фальклорныя песні, забаўлянкі, казкі, аўтарскія вершы, апавяданні), спіс якіх падаецца ў праграме.

У сярэднім дашкольным узросце ў дзяцей пачынаюць фарміраваць пачатковыя навыкі зносін на беларускай мове, а іх маўленчая дзейнасць будуецца на параўнанні рускіх і беларускіх слоў, фраз, выразаў. Акцэнт робіцца на фарміраванні правільнага вымаўлення спецыфічна беларускіх гукаў [г], [г’], [ў], [дж], [ч], [р], звяртаецца ўвага на асобныя арфаэпічныя нормы (аканне, яканне, падаўжэнне і змякчэнне зычных). Пашырэнне і актывізацыя слоўніка дашкольнікаў праводзіцца на аснове іх знаёмства з тэматычнымі групамі слоў, сярод якіх пераважаюць адрозныя ў вымаўленні і найбольш ужывальныя лексічныя адзінкі. Педагогам прапануецца абуджаць цікавасць дзяцей да другой мовы стварэннем гульнявых і праблемных сітуацый, знаёмствам з творамі фальклору: “Выхавальнік заахвочвае маўленне дзяцей на беларускай мове: узнаўленне знаёмых вершаў, забаўлянак, пераказ казак, іх драматызацыя, стварэнне выказванняў, самастойных па задуме і моўным афармленні” [26, с. 183]. Пры гэтым трэба быць гатовым да таго, што ў дзяцей гэтага ўзросту могуць узнікнуць праблемы з блытаннем дзвюх моў, а таксама з самастойным узнаўленнем выказванняў. У гэты перыяд неабходна пачынаць фарміраваць і пачуццё этнічнай прыналежнасці як асновы нацыянальнай самасвядомасці (“я – беларус”). Ажыццявіць гэта магчыма адзіна праз выхаванне пачуцця патрыятызму, гонару за творы нацыянальнай архітэктуры, літаратуры, жывапісу, музыкі і інш.

У старэйшым дашкольным узросце акцэнт робіцца на развіцці ў дзяцей звязнага і самастойнага маўлення на беларускай мове, паступова ўскладняюцца асноўныя задачы маўленчага развіцця дзяцей. У гэтым узросце працягваецца замацаванне вымаўлення беларускіх гукаў [г], [г’], [ў], [дж], [ч], [р], фарміруецца правільнае вымаўленне спецыфічных гукаў і спалучэнняў [шч], [ц’], [дз’], адпрацоўваюцца ўжо вядомыя нормы беларускай арфаэпіі. Старэйшыя дашкольнікі знаёмяцца з новымі беларускімі словамі, супастаўляюць міжмоўныя амонімы (диван – дыван, неделя – нядзеля), падобныя па гучанню лексічныя адзінкі (зверёк – звярок, гусь – гусь, ночь – ноч). Педагог вучыць выхаванцаў выкарыстоўваць розныя граматычныя формы і канструкцыі ў залежнасці ад камунікатыўных задач, асабліва акцэнтуючы ўвагу на моўных структурах адрозных ад рускіх.

Такім чынам, псіхолага-педагагічнай асновай навучання дашкольнікаў другой мове ва ўмовах беларуска-рускай білінгвальнай сітуацыі з’яўляецца тэорыя асаблівай успрымальнасці і цікавасці дзіцяці да засваення мовы ў дашкольным узросце, якую неабходна рэалізаваць на практыцы шляхам паступовага пашырэння адпаведнай камунікатыўнай прасторы, увядзення беларускай мовы ў розныя віды дзейнасці, удасканалення моўнага чуцця, спалучэння неўсвядомленага засваення роднай мовы ў паўсядзённых зносінах са спецыяльна арганізаваным фарміраваннем беларускага маўлення на аснове праграмы “Пралеска”.

Пытанні і заданні

  1. Ахарактарызуйце ролю роднай мовы ў паўнавартасным развіцці асобы дашкольніка.

  2. Чым выклікана неарганізаванае засваенне беларускай мовы дашкольнікамі?

  3. Назавіце асноўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца педагогі ў працэсе развіцця беларускага маўлення дашкольнікаў.

  4. Чаму мэтанакіраванае навучанне дашкольнікаў нацыянальнай мове мэтазгодна пачынаць як мага раней?

  5. Які білінгвізм (рэпрадуктыўны ці прадуктыўны) і чаму неабходна развіваць на пачатковых этапах навучання дашкольнікаў?

  6. Ці заўсёды можа сведчыць аб памылкова абранай методыцы навучання сітуацыя, калі дзеці разумеюць дзве мовы, але размаўляюць толькі на адной?

  7. Патлумачце, якім чынам можа быць рэалізаваны прынцып размежаванага засваення дзвюх моў у дашкольнай установе.

  8. Чым адрозніваецца навучанне дзяцей маўленню на роднай мове на спецыяльных занятках і па-за іх межамі?

  9. Як маўленчае асяроддзе ўплывае на засваенне дзецьмі першай і другой мовы?

  10. Абгрунтуйце вызначальны ўплыў маўлення выхавальніка на развіццё беларускага маўлення дзяцей.

  11. Пералічыце асноўныя шляхі навучання дашкольнікаў беларускай мове.

  12. Ахарактарызуйце спецыфіку методыкі развіцця беларускага маўлення дзяцей у розных узроставых групах дзіцячага сада.

  13. Растлумачце, чаму адным з прыярытэтных метадаў у вырашэнні задач слоўнікавай працы з’яўляецца знаёмства дзяцей з вуснай народнай творчасцю і мастацкім словам?

  14. Прывядзіце прыклад гульні ці практыкавання на развіццё граматычнага ладу беларускага маўлення дашкольнікаў. Абгрунтуйце свой выбар.

  15. Раскрыйце методыку фарміравання правільнага вымаўлення аднаго са спецыфічных гукаў беларускай мовы адпаведна этапам, вызначаным метадыстам К.Ю. Пратасавай.

  16. Ахарактарызуйце асноўны змест працы педагога па развіццю беларускага маўлення ў дзіцячых садах з рускай мовай выхавання паводле праграмы “Пралеска”.