Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Кастусь Каліноўскі пьеса.doc
Скачиваний:
7
Добавлен:
04.03.2016
Размер:
456.7 Кб
Скачать

Карціна чацвёртая

Вуліца. Краты саду. Слуп ліхтара. Конус святла гойдаецца над маленькай фігуркай. Гэта Чортаў Бацька.

Чортаў Бацька. Горад... Вялікі... Касцёлы гудуць. А паноў! А екіпажаў!

1-ш ы п р а х о ж ы. Каго любіш?

Чортаў Бацька. Люблю Беларусь.

1-ш ы п р а х о ж ы. Цаплін прыехаў у тэатр к пачатку трэцяга акта. (Ідзе далей.)

Чортаў Бацька. Перадам... Тут ужо на вуліцы п’яны не паспіш, як у нас у вёсцы.

2-гі прахожы. Каго любіш?

Чортаў Бацька. Люблю Беларусь.

2-гі прахожы. Ландо не падалі. Значыць, з тэатра пойдзе пешы... Значыць, на вуліцы.

Чортаў Бацька. Паглядзім.

Пайшоў 2-гі прахожы.

На вуліцы тую чаплю лавіць, вядо-ома, куды б лепей было.

Падыходзіць Караліна.

Караліна. Што чуваць, Чортаў Бацька?

Чортаў Бацька. Загадана, каб перадала, што палкоўнік той у тэатр спазніўся – грошай яму, відаць, не шкада, што пад канец прыязджае. Але прыехаў-такі: уганорыў той тэатр сваёй прысутнасцю... А на баль пойдзе пехатою – для мацыёну і яшчэ таму, што гэтую... ну... ланду яму не падалі.

Караліна. Добра... Зараз пайду перадам.

Набліжаецца Вітаўт Парафіяновіч.

Чортаў Бацька. Паненачка, шляхцюк той ідзе...

Караліна. Бог ты мой. Вось яшчэ.

В і т а ў т. Караліна... Пастой...

Караліна. Я спяшаюся, Вітаўт, слова гонару, вельмі спяшаюся.

В і т а ў т. Два дні ты... спяшаешся. А ты ж ведаеш, што ўжо год...

Караліна. Я сапраўды спяшаюся.

В і т а ў т (з глыбокай узрушанасцю, амаль груба). Гэтыя твае крокі... могуць каштаваць жыцця. Чуеш? Аддай мне пяць хвілін. Нічога, пачакаюць.

Караліна. Я слухаю цябе, Вітаўт.

В і т а ў т. Слухай, дзяўчынка. Я стаяў на фарпосце, і зямля мая была за мной. Ты была за мной. I калі я хаця трошкі хацеў жыць у тыя страшныя часы – я хацеў гэтага таму, што была ты.

Караліна. Вітаўт, мілы, ты ведаеш: гэта ўсё дарэмна.

В і т а ў т. Я ведаю. Але пасля майго вяртання ты горшая са мной.

Караліна. Не. Мне шкада цябе, Вітаўт.

В і т а ў т. Сябры сталі горшыя са мной. I ты... Я разумею вас.

Караліна. Не.

В і т а ў т. Але я ішоў бараніць цябе. I не мая віна, што яны задушылі нас сілай.

Караліна (ціха). Ты не ведаў, што яны мацнейшыя? Нашто тады ішоў у паўстанне?

Паўза. Падыходзіць Каліноўскі ў чорным плашчы.

В і т а ў т. Ты не спяшаешся?

Караліна. Мне цяпер няма куды спяшацца.

Крутнуўся, усё хутчэй і хутчэй пайшоў у цемру В і т а ў т.

Кастусь...

К а с т у с ь. Што чуваць?

Караліна. Ён у тэатры. Да губернатарскага палаца пойдзе пешшу.

К а с т у с ь. Значыць – па дарозе будзем браць. Пархвен, папярэдзь Марцявічуса.

Пархвен зусім быў сабраўся ісці, але тут з’яўляецца 1-шы прахожы.

1-ш ы п р а х о ж ы. Люблю Беларусь...

К а с т у с ь. Узаемна...

1-ш ы п р а х о ж ы. Выйшлі з тэатра. Ён ідзе не адзін. З ім Мураўёў, дэ Салье, яшчэ людзі. Яны ідуць пад аховай салдат...

Чортаў Бацька. Гэ-эх... Сарвалася.

Паўза.

К а с т у с ь. Не... На вуліцы яго вартуюць салдаты...

Чортаў Бацька. Ну.

К а с т у с ь. Але ж на бале яны, пэўна, не будуць яго вартаваць... Уявіце сабе, кружыцца ў вальсе Цаплін, а вакол вальсуюць шэсць салдат... З прымкнёнымі штыкамі...

Караліна (у нейкім дзіўным, пакутным лікаванні). І гэта азначае?..

Кастусь. I гэта азначае, што мы выкрадзем яго на балі. (Ляпнуў Чортавага Бацьку па плячы.) Бяжы да Марцявічуса. Хай ідзе туды. Скажы – баль... (Да прахожага.) Ты – апрануты. Бяры другога і ідзі на дапамогу жмудзіну... Караліна...

Караліна. Але...

К а с т у с ь. Ідзі дадому, сланечнік... Ідзі да Яневіч... Вазьмі там найлепшы бальны ўбор... I адразу, на рамізніку, да палаца... У мяне будзе на гэтым балі дама... Найлепшая прыгажуня зямлі... На цэлы вечар... (Вочы ў яго гарэзлівыя і адначасова страшныя.) Скажы, ты ніколі не бачыш у сне, што танцуеш?

Караліна. Часта... Кастусь. I гэта такое шчасце!

Кастусь. I мы будзем танцаваць. Мы натанцуемся на сто год наперад, сланечнік... Мы будзем танцаваць... Ідзі.

Караліна. Ах-х... Кастусь.

Пайшла. Кастусь глядзіць ёй услед.

К а с т у с ь.

Натоўп кіпіць. Гудзе, віруе горад, А ты, прыкуты да яго цяснін, З трывогаю няўлоўнай адчуваеш Няўмольны лёс, што абступіў цябе. I побач светлая мая, святая, Якой не смерць – сусвет бы падарыў... Прыслухайся да шуму: горад спіць. Прыслухайся да шуму: спіць Зямля. Спіць воля ў турмах, праўда – ў катавальнях, I людзі спяць, абпіўшыся хлуснёй... Нічога... Ёсць такія, што не дрэмлюць. Такія не даюць сабе дазволу Любіць што-небудзь, акрамя свабоды. Няшчасна закаханыя ў яе, Адрынутыя ёю ў смерць і ў турмы, Яны пажнуць найлепшых закаханых Праз трыста год. У новы вольны час, Калі прамовіць нейкая дзяўчына: “Чаму я не жыла тады, матуля? Чаму не йшла на бітву сярод іх?” Ты будзеш жыць і танцаваць, дзяўчына, Кахаць... А ў нас крык гневу рвецца з вуснаў... Сланечнік мой, прамень мой светлы, добры... Гляджу услед, і ад пяшчоты сэрца Спыняецца. А ты, мая зямля, Глядзіш мне ў вочы змрочнымі вачыма, I нема замірае мой язык.

Паўза.

Ідзе... З Дамініканскага завулка, Дзе мураўёўскі, чорны той засценак, Святло касое падае пяшчотна На плечы, твар і золата касы... О, як ты будзеш танцаваць сягоння, Якім жывым і цёплым захапленнем Заззяюць вочы мілыя. I руку Адчую я ў сваёй руцэ. I вочы Ніжэй сваіх вачэй убачу я. I вусны мне раскрыюцца насустрач, Як кветка цёплая насустрач сонцу... А потым... Што казаць аб тым, што потым... Дадому з балю разам не паедзеш... I я ў святле бягучых ліхтароў Не буду цалаваць тваіх вачэй... Ідзі далей, маленькая вясёлка, Свяці над добрай, змучанай зямлёй, Што ў нетрах цёплых парасткі раджае. Жывую рунь апошніх нашых дум.

Паўза.

Ідзі далей, маленькая вясёлка, Гары над светам. Я не пазаву.

Большае людзей на вуліцы. Паўз Кастуся прабег, звонячы вярыгамі, гарадскі юрод Агей Блажэнны.

А г е й (Кастусю). Дай што-небудзь Блажэннаму Агею... Не... Не грошы... Душу дай...

К а с т у с ь (сумна). Аддам, Агей.

Ю р о д. Дай каму трэба. (Робіць пальцамі вілы.) У-у... Ані дня, ані часу... Ястрабы над табой. Крылатыя.

К а с т у с ь. Бог з табою, Агей.

Ю р о д. З табою, з табою... (Адбег убок і сеў на кукішкі, як ідал.) Вось. Лятуць.

Выходзіць варта. За ёю Мураўёў, Цаплін, дэ Салье, Тызенгаўзен.

К а с т у с ь. Дык вось ён, Цаплін... З Мурашом побач.

Д э С а л ь е. Б’яніні проста выключны Атэла. Такі раўнівы! Як гляне на мяне – сэрца падае... Як гэта можна так душыць?!

М у р а ў ё ў (змрачнавата). Калі патрэбна, дык усё можна.

Ц а п л і н. Гэта не так складана, як мадам думае.

Д э С а л ь е. Уявіце, які жах! Чытаю сёння раніцай французскі часопіс – і там пра вас, граф, такія словы... “Рыцар пяньковай вяроўкі...”

Усім няёмка.

Мураўёў (з усмешкай). Нядрэнна! Яна абдымае моцна... I рэзультаты някепскія. Лепш, чым у Атэла.

Ю р о д. Міхал! Міхал! Мі-ха-ха-хал!

Спыніліся.

М у р а ё ў. Чаго табе?

У руцэ юрода вялізны кавалак сырога мяса.

Ю р о д. На. З’еш. На.

Паўза. На вуснах Мураўёва з’яўляецца нацягнутая ўсмешка.

М у р а ё ў. Сёння пост. Серада. Я мяса не ем.

Юрод амаль пяшчотна ўсміхаецца.

Ю р о д. А кроў п'еш? Не, ты вазьмі... Вазьмі...

Ц а п л і н. М-гух!

Ён кінуўся быў на юрода з палашом. Мураўёў спыняе яго. Юрод, усміхаючыся,

трымае звісаючае мяса. Доўгая страшная паўза.

М у р а ў ё ў. Улада з вар’ятамі не ваюе.