Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
правка кніга білінгвізм.doc
Скачиваний:
67
Добавлен:
11.02.2015
Размер:
400.38 Кб
Скачать

Тэрміналагічны слоўнік

Апасродкаваны білінгвізм – выкарыстанне дзвюх моўных сістэм, у аснове якога – пераклад асобай з роднай мовы выказвання на няродную мову.

Білінгв (біглот) – асоба, якая актыўна карыстаецца дзвюма мовамі.

Білінгвізм – двухмоўе.

Дуалінгвізм – здольнасць розных персон разумець чужую мову ва ўмовах карыстання кожным уласнай мовай. Дуалінгвізм узнікае, звычайна, на памежжы роднасных моў, напрыклад, на беларуска-польскім прыграніччы.

Інтэрферэнцыя – неўсвядомленае змешванне білінгвам сістэм дзвюх моў. Словаўтваральная інтэрферэнцыя дашкольнікаў узнікае як вынік недастатковага засваення словаўтваральнай структуры слоў другой мовы і выкарыстання ўзамен мадэлі роднай мовы (вумны, пярчаткі, здзесь).

Канвергенцыя (інтэграцыя) збліжэнне моўных сістэм у цэлым або на нейкіх яе ўзроўняў у выніку роднаснага і працяглага кантактавання.

Моўныя кантакты – моўныя з’явы, якія ўзнікаюць у выніку ўзаемадзеяння дзвюх і болей моў: інтэрферэнцыя, білінгвізм, двухмоўе, дыгласія, канвергенцыя (інтэграцыя), дывергенцыя, полілінгвізм, мультылінгвізм.

Міжмоўныя амонімы словы з розных моў, аднолькавыя па гучанню і блізкія ці аднолькавыя ў напісанні, аднак адрозныя па сэнсу: трус (“палахлівец” у рус. мове) – трус (“кролик” у бел. мове), плот (“сродак перасоўвання па вадзе” у рус. мове) – плот (“ограда” ў бел. мове).

Натуральны білінгвізм – натуральнае, не заснаванае на спецыяльна арганізаваным навучанні выкарыстанне ў маўленні дзвюх моў, узнікшае найчасцей у раннім дзяцінстве, у шматмоўных сем’ях.

Непасрэдны білінгвізм – аўтаномнае выкарыстанне дзвюх моўных сістэм.

Паралексы – словы з роднасных моў (напрыклад, рускай і беларускай), якія пры адносным сэнсавым і фармальным падабенстве характарызуюцца пераважна нерэгулярнымі адрозненнямі на фанетычным, словаўтваральным, марфалагічным, акцэнталагічным ўзроўнях і г.д.: кухонный – кухонны, родинка – радзімка, уехать – выехаць, баранка – абаранак.

Прадуктыўны білінгвізм (поўнае, актыўнае двухмоўе) – актыўнае выкарыстанне ў маўленні дзвюх моўных сістэм.

Рэцэптыўны білінгвізм (пасіўнае двухмоўе) – частковае выкарыстанне ў маўленні дзвюх моўных сістэм, калі чалавек разумее, але не размаўляе на іншай мове.

Спрошчанае маўленне (рус. полуязычие, англ. semilingualism) –абмежаванае маўленне, якое найчасцей узнікае ў выніку перамешвання кантактуючых блізкароднасных моў. Напрыклад, суржык (на Украіне), трасянка (на Беларусі).

Сродкі навучання спецыяльна створаны моўны матэрыял (кнігі, аўдыёзапісы), метады працы, наглядныя дапаможнікі (рэпрадукцыі, фотаздымкі, друкаваныя настольныя гульні, самаробныя дапаможнікі і інш.). Спалучэнне розных сродкаў у працэсе білінгвальнага навучання спрыяе фарміраванню ўстойлівых маўленчых уменняў. Напрыклад, у слоўнікавай працы практыкуецца не ізаляванае завучванне і ўжыванне слоў, а групавое аперыраванне семантычна блізкімі словамі падчас гульнявых сітуацый або прадметна-практычнай дзейнасці з выкарыстаннем нагляднасці, са зменай метадаў і прыёмаў навучання (імітацыя, прыдумванне загадак, разгляд, тлумачэнне, чытанне і г.д.).

Трасянка (мяшанка) – гутарка беларусаў, якая ўтварылася ў выніку змешвання беларускіх дыялектаў і беларускай, польскай, украінскай, рускай моў.

Трансфер (транспазіцыя) – станоўчы перанос навыкаў маўлення на адной мове на маўленне на іншай.

Унутрымоўная дыгласія – своеасаблівая форма авалодання дзвюма самастойнымі мовамі, ужыванне якіх функцыянальна размежавана ў залежнасці ад сітуацыі ці сферы моўнай камунікацыі (напрыклад, у афіцыйнай – адна мова, у размоўна-бытавой – другая мова).

Чуццё мовы (моўная інтуіцыя) аўтаматычнае, інтуітыўнае выкарыстанне моўных мадэляў, слоў, інтанацый па аналогіі з ужо вядомымі. Фарміруецца падсвядома ў працэсе шматразовага ўспрымання чужога маўлення. Удасканаленне чуцця мовы дашкольнікаў асабліва важна ў працэсе авалодвання імі граматычным ладам мовы, складанымі граматычнымі нормамі, спосабамі словаўтварэння і сказабудовы.

Шматмоўе (полілінгвізм, мультылінгвізм (англ.), плюрылінгвізм (фр.)) – выкарыстанне насельніцтвам адной дзяржавы некалькіх моў (напрыклад, у Швейцарыі – нямецкай, французкай, рэта-раманскай, італьянскай моў).

Штучны білінгвізм – двухмоўе, узнікшае ў выніку навучання.