Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
СЭГ РБ - вытрымкі са школьнага падручніка - 2005.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
29.05.2017
Размер:
724.99 Кб
Скачать

§ 6.10. Сельская гаспадарка

Сельскагаспадарчая вытворчасць – старэйшая і важнейшая галіна народнай гаспадаркі. Ад узроўню яе развіцця залежыць харчовая бяспека краіны. Яна забяспечвае асноўную масу сыравіны для харчовай прамысловасці і часткова для лёгкай. Сельскагаспадарчае машынабудаванне і прамысловасць мінеральных угнаенняў забяспечваюць сельскую гаспадарку сродкамі вытворчасці. Спецыялізаваныя прадпрыемствы і арганізацыі абслугоўваюць патрэбы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у рамонце машын, вапнаванні глеб, меліярацыі, будаўніцтве і г.д. Шэраг навучальных устаноў рыхтуюць кадры для сельскай гаспадаркі, а навукова-даследчыя займаюцца распрацоўкай новых тэхналогій вырошчвання раслін і гадоўлі жывёлы, вывядзеннем новых сартоў і парод.Усё гэта сведчыць аб фарміраванні ў Беларусі міжгаліновага аграпрамысловага комплекса(мал.

6. 27). Галіна спецыялізуецца на вытворчасці малака, мяса, бульбы і лёну.

Факт для роздуму: на долю сельскай гаспадаркі Беларусі прыпадае больш за 10% валавога ўнутранага прадукту, звыш 15% асноўных вытворчых фондаў і вытворчасці прадукцыі і паслуг, у ёй заняты 12% працаздольнага насельніцтва краіны.

Сельская гаспадарка Беларусі мае шматгаліновую структуру. Раслінаводствазаймаецца вырошчваннем збожжавых, тэхнічных і кармавых культур, бульбы, садавіны і агародніны. Ужывёлагадоўлінайбольшае распаўсюджванне атрымалі гадоўля буйной рагатай жывёлы, свінагадоўля і птушкагадоўля, традыцыйнымі з’яўляюцца авечкагадоўля і пчалярства, у апошнія дзесяцігоддзі пашырыліся зверагадоўля і рыбагадоўля. Суадносіны паміж раслінаводствам і жывёлагадоўляй у вытворчасці прадукцыі складаюць 1 : 0,8; іх удзельная вага – 55% і 45% адпаведна, але ў таварнай прадукцыі* пераважае жывёлагадоўля, бо значная частка прадукцыі раслінаводства спажываецца на месцы вытворчасці.

Зямля – асноўны сродак вытворчасці ў сельскай гаспадарцы, прычым пры добрых адносінах да зямлі яе якасці не змяншаюцца, а наадварот, растуць. Гэтыя якасці праяўляюцца праз урадлівасць глебы. Чым вышэй урадлівасць, тым большы ўраджай і прыбытак можна атрымаць. Урадлівасць глебы можа быць прыроднай, а можа – штучнай (эканамічнай). Тэрыторыі з большай урадлівасцю глебы лепш асвоены, для іх характэрны большая доля ворных зямель. Добра асвоена ў сельскагаспадарчых адносінах Аршана-Магілёўская раўніна, Капыльская града, Мінскае, Ваўкавыскае, Аршанскае ўзвышшы, Загароддзе. У цэлым шэрагу адміністрацыйных раёнаў доля сельскагаспадарчых угоддзяў у агульнай зямельнай плошчы складае 70 – 75% і вышэй: Капыльскі, Нясвіжскі, Клецкі, Зэльвенскі, Шклоўскі, Горацкі, Мсціслаўскі, Карэліцкі, Аршанскі раёны. У той жа час у нізінных палескіх балотна-лясных раёнах (Лельчыцкі, Ганцавіцкі, Івацэвіцкі, Петрыкаўскі. Жыткавіцкі) або паўночных азёрна-лясных раёнах (Полацкі, Расонскі, Верхнядзвінскі) доля сельскагаспадарчых зямель не перавышае 30 – 35%.

Факт да роздуму: зямельны фонд Беларусі складае 20760 тыс. га, плошча сельскагаспадарчых зямель – 9205 тыс. га, лясных зямель – 8571 тыс. га, балот – 934 тыс. га; пакрыта вадой – 476 тыс. га; пад збудаваннямі – 330 тыс. га; дарогі, прагоны, просекі займаюць 358 тыс. га, а вуліцы, плошчы і інш. месцы агульнага карыстання – 153 тыс. га; на іншыя землі прыходзіцца 733 тыс. га.

У залежнасці ад прыродных умоў, асвоенасці тэрыторыі і іншых фактараў фарміруецца структура сельскагаспадарчых зямель, якая з цягам часу можа змяняцца. Неаднолькавая яна і ў асобных частках краіны (абласцях, раёнах, сельскагаспадарчых прадпрыемствах і г.д.). У цэлым па краіне пераважаюцьворныя землі(інакш: ворыва, ралля), на долю якіх прыходзіцца каля 63%, і зноў жа існуюць тэрытарыяльныя адрозненні ў велічыні гэтага паказчыка. Пры зніжэнні долі ворыва ў структуры сельскагаспадарчых угоддзяў расце доля натуральных кармавых угодззяў (сенажацяў і пашы). Гэтае хістанне не ўплывае істотна на ўдзельную вагу зямель, занятых пастаяннымі культурамі (мал. 6.28).

Раслінаводства на Беларусі заўсёды было галоўным заняткам сялян, вырошчваннем асобных культур займаліся і ў гарадской мясцовасці. Ворныя землі размяркоўваюцца пад пасевы розных сельскагаспадарчых культур, суадносіны ж паміж асобнымі групамі культур мяняюцца па тэрыторыі і ў часе (мал. 6.29).

У раслінаводстве Беларусі найбольшае значэнне мае збожжавая гаспадарка, г. зн. вырошчванне збожжавых і зернебабовых культур. Ад якасці і колькасці збожжа залежыць не толькі забеспячэнне насельніцтва харчовымі хлебнымі прадуктамі, але і вытворчасць канцэнтраваных і грубых кармоў для жывёлагадоўлі, узмацненне эканомікі гаспадарак.

Збожжавыя культуры вырошчваюцца ва ўсіх адміністрацыйных раёнах, доля іх змяняецца ў залежнасці ад прыродных умоў, яны фарміруюць спецыялізацыю сельскай гаспадаркі. Найбольшая доля збожжавых культур у пасевах характэрна для раёнаў у цэнтры і паўднёвым усходзе Беларусі. Іх удзельная вага тут складае звыш 45%. У цэлым жа па Беларусі гэты паказчык у сярэднім за некалькі гадоў складае 42%, у 1985 г. ён быў 45%. Пераважаюць пасевы яравых культур, але іх плошчы ненамнога большыя за азімых збожжавых. Сярод асобных збожжавых культур найбольш пашыраны яравы ячмень (амаль 30% пасеваў). На другім месцы знаходзіцца старажытнае для беларускіх зямель азімае жыта (27%). Далей размясціліся азімая пшаніца (16%), авёс (11%) і зернебабовыя (каля 8%). У апошнія гады растуць пасевы трыцікале, або пшанічна-жытніх гібрыдаў. Сеюцца пераважна высокаўраджайныя раянаваныя сарты збожжавых і зернебабовых кульур.

Геаграфія пасеваў збожжавых культур характарызуецца наступным чынам. Жыта – найбольш устойлівая для прыродных умоў Беларусі культура. Яна лёгка пераносіць неспрыяльнае надвор’е, нізкую ўрадлівасць глебы і яе кіслотнасць, добра адгукаецца на ўгнаенні. Найбольшая шчыльнасць пасеваў жыта на поўдні краіны, у раёнах Брэсцкай і Гомельскай абласцей.

Самая каштоўная харчовая культура – пшаніца.Яна патрабавальная да цяпла, вільгаці, урадлівасці глебы і агратэхнікі вырошчвання. Па плошчы пасеваў нязначна вылучаецца яравая пшаніца. Найбольш значныя пасевы пшаніцы прымеркаваны да раёнаў з лепшымі глебавымі ўмовамі ў Гродзенскай, Мінскай і Брэсцкай абласцях.

Ячмень - адна з самых высокаўраджайных і скараспелых збожжавых культур. Яго пасевы на Беларусі значна пашырыліся пасля 60-х гг. ХХ стагоддзя. Культура мае выдатныя кармавыя якасці. Для свайго вырошчвання, як і пшаніца, патрабуе высокаўрадлівыя глебы і інтэнсіўныя тэхналогіі. Найбольшыя плошчы займае ў цэнтральнай, усходняй і паўночна-усходняй частцы Беларусі.

Пераважна кармавая культура – авёс, патрабавальны да вільгаці і халаднаватага надвор’я, высяваецца раней за іншыя яравыя збожжавыя. Вырошчваецца паўсюдна, але канцэнтрацыя пасеваў большая на поўначы краіны.

На паўднёвым усходзе Беларусі традыцыйнай крупяной культурай доўгі час была грэчка. У дарэвалюцыйныя гады па плошчы пасеваў тут яна саступала толькі жыту. Але з тых часоў яе ўраджайнасць у адрозненне ад іншых збожжавых культур амаль не вырасла, таму плошча яе пасеваў скарацілася ў дзесяткі разоў. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС прывяла да радыяцыйнага забруджвання асноўнай тэрыторыі распаўсюджвання пасеваў гэтай культуры, якая назапашвае ў сваім зерне радыёнукліды. Гэта – другая прычына скарачэння пасеваў грэчкі.

На асушаных тарфяніках Палесся адноўлены пасевы просаЗ зернебабовых харчовых культур галоўнай культурай з’яўляеццагарох.

Беларусь у цэлым забяспечвае сябе ўласным збожжам. У краіну завозяцца толькі асобныя яго віды (пшаніца цвёрдых і дужых сартоў, рыс, грэчка, проса і інш.), для вырошчвання якіх прыродныя ўмовы не вельмі прыдатныя ці увогуле непрыдатныя. А такія віды збожжа як жыта, ячмень, авёс Беларусь можа вывозіць у другія краіны. Асноўная ж праблема збожжавай гаспадаркі крыецца ў значных тэрытарыяльных хістаннях ва ўраджайнасці культур.

Бульбаводства– адна з галін спецыялізацыі сельскай гаспадаркі Беларусі. Гэта універсальная культура, якая выкарыстоўваецца ў харчаванні людзей, кармленні жывёлы, як сыравіна для прамысловасці. У Беларусі бульба знайшла другую радзіму, бо вядома, што культура мае паўднёва-амерыканскае паходжанне. Лёгкія па механічнаму складу глебы, аптымальныя цеплавы і водны рэжым тэрыторыі, наяўнасць працоўных рэсурсаў, якія вельмі хутка засвоілі асаблівасці вырошчвання бульбы, спрыялі пашырэнню гэтай культуры менавіта тут. Ва ўсіх краінах СНД укаранілася думка аб тым, што беларусы – лепшыя спецыялісты па вырошчванні бульбы, якая стала іх “нацыянальнай” культурай.

Больш за 600 тыс. гектараў займае “бульбяное поле” Беларусі. У сярэднім ураджайнасць складае 140-150 цэнтнераў з гектара, але ў многіх мясцінах яна даходзіць да 500-600 і нават больш цэнтнераў з гектара. Пасевы бульбы ў асабістых гаспадарках насельніцтва, у фермераў у 7-8 разоў большыя па плошчы, чым у сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Больш за 90% вытворчасці бульбы прыходзіцца менавіта на прыватныя і асабістыя гаспадаркі.

Пасевы бульбы канцэнтруюцца на ўсходзе Гродзенскай, поўдні Мінскай і паўночным усходзе Брэсцкай абласцей, дзе аптымальна спалучаюцца мяккі клімат, акультураныя лёгкасугліністыя і супясчаныя глебы і маецца адносна многа працаўнікоў.

Па зборы бульбы ў разліку на аднаго чалавека Беларусь займае адно з першых месц у свеце (700-800 кілаграмаў). Краіна штогод дае 3-4% сусветнага збору гэтай культуры, яна поўнасцю забяспечвае свае патрэбы ў харчовай бульбе, значную яе колькасць экспартуе. Каля 1/4 ураджаю выкарыстоўваецца на харчовае спажыванне, перапрацоўваецца ў прамысловасці 1/3, столькі ж ідзе на кармленне жывёлы. Сучаснае бульбаводства – адна з прыярытэтных сельскагаспадарчых галін, якая падмацавана дасягненнямі айчыннай навукі.

Агародніцтваразвіваецца пераважна ў прыгарадных зонах Мінска, Гомеля, Магілёва, Віцебска, Брэста, а таксама ў сыравінных зонах буйных агароднінаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Гэта адна з нямногіх галін, дзе за 1985 – 2003 гг. адбываўся пастаянны рост валавых збораў – з 828 тыс. т да 2002 тыс. т. У адкрытым грунце вырошчваюць капусту, моркву, буракі, агуркі, памідоры, цыбулю, часнок, радыску, зялёны гарошак. Агародніцтва ахаванага грунту ў цяпліцах і парніках пераважна спецыялізуецца на вырошчванні ранніх агуркоў, памідораў, салаты і цыбулі на пер’е. Значная доля збораў прыпадае на прысядзібныя ўчасткі грамадзян, даволі высокая прадукцыйнасць агародніны ў фермерскіх гаспадарках. Найбольшыя прадпрыемствы па вырошчванні агародніны Ждановіцкі цяплічны камбінат і Мінская агароднінная фабрыка.

Ва ўмовах Беларусі тэхнічныя культуры ў параўнанні з іншымі групамі культур займаюць невялікія плошчы. Вырошчваюцца ўсяго некалькі культур, сярод якіх найбольш старажытная і традыцыйная –лён-даўгунец. Ільнаводства здавён існавала тут для атрымання валакна для вырабу тканін, яны і цяпер карыстаюцца попытам. Па шэрагу прычын, галоўнай з якіх з’яўляецца недахоп працоўных рэсурсаў у льносеючых раёнах, пасяўныя плошчы скараціліся ў параўнанні з 1985 г. у 2,6 разы і цяпер у сярэднім складаюць 75 тысяч гектараў. Зразумела, што зменшыліся і валавыя зборы (у сярэднім да 32 тыс.т). Але гэта змяншэнне адбылося не толькі з-за недахопу працоўных рэсурсаў. У Гомельскай, Магілёўскай і часткова Брэсцкай абласцях, дзе назіралася найбольшае падзенне валавых збораў ільнавалакна, паўплывала радыяцыйнае забруждванне тэрыторыі.

Найбольшая канцэнтрацыя лёну ў Віцебскай, на поўначы Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей, дзе халаднаватае і вільготнае лета са значнай колькасцю пахмурных дзён, спрыяльныя для лёну-даўгунцу сугліністыя і супясчаныя глебы. Ільнаводства тут з’яўляецца галіной спецыялізацыі сельскай гаспадаркі.

Другой па значэнні тэхнічнай культурай у Беларусі выступае адносна новая культура – цукровыя (фабрычныя) буракі. Хаця культура для патрэб цукровай прамысловаці пачала вырошчвацца з сярэдзіны Х1Х стагоддзя, усё ж развіццёбуракаводстванеабходна звязваць з 50-х гг. ХХ стагоддзя, калі сталі будавацца буйныя цукровыя заводы. У апошнія гады ў сярэднім пасяўныя плошчы цукровых буракоў складаюць звыш 55 тысяч гектараў, што амаль адпавядае ўзроўню 1985 г. Буракі належаць да самых высокаўраджайных культур – ад 200 да 300 цэнтнераў з гектара. Іх пасевы сканцэнтраваны ў 28 адміністрацыйных раёнах вакол цукровых заводаў і прымеркаваны яны да сугліністых і супясчаных мінеральных і асушаных і акультураных тарфяна-балотных глеб. Дзяржаўнай праграмай прадугледжана значнае пашырэнне плошчаў пад цукровымі буракамі для змяншэння залежнасці краіны ад імпарту сыравіны.

Факт да роздуму: глебава-кліматычныя ўмовы не самыя спрыяльныя для цукровых буракоў, якія патрабуюць вельмі высокую ўрадлівасць глебы, шмат сонечнай энергіі, многа вільгаці, інтэнсіўнай агратэхнікі вырошчвання (апрацоўка глебы, угнаенні, барацьба з пустазеллем, прарыўка, праполка і г.д.). У Беларусі выхад цукру ў разліку на 1 га пасеваў складае 3 – 3,5 т, у той час як на Украіне – 7 – 8 т. Сабекошт прадукцыі у 2 разы вышэй, чым на Украіне і ў Малдавіі, у 1,5 разы вышэй, чым у Казахстане. Сабекошт атрымоўваемага цукру на 45 – 60% таксама вышэйшы ў параўнанні з пералічанымі краінамі.

У якасці тэхнічнай культуры ў шэрагу гаспадарак вырошчваецца рапс, з насення якога атрымліваюць алей. У параўнанні з 1985 г. плошчы пасеваў культуры павялічыліся больш чым у 30 разоў, але ў апошні час яны пачалі зніжацца таксама хутка. Найбольшую долю ў пасевах тэхнічных культур рапс займае ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях (40 – 45%), а вось па плошчы яго пасеваў пераважаюць Брэсцкая і Гродзенская вобласці.

З іншых тэхнічных культур, што вырошчваюцца ў Беларусі, можна назваць хмель, лекавыя і эфірнаалейныя культуры, але іх плошчы нязначныя.

Садоўніцтваразвіваецца пераважна ў калектыўных гаспадарках, садовых таварыствах і на прысядзібных землях. Агульная плошча пладова-ягадных насаджэнняў складае 100 тыс. гектараў, а валавы збор пладоў і ягад 350 – 400 тыс. т. Сучасны кірунак развіцця – інтэнсіўнае садоўніцтва, што прадугледжвае выкарыстанне нізкарослых насаджэнняў (вышыня 1,5 – 3 м), якія пачынаюць пладаносіць на 2 – 3 год пасля пасадкі.

Найбольш пашыраныя на Беларусі пладовыя дрэвы – яблыня і сліва, парэчкі, агрэст, маліна, трускалкі. У аматарскім садоўніцтве сустракаюцца абрыкосы, суніцы, грэцкія арэхі, вінаград, шэраг рэдкіх відаў дрэў і кустоўя.

Найбольш спрыяльныя для садоўніцтва ўмовы ў паўднёва-усходніх раёнах Гомельскай вобласці, але там высокі ўзровень радыёнукліднай забруджанасці. Асноўныя ж пастаўшчыкі садавіны і ягад – гаспадаркі з вытворчасцю закончанага цыклу (вырошчванне, захоўванне, таварная апрацоўка, перапрацоўка): “Расвет” і “Беражное” ў Брэсцкай вобласці, “Прагрэс” у Гродзенскай воблавсці, “Зубкі”, “Клецкі” ў Мінскай вобласці, “Чырвоная Ніва” ў Віцебскай вобласці.

Аб’ёмаў вытворчасці пладоў і ягад умераных шырот не хапае для забеспячэння насельніцтва, таму іх частка завозіцца з Малдовы, Украіны, Польшчы.

Кармавытворчасцьва ўмовах Беларусі – адна з галоўных галін сельскай гаспадаркі, якая займаецца вырошчваннем кармавых культур, падрыхтоўкай, перапрацоўкай і захаваннем кармоў для жывёлагадоўлі. Галіна складаецца з палявой, лугавой і прамысловай вытворчасці. Яна ўключае вытворчасць кармоў з натруальных і сеяных сенажацей. Пасевы палявых кармавых культур на сена, сянаж, зялёны і сакавіты корм, розныя адходы.

Увесь пасляваенны час павялічваецца доля кармавых культуру палявым севазвароце. Па займаемай пасяўной плошчы (2,5 млн. га) кармавыя культуры супараўнальныя з плошчай, якую займаюць збожжавыя і зернебабовыя культуры, а ў шэрагу раёнаў яны знаходзяцца на першым месцы. Амаль палову пасяўной плошчы яны займаюць у Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях.

На палях вырошчваюць канюшыну, люцэрну, віку, сырадэлю, кукурузу на сілас, азімы рапс, кармавыя буракі, кармавы лубін, турнэпс і інш. Пераважаюць жа ў пасевах шматгадовыя травы (канюшына, цімафееўка), якія ў асноўным ідуць на вытворчасць сена, сенажу, травяной мукі і на зялёны корм.Аднагадовыя травы(віка, лубін, сырадэля, райграс аднагадовы) выкарыстоўваюцца на сілас і зялёны корм.

У грамадскіх гаспадарках нарыхтоўваецца 8 – 10 млн. т кармоў, у тым лдіку 5 млн. т – травяных). Для гэтых мэт выкарыстоўваецца ад 65% да 80% сельскагаспадарчых угоддзяў.

Большая частка шматгадовых траў вырошчваецца ў паўночнай зоне, у асноўным у Віцебскай вобласці, дзе пераважае чырвоная і ружая канюшына. У Палессі пашыраны лубін і цімафееўка, на паўночным захадзе, захадзе і поўдні – пасевы кукурузы на сілас.

Важная роля ў стварэнні трывалай базы для жывёлагадоўлі належыць натуральным сенажаці і пашы. Асабліва гэта тычыцца гадоўлі буйной рагатай жывёлы. Для гэтага створана спецыялізаваная галіна раслінаводства – лугаводства, якая забяспечвае вытворчасць сена, сенажу, сіласу, травяной мукі, зялёных і пашавых кармоў, спрыяе адпасу.

Пытанні для самападрыхтоўкі:

1. Чаму ў Беларусі склалася спецыялізацыя “малочная і мяса-малочная жывёлагадоўля, бульбаводства і льнаводства”? 2. Чым можна растлумачыць вялікае значэнне збожжавай гаспадаркі? 3. Якія фактары спрыяюць развіццю бульбаводства і льнаводства і якія не спрыяюць? 4. Чаму агародніцтва канцэнтруецца у асноўным у прыгараднай зоне буйных гарадоў? 5. Ці можа раслінаводства забяспечыць патрэбы дзяржавы ў поўным аб’ёме?