Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Рабышко_УМК по ВОВ.doc
Скачиваний:
26
Добавлен:
16.09.2019
Размер:
1.54 Mб
Скачать

Тэма 12. Заканчэнне Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў.

1. Адкрыццё другога фронту. Вызваленчы паход у Еўропу. Крымская кан­ферэнцыя.

2. Берлінская аперацыя. Патсдамская канферэнцыя.

3. Капітуляцыя Японіі. Заканчэнне Другой сусветнай вайны. Вынікі і ўрокі.

4. Удзел воінаў-беларусаў на франтах Вялікай Айчыннай вайны, у складзе саюзных армій і Еўрапейскім руху Супраціўлення.

5. Беларусь — адна з краін-заснавальніц ААН. Нюрнбергскі працэс над ваеннымі злачынцамі.

6. Людскія і матэрыяльныя страты беларускага народа.

1. Адкрыццё другога фронту. Вызваленчы паход у Еўропу. Крымская кан­фе­рэнцыя.

Гісторыя пытання аб другім фронце пачынаецца яшчэ ў пачатку 1942 г., калі пасля перамогі пад Масквой склаліся выдатныя магчымасці для высадкі саюзнікаў у Паўночнай Францыі. Але спроба высадзіць дэсант на ўзбярэжжы ў раёне горада Дз’еп скончылася сакрушальным паражэннем саюзнікаў. Апе­рацыя была дрэнна распрацавана, у ёй удзельнічала мала войскаў, таму ня­мецкім войскам у Францыі без вялікіх намаганняў удалося нейтралізаваць гэ­тую спробу. Савецкі Саюз працягваў несці адзін асноўны цяжар у барацьбе з фашысцкай Германіяй.

Праблема другога фронту, як галоўная задача на 1944 г., абмяркоўвалася на Цегеранскай канферэнцыі «Вялікай тройкі». Менавіта ў Тэгеране Масква атрымала завярэнні аб правядзенні буйной дэсантнай аперацыяй на поўначы Францыі не пазней 1 мая 1944 г. Але толькі 6 чэрвеня аперацыя «Аверлорд», у якой удзельнічалі амерыканскія, англійскія і канадскія войскі, была ўдала праведзена. Гэта буйнейшая дэсантная аперацыя ў гісторыі чалавецтва. 15 жніўня амерыканскія і французскія злучэнні высадзіліся і на поўдні Францыі. 11 верасня дзве групоўкі саюзнікаў злучыліся і ўтварылі адзіны стратэгічны фронт у Заходняй Еўропе.

18 жніўня пачалося ўсеагульнае паўстанне ў Парыжы, і праз 4 дні горад быў у руках паўстанцаў. Да канца года Францыя і большая частка Бельгіі былі вызвалены. Саюзныя арміі падыйшлі да граніц Германіі. Гэтыя поспехі саюзнікаў шмат у чым залежалі ад дапамогі Чырвонай Арміі. Так, у другой палове снежня 1944 г. немцы пачалі наступленне ў Ардэнах, арміі саюзнікаў стаялі на мяжы разгрому. У выніку Чырвонай Арміі прыйшлося распачаць раней запланаванага Вісла-Одэрскую аперацыю, што азначала дадатковыя страты сярод савецкіх салдат.

У лютым 1945 г. саюзныя арміі пачалі агульнае наступленне на Захадзе. Фарсіраваўшы ў сакавіку Рэйн, яны акружылі ў Руры 325-тысячную групоўку нямецкіх войск, якая капітулявала ў красавіку. З гэтага часу саюзныя арміі прасоўваліся на ўсход, практычна не сустракаючы арганізаванага супра­ціў­лення немцаў.

Пасля завяршэння аперацыі «Баграціён» было праведзена 20 буйных наступальных аперацый, якія вызначылі канчатковую перамогу краін анты­гітлераўскай кааліцыі над нямецка-фашысцкім блокам і мілітарысцкай Японіяй.

У ходзе летне-асенняга наступлення 1944 г. толькі ў трох ваенных апе­рацыях — Беларускай, Львоўска-Сандамірскай і Яска-Кішынёўскай на фронце працягласцю 2200 кіламетраў — ад Заходняй Дзвіны да Чорнага мора было разгромлена звыш 170 дывізій праціўніка. Амаль поўнасцю была вызвалена тэрыторыя СССР. Выведзены з вайны саюзнікі Германіі — Румынія, Балгарыя, Фінляндыя і Венгрыя.

12 студзеня 1945 г. войскі шасці франтоў, у тым ліку трох Беларускіх, пачалі Усходне-Прускую, Вісла-Одэрскую і Заходне-Карпацкую наступальныя аперацыі. У выніку гэтых аперацый было знішчана і разгромлена больш за 100 дывізій, вызвалена амаль уся Польшча і частка Чэхаславакіі. Савецкія войскі прасунуліся на захад больш чым на 500 кіламетраў, выйшлі на р. Одру за 60 кіламетраў ад Берліна.

У выніку паспяховага ажыццяўлення Карпацка-Дуклінскай аперацыі савецкія войскі сумесна з 1-м чэхаславацкім армейскім корпусам, які быў сфарміраваны на тэрыторыі Савецкага Саюза, уступілі на тэрыторыю Чэха­славакіі. 5 мая ў Празе пачалося паўстанне, паўстаўшыя звярнуліся да савецкага камандавання з просьбай аб дапамозе. 9 мая 1945 г. пры актыўнай падтрымцы насельніцтва вызвалілі Прагу. 140 тыс. воінаў Чырвонай Арміі загінулі ў баях за свабоду і незалежнасць чэхаславацкага народа.

З 4 па 11 лютага 1945 г. у вызваленым Крыму, у Лівадзійскім палацы імператара Мікалая II, прайшла другая канферэнцыя «Вялікай тройкі». На гэ­тай сустрэчы былі абмеркаваныя пытанні пасляваеннага ўпарадкавання ў Еўропе. На канферэнцыі было падпісана сакрэтнае пагадненне аб уступленні СССР у вайну супраць Японіі праз два-тры месяцы пасля капітуляцыі Германіі. Саюзнікі згадзіліся з умовамі, на якіх Сталін разрываў нейтралітэт у адносінах з Токіа, гэта вяртанне Сахаліна і Курылаў, а так сама эканамічная экспансія СССР у Кітаі і Карэі.

На канферэнцыі абмеркавалі ўмовы безагаворачнай капітуляцыі Германіі і прынцыпы абыходжання з ёй, як з прайграўшай краінай. Вызначаліся зоны акупацыі трох краін, а «Вялікі Берлін» таксама падзяляўся на тры часткі. Была вызначана сума рэпарацыяў з Германіі — усяго 20 млрд. долараў, з якіх на 10 млрд. прэтэндаваў СССР.

На канферэнцыі зноў паўстала «польскае пытанне». ЗША і асабліва Англія настойвалі на вяртанне ў Варшаву эмігранцкага ўрада, а СССР ужо прызнаў створаныя органы Краёвай Рады Нарадовай і Польскага Камітэту нацыянальнага вызвалення, дзе большасць мелі камуністы. Тым не менш, Сталін згадзіўся на павялічэнне тэрыторыі Польшчы за кошт тэрыторыі Усход­няй Германіі, але мяжа з СССР была вызначана па «лініі Керзана».

Кіраўнікі трох краін прынялі рашэнне аб скліканні 25 кастрычніка 1945 г. у Сан-Францыска канферэнцыі Аб’яднаных Нацый з мэтай падрыхтоўкі статута міжнароднай арганізацыі па бяспецы.

Па ацэнках удзельнікаў канферэнцыі і аналітыкаў, савецкая дэлегацыя пайшла пад час канферэнцыі на большыя ўступкі саюзнікам, чым тыя ўступалі Сталіну. Тым не менш, канферэнцыя прадэманстравала адзінства мэт трох дзяржаў у прадбачанні хуткай перамогі над Германіяй, разам з тым калі прыйшоў час рыхтавацца да міру, усё цяжэй станавілася пераадолець глыбокае адрозненне інтарэсаў і поглядаў паміж партнёрамі па кааліцыі ваеннага часу.