Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
правка кніга білінгвізм.doc
Скачиваний:
67
Добавлен:
11.02.2015
Размер:
400.38 Кб
Скачать

Тэма 4. Адраджэнне і развіццё білінгвальнай дашкольнай адукацыі на Беларусі ў другой палове хх стагоддзя

План

  1. Фактары ўплыву на станаўленне і развіццё дашкольнага білінгвізму.

  2. Перыядызацыя білінгвальнай дашкольнай адукацыі ў другой палове ХХ стагоддзя (Т.У. Паліева).

  3. Заняпад білінгвізму ў 50-я – першай палове 80-х гадоў ХХ стагоддзя.

  4. Перыяд перабудовы нацыянальнай адукацыі ў другой палове 80-х – першай палове 90-х гадоў ХХ стагоддзя.

  5. Этап ліберальнай дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі ў другой палове 90-х гадоў ХХ стагоддзя.

Білінгвізм – з’ява нацыянальнага масштабу, якасныя зрухі ў якой могуць быць выкліканы толькі комплексам як адукацыйных, так і агульнадзяржаўных мерапрыемстваў. На станаўленне і развіццё білінгвальнай дашкольнай адукацыі ў ХХ стагоддзі на Беларусі вызначальны ўплыў аказалі:

  1. сацыякультурныя традыцыі развіцця грамадства;

  2. дзяржаўная моўная палітыка;

  3. палітычнае становішча;

  4. кадравае забеспячэнне двухмоўнай адукацыі;

  5. метадычнае забеспячэнне педагагічнага працэса (праграмы, падручнікі, дапаможнікі).

Этапы развіцця білінгвальнай дашкольнай адукацыі на Беларусі ў другой палове ХХ стагоддзя (паводле Т.У. Паліевай):

  1. 50-я – першая палова 80-х гадоў ХХ стагоддзя.

  2. Другая палова 80-х – першая палова 90-х гадоў ХХ стагоддзя.

  3. Другая палова 90-х гадоў ХХ стагоддзя – пачатак ХХІ стагоддзя.

Першы перыяд вызначальны тым, што на Беларусі афіцыйна дэкларавалася магчымасць адукацыі на роднай мове, аднак на практыцы ў дашкольных навучальных установах пераважала руская мова. Адсутнічалі ў гэты час паўнавартасныя метадычныя распрацоўкі па білінгвальнаму навучанню, выкладанне ў вышэйшых і прафесійных навучальных установах было арганізавана на рускай мове, што адмоўна ўплывала на ўменні і навыкі будучых выхавальнікаў у азнаямленні дзяцей з нацыянальнай культурай. Беларуская мова гучала ў дашкольных установах найчасцей пры чытанні твораў беларускай дзіцячай літаратуры. У 70-я гады ХХ стагоддзя Е.Р. Андрэева ўпершыню звярнула ўвагу на неабходнасць білінгвальнай дашкольнай адукацыі ва ўмовах моўнай сітуацыі на Беларусі.

Другі перыяд характарызуецца карэннай і плённай перабудовай нацыянальнай адукацыі, стварэннем асноў дашкольнага білінгвізму. У другой палове 80-х гадоў ХХ стагоддзя распачалася ідэалагічная перабудова Савецкага Саюза, пад ціскам беларускай гарадской інтэлігенцыі была адноўлена цікавасць да нацыянальнай мовы. У гэты час быў праведзены шэраг сацыялагічных і сацыялінгвістычных даследаванняў, у 1989 годзе было створана грамадскае Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны, дзякуючы актыўнай пазіцыі дзеячоў культуры, навукі і асветы ў грамадстве была абуджана эйфарыя нацыянальнага адраджэння, беларусізацыі. 26 студзеня 1990 года быў прыняты закон “Аб мовах у Беларускай ССР”, які надаў беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай мовы ў Беларусі і ў якім былі сфармуляваны прынцыпы дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі. Гэты закон прадугледжваў поўны перавод справаводства на нацыянальную мову на працягу дзесяцігоддзя. Аднак у маі 1995 года быў праведзены рэферэндум, на які было вынесена пытанне аб прыданні і рускай мове (роўнага з беларускай) статуса дзяржаўнай, што падтрымала 83,3 % выбаршчыкаў.

У перыяд другой паловы 80-х – першай паловы 90-х гадоў ХХ стагоддзя была створана нарматыўна-прававая база білінгвальнай адукацыі, што адлюстравалася ў такіх дакументах, як “Канцэпцыя развіцця дашкольнага выхавання ў БССР” (1990), закон “Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь” (1991), “Канцэпцыя развіцця дашкольнага выхавання ў БССР” (1990), закон “Аб правах дзіцяці” (1993), “Канцэпцыя адукацыі і выхавання ў Беларусі” (1993) і інш.

З канца 80-х гадоў ХХ стагоддзя пачалася актыўная праца па стварэнню новай мадэлі, стратэгіі, нарматыўна-прававой базы дашкольнай адукацыі, у якой належнае месца адводзілася білінгвізму. У 1990 годзе з’явілася новая “Канцэпцыя развіцця дашкольнага выхавання ў БССР”, дзе адзначалася, што ў Беларусі склаліся пэўныя традыцыі адукацыі “з выкарыстаннем нацыянальнага матэрыяла, беларускай культуры, мовы” [16, c. 4], а адной з задач выхаваўчага працэсу павінна стаць “фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці дзяцей” [16, c. 17]. У раздзеле “Развіццё маўлення дзяцей ва ўмовах двухмоўя” гэтага нарматыўнага дакумента было абвешчана, што білінгвізм з’яўляецца арганічным і неабходным складнікам выхаваўча-навучальнага працэсу ў дашкольных установах:

“Асноўнай задачай развіцця маўлення дашкольніка ў рэспубліцы з’яўляецца навучанне яго дзвюм мовам: беларускай і рускай. Авалоданне багаццем роднай беларускай мовы складае адзін з асноўных элементаў фарміравання асобы дзіцяці, засваення ім нацыянальнай культуры, фарміравання нацыянальнай самасвядомасці.

У той жа час засваенне рускай мовы разам з беларускай – гэта авалоданне надзвычай багатай крыніцай ведаў, сродак больш глыбокага і ўсебаковага развіцця дзіцяці. Навучанне дзвюм блізкароднасным мовам ажыццяўляецца ў адзінстве з вырашэннем выхаваўчых задач: фарміравання пачуцця нацыянальнага і савецкага патрыятызму, сацыялістычнага інтэрнацыяналізму. Авалоданне мовамі прыводзіць да засваення агульналюдскіх маральных каштоўнасцяў.

Блізкароднаснасць беларускай і рускай моў дазваляе дашкольнікам валодаць імі на ўзроўні прадуктыўнага білінгвізму, гэта значыць дастаткова вольна карыстацца кожнай з іх. У той жа час блізкасць моў прыводзіць да інтэрферэнцыі – спалучанаму двухмоўю, гэта значыць засмечанасці той ці іншай мовы. Задача дзіцячага сада – зрабіць як мага ніжэй узровень інтэрферэнцыі.

У сувязі з гэтым узнікае неабходнасць распрацоўкі адзінага цыклу развіцця дзяцей у рэспубліцы, які ўлічвае ўсе аспекты праблемы двухмоўя: навучанне беларускай мове ў дзіцячых садах з рускім маўленчым рэжымам, развіццё беларускага маўлення дзяцей у дашкольных установах з беларускай мовай выхавання і навучання (якія аднак рэальна знаходзяцца ў рускамоўным асяроддзі) і, нарэшце, навучанне рускай мове ў дзіцячым садзе з беларускім маўленчым рэжымам. Акрамя таго, улічваючы шматнацыянальны характар насельніцтва рэспублікі, неабходна вырашыць праблему індывідуальнага падыхода да развіцця маўлення дзіцяці ў розных яе рэгіёнах. Вырашэнне ўсіх названых пытанняў найперш патрабуе навуковага забеспячэння для выяўлення ўзроставых межаў навучання другой мове і стварэння навукова выверанай методыкі такога навучання.

Бацькі маюць права выбіраць мову, на якой ажыццяўляецца выхаванне і навучанне іх дзяцей. Па іх жаданні могуць адчыняцца дзіцячыя сады ці асобныя групы з беларускім, рускім, польскім, яўрэйскім і іншымі моўнымі рэжымамі” [16, c. 19–20].

Такім чынам, у “Канцэпцыі развіцця дашкольнага выхавання ў БССР” (1990) упершыню прагучалі актуальныя і прагрэсіўныя ідэі білінгвальнай сістэмы адукацыі, была зроблена спроба акрэсліць станоўчыя аспекты і праблемы дзіцячага білінгвізму. Аднак у большасці гэтыя палажэнні насілі дэкларатыўны характар і не маглі заахвоціць рэалізацыю абвешчаных канцэпцый на практыцы. Тым больш аўтарамі “Канцэпцыі” прапанавалася пачакаць калі будзе назапашаны дастатковы навуковы матэрыял, створана грунтоўная і апрабіраваная методыка навучання білінгвізму.

У “Канцэпцыі адукацыі і выхавання ў Беларусі” (1993) адзначалася: “Прыярытэтнай фундаментальнай асновай сістэмы адукацыі і выхавання з’яўляецца родная культура, якая забяспечвае духоўную пераемнасць паміж сучаснікамі, продкамі і нашчадкамі. Яна выступае гарантам адчування вечнасці, роўнавагі і бяспекі, неабходных чалавеку для нармальнага біяпсіхічнага развіцця і жыццядзейнасці. Адукацыя і выхаванне як асноўны культураўтвараючы фактар павінны дапамагаць індывіду і нацыі інтэгравацца ў адзінае цэлае, паглыбляць іх самасвядомасць. Таму сістэма адукацыі павінна быць нацыянальнай. Аднак гэта не азначае нацыянальнай замкнёнасці і ізаляванасці, тым больш негатыўных адносін да іншых культур і агульналюдскіх каштоўнасцяў, бо манакультурная абмежаванасць можа перарасці ў застойнасць, акасцянеласць” [18, c. 7]. Па сутнасці, у праграме развіцця адукацыі былі сфармуліраваны і занатаваны дакументальна-фундаментальныя асновы білінгвальнай адукацыі ў Беларусі. Дэкларавалася выхаванне “прадаўжальнікаў родных этнакультурных традыцый на аснове высокай нацыянальнай самасвядомасці, далучэння да сусветнай культуры” [18, c. 8], пры гэтым прапаноўвалася перавагу аддаваць “дзяржаўнай мове, нацыянальнай гісторыі, геаграфіі, літаратуры, мастацтву, традыцыям, звычкам, міфалогіі, фальклору, музыцы, скокам, жывапісу, скульптуры, архітэктуры, народным гульням, нацыянальным відам спорту і г.д.” [18, c. 8].

Распад Савецкага Саюза і абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь спрыялі паскоранаму нацыянальна-культурнаму адраджэнню, павароту грамадства да сваіх страчаных этнічных вытокаў. На працягу дзесяцігоддзя была створана новая нарматыўна-прававая база, якая рэгламентавала развіццё нацыянальнай сістэмы адукацыі ў новых умовах. Адпаведна заканадаўству рэспублікі, у якім прадугледжваўся паступовы перавод усіх дашкольных устаноў на нацыянальную мову, у гэты перыяд фарсіраванымі тэмпамі ажыццяўлялася беларусізацыя ў галіне адукацыі. Напрыклад, калі ў 1984 / 1985 навучальным годзе дзіцячыя сады з беларускамоўным рэжымам працы складалі 1,1 % ад агульнай колькасці, то ў 1994 годзе – 69 %. Рэальныя вынікі былі не значнымі, бо перашкаджаў недахоп кадравага і метадычнага забеспячэння выхаваўчага працэсу. У гэты час на Беларусі пачалі з’яўляцца навукова-метадычныя даследаванні праблем дашкольнага білінгвізму (Н.С. Старжынская, Дз.М. Дубініна, Е.Б. Гаруновіч, Н.І. Маскаленка і інш.).

Трэці перыяд характарызуецца прадаўжэннем стварэння нарматыўна-прававой базы білінгвальнай дашкольнай адукацыі: дапаўненні ў закон “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” (1998), “Канцэпцыя выхавання дзяцей і моладзі” (1999), “Канцэпцыя дашкольнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь” (2000) і інш. У гэтых дакументах былі адзначаны асноўныя задачы нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі ў галіне адукацыі.

У 1995 годзе выйшла ў свет праграма нацыянальнай дашкольнай адукацыі “Пралеска” (перавыдадзена ў 2000, 2005, 2007 гадах). На беларускай мове былі створаны метадычныя распрацоўкі па ўсім відам дзейнасці дашкольнікаў (А.М. Бадак, Т.С. Будзько, Е.Б. Гаруновіч, І.В. Жытко, В.М. Ляшук і інш.). Патэнцыйныя магчымасці развіцця білінгвізму паступова пачалі стрымлівацца дзяржаўнай адукацыйнай палітыкай, заканадаўчым афармленнем другой дзяржаўнай мовы ва ўмовах прыніжанага становішча нацыянальнай, скарачэннем колькасці беларускамоўных дашкольных устаноў.

У выніку па перапісу 1999 года беларускую мову палічыла роднай 73,6 % жыхароў нашай краіны і 37 % насельніцтва размаўляла на ёй у сем’ях, а ў 2009 годзе адпаведна ўжо толькі 53,2 % і 23,4 % беларусаў. Выкарыстанне беларускай мовы ў афіцыйнай сферы па сённяшні дзень застаецца на прымітыўным узроўні, справаводства вядзецца выключна па-руску. Апошнія два дзесяцігоддзя значна скараціўся тыраж беларускамоўных выданняў (толькі за перыяд 1998–1999 гадоў на 27,8 %), шэраг часопісаў і газет спыніў сваё існаванне. Дэкларацыя двухмоўя на Беларусі, па сутнасці, ператварылася ў дамінаванне адной мовы, якая да таго ўжо і так працяглы час была ў прывілегіраваным становішчы. Новыя геапалітычныя працэсы, што суправадзілі пачатак ХХІ стагоддзя (трансглабалізацыя, глабальныя эканамічныя крызісы, развіццё сферы экатурызма і інш.), паскорылі выпрацоўку новых дзяржаўных арыенціраў у адносінах да нацыянальнай моўнай прасторы Беларусі. У выніку ў 2010 годзе кіраўніцтва краіны абвясціла курс на пашырэнне ўжывання беларускай мовы. Прэзідэнт Беларусі А.Р. Лукашэнка зазначыў: “Дзяржава, як ніхто іншы, адчувае сваю адказнасць за развіццё беларускай мовы і з’яўляецца гарантам захавання цэласнасці і адзінства яе сучасных літаратурных норм”. Урадам зацверджаны план мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнню сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства, распрацаваны з улікам прапаноў дзяржаўных структур, пазаўрадавых арганізацый, навукоўцаў і дзеячаў культуры.

Такім чынам, дзяржаўная моўная палітыка ў 1945 – пачатку 80-х гадоў ХХ стагоддзя не спрыяла развіццю білінгвальнай дашкольнай адукацыі на Беларусі. Карэнныя змены адбыліся ў наступнае дзесяцігоддзе, калі за параўнальна непрацяглы час у краіне прайшла адукацыйная рэформа, была створана паўнавартасная нарматыўна-прававая база білінгвальнай адукацыі (“Канцэпцыя развіцця дашкольнага выхавання ў БССР” (1990), закон “Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь” (1991), “Канцэпцыя развіцця дашкольнага выхавання ў БССР” (1990), закон “Аб правах дзіцяці” (1993), “Канцэпцыя адукацыі і выхавання ў Беларусі” (1993), праграма “Пралеска” (1995) і інш.). Заканадаўчае афармленне другой дзяржаўнай мовы ва ўмовах прыніжанага становішча нацыянальнай і неабачлівая адукацыйная палітыка паступова прывялі да скарачэння колькасці беларускамоўных дашкольных устаноў, стрымалі патэнцыйныя магчымасці развіцця білінгвізму ў Рэспубліцы Беларусь.

Пытанні і заданні

  1. Пералічыце фактары, якія аказалі вызначальны ўплыў на станаўленне і развіццё білінгвальнай дашкольнай адукацыі на Беларусі.

  2. Назавіце этапы развіцця білінгвальнай дашкольнай адукацыі на Беларусі ў другой палове ХХ стагоддзя (паводле Т.У. Паліевай) і вызначце іх храналагічныя рамкі.

  3. Раскрыйце станоўчыя і адмоўныя тэндэнцыі развіцця дашкольнага білінгвізму на кожным з гэтых этапаў.

  4. Ахарактарызуйце наватарскі падыход да білінгвізму ў раздзеле “Развіццё маўлення дзяцей ва ўмовах двухмоўя” з “Канцэпцыі развіцця дашкольнага выхавання ў БССР” (1990).

  5. Чаму пасля распаду Савецкага Саюза і абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь пачаўся новы этап сістэмы нацыянальнай адукацыі?

  6. Якія асноўныя задачы ў сферы развіцця нацыянальнага білінгвізму былі акрэслены ў “Канцэпцыі адукацыі і выхавання ў Беларусі” (1993)?

  7. Паразважайце, якую ролю ў развіцці білінгвальнай дашкольнай адукацыі адыграла праграма “Пралеска”.

  8. Прывядзіце прыклады білінгвальнай дзейнасці выхавальніка ў дашкольных установах.

  9. Прааналізуйце нацыянальна-культурную аснову адукацыі Беларусі, абвешчаную ў “Законе аб адукацыі” (2002). Патлумачце, чаму асобныя палажэнні з гэтага дакумента не былі рэалізаваны на практыцы.

  10. Складзіце каталаг метадычнай літаратуры, артыкулаў часопіса “Пралеска”, прысвечаных білінгвальнай дашкольнай адукацыі.