Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Кастусь Каліноўскі пьеса.doc
Скачиваний:
7
Добавлен:
04.03.2016
Размер:
456.7 Кб
Скачать

Карціна трэцяя

Пакоі ў кватэры Ю з э ф ы Я н е в і ч. Куток прыхожай, у якой сядзіць Ч о р т а ў Б а ц ь к а, і гасціная. У гасцінай Кастусь, Караліна, Арсень, Пасланец Белага жонду. Гаспадыня кватэры сядзіць у крэсле, такая ўладная, што здаецца – пад ёю не крэсла, а трон. Кульмінацыя спрэчкі.

К а с т у с ь. Мы з вамі не будзем, панове белыя. Не!

Пасланец. Як хочаце. Але варшаўскі Белы жонд забараняе вам рабіць стаўку на хамаў...

А р с е н ь. Вашай забаронай мы...

Я н е в і ч. Арсень, ты што, дзетухна, у карчме?

А р с е н ь. Прабачце, цётка Юзэфа... Але яны – лішнія. Стаўленікі іхнія кінулі нас, а яны цяпер “забараняюць”.

Я н е в і ч. А яны, дзетухна, не кінулі. Яны проста ў разгар бунту ўспомнілі, што ў Парыжы не бывалі. Дай, думаюць, з’ездзім.

Пасланец. Ваш мужык – хам, здраднік. Яго радзіма там, дзе ён кучу гною растрасе. Пляваць ён на астатняе хацеў.

К а с т у с ь. Гэта стагоддзі вашага панавання зрабілі яго такім.

Я н е в і ч. Адсталыя, любчык, людзі. Немудрагелістыя, як барана. Пытаюся я нядаўна ў вясковага хлопчыка, чым яны пысы выціраюць, як памыюцца. А ён мне: “Татка рукавом, мамка – падалом, а я – сам сохну”. Вось і растлумач ім, што ўсе яны цяпер вольныя, як старапольская шляхта.

К а с т у с ь. Але ён устае, мужык радзімы. I калі вы не будзеце з ім – ён вас выкіне.

Пасланец. Такое паўстанне нам непатрэбна. Мужык лезе ў яго бруднымі лапамі, а не лезе, дык прадае.

Я н е в і ч. Дзіўна. Тысячу год камандавалі – і не абрыдла ім!

Пасланец. Дваране ўмеюць ваяваць.

Чортаў Бацька (голасна). Яшчэ б, усе продкі разбойнічалі.

Пасланец. Яны ваююць лепш за мужыкоў.

К а с т у с ь. Правільна. Сядзяць у лесе чалавек сорак. Хваляцца: “Я, бывала, як налячу на сотню казакоў з шабляй, дык усё палавінкі-палавінкі-палавінкі”. Аж тут прыбягае вартавы: “Панове, казакі!” – “Колькі?” – “Пяць”.– “Уцякай-ма!”

Пасланец. Дваране! Чуеце, што ён кажа, гэты пёс? Героі, пакутнікі, чуеце? Дзе ваша мужная безнадзейнасць?!

Я н е в і ч. Прыгожа як! Маткам іхнім радасць якая!

А р с е н ь. Досыць істэрык.

Пасланец (амаль суха). Мы не дазволім вам ставіць вашы беларускія інтарэсы вышэй інтарэсаў вялікай Польшчы: да Смаленска і Кіева... Толькі з намі – іначай мы вам...

Чортаў Бацька. З кулька ў дзяружку.

Пасланец. I не смейце нават заікацца аб нейкай аўтаноміі.

К а с т у с ь. Мы не заікаемся. Мы крычым аб правах і можам нават ударыць за іх. Бо адбуджаецца свабодны народ.

Пасланец. Замест радзімы – трыумфуючы хам.

Кастусь. У нас свая радзіма.

Пасланец. Замест легенды – валока зямлі, замест рыцара – беларускі смерд, замест залатога сцяга нашага – ануча.

К а с т у с ь. Гэта што, вельмі жахліва?

П а с л а н е ц. Нездарма, відаць, адзін з бясконцых вашых псеўданімаў – Хамовіч.

I тут раптам устае Караліна.

Караліна (ціха). А які псеўданім прыдумаць вам? Бізуновіч? Цемрашал? Посцілка-Здрадовіч?.. Не смейце нават глядзець на гэтых людзей, бо за іх любіш зямлю. А зямлю любіш за тое, што яны ёсць на ёй...

Яневіч глядзіць на яе.

Пасланец. Ах, якія крылатыя!

Караліна. І ў вас крылы. Толькі вы імі савіху ў цёплым гняздзе прыкрываеце. А ім яны – для палёту. Яны – суровыя. Што ім пяшчота і ўсмешкі, калі яны ўсё аддалі другой?

А р с е н ь. I досыць жартаў! Малахоўскі меў рацыю. Няхай такія, як вы, хрыпяць на шыбеніцы перад ранейшымі сваімі неграмі.

Я н е в і ч (устае, ціха). Вы тут крычалі аб Польшчы. Я – полька. I я ганаруся гэтым. (На Кастуся.) А ён тутэйшы. (На Караліну.) I яна. I яны, разам з палякам Серакоўскім, бліжэй мне, чым вы. (Цяпер яна велічная, амаль страшная.) Польшча павінна быць вялікай. Але яна такой не будзе, пакуль вы не зразумееце, што яны не смерды, не рабы, а сябры, суседзі, якія маюць права на шчасце. Не зразумееце – будуць вас нішчыць, як нішчылі сто разоў. Не захочаце зразумець... Пархвен!

Чортаў Бацька (з’яўляючыся). Га!

Я н е в і ч. Не захочаце зразумець – загадаю Бабаеду выкінуць вас у акно. Ідзі, Пархвен... Ён не будзе.

Пасланец (цішэй). Вас будуць біць.

К а с т у с ь. Пакуль – мы б’ём.

У прыхожай званок. Чортаў Бацька прапускае дваіх людзей, захутаных у плашчы.

Чортаў Бацька. Каго любіш?

Марцявічус. Люблю Беларусь.

Чортаў Бацька. То ўзаемна. Што перадаць?

Марцявічус шэпча яму нешта на вуха. Чортаў Бацька ідзе ў гасціную.

Чортаў Бацька. Пані Яневіч... Кастусь... Там нейкі Парафіяновіч.

Пасланец. Хто?

А р с е н ь (ціха). Вітаўт Парафіяновіч.

Чортаў Бацька.Ізім яшчэ чалавек. Амаль за рукаў яго цягне... Кажуць, “надзвычайныя” весткі.

Я н е в і ч. Вядзі.

Чортаў Бацька выходзіць у прыхожую.

Чортаў Бацька (Вітаўту). Здымі плашч.

В і т а ў т. Ты мне не загадвай – здымаць ці не здымаць.

Марцявічус (глуха з-пад капюшона). Пакінь яго. Там, відаць, паненкі, а ён ведае, што ў плашчы ён больш эфектны... Крылаты серафім...

В і т а ў т. Памаўчаў бы. (Глядзіць на Чортавага Бацьку.) Мужык. Людзьмі аскудзелі, ці што?

Чортаў Бацька. Ты, здаецца, казаў, што Беларусь любіш?

В і т а ў т. Ну...

Чортаў Бацька (амаль сурова). То і я... паныч... яе люблю.. Давеку.

Заводзіць абодвух у пакой.

К а с т у с ь. Вітаўт, ты? Здорава як!

В і т а ў т. Вечар добры, Кастусь... Да ручак, пані Яневіч... Шчасліва, Арсень... Добрага сонца... дзяўчынка...

Паўза.

К а с т у с ь. Вітаўт, што здарылася?.. Адказвай...

В і т а ў т. Даношу аб разгроме. Паўстання на Магілёўшчыне больш не існуе.

Караліна. Што?.. Як?..

В і т а ў т. Не ведаю. Пярэдняму краю цяжка...

Караліна. Цяпер паўсюль пярэдні край.

Кастусь. А дзе атрады Раўбіча, Грынкевіча, Загорскага?

В і т а ў т. Бадзяюцца недзе, але арміі няма.

Паўза.

Вы, спадзяюся, не сумняваецеся ў маёй смеласці?

А р с е н ь. Хлапецтва! Пры чым твая смеласць?.. Разгро-ом.

Пасланец. Нясцерпна. Але што я вам казаў?

А р с е н ь. Знойдзеш сілу хвіліну памаўчаць?

Пасланец. Непрыемна? Закруціліся?