Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Кастусь Каліноўскі пьеса.doc
Скачиваний:
7
Добавлен:
04.03.2016
Размер:
456.7 Кб
Скачать

3 Вастравуха зрываюць перавязь.

Г а л а с ы. Злодзей нясыты! Чамарка панская! Давай тапор! На пень яго! На пень!

Падарожны, рассоўваючы людзей, iдзе да пня.

Падарожны (цiха). Вастравух... Бог ты мой, што з табой зрабiлi?!

Вастравух (спакойна). Хрыста таксама распялi людзi, для якiх ён жыў.

Перад iм стае Яўхiмiха.

Яўхiмiха. А ты галодны рот печкi бачыў, Хрыстос?

Вастравух. Баба бедная, гэта ж мы за вас... Супраць бацькоў сваiх... за вас!..

Яўхiмiха. Пан мужыку тлумачыў: "Гэта, мужык, атлас". А мужык яму: "Ад нас, паночку, ад нас". (Са страшнай iронiяй.) Ты - пан. Ты "за нас", як воўк за авечую шкуру.

Маўчанне. Вастравух зразумеў. Стае на каленi перад пнём.

Вастравух. Што ж, вазьмiце жыццё. Яно - ваша.

Яўхiм бярэцца за сякеру. Падарожны працiснуўся да яго. Якраз у гэты момант з'явiлiся на грэблi Арсень Станевiч i Каралiна.

А р с е н ь. Вядзi хутчэй да ваяводы. Тэрмiновыя весткi з Вiльнi, панна Каралiна.

Каралiна. Ды Вастравух якраз тут, ля млына, павiнен быў сустрэцца з кiмсьцi...

А р с е н ь. З iм якраз...

Каралiна (убачыла людзей). Божа!.. Арсень, глядзiце!

Уражаныя, яны застылi. Потым Арсень адштурхнуў Каралiну за дрэвы.

Я ў х i м (Вастравуху). Ты хто такi?

Вастравух. Камандзiр атрада паўстанцаў.

Я ў х i м. Малiся... Замольвай апошнi грэх.

Падарожны. Якi грэх?

Я ў х i м. А ты хто?

Чортаў Бацька. Ды наш... Мужык ад чобатаў да гаворкi... Вандруе...

Я ў х i м. Сляпы... Мужык галадае, мужык памiрае. Цар мужыку долю даў. I знайшлася сабачая парода, што супраць загаду цара... Каб прыгон вярнуць, стайнi, каб мацi ад дзяцей асобна прадавалi... (Узняў сякеру.)

Падарожны (з пагрозай). Стой! Што робiш?! Ты яму жыццё даў, каб адбiраць? Ты, вiдаць, з дзяцiнства такi: тварык бяленькi, ды на вуме мяленька. Яны за цябе воляй, шчасцем, жыццём рызыкуюць... А ты... багаты дужа... Скарбы табе такiя кожны дзень пад ногi сыпалi... Зiрнi яму ў вочы, ты, чакуха драўляная... Могуць быць такiя вочы ў гада?..

Паўза.

А р с е н ь. Самасуд. Схопяць.

Каралiна. Такога адважнага? Не-е. Хто гэта?

Арсень шэпча ёй на вуха.

Што будзем рабiць?

А р с е н ь. Пачакаем... (Выцягнуў пiсталеты i паклаў iх перад сабой на пень.) Я ў х i м. Ды цябе чаго яшчэ слухаць? Ты хто такi, кiслая шэрсць, каб парады даваць?

Падарожны стаў на пень. Зрывае парык i вусы, адкрываючы вельмi малады твар з гарачымi вачыма. Скiдае свiтку. Пад ёй чамарка, падпяразаная срэбным поясам. За поясам два пiсталеты з залатой насечкай, вялiзныя, старыя.

Падарожны. Я - вярхоўны ваявода паўстанцаў Гродзенскай губернi, Кастусь Калiноўскi.

Адхiснуўшыся, ахнуў натоўп.

Вастравух. Кастусь... Ты бачыш... Вось як яны... З сякерамi... Доўбнямi... Ловяць паўстанцаў. Аддаюць iх уладам... Нашто мне жыць?.. (Рыданне раздзерла глотку Вастравуха.) Нашто-о, калi я за iх?!

Я ў х i м. Слёзы табе выцерцi?

Кастусь. I выцеры. Яны гэтага вартыя, такiя слёзы. Табе такiмi до-оўга яшчэ не плакаць. Слязьмi крыўды на свой народ... Ах-х, якая ж вы яшчэ цемра, якая слепата, калi - свае! - сваiм галовы сячэце!

Гарэлiха. Якiя яны да халеры свае! Яблыкi з панскага дрэва.

К а с т у с ь. Яны свае, баба. Яны ўпалi са сваёй яблынi i адкацiлiся на мужыцкую нiву. Чаму ты пайшоў у лес, Вастравух?

Вастравух. Бацька абразiў маю мацi... Ён мяне пракляў, калi я пайшоў у лес. А я не мог не iсцi. Бо гэта такiя, як мой бацька, запраўляюць у воласцi, царкве, судзе, турме. У павеце, губернi, сенаце, на...

К а с т у сь. Стой, Вастравух, далей не трэба... З часам... (Да мужыкоў.) Самi бачыце... Людзей з хворым сумленнем, дзяцей, якiя зразумелi падман бацькоў, вы - сякерай. А падман будзе, калi яны не перамогуць. На вас будзе вiсець! На дзецях вашых! (Паказаў на маладзiцу, якая гадуе грудзямi дзiця.) Ну вось ты... Сын гэта?

Маладзiца. Сын.

К а с т у с ь. Мужык. Падман чыноўнiкаў будзе вiсець i над iм. Будзе ён расцi, твой сын, Яўхiмаў, мой, цароў брат. Будзеш ты яго макам паiць, каб не вякаў, не перашкаджаў жаць чужое поле... Стане хлопчыкам, вучыць трэба. А школа ёсць?

Чортаў Бацька. Раней на стайнi была. Цяпер - у воласцi. Порткi ў руках трымае.

Кастусь. А ўрад адно скубе з вас падаткi. А мiж тым не вы для ўрада. Урад для вас. Без вас яны, няробы, з голаду здохнуць.

Маладзiца. Што ж з iм далей будзе, дзядзька?

Кастусь. А далей пачне яго ўрад вучыць, як жыць. Затлумiць галаву, навучыць пляваць на розум, на цябе, мацi. А захоча праўды - павязуць туды, дзе бабы бялiзну мыюць, а пранiкi на неба кладуць. Мацi прымусяць забыць, сумленне, свой народ.

Сям-там пачынаюць усхлiпваць бабы.

А потым за ўсю працу - крыж струхнелы. I канец.

Каралiна. Iншыя - гавораць. Гэты - як душу аддае.

А р с е н ь. I якую душу...

К а с т у с ь. Не. Ён, i я, i ўсе iншыя такiя паклялiся апошняй клятвай жыццё аддаць, каб твой сын быў шчаслiвы... Ты, Вастравух, жыццё сваё аддаў бы за яго?

Вастравух (проста). Я аддаваў.

К а с т у с ь. Мы ўсе аддаём. Мы часам знемагаем. I я прашу вас, мужыкi Бахарэвiчаў, калi не хочаце самi паўставаць - хаця не перашкаджайце, не дапамагайце свайму i нашаму ворагу.

Чортаў Бацька. Што ж мы, за чужой спiною сядзець будзем?

К а с т у с ь. Сядзiце, калi хочаце. Чыноўнiкi, каб вы нас не падтрымалi, глядзiш, яшчэ i зямлi вам прырэжуць. Узнагародзяць за дурасць... А колькi мужыкоў iдзе з намi! I тут, i на Магiлёўшчыне, i паўсюль. I паўсюль, дзе перамагае iхняя сiла, - у мужыкоў зямля, воля, мова, слава. I няма над iмi нiякай улады, акрамя iхняй справядлiвасцi. Няма ўжо нi чыноўнiка, нi пана, нi хама. Ёсць - Людзi.

Яўхiмiха падыходзiць да Кастуся.

Яўхiмiха. Пакажы вочы. Адкуль жа гэта ты такi адчайны? Ты што, бессмяротны? Мацi не шкадуеш?

Кастусь. Я не памятаю мацi. Рана памёрла. Няма каго шкадаваць. У мяне, жанчына, адна мацi.

Яўхiмiха. Хто?

К а с т у с ь. Наша зямля.

Паўза. Яўхiм раптам з сiлаю ўвагнаў лязо ў пень ля ног Кастуся. Кастусь непарушны. I тут завiрылi людзi вакол Вастравуха, вызваляючы яго.

Вастравух. Што ты хацеў перадаць маiм хлопцам, Кастусь?

К а с т у с ь. Тое i хацеў. Усуперак кiраўнiцтву паўстання - трэба абапiрацца на мужыка.

Вастравух. Бачыў? Галовы сякуць.

Кастусь. I няхай. I менавiта таму - iдзi насустрач. Пераконвай. Без iх - канец.

Арсень з Каралiнай працiснулiся да Кастуся.

Ты, Арсень?

А р с е н ь. Я. (Амаль шэпча.) Слухай мяне, Кастусь. Белы вiленскi ўрад распаўся. Спалохалiся мураўёўскiх шыбенiц. Галава ўрада знiк з Вiльнi ў невядомым кiрунку.

К а с т у с ь. На рэвалюцыях таксама робяць кар'еру.

Каралiна. Я глядзела на вас. Мяркую, вам гэта будзе па плячы... Трэба ехаць туды, ратаваць.

Яны стаяць i глядзяць адно на аднаго. Потым Кастусь працягвае руку.

К а с т у с ь. Кастусь Калiноўскi.

Каралiна. Каралiна Яцына...

К а с т у с ь. Даўно з намi?

Каралiна. З лютага.

Кастусь (з пяшчотай). Паўстанка.

Каралiна. Што вы! Я баюся навальнiц.

А р с е н ь. Нiчога яна не баiцца. Сувязная - якiх мала.

Кастусь. А чаму мяркуеце, што мне трэба ў Вiльню?

Каралiна. Вы ж такi, што самi не ўседзiце...

К а с т у с ь. Кiнуць нельга. А вы хiба застанецеся?

Каралiна. Не... Бадай таксама пайду.

А р с е н ь. Ты нядрэнна трымаўся, чалавеча.

К а с т у с ь. Вось да чаго дайшло, да чаго давялi, да якой цемры, дзiкунства! Якая прорва мiж намi! Як жа нам не ўмяшацца?

Я ў х i м. Бабы нашы тут... разрумзалiся... А я табе не да канца паверыў, атаман. Быў тут адзiн з вашых, напрадвеснi. То ён казаў: "Зямлю- не чапаць! Паноў бессардэчных - не чапаць". Як гэта так?

К а с т у с ь. Паўстанцы таксама розныя. Тыя, што вучылi вас пакоры, раiлi вам не чапаць зямлi, - гэта людзi Белага жонду, а па-нашаму - урада. Яны толькi што ўцяклi з Вiльнi, спалохалiся.

Чортаў Бацька. А вы хто?

Кастусь. А мы не спалохаемся. Мы, чырвоны ўрад, гаворым: зямлю - браць. Паноў лютых - вешаць. I благаслаўляем вас на гэта. Белыя здрадзiлi - выспятка iм. Затое мы - за вас. Да канца.

Натоўп мiж тым выштурхнуў да пня звязанага пана 3 а р у б у. Заруба стаiць, па-маладзецку выпнуўшы жывот.

Яўхiмiха. А вось яшчэ адзiн... З гэтым што рабiць?

К а с т у с ь. Ён хто?

Г а р э л i х а. Ён не з лесу. Ён проста пан.

К а с т у с ь. Вы разбярыцеся справядлiва, людзi!

Заруба глядзiць яму ў вочы i з пагардаю варушыць вусамi.

Хадзем, Арсень.

Каралiна. Я цяпер не хачу сустрэч са сваiмi людзьмi. Таму што за кожнага новага... знаёмага даводзiцца баяцца. Вось цяпер... за вас.

К а с т у с ь. Вы так не хочаце ўраганаў?

Каралiна. Я люблю сонца, Кастусь.

За iхняй спiною загуў натоўп.

Што там такое?

К а с т у с ь. Адвядзi яе, Арсень. Баюся, для таго пана справа скончыцца дрэнна.

Каралiна. I нiчога нельга?.. Ах, гэта... страшна...

Кастусь. Яне ведаю, што гэта за чалавек. Але я пастараюся не даць iм яго. (Iдзе да натоўпу.) Я ў х i м. Адзiн цi два - цару напляваць. А нам лягчэй... Адным над намi - меней!

Зарубу заламiлi за спiну рукi.

Чортаў Бацька. Ражна з'ясi. Мне цяжка нават i курку.

Яўхiмiха (вырываючы з рук мужа сякеру). Дай мне... Я пакажу гэтаму панку.

Я ў х i м (зноў вырываючы сякеру). Пабойся бога, баба, як з табою мне пасля такога спаць?

Яўхiмiха. Не наспаўся? Васьмёх дзяцей прыжыў, а тут будзе чувырла варацiць. Сякеру давай!

Я ў х i м. Адкаснiся... Што, нiхто не хоча? Вiдаць, што мне трэба. (Папляваў на рукi.) Малiся, пан.

3 а р у б а (насмешлiва). На каго малiцца? На цябе, басурман ты мардасты? Бачыце, дарваўся. Хоча звязанага Зарубу зарубiць. Каб з цябе на тым свеце чэрцi ўвесь час капусту шаткавалi.

Смяшок у натоўпе.

Каб яны з цябе калоду драбiлi дровы секчы, каб з цябе ўжо. Каб твая жонка замест дзевятага вырадка ахапак крапiвы нарадзiла.

Чортаў Бацька. Справа не з цяжкiх. Народзiць.

3 а р у б а. Дзевятага дурня... У бацьку пойдзе. Прыснiся такi Барданос - памрэш у сне ад жаху.

Рогат.

Гэй вы, мякiнныя галовы, гродзенскiя гракi, бручкаеды, бульбаглоты, глядзiце, як памiрае беларускi дваранiн, тысячу д'яблаў i пудовую свечку кожнаму з вас...

Рогат.

Гарэлiха. Чаго ж ты лаiссi, чаго?!

3 а р у б а. З вамi iначай - як? Вы ж, халеры, i памерцi, як я, не сумееце.

Я ў х i м. Заторкнiся!

3 а р у б а. Гэта часам не ты, Яўхiм, сваю варону ў Вiльнi пазнаў?

Яўхiмiха. Не руш мужыка!

3 а р у б а. Гэта часам не ты па бабскiм сваiм разуменнi свiнню за губернатара палiчыла?

Рогат.

I цi не ты гэта, Гарэлiха, на ўвесь вялiкi пост пеўня ад курэй адсаджвала, каб не грашыў, а потым здзiўлялася, чаго гэта пад квактухай адны баўтуны?

Гарэлiха. Цьху!

Я ў х i м. Досыць.

Зарубу цягнуць да пня.

3 а р у б а. I цi не вы гэта ўсе, скупеча ненажэрная, тэльбушына прагная, караля не еўшы спаць паклалi?.. (Перад плахай.) Стой. Пусцiце рукi. Глядзi, Беларусь, як памiраюць твае фанфароны-рыцары! Пляваць iм на гэтыя пасконныя пузы. Не баялiся каралёў - не збаiмося кароў... Гэй, божа ласкавы, падрыхтуй там для свайго Зарубы кварту мёду ды пару грэшнiц з пекла выпусцi... Га? Як для пакутнiка...

Сеў, абхапiў пень нагамi. Мужыкi з нейкiм нават спачуваннем ляпаюць яго па спiне. Чуваць выгукi: "Нiчога, хлопча"; "Не палохайся"; "Гэта ў нас хутка". Паспрабавалi нахiлiць яму галаву.

Прэч! Я на каленi не стаў. То i пню сам пакланюся. Лепей дубоваму пню, чым вам, пням стаяросавым.

Кастусь. Чакайце, мужыкi... Чортаў Бацька, я вам гэтага чалавека не дам...

Чортаў Бацька. Гэ-эх... (Голасна.) Гэй, Гарэлiха!

Гарэлiха. Чаго ты яшчэ, чаго ты лопаiссi, п'янюга?

Чортаў Бацька. Можа б, i ты з iм?

Гарэлiха. Чаго гэта?

Чортаў Бацька. Хоць з панам разам паляжыш. Унукi ганарыцца будуць.

Рогат.

Во, маўляў, у нас бабця была.

Г а л а с ы. Давай, Гарэлiха! Карыстайся! А можа, даць iм часу да ранiцы?

3 а р у б а (узняў галаву). З гэтай? Свят-свят-свят! (Паклаў галаву.) Сячыце лепей адразу, чым такую пакуту мець.

Дабрадушны рогат.

Рагочуць. У дурня i песня дурная.

Я ў х i м. Чаго гэта мы - дурнi?

3 а р у б а. А то разумныя?.. Сядзеў я на вас задам, а сячэце вы мне чамусьцi галаву.

Г а л а с ы. Га-га-га, го-го-го, гык-гык-гык!