Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
СЭГ РБ - вытрымкі са школьнага падручніка - 2005.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
29.05.2017
Размер:
724.99 Кб
Скачать

Тэма 6. Геаграфія вытворчай сферы.

§ 6.1. Паліўная прамысловасць.

Паліўная прамысловасцьБеларусі складаецца са здабычы торфу, нафты, спадарожнага газу, мясцовых відаў паліва, нафта- і газаперапрацоўкі, вырабу тарфяных і тарфяна-вугальных брыкетаў. Найстарэйшая з іх тарфяная галіна. За перыяд з 1990 г. доля паліўнай прамысловасці ў агульным аб'ёме прамы­словасці павялічылася ў 3,6 разоў. Доля гэтай галіны ў разрэзе абласцей істотна адрозніваецца: ад 0,1% у Магілёўскай вобласці да 47% - у Віцебскай і 41,1% - у Гомельскай абласцях.

Для ўсяго народнагаспадарчага комплекса любой індустрыяльнай краіны доля паліўнай прамысловасці амаль што вызначальная. Беларусь адносіцца да ліку небагатых на паліўныя рэсурсы краін, таму яе патрэбы ў энергетычнай сыравіне забяспечваюцца імпартам пераважна з Расіі. Развіццё галіны грунтуецца, такім чынам, на імпартуемых рэсурсах і мясцовых відах паліва. Між тым большасць краін, што арыентуюцца на прывазное паліва, імкнуцца мець не аднаго, а некалькіх пастаўшчыкоў, каб не трапіць у залежнасць ад краіны-пастаўшчыка. Беларусь таксама мае намер пашыраць геаграфію пастаўшчыкоў паліўных рэсурсаў.

Факт да роздуму: Беларусь можа задаволіць свае патрэбы ў паліве за кошт мясцовых рэсурсаў менш чым на 10%. Краіна залежыць ад іншых дзяржаў па газу на 98%, а па нафце амаль на 100%. Сёння Беларусі патрэбна завозіць з іншых краін нафты да 20 млн. т, прыроднага газу – 16,3 млрд. м3, каменнага вугалю – 2,2 млн. т. Усяго ж выкарыстоўваецца амаль 35 млн. т умоўнага паліва ў год.

Асноўную масу прывазнога паліва складаюць нафта , прыродны газ і каменны вугаль. Да мясцовага паліва адносяцца торф, драўніна і адходы дрэваапрацоўкі; часткова задавальняюць патрэбы мясцовыя нафта і спадарожны газ.

Шматгадовыя пошукі нафты ў Беларусі прывялі да адкрыцця ў 1964 г. Рэчыцкага радовішча, якое эксплаатуецца і сёння. У сучасны момант знойдзены 63 радовішчы нафты, але многія з іх па памерах невялікія. З усіх адкрытых радовішчаў 46 распрацоўваюцца, 8 закансерваваныя, 9 разведваюцца.

Эканоміка-геаграфічныя ўмовы здабычы нафты ў Беларусі надзвычай спрыяльныя. Высокая шчыльнасць насельніцтва, наяўнасць высокакваліфікаваных працоўных рэсурсаў і навуковых кадраў, густая сетка шляхоў зносінаў, блізкасць да спажыўца спрыяе эканамічнаму боку здабычы. Да таго ж трэба дадаць неблагія кліматычныя ўмовы, добрую забяспечанасць воднымі рэсурсамі. Перыяд прамысловага асваення разведаных запасаў самы кароткі сярод краін СНД. Побач з радовішчамі праходзіць магістральны нафтаправод “Дружба” з Альмецьеўска (Расія).

Пачынаючы 1997 г. у краіне здабываецца 1,8 млн. т нафты штогод. У далейшым яе здабыча знізіцца да 1,1 млн. т. Амаль поўнасцю нафта здабываецца ў Гомельскай вобласці. Эфектыўнасць* нафтаздабычы абумоўлена высокай якасцю нафты і дастатковай асвоенасцю тэрыторыі. З усіх радовішчаў па нафтаправодах нафта ідзе да Рэчыцкага і Асташкавіцкага, дзе праходзіць прамысловую падрыхтоўку (абязводжванне, абяссольванне, сепарацыя*), потым падаецца ў нафтаправод “Дружба”, у Наваполацк і Мазыр.

Нафтаперапрацоўка ў Беларусі – галіна спецыялізацыі і аснова паліўнай прамысловасці . Для перапрацоўкі нафты пабудаваны прадпрыемства “Нафтан” у Наваполацку і нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры. Нафта на перапрацоўку паступае па нафтаправодам“Дружба” і Сургут (Расія) – Полацк (мал. 6.1). У свой час гэтыя прадпрыемствы былі пабудаваны для мэтаў экспарту і забеспячэння Беларусі палівам. З-за недахопу нафты яны пакуль не могуць працаваць на ўсю магутнасць. Але гэтыя прадпрыемствы – самыя сучасныя на прасторах былога СССР.

Факт да роздуму: пасля 1996 г. у нафтаперапрацоўчай прамысловасці запрацавалі ўстаноўкі вакуумнай перагонкі мазута і комплекснага гідракрэкінга вакуумнага газойля (“Нафтан”); каталітычнага рыформінга па французскай тэхналогіі (Мазырскі НПЗ), гэта дазволіла павысіць глыбіню перапрацоўкі нафты з 50% да 75%. Зазначым, што ў Заходняй Еўропе на 78% нафтаперапрацоўчых заводаў гэты паказчык дасягае 70%, а ў ЗША – 90%.

Нафтаперапрацоўчыя заводы Беларусі выпрацоўваюць маторнае паліва (больш за 2 млн. т), дызельнае паліва (каля 5 млн.т), мазут (4,7 млн.т), змазачныя маслы, дарожныя бітумы, сыравіну для нафтахімічнай прамысловасці. Мазут – сучаснае паліва для цеплавых электрастанцый і кацельняў, патрэбнасці ў якім Беларусь забяспечвае поўнасцю. Рэшта мазуту экспартуецца ў краіны Балтыі, на Украіну, у Расійскую Федэрацыю.

Разам з нафтай са свідравін на радовішчах Гомельскай вобласці здабываецца спадарожны нафтавы газ (250 млн. м3штогод). Здабыча прыроднага газу ажыццяўляецца таксама на адзіным у Беларусі Краснасельскім нафтагазакандэнсатным радовішчы (каля Рэчыцы). Перапрацоўка нафтавага газу робіцца на Рэчыцкім газаперапрацоўчым заводзе. Асноўны прадукт завода – сухі газ – выкарыстоўваецца на Светлагорскай ЦЭЦ, для спажывання насельніцтвам Рэчыцы і Светлагорска. Некаторая частка газу вырабляецца ў Мазыры і Наваполацку.

Мясцовага газу краіне не хапае, таму ў якасці энергетычнага і бытавога паліва выкарыстоўваецца прыродны газ, які паступае па трох нітках газаправода Таржок (Расія) – Мінск – Івацэвічы і газаправодзе Ямал (Расія) – Еўропа (мал. 6.1). Гэты газ стаў асноўным відам паліва ва ўсіх буйных гарадах, многіх іншых гарадскіх паселішчах, у сельскай мясцовасці. Блізкая да завяршэння праграма газіфікацыі краіны. У Гродне прыродны газ ідзе на вытворчасць азотных угнаенняў. Спажыванне прыроднага газу дасягае амаль 20 млрд. м3. Устойліваму газазабеспячэнню на працягу ўсяго года спрыяюць Асіповіцкае (Магілёўская вобласць) і Прыбугскае (Брэсцкая вобласць) падземныя газасховішчы.

Як прамысловае і камунальна-бытавое паліва каменны вугаль выкарыстоўваецца ўсё меней. За перыяд 2000-2003 гг. яго спажыванне зменшылася ў 2,5 разы. Асноўны пастаўшчык каменнага вугалю – Расія (99,8%). На поўдні Беларусі разведаны радовішчы бурага вугалю (прагнозныя запасы 250 млн. т), якія можна здабываць для вытворчасці вугальна-тарфяных брыкетаў. Найбольш перспектыўнае радовішча – Жыткавіцкае, у якім прамысловыя запасы складаюць амаль 72 млн. т.

Факт да роздуму: на базе Жыткавіцкага радовішча бурага вугалю: паклады Паўночны (23,5 млн.т) і Найдзінскі (23,1 млн.т) магчыма будаўніцтва кар’ера гадавой магутнасцю ў 2 млн.т. Якасць вугалю адпавядае вугалю Прыдняпроўскага вугальнага басейна (Украіна): вільготнасць 56 – 60%, выхад лятучых рэчываў 39 – 60%, цеплыня згарання ў сярэднім 1640 ккал/кг. Яго галоўныя запасы ляжаць на глыбіні да 45 м, магутнасць пласта дасягае 16 м. Здабыча павінна быць адкрытай.

У перспектыве магчыма распрацоўка гаручых сланцаў Тураўскага (Гомельская вобласць) і Любанскага (Мінская вобласць) радовішчаў. Агульныя запасы гаручых сланцаў гэтых радовішчаў складаюць амаль 4 млрд.т. Яны могуць распрацоўвацца ў якасці энергатэхналагічнай сыравіны.

Прамысловая здабыча торфу пачалася з 1896 г. для патрэб шклозавода ў в. Серкавіца (Талачынскі раён), у 1899 г. – паблізу Гомеля для гомельскіх цагельняў. Торфабрыкет пачалі вырабляць у 1900 г. на торфараспрацоўцы каля в. Шэбрын (Брэсцкі раён). Да 1913 г.арганізаваны торфараспрацоўкі радовішчаў “Дымаўшчына” (каля г. Віцебска), “Гразкі” (Гомельскі раён), “Котуш” (каля г. Магілёва), пры шклозаводзе “Труды” (Полацкі раён), “Ноўка” (Віцебскі раён), пад Мінскам. У той час існавалі некалькі невялікіх распрацовак, якія мелі аб’ём здабычы менш за 15 тыс.т штогод. Максімум жа здабычы прышоўся на 1960 – 1970 гг., калі здабывалася 8 – 9 млн. т у год. Тады энергетыка Беларусі практычна поўнасцю грунтавалася на выкарыстанні торфу. У савецкі перыяд здабычу торфу ажыццяўлялі 60 – 200 торфапрадпрыемстваў. Яшчэ да другой сусветнай вайны былі ўведзены ў эксплуатацыю буйныя торфапрадпрыемствы: “Бальшавік”, “Шлях сацыялізму” у Гомельскай вобласці; “Чырвоная Беларусь”, “Татарка”, “Свабода” і “Грэбнева-2” у Магілёўскай; “Асінторф”, “1 Мая” і імя Даумана ў Віцебскай, імя Арджанікідзэ, “Чырвонае Знамя”, “Фаніпальскае-1” у Мінскай вобласці (мал. 6.1). У пасляваенны час былі пабудаваны буйныя торфапрадпрыемствы (“Светлагорскае” і “Васілевічы” ў Гомельскай вобласці, “Бярэзінскае”, “Чысцяк” і “Смалявіцкае” у Мінскай, “Рэдкі Рог” і “Дняпроўскае” ў Магілёўскай, “Бярозаўскае” ў Брэсцкай, “”40 год БССР” у Гродзенскай, “Дабееўскі Мох” і “Віцебскае” ў Віцебскай вобласці).

Для забеспячэння насельніцтва камунальна-бытавым палівам працуюць торфабрыкетныя заводы (іх 32). Больш за ўсё такіх заводаў у Мінскай і Віцебскай абласцях. Самымі буйнымі торфабрыкетнымі заводамі лічацца “Усяж” і “Бярэзінскі” ў Мінскай вобласці; “Усвіж-Бук” у Віцебскай; “Гатча - Восаўскае” ў Брэсцкай вобласці.

У Беларусі налічваецца 9,2 тыс. тарфяных радовішчаў з агульнымі запасамі 5,7 млрд.т торфу пры 40% вільготнасці, з якіх толькі каля 260 млн.т можна выкарыстоўваць у народнай гаспадарцы. Таму колькасць торфапрадпрыемстваў скарацілася да 37. У перыяд 1999-2003 гг. у сярэднім штогод здабывалася 2,2 млн.т паліўнага торфу, што ў 4,2 разы менш, чым у 1970 г. Звыш паловы ўсяго здабываемага торфу і вытворчасці торфабрыкетаў прыходзіцца на Мінскую і Гомельскую вобласці. Самы буйны торфабрыкетны завод знаходзіцца у г. п. Старобін. Змяншэнне здабычы торфу выклікана параўнальна невысокай эканамічнасцю яго, абмежаванасцю тарфяных рэсурсаў, неабходнасцю захавання торфу для сельскагаспадарчых мэтаў, пераводам цеплавых электрастанцый і кацельных на газ і мазут. Торф як паліва мае значэнне толькі для забеспячэння насельніцтва (асабліва ў сельскай мясцовасці) камунальна-бытавым палівам галоўным чынам у выглядзе тарфяных брыкетаў.

Выкарыстанне мінеральнага паліва патрабуе ўвагі да стану навакольнага асяроддзя. Яго спальванне і хімічная перапрацоўка суправаджаецца выкідамі ў атмасферу, ваду і глебу вялікай колькасці шкодных рэчываў. Прарывы трубаправодаў штогод забруджваюць значныя плошчы. Ліквідацыя такіх прарываў патрабуе вялікіх сродкаў. Менавіта трасы нафта- і газаправодаў, нафтаперапрацоўчыя заводы, цеплавыя электрастанцыі адносяцца да аб’ектаў з вялікай ступенню экалагічнай небяспекі.

Пытанні да самападрыхтоўкі: 1. Якія віды мясцовага паліва выкарыстоўваюцца і якія могуць выкарыстоўвацца ў гаспадарцы краіны? 2. У чым сутнасць праблем з забеспячэннем краіны паліўнымі рэсурсамі? 3. Чаму назіраецца змяншэнне значэння і здабычы торфу як паліва?