Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
СЭГ РБ - вытрымкі са школьнага падручніка - 2005.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
29.05.2017
Размер:
724.99 Кб
Скачать

§ 6.11. Геаграфія галін жывёлагадоўлі.

Жывёлагадоўлядае самыя высокакаларыйныя прадукты харчавання – малако, мяса, яйкі, - сыравіну для харчовай прамысловасці. Для некаторых галін лёгкай прамысловасці яна пастаўляе воўну, шчацінне, скуры, мех. Развіваецца ў цеснай узаемасувязі з раслінаводствам. Прыроднай асновай развіцця жывёлагадоўлі з’яўляюцца натуральныя заліўныя і сухадольныя лугі, аблогі, балоты, хмызнякі. Іх удзельная вага ў плошчы сельльскагаспадарчых угоддзяў у цэлым па краіне складае 1/3, але яна значна павышаецца ў межах Палескай нізіны. У асобных месцах доля натуральных сенажацяў і пашы складае каля паловы усёй плошчы сельскагаспадарчых угоддзяў, што спрыяе развядзенню буйной рагатай жывёлы і авечкагадоўлі.

Сельская гаспадарка Беларусі мае жывёлагадоўчую спецыялізацыю. На долю гэтай галіны прыпадае больш за 40% прадукцыі сельскай гаспадаркі, але ў таварнай прадукцыі яе доля значна большая (каля 80%) з-за таго, што значная колькасць прадукцыі раслінаводства спажываецца вытворцамі для развіцця жывёлагадоўлі.

У былым СССР Беларусь займала адно з першых месц па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. І цяпер па вытворчасці мяса на душу насельніцтва краіна апярэджвае ўсе былыя саюзныя рэспублікі, а па малаку саступае толькі Літве. У структуры мясной прадукцыі амаль палова прыходзіцца на свініну (мал. 6.33). Больш развіта жывёлагадоўля ў Гродзенскай, Брэсцкай і на захадзе Мінскай абласцей.

Асноўная галіна жывёлагадоўлі – гадоўля буйной рагатай жывёлымалочных і малочна-мясных парод. Ялавічына належыць да каштоўных і найбольш запатрабаваных відаў мясной прадукцыі, таму развядзеннем буйной рагатай жывёлы займаюцца паўсюдна. Аднак шчыльнасць жывёлы ў разліку на 100 га сельскагаспадарчых угоддзяў найбольшая ў Гродзенскай, Брэсцкай і часткова Мінскай абласцях. У гэтых рэгіёнах больш высокія паказчыкі прадукцыйнасці жывёлагадоўлі. Больш за ўсё гадуюць жывёлу чорна-пярэстай пароды малочнага накірунку, якая найбольш прыстасавана да мясцовых умоў.

Існуе пэўная спецыялізацыя ў гадоўлі буйной рагатай жывёлы. На яе ўплываюць асаблівасці кармавой базы. На поўначы Беларусі больш спрыяльныя ўмовы для развіцця мяса-малочнай жывёлагадоўлі, на поўдні – пераважае вытворчасць мяса. Вакол буйных гарадоў гаспадаркі спецыялізуюцца на вырабе малака. На астатняй тэрыторыі малочна-мясны напрамак спалучаецца з мяса-малочным.

У савецкі перыяд створаны буйныя прадпрыемствы па вытворчасці малака і адкорму буйной рагатай жывёлы. Іх цяпер налічваецца больш за 150.

Факт да роздуму: на 100 га сельскагаспадарчых угоддзяў у 2003 г. ва ўсіх катэгорыях гаспадарак прыпадала па 44,2 галавы буйной рагатай жывёлы, атрымана 2,4 т мяса, 52,7 т малака. Найбольшыя прадпрыемствы па вытворчасці малака налічвалі па 800 – 1200 і 2 тыс. галоў, комплексы па адкорме 6 – 10 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы.

Другая па значэнні галіна жывёлагадоўлі – свінагадоўля, якая ва ўмовах Беларусі непасрэдна звязана з бульбаводствам і размяшчаецца паўсюдна. На долю свініны прыходзіцца амаль палова вытворчасці мясной прадукцыі. Для галіны характэрна канцэнтрацыя і спецыялізацыя вытворчасці. З 1970-х г. галіна пераводзілася на прамысловую аснову – пабудаваны буйныя высокамеханізаваныя комплексы і ўкаранёна паточна-цэхавая сістэма вытворчасці. На Беларусі налічваецца 100 свінагадоўчых комплексаў і больш за тысячу ферм трох тыпаў.

Свіней адкормліваюць пераважна да мясных і беконных кандыцый. У сярэднім па краіне на 100 га ворыва прыходзіцца 60 галоў свіней, але найбольшая іх шчыльнасць у цэнтральнай і паўднёвай частцы Беларусі. Найбольш танна абыходзіцца вытворчасць свініны ў Віцебскай і Гродзенскай абласцях, дзе да 90% свіней сканцэнтравана на буйных комплексах.

Канцэнтрацыя свінагадоўлі на комплексах прывяла да ўзнікнення экалагічнай праблемы з-за цяжкасцяў ва ўтылізацыі гною.

Факт да роздуму: падлічана, што свінагадоўчы комплекс на 100 тыс. галоў дае адыходаў і шкодных выкідаў у навакольнае асяроддзе як горад з 250-тысячным насельніцтвам (без уліку прамысловасці і транспарту).

Конегадоўляў Беларусі – пераважна племяннога і спартыўнага кірунку. Механізацыя сельскай гаспадаркі рэзка скараціла патрэбы ў цяглавай конскай сіле. Элітныя пароды коней гадуюць на пяці спецыялізаваных конезаводах ў Мінскім, Мсціслаўскім, Веткаўскім, Баранавіцкім і Смалявіцкім раёнах. Спартыўныя пароды коней разводзяць у трох гаспадарках. Да мясцовых умоў найбольш прыстасаваны коні беларускай запражной пароды.

У параўнанні з даваенным перыядам пагалоўе авечак скарацілася ў 20 разоў, з якіх каля 90% прыходзіцца на асабістыя гаспадаркі. Авечкагадоўля мае мяса-воўнавы кірунак. Для кармлення авечак адводзяцца угоддзі з бедным травастоем, а на зіму нарыхтоўваюць сілас і грубы корм. Гадоўля авечак пашырана пераважна ў Гомельскай вобласці.

Высокім узроўнем канцэнтрацыі характарызуецца птушкагадоўля. Буйныя птушкафабрыкі прамысловага тыпу створаны ва ўсіх абласцях, а ў некаторых раёнах (Мінскі, Баранавіцкі) іх некалькі. У аснове інтэнсіфікацыі галіны – паглыбленая спецыялізацыя і канцэнтрацыя пагалоўя птушкі. Ва ўсіх катэгорыях гаспадарак гадуецца больш за 25 млн. галоў курэй, гусей, качак, індычак, цацарак. Гадуюць таксама перапёлак і страусаў. Большую частку яек атрымліваюць на 39 птушкафабрыках. Створаны 3 племзаводы, 5 племянных рэпрадуктараў. Найбольшыя птушкафабрыкі знаходзяцца каля Оршы, Баранавіч, Смалявіч, у Мінску.

Рыбагадоўля як галіна сельскай гаспадаркі ўключае сажалкавае, садовае і індустрыяльнае развядзенне прэснаводнай рыбы. У Беларусі налічваецца больш за 10 тыс. азёр, каля 130 вадасховішчаў, 20,8 тыс. рэк, вялікая колькасць сажалак, многія з якіх прыдатныя для гадоўлі рыбы, але выкарыстоўваюцца ў рыбнай гаспадарцы недастаткова. У сучасны момант працуюць 18 сажалкавых гаспадарак і адна халаднаводная гаспадарка па вырошчванні стронгі, рыбныя сажалкі ў шэрагу сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і дапаможных гаспадарках прамысловых прадпрыемстваў.

Адна з маладых галін сельскай гаспадаркі – зверагадоўлязаймаецца гадоўляй каштоўных пушных звяроў (норка, пясец, ліса, нутрыя, трусы і інш.) у клетках. Найбольшыя зверагаспадаркі каля Маладзечна, Баранавічаў, Пінска, Вілейкі, Гродна.

Пчалярстваразвіваецца ў пчалапрадпрыемствах, у фермерскіх гаспадарках і ў значнай колькасці ў пчаляроў-аматараў. Для развядзення пчол і якаснага паляпшэння пчоласем’яў створаны пчолагадавальнікі (Брэсцкі, Баранавіцкі, Гродзенскі). Найбольшыя пчолапрадпрыемствы знаходзяццв каля Мастоў і Шчучына.

Пытанні для самападрыхтоўкі: 1. Які фактар з’яўляецца вызначальным у выбары спецыялізацыі і размяшчэнні асобных галін жывёлагадоўлі? 2. Чаму канцэнтрацыя жывёлагадоўлі на буйных комплексах мае экалагічную рызыку? 3. Чаму заходнія рэгіёны Беларусі вылучаюцца больш высокім узроўнем развіцця асноўных галін жывёлагадоўлі?