Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Рабышко_УМК по ВОВ.doc
Скачиваний:
26
Добавлен:
16.09.2019
Размер:
1.54 Mб
Скачать

5. Працоўны подзвіг савецкага народа.

Вайна мабілізавала працаўнікоў савецкага тылу, якія таксама адчувалі сябе ўдзельнікамі вялікай бітвы за свабоду сваёй Айчыны. У лютым 1942 г. Прэзідыум ВС СССР выдаў Указ «Аб мабілізацыі працаздольнага гарадскога насельніцтва для работы на вытворчасці і ў будаўніцтве на перыяд ваеннага часу». Мабілізацыі падлягалі мужчыны ад 16 да 55 гадоў і жанчыны ад 16 да 45 гадоў з ліку не занятых у дзяржаўных установах і на прадпрыемствах. Для большасці жыхароў дэвізамі працоўнай дзейнасці сталі «Усё — для фронту, усё — для перамогі над ворагам!». Дасягненні савецкай эканомікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі б немагчымы без працоўнага гераізму савецкіх людзей.

Энтузіязм панаваў у працоўных калектывах, асабліва з пачаткам перамог на фронце. Шырока выкарыстоўваліся пачыны, якія дазвалялі значна павялічыць вытворчасць працы, эканоміць матэрыяльныя рэсурсы, павялічваць выпуск прадукцыі. Сярод іх найбольш значнымі з’яўляліся ўсесаюзныя са­цыялістычныя спаборніцтвы, рух шматстаночнікаў, рух за сумяшчэнне сумежных прафесій, рух рацыяналізатараў і вынаходнікаў і інш. У сельскай гаспадарцы аднавілася спаборніцтва жаночых трактарных брыгад. Шырокія памеры набыў рух за выпуск звышпланавай прадукцыі.

Своеасаблівым подзвігам была праца савецкіх канструктараў, якія стварылі лепшыя ўзоры ўзбраенняў у гады вялікай Айчыннай. Шмат хто з іх вымушаны быў працаваць у так званых «шаражках»лагерных канст­у­к­тарскіх бюро, у няволі. Але яны добра ведалі, што працуюць не на асобу, а дзеля свабоды свайго народа.

Выдатныя дасягненні былі ў авіябудаўніцтве. Канструктар С. У. Ільюшын стварыў унікальныя браніраваныя штурмавікі Іл-2, Іл-8, Іл-10. Канструктары У. М. Петлякоў і А. М. Тупалеў стварылі пікіруючыя бамбардзіроўшчыкі Пе-2 і Ту-2, якія пераўзыходзілі знакамітыя нямецкія «Хейнкелі» і «Юнкерсы». Знішчальнікі Як-7 А. С. Якаўлева і Ла-5 С. А. Лавачкіна панавалі ў паветры ў канцы вайны.

Панічны жах наводзіла на нямецкіх салдат устаноўка рэактыўных мінамётаў — «кацюш». Лепшым танкам 2-й сусветнай вайны лічыцца Т-34, створаны М.І. Кошкіным, галоўным канструктарам танкавага КБ на Харкаўскім заводзе.

Значны ўклад у перамогу над ворагам унеслі працоўныя Беларусі, эвакуіраваныя на ўсход краіны. Знаходзіліся яны галоўным чынам у Паволжы, на Урале, у Заходняй Сібіры. Да лета 1942 г. на абарону працавалі больш за 60 беларускіх прадпрыемстваў.

Беларускія працоўныя таксама паказвалі ўзоры працоўнага гераізму. Завод «Гомсельмаш» пачаў даваць прадукцыю праз месяц ад свайго прыбыцця ў Курган. За такі ж час стаў даваць ваенную прадукцыю Гомельскі стан­ка­будаўнічы завод.

Восенню 1942 г. маладыя рабочыя, эвакуіраваныя з Беларусі, ўключаліся ў патрыятычны рух за стварэнне камсамольска-маладзёжных брыгад, якія браліся за самыя адказныя заданні. Лепшым з іх прысвойвалася званне «фран­тавых». Першай камсамольска-маладзёжнай брыгадай на заводзе «Гом­сель­маш» стала брыгада Ф. Мельнікава.

Адвагу і стойкасць праяўлялі беларускія чыгуначнікі. З небяспекай для жыцця яны вадзілі паязды ў прыфрантавой паласе, падвяргаліся налётам варожай авіяцыі. Зачынальніцай пачыну сярод чыгуначнікаў была жанчына — А.М. Чухнюк. Яна правяла цяжкавагавы састаў з апярэджаннем графіка, без дадатковага набору паліва. За высокія паказчыкі ў рабоце яна была ўдастоена звання Героя Сацыялістычнай Працы. Такую ж узнагароду атрымалі беларускія чыгуначнікі А.В. Глебаў, М.А. Макараў, I.П. Першукевіч, А.А. Янкоўскі.

Частка эвакуіраванага насельніцтва, а гэта па падліках болей за 1,5 млн. чалавек, працавала ў сельскай гаспадарцы трактарыстамі, камбайнерамі, жывёлаводамі, паляводамі, брыгадзірамі, старшынямі калгасаў. Многія бела­русы, якія самааддана і мужна працавалі ў савецкім тыле, атрымалі ганаровыя званні лепшых па прафесіі, пераможцаў спаборніцтваў, перадавых работнікаў, а таксам былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.

У савецкім тыле знаходзілася шмат прадстаўнікоў беларускай навукі і культуры. На ўсход былі эвакуіраваны 60 навукова-даследчых інстытутаў і лабараторый, 6 тэатраў, больш 20 вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў. Вучоныя БССР вялі даследаванні, скіраваныя на ўдасканальванне тэхналогіі вытворчых працэсаў у прамысловасці, ажыццяўлялі пошук сыравіны, вырашалі праблемы павышэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур, распра­цоў­валі эфектыўныя метады лячэння параненых і інш.

У Маскве, Алма-Аце, Ташкенце, Чымкенце, Фрунзе і іншых гарадах аднавілі сваю работу навукова-даследчыя, вышэйшы і сярэднія навучальныя ўстановы, у тым ліку Акадэмія навук БССР. У 1943 г. на станцыі Сходня пад Масквой аднавіў работу Белдзяржуніверсітэт, у Яраслаўлі — Мінскі меды­цын­скі інстытут.

Свой уклад у агульную справу разгрому ворага ўносілі дзеячы беларускай культуры. Яны стваралі новыя мастацкія творы, выступалі перад воінамі Чыр­вонай Арміі, прымалі ўдзел у зборы грошай на патрэбы абароны. Зна­хо­дзячыся ў савецкім тыле, працоўныя Беларусі сваёй гераічнай і сама­адданай працай сумесна з усімі народамі краіны стваралі трывалы падмурак пе­ра­могі над фашысцкай Германіяй.

Пастаноўкі Беларускага драматычнага тэатру імя Янкі Купалы ў Томску карысталіся заўсёды вялікім поспехам. З 1 верасня 1941 г. да 1 студзеня 1942 г. тэатр ажыццявіў пастаноўку больш як 10 спектакляў, у тым ліку «Партызаны» К. Крапівы, «Хлопец з нашага горада», «Рускія людзі» К. Сіманава, «Фронт» А. Карнейчука і інш. Разгарнулі сваю работу і іншыя тэатры Беларусі.

Важным перыядам у развіцці беларускай літаратуры з’яўляюцца ваенныя гады. Літаратары, кампазітары, мастакі, акцёры так сама змагаліся, і на вельмі важным фронце — ідэалагічным. Яны выхоўвалі ў савецкіх людзей стойкасць, мужнасць і гераізм. На ўсю краіну прагучаў верш народнага паэта Беларусі Я. Купалы «Беларускім партызанам». Кампазітар Я. Цікоцкі напісаў аперу «Але­ся», прысвечаную беларускім партызанам, У. Залатароў 5-ю сімфонію на тэму абароны Радзімы, М. Аладаў сімвалічную паэму «З дзённіка партызан». Песня Н. Сакалоўскага «Мы — беларусы!» пасля вайны стала гімнам БССР.

Знаходзячыся ў савецкім тыле, працоўныя Беларусі сваёй гераічнай і сама­адданай працай сумесна з усімі народамі краіны стварылі трывалы пад­му­рак перамогі над Германіяй.

Такім чынам, самаадданая праца савецкага народа, у тым ліку і беларусаў, дзеля Перамогі базіравалася ў першую чаргу на любві да сваёй Радзімы, на тэрыторыю якой прыйшоў страшэнны вораг. Але пэўную складаючую пра­цоўнага гераізму мае і ідэалагічная праца, якая вялася партыйнымі органамі. Бе­ла­русы паказалі не толькі прыклады гераізму на франтах вайны, але і сама­адданасць на прадпрыемствах, чыгунцы, у сельскай гаспадарцы.

Пытанні для самакантролю

1. Які ўклад працаўнікоў савецкага тылу ў перамогу над ворагам?

2. Што ўяўляла сабой дапамога СССР па лэнд-лізу?

3. У чым сутнасць і значэнне палітычнай агітацыі і прапаганды ў гады вайны?

4. У чым праяўляўся працоўны гераізм савецкага народа ў гады вайны?