Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
СЭГ РБ - вытрымкі са школьнага падручніка - 2005.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
29.05.2017
Размер:
724.99 Кб
Скачать

§ 9.5 Магілёўская вобласць

Вобласць знаходзіцца на ўсходзе Беларусі і мяжуе з абласцямі Расіі. Па плошчы (29,1 тыс. км2) пераўзыходзіць толькі Гродзенскую вобласць. Значная частка тэрыторыі (35,7 %) забруджана радыёнуклідамі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, асабліва пацярпелі Краснапольскі, Чэрыкаўскі, Касцюковіцкі і Слаўгарадскі раёны.

Паверхня вобласці пераважна раўнінная. Большая частка тэрыторыі ляжыць на Аршанска-Магілёўскай і Цэнтральна-Бярэзінскай раўнінах. На паўночым захадзе – адгор’і Аршанскага ўзвышша, на паўночным усходзе – Горацка-Мсціслаўская ўзвышаная раўніна і частка Смаленскага ўзвышша. З карысных выкапняў найбольш каштоўныя цэментны мел і мергель. Вобласць валодае каля 3/4 агульнарэспубліканскіх запасаў гэтай сыравіны. Ёсць радовішчы фасфарытаў, гліны, пясчана-жвіровага матэрыялу, будаўнічых і сілікатных пяскоў, торфу, сапрапелю. На паўднёвым захадзе, у Глускім раёне здабываецца нафта.

Кліматычныя ўмовы спрыяльныядля сельскай гаспадаркі. Зіма мяккая, лета цёплае. З поўначы на поўдзень вобласць перасякае рака Дняпро з найбольш буйнымі прытокамі Друць, Бярэзіна, Сож. З іншых рэк можна вылучыць Пціч, Аслік, Свіслач, Проню, Беседзь, Басю. Азёр мала. На рэках ёсць вадасховішчы (Асіповіцкае, Чыгірынскае, Цяцерынскае). У адрозненне ад іншых абласцей тэрыторыя вобласці менш забалочана; пад балотамі ўсяго 3,5 % тэрыторыі і большасць з іх асушана. Пераважаюць суглінкавыя і супясчаныя глебы. Лес займае каля 37 % тэрыторыі вобласці, а найбольш лясістыя раёны знаходзяцца на паўднёвым захадзе, у басейне Бярэзіны.

Па агульнай колькасці насельніцтва (каля 1,2 млн чалавек) вобласць пераўзыходзіць толькі Гродзенскую, а па колькасці сельскіх жыхароў займае сярод абласцей апошняе месца. Менш, чым у іншых абласцях, гарадскіх паселішчаў: 15 гарадоў, 6 гарадскіх пасёлкаў і 3 рабочыя пасёлкі. У вобласці налічваецца 3,1 тыс. сельскіх населеных пунктаў. Асноўнае насельніцтва складаюць беларусы (86 %). Жывуць таксама рускія (11 %), украінцы (1,7 %) яўрэі (0,3 %). Сярэдняя шчыльнасць 42 чал/км2, у гарадах жывуць каля 73 % жыхароў.

Прадпрыемствы вобласці вырабляюць амаль 9 % рэспубліканскага аб’ёму прамысловай прадукцыі. Вобласць спецыялізуецца на вытворчасці хімічнай і нафтахімічнай прадукцыі, машынабудавані, дрэваапрацоўцы, цэментнай прамысловасці, шэрагу галін лёгкай і харчовай прамысловасці. У вобласці сканцэнтраваны ўвесь агульнарэспубліканскі аб’ём вытворчасці ліфтаў, шын для аўтамабіляў і сельскагаспадарчай тэхнікі. Прадпрыемствы вобласці вырабляюць 87 % агульнай вытворчасці ў краіне стальных труб, 88% трактарных касілак, 32 % электрарухавікоў пераменнага току, 97 % мяккіх дахавых матэрыялаў, 54 % цэменту, 39 % шыферу, 47 % хімічных валокнаў і нітак, 63 % шаўковых тканін.

Сельскагаспадарчыя ўгоддзі займаюць каля 1,5 млн га, што складае палову тэрыторыі. Большая частка вобласці знаходзіцца ў зоне спецыялізацыі гаспадарак малочна-мясной і мяса-малочнай жывёлагадоўлі з развітым бульбаводствам і пасевамі ільну. Паўднёва-ўсходнія і ўсходнія раёны вызначаюцца мяса-малочнай і малочна-мясной жывёлагадоўляй, развітай свінагадоўляй і бульбаводствам. Вакол Магілёва і Бабруйска склаліся прыгарадныя зоны спецыялізацыі (малочная і малочна-мясная жывёлагадоўля, птушкагадоўля з развітым агародніцтам, асабліва цяплічным, і садоўніцтвам). У многіх раёнах вырошчваецца лён-даўгунец, але па валавых зборах яго вобласць саступае Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай абласцям. Паўсюдна вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры і бульбу. У Магілёўскім, Бабруйскім, Горацкім і Кіраўскім раёнах спецыялізаваныя гаспадаркі займаюцца зверагадоўляй. У Круглянскім, Асіповіцкім і Кіраўскім раёнах развіваецца рыбагадоўля.

Факт да роздуму: у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС з абароту выведзена 47 тыс. га сельскагаспадарчых угоддзяў. З-за негатыўных працэсаў у эканоміцы пасля распаду СССР аб’ём вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі зменшыўся да 1999 г., затым стаў расці і дасягнуў узроўню 1990 г. у 2001 г. За гэты час праводзілася рэфармаванне сельскай гаспадаркі: створаны вытворчыя сельскагаспадарчыя кааператывы, унітарныя камунальныя сельгаспрадпрыемствы, акцыянерныя таварыствы, фермерскія гаспадаркі. Але засталіся і ранейшыя формы грамадскіх гаспадарак (калгасы, саўгасы, дапаможныя гаспадаркі прамысловых прадпрыемстваў).

У вобласці створана свабодная эканамічная зона “Магілёў”.

Самы буйны ў вобласці і трэці ў краіне горад Магілёў(звыш 360 тыс. жыхароў) знаходзіцца на рацэ Дняпро за 201 км на ўсход ад Мінска. Здавён горад быў буйным адміністрацыйным цэнтрам. Напрыканцы 30-х гг. 20 ст. распрацоўваўся праект пераносу сталіцы Беларусі ў Магілёў, але з далучэннем Заходняй Беларусі да БССР у 1939 г. такая неабходнасць адпала. Сведкам гэтага з’яўляецца адміністрацыйны будынак – аналаг Дома Ураду ў Мінску. У сучаснай айчыннай гісторвыі вядома гераічная абарона Магілёва ў ліпені 1941 г.

Сучасны Магілёў - буйны цэнтр хімічнай прамысловасці, машынабудавання, лёгкай і харчовай прамысловасці. Камбінат сінтэтычнага валакна ў складзе акцыянернага таварыства “Магілёўхімвалакно” з’яўляецца самым буйным прадпрыемствам па вытворчасці поліэфірных валокнаў і нітак не только ў Беларусі, але і ў Еўропе. Старым у Беларусі прадпрыемствам хімічнай прамысловасці з’яўляецца завод штучнага валакна. Шырока вядомы ў гэтай галіне сумесныя прадпрыемствы: беларуска-амерыканскае “Белпак” па вырабе форм і тары для харчовай прамысловасці, беларуска-чэшскае “Хімкамбінат “Зара”, якое выпускае лака-фарбавыя вырабы. Машынабудаванне прадстаўлена аўтазаводам, заводамі “Магілёўтрансмаш”, “Строммашына”, ліфтавага машынабудавання, “Электрарухавік”, акцыянернымі таварыствамі “Тэхнапрыбор”, “Чырвоны металіст”. Розныя трубы і ліставы пракат вырабляюцца на металургічным заводзе. З прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці найбольшую вядомасць і значэнне маюць акцыянерныя таварыствы “Магілёўскі тэкстыль”, “Стужка”, “Абутак”, камбінат шаўковых тканін, унітарнае прадпрыемства “Магілёўскі завод “Зеніт”, сумеснае прадпрыемства “Сапатэкс”. Выпуск швейных вырабаў наладжаны акцыянернымі таварыствамі “Вяснянка”, “АКМА”. На фабрыцы “Світанак” выпускаюцца дзіцячыя лялькі і цацкі. У структуры харчовай прамысловасці пераважае прадукцыя камбіната хлебапрадуктаў, таварыстваў “Холдзінг “Магілёўаблхарчпрам”, “Магілёўскі жэлацінавы завод”, “Вейнянская крыніца”.

Магілёў – навуковы і культурны цэнтр Беларусі. Тут размешчаны два НДІ Нацыянальнай АН Беларусі, універсітэт імя А. Куляшова, тэхнічны універсітэт, універсітэт харчавання, філіял Беларускай акадэміі музыкі, недзяржаўны фінансава-эканамічны інстытут, вучылішчы культуры і музычнае, вучэбны комплекс гімназія-каледж музыкі і харэаграфіі. У горадзе два абласныя тэатры (драматычны і лялек), абласная філармонія, пяць музеяў з філіяламі, у тым ліку краязнаўчы, гісторыі Магілёва, этнаграфіі, мастацкія імя П. Масленікава і В. Бялыніцкага-Бірулі. Праводзяцца вядомыя фестывалі духоўнай музыкі “Магутны Божа”, эстрадны “Залаты шлягер”, бальнага танца “Зімовая фантазія”.

Магілёў – радзіма вучонага-прыродазнаўцы М. Судзілоўскага і даследчыка Арктыкі О. Шміта.

Другі горад вобласці Бабруйск(220 тыс. жыхароў) знаходзіцца на рацэ Бярэзіна за 110 км на паўднёвы захад ад Магілёва. У пісьмовых крыніцах упамінаецца да 1387 г. Асноўнае месца ў галіновай прамысловай структуры належыць хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці, дзякуючы дзейнасці таварыстваў “Белшына” і “Беларусьгуматэхніка”. Развіты машынабудаванне і металаапрацоўка, сярод іх прадпрыемстваў вылучаюцца “Бабруйскаграмаш”, “ТАМ”, “БМС”, “Вагапрыбор”, “Спецаўтатэхніка”, “Бабруйсксельмаш”, завод транспартных дэталяў і агрэгатаў. У харчовай прамысловасці горада шырокую вядомасць сваёй прадукцыяй набыло таварыства “Чырвоны харчавік”, а ў лёгкай – “Славянка”, “Бабруйсктрыкатаж”, “Трыёр”, “Спецабутак”, фабрыкі футравая, абутковая і мастацкіх вырабаў. У Бабруйску знаходзіцца самае буйное ў Беларусі дрэваапрацоўчае прадпрыемства “ФанДАК”, вядомы таксама мэблевая фабрыка імя Асіпенкі і “Бабруйскмэбля”. У горадзе дзейнічаюць аўтатранспартны і аграрна-эканамічны каледжы, лесатэхнічны, механіка-тэхналагічны тэхнікумы, медыцынскае і алімпійскага рэзерву вучылішчы, абласны тэатр драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча, краязнаўчы музей. Вядомы гістарычны цэнтр Бабруйская крэпасць.

Асіповічы(каля 35 тыс. жыхароў) размешчаны на рацэ Сіняя, за 136 км на паўднёвы захад ад Магілёва, чыгуначны вузел. Спачатку вёска, а потым мястэчка сталі горадам у 1935 г. Найбольш вядомымі прадпрыемствамі з’яўляюцца заводы аўтаагрэгатаў, “Камунмаш”, кардонна-руберойдны. У горадзе ёсць гісторыка-краязнаўчы музей.

На рацэ Проня пры ўпадзенні ў яе Парасіцы і Капылькі, за 86 км на паўночны ўсход ад Магілёва ляжыць горад Горкі(каля 35 тыс. жыхароў), вядомы цэнтр сельскагаспадарчай навукі і адукацыі. Тут знаходзіцца Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія. З прамысловых прадпрыемстваў вызначаюцца акцыянерныя таварыствы “Горкілён”, Горацкі масларобча-сыраробчы завод і “Будаўнік”. Ёсць гісторыка-этнаграфічны музей. На паўночны ўсход ад Горак у вёсцыЛенінаствораны мемарыяльны комплекс і музей савецка-польскай баявой садружнасці.

Горад Крычаў(каля 30 тыс. жыхароў) размешчаны на рацэ Сож за 104 км на ўсход ад Магілёва. Вядомы прадпрыемствами “Крычаўцэменташыфер” і заводам гумавых вырабаў. У горадзе ёсць тэхнікум і каледж, краязнаўчы музей. УБыхаве(больш за 17 тыс. жыхароў) кансервава-агароднінасушыльны завод і гісторыка-краязнаўчы музей.Касцюковічы(больш за 16 тыс. жыхароў) развіваюцца дзякуючы Беларускаму цэментнаму заводу.Клімавічы (каля 16 тыс. жыхароў) вядомы прадпрыемствамі харчовай і будаўнічых матэрыялаў прамысловасці. УШклове (каля 16 тыс. жыхароў) працуюць папяровая фабрыка “Спартак”, прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу, ствараецца вытворчасць газетнай паперы. Да ліку старажытных гарадоў адносіццаМсціслаў(каля 12 тыс. жыхароў). У ім створаны тры гістарычныя зоны: Траецкая, Замкавая і Дзявочая горы. У горадзе праходзіць штогадовы Беларускі фестываль камернай музыкі, існуе гісторыка-археалагічны музей.

Пытанні да самападрыхтоўкі: 1. Чаму ў Магілёўскай вобласці атрымала развіццё цэментная прамысловасць? 2. Для якіх мэтаў створаны Асіповіцкае, Чыгірынскае і Цяцерынскае вадасховішчы? 3. У чым заключаюцца падабенства і адрозненне прыродных умоў Гродзенскай і Магілёўскай абласцей?