Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Кастусь Каліноўскі пьеса.doc
Скачиваний:
7
Добавлен:
04.03.2016
Размер:
456.7 Кб
Скачать

Карціна восьмая

Яшчэ да падняцця заслоны чуваць гарматныя стрэлы, залпы, воклічы. Калі заслона паднялася – мы бачым скарэжаную зямлю, на ёй сям-там трупы, кінутыя косы, апракінутыя гарматы і – далёка! – вёску ў агні. Гараць Бахарэвічы. На першым плане абгарэлы шкілет дрэва, на другім – некалькі салдат капаюць чарговую яму. Пад дрэвам сядзіць капітан ф о н Ю н г е н, піша.

С а л д а т. Дзевятую капаем.

Ю н г е н. Пэўна, досыць, па дваццаць шэсць на яму. Капец. (Апусціў Note bene ў скураной вокладцы.) Ну што данясеш? Разбілі пераможна палком – пагана ўзброены атрад.

С а л д а т. Вядуць.

3 Левага боку салдаты выганяюць на сцэну невялікі натоўп жыхароў спаленай вёскі. Пераважна старыя і жанчыны. Сярод апошніх – я ў х і м і х а, баба г а р э л і х а.

Ю н г е н. Ну што, мужыкі. Дастукаліся... Давядзецца замест сваіх бяроз чужыя піхты пілаваць... А замест торфу – біць кіркой у рудніках руду чужому дзядзьку.

Натоўп маўчыць. I раптам вокліч. 3 правага боку к а н в о й выводзіць п а н а З а р у б у, В а с т р а в у х а і Я ў х і м а Б а р д а н о с а. Вастравух паранены ў галаву: праз павязку выступае кроў. Заруба і Барданос вядуць яго. Палонных паставілі перад Юнгенам. Левая рука Яўхіма бязвольна звісае.

Юнген. Ну?.. Што?..

Я ў х і м. Нічога, пагулялі ладна.

Ю н г е н. А як наконт расплаты?

Я ў х і м. Мы людзі з гонарам. Карчму разнеслі, то неяк і за чарапкі заплоцім.

Злавесная цішыня. Парушае яе салдат, звяртаючыся да фон Юнгена.

С а л д а т. Мы зносім трупы.

Ю н г е н.

Паглыбей Забітых закапайце, каб ваўкі Касцей не расцягнулі.

Вастравух (злосна).

Воўк нічога. Прынамсі ён хлуслівым чорным словам Не пэцкае імён герояў. Ўсё гэта людзі зробяць... Зробіш ты, Халуй.

Ю н г е н (іранічна).

Зараз упадзе, А брэша, недабіты, гнойны пёс.

Вастравух адштурхоўвае сяброў.

Вастравух. Пусціце!.. Сам... (Пахіснуўшыся трохі, ён умацаваўся і стаў цвёрда.)

А то яшчэ ён збрэша, Што я, калі мяне на смерць вялі, Пручаўся і нагамі дзве дарожкі Да месца праараў.

Ю н г е н.

Ты, Вастравух, Падумай: варта заплаціць жыццём За слова вострае, за жарт дурны?

Вастравух.

Хай будзе слова, як няма кінжала.

Ю н г е н.

Мне ад цябе не вельмі многа трэба. Скажы адно: хто вамі кіраваў, Хто прысылаў для вас наказы з Вільні, Хто ўгаварыў вас падтрымаць мяцеж?

Я ў х і м. Да сэрца дабіраюцца – маўчы.

Ю н г е н.

Адно імя... I я тады палонных I ўсіх сялян адразу адпушчу.

Я ў х і м. Да сэрца дабіраюцца – маўчы!

Яўхіміха.

Угаварыла беднасць. А наказы Нам голад прысылаў.

Вастравух.

А кіравала Усімі намі ярасць. Вось і ўсё.

Ю н г е н (да Яўхіміхі).

У беднасці вы самі вінаваты. Народзіце дзяцей – а потым лямант: “Зямлі няма!”, “Галеча!”, “Усё паны!” Як быццам вам паны дапамагалі У гэтай справе.

Яўхіміха.

Гэ-эх, панок... панок... Бог любіць нас і дорыць нашы хаты Дзіцячым крыкам і дзіцячым смехам. I ганарыцца вам прычын няма. Усё жыцце вы плавалі ў крыві, А бог вас пакараў за грэх ваш цяжкі. Таму яны й пустыя, вашы хаты, I рэдка ў іх гучыць дзіцячы смех.

С а л д а т (Юнгену). Ваша высакароддзе сказалі па дваццаць шэсць...

Ю н г е н. Ну.

С а л д а т. Памылачка атрымалася. Выкапалі лішнюю магілу.

Ю н г е н. Чакай, колькі забітых?

С а л д а т. Іхніх – восемдзесят. Нашых – сто дваццаць восем.

З а р у б а. Дрэнная прапорцыя.

Ю н г е н. Што? З а р у б а. Ваюем дрэнна. Шэлег нам цана. Нас на Гродзеншчыне не больш дзвюх тысяч са зброяй. Вас – дзесяць.

Ю н г е н. Апошні раз пытаю: хто?

Вастравух. Голад! Рабства!

Паўза.

Ю н г ен. Салдаты, слухай маю каманду!

Паўза.

Магіла пустой не застанецца. Гэтых трох – туды.

Агульны ўздых.

С а л д а т. Ваша высакароддзе...

Ю н г е н. Шпіцрутэнаў захацелі... Вядзіце.

З а р у б а. Нашто весці? Мы – самі. Мы скакаць будзем, туды ідучы.

3 асуджанай рашучасцю ўзяліся за плечы. Павольна закруцілася, пачало рухацца да ямы страшнае кола. Ногі намацваюць такт. Знайшлі. I толькі тады прыходзіць музыка, хуткая, але грозная, падобная і не падобная на звычайныя гукі “Мяцеліцы”.

Курыць, вее мяцеліца,

Чаму стары не жэніцца. – Як жа яму жаніціся? Усе будуць дзівіціся. Ух, ух, уха-ху! Янкі галава ў снягу. – А як гэта дый не снег, Тады людзям будзе смех!

Яны на краі ямы. Яўхім скокнуў у яе сам. Цяпер відаць толькі іхнія плечы. Ім цесна, але яны рухаюцца, але галасы спяваюць.

Ух, ух, уха-ху! Гэта ж быў я на таку. – А як гэта дый не пыл, Дык ад дзеўкі будзе тыл. – А хоць стары – не паганы, Яшчэ дужы і румяны. А што каму да таго? Можа, я пайду ды за яго.

Голас з натоўпу. Даволі!

Спыніўся танец.

Я ў х і м.

Сапраўды даволі, браце... Занадта... Не павераць... Стой, Заруба. Мацуйся, любы браце Вастравух.

Яўхіміха.

Трымайцеся спакойна, мужыкі! Хрыстос над вамі. Ён, пакутных, вас Каля сябе пасадзіць.

Я ў х і м.

Ціху табе З тваім Хрыстом. Не мог падмогі даць На памагатых д’ябла.

Яўхіміха. Не блюзнер!

Я ў х і м.

Чаго блюзнерыць? Я яшччэ не знаю. Ці ёсць ён, бог?

Ю н г е н. А што ты, хаме, зведаў?

Я ўхім.

А тое! Краем правіць Сатана. Ты, капітан, і твой Мураш Паскудны, I ваша банда, і царок ваш снулы. Ты пачакай, яму яшчэ за нас Павытаргаюць ногі са...спіны.

Вастравух. То спраўдзіцца.

Ю н г е н. Салдаты! Закапаць!

Паступова сыплецца з-пад рыдлёўкі зямля. Загаласілі бабы.

Я ў х і м.

Цыц, бабы, не рвіце наша сэрца. Спакойна дайце нам сустрэць канец

I весела...

Гарэліха. Змоўч, людзі... з імі бог...

Яўхіміха.

А гэтым – гонару занадта многа, Каб перад імі плакаць... Змоўч, народ.

Цяпер цішыня вісіць над галовамі людзей. Зямля дастае смяротнікам амаль да плячэй.

Вастравух (Яўхіму). Бачыш, а ты мяне засячы хацеў... “Пан, пан...” У адной зямлі... стаяць будзем.

Я ў х і м. А можа, табе і лягчэй было б?

Вастравух. Ну не. Памерці растаптаным, як я тады? Так я хаця чосу ім даў...

Заруба вышэй за ўсіх, астатнім зямля дастае да рота.

Я ў х і м. Гэй, Заруба, ты й тут выгадаў... каб я табе прысніўся.

З а р у б а. Прысніся, брат, я тады адразу ўваскрэсну. Ад жаху.

Зямля падае Зарубу на галаву. Ён адплёўваецца.

Гэй, афіцэр, каўбаса гарохавая... Можа быць у смяротніка апошняе жаданне?

Ю н г е н. Ну?

З а р у б а. Я служыў паручнікам. Ты – капітан. Ці нельга саступіць сваё месца старэйшаму па чыну?