Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Рабышко_УМК по ВОВ.doc
Скачиваний:
26
Добавлен:
16.09.2019
Размер:
1.54 Mб
Скачать

3. Ваенная рэформа ў ссср.

Ваенныя дзеянні на Усходзе і ў Фінляндыі паказалі пралікі ў камп­лектаванні і падрыхтоўцы Чырвонай Арміі. Урад пачаў праводзіць мерап­рыемствы па рэфармаванні арміі. Рэформа ўключала вырашэнне пытання камп­лектавання і кадравага забеспячэння; пашырэння ідэалагічнай працы ў арміі; пераўзбраенне войскаў новай зброяй.

Да 1939 г. быў завершаны пераход ад тэрытарыяльнага камплектавання і арганізацыі арміі да кадравай сістэмы, якую замацаваў Закон аб усеагульнай вайсковай павіннасці ад 1 верасня 1940 г. Згодна з ім зніжаўся прызыўны ўзрост з 21 гада да 19 гадоў, павялічваўся тэрмін службы, пашыралася сетка ваенных навучальных устаноў. Праведзеная работа дазволіла за два перадваенныя гады павялічыць армію ў 3,5 разы, яе колькасць дасягнула 5,3 млн. чалавек. У лютым 1941 г. па прапанове кіраўніка Генштаба Р.Жукава быў прыняты план пашырэння сухапутных войскаў амаль на 100 дывізій, хаця мэтазгодней было даўкамплектаваць па штатах ваеннага часу тыя дывізіі, якія ўжо меліся.

Да 1941 г. афіцэраў рыхтавалі 19 акадэмій, 10 ваенных факультэтаў пры грамадзянскіх ВНУ, 7 вышэйшых ваенна-марскіх вучылішчаў, 203 ваенных вучылішчаў, 68 курсаў удасканалення. Але дзейнасць гэтых устаноў не вырашала праблем недахопу кваліфікаваных кадраў, асабліва пасля масавых рэпрэсій у Чырвонай Арміі. За 1937—1939 гг. з арміі было звольнена 36 892 чалавек (без уліку паветраных сіл). Большасць з іх былі расстраляныя. У маі 1940 г. праверка Наркамата абароны, праведзеная сакратаром ЦК УКП(б) А. Жда­навым паказала, што Наркамат не меў аператыўнага плана вайны, не ведаў сапраўднага становішча ў арміі, не забяспечыў належнага прыкрыцця межаў, не забяспечыў палявой вывучкі войскаў. У выніку, да лета 1940 г. частка рэпрэ­сіраваных афіцэраў — каля 11 тыс. чалавек былі адноўлены ў арміі.

Перад вайной былі створаны А. Косцікавым рэактыўныя мінамётныя ўста­ноўкі — знакамітыя «Кацюшы», новы станкавы кулямёт В. Дзегцярова, самаза­радная вінтоўка Ф. Токарава, пісталет-кулямёт Г. Шпагіна. Але па на­сычанасці аўтаматычнай зброяй і некаторым іншым паказчыкам Чырвоная Армія значна саступала вермахту. Асабліва гэтае датычылася сродкаў сувязі. Асноўныя сродкі сувязі былі правадныя — тэлефон і тэлеграф. Радыёстанцый было мала.

Вясной 1941 г. Генштаб Чырвонай Арміі распрацаваў «План абароны дзяржаўнай мяжы 1941 г.», згодна з якім войскі памежных акруг павінны былі не дапусціць ворага на тэрыторыю СССР, скаваўшы яго пад час абароны ў абарончых умацаваных раёнах, што дазволіць правесці мабілізацыю і развёртванне галоўных сіл Чырвонай Арміі, стварыць тым самым умовы для галоўнага наступлення. Гэтыя задачы ўскладваліся на 60 дывізій першага стратэгічнага эшалону, размеркаваныя паміж 5 заходнімі памежнымі акругамі.

Часці Заходняй Асобай ваеннай акругі складаліся з 44 дывізій агульнай колькасцю 671,9 тыс. чалавек. З 6 механізаваных карпусоў толькі адзін меў амаль поўную матэрыяльную частку. Асновай танкавага парку і авіяцыі былі машыны ўстарэлых марак. Ваенна-паветраныя сілы размяшчаліся скучана, блізка ля мяжы і не мелі цэнтралізаванага кіравання і сучасных сродкаў сувязі.

Новая граніца пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР заставалася неабсталяванай, будаўніцтва новых 4-ох умацаваных раёнаў — Гродзенскага, Асавецкага, Замброўскага, Брэсцкага значна адставала ад плану. Да чэрвеня 1941 г. было пабудавана толькі 505, а абсталявана 193 доўгатэрміновых агнявых збудаванняў з запланаваных 1 174. Для сістэмы абароны заходніх межаў Беларусі гэта было нішто. Умацаванні старой дзяржаўнай савецка-польскай мяжы паскоранымі тэмпамі разбураліся.

Такім чынам, напрыканцы 1930-х гг. пачалася паскораная падрыхтоўка Савецкага Саюза да непазбежнай вайны з Германіяй. У гэтай дзейнасці ўрад СССР абапіраўся на моцную прамысловую базу, партыйна-ідэалагічны апарат і ваенныя сілы Чырвонай Арміі. У 1941 г. праводзіліся канкрэтныя мера­прыем­ст­вы па недапушчэнні германскай арміі на тэрыторыю СССР, але з-за неадэкват­ных ацэнак баяздольнасці арміі і памылковай стратэгіі гэтыя мера­прыемствы не сумелі дасягнуць тых мэтаў, якія ставіліся. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны паказалі, што ваенна-эканамічны патэнцыял краіны не быў выкарыстаны ў поў­най меры для ўмацавання абараназдольнасці.

Пытанні для самакантролю

1. Якія меры прадпрымаліся ў СССР для ўмацавання абароназдольнасці краіны напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны? Ці лічаце вы іх дастатковымі?

2. Як развівалася народная гаспадарка БССР напярэдадні вайны?

3. Якія былі суадносіны сіл Германіі і СССР у паласе Заходняй Асобай ваеннай акругі?