Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ПАДРУЧНІК 7.rtf
Скачиваний:
19
Добавлен:
12.11.2019
Размер:
2.64 Mб
Скачать

З “Хронікі Быхаўца”

Потым князь вялікі Вітаўт паслаў сваіх паслоў да Вялікага Ноўгарада і Пскова, каб яго гаспадаром сваім лічылі і даніну яму давалі… Але ноўгарадцы і псковічы на тых паслоў зусім не зважалі і даніны даваць не хацелі. I князь вялікі Вітаўт сабраўся з усімі сваімі сіламі, і пайшоў на зямлю Ноўгарадскую, і стаў пад горадам Порхавам, і стаяў там шэсць месяцаў, і, не здабыўшы горада, пайшоў па зямлі Ноўгарадскай і Пскоўскай, спусташаючы, палячы, беручы ў палон.

Налета пайшоў князь вялікі Вітаўт пад гарады пскоўскія, але не здабыў гарадоў пскоўскіх — Веліж і Красны горад. Псковічы, хочучы, каб Вітаўт больш іх зямлі не сказіў, прыслалі сваіх паслоў да вялікага князя Вітаўта, згаджаючыся, каб ён гаспадаром у іх быў, хочучы слухацца яго, даніну яму кожны год даваць і намесніка ягонага ў сябе мець. I князь вялікі пасадзіў намеснікам у іх князя пінскага Юр’я, празванага Нос, а сам пайшоў пад Ноўгарад з усімі сіламі. Ноўгарадцы, бачачы тое, што псковічы Вітаўту здаліся і намесніка ягонага прынялі, і, не хочучы больш трываць шкоды ад яго ў зямлі сваёй, паслалі да яго паслоў сваіх, падаўшыся яму на службу і падаткі даючы, і, як псковічы, за гаспадара яго мець пажадалі. Князь Вітаўт паставіў у іх намеснікам шурына свайго князя Сямёна Гальшанскага, празванага Лютым. I давалі ноўгарадцы даніну князю вялікаму кожны год... А псковічы давалі палову таго, што ноўгарадцы, як залатых і коней, так і звера махнатага.

Князь вялікі Вітаўт, расшырыўшы гаспадарства ад мора да мора, састарыўся.

§ 12. “Вялікая вайна” і Грунвальдская бітва

Узмацненне крыжацкай небяспекі. Напачатку ХV ст. адносіны Вялікага княства і Польшчы з Тэўтонскім ордэнам рэзка пагоршыліся. Атрымаўшы паводле Салінскіх пагадненняў 1398 г. Жамойць і захапіўшы некаторыя польскія землі, крыжакі злучылі свае лівонскія і прускія ўладанні з Германіяй. Узнік нават праект падзелу Польшчы паміж Ордэнам і германскімі ўладарамі.

Польшча разумела небяспеку і шукала падтрымкі ў свайго бліжэйшага саюзніка – ВКЛ. Ягайла мусіў ісці на ўступкі і паводле Віленска-Радамскіх пагадненняў 1401 г. надаў Вітаўту большыя ўладныя паўнамоцтвы. Аднак і сам Вітаўт разумеў непазбежнасць канфлікту з Ордэнам з-за Жамойці. Крыжакі фармальна атрымалі правы на гэту літоўскую вобласць, але нічога не маглі зрабіць з пастаяннымі паўстаннямі жамойтаў. У значнай ступені гэтыя паўстанні падтрымліваліся Вітаўтам, які аказваў жамойтам дапамогу зброяй і войсковымі сіламі.

Падрыхтоўка да рашучага адпору крыжаносцам. Ужо ў снежні 1408 г. адбылася тайная нарада Вітаўта і Ягайлы ў Навагрудку, дзе было прынята рашэнне аб пачатку вайны з Ордэнам у 1409 г. Аднак падзеі разгортваліся такім чынам, што адказнасць за аб’яўленне вайны лягла на плечы крыжакаў.

У 1409 г. у мяцежнай Жамойці ўспыхнуў голад. Ягайла паслаў туды караблі, нагружаныя, як ëн сцвярджаў, хлебам. Аднак крыжакі, якія затрымалі караблі, знайшлі там зброю для паўстанцаў. Затрымку караблëў скарыстаў Вітаўт, які ледзь не адкрыта стаў на бок жамойтаў. Непазбежнасць вайны зразумелі і крыжакі. Яны паспрабавалі заручыцца нейтралітэтам палякаў, але тыя параілі немцам увогуле адмовіцца ад Жамойці і паабяцалі ў выпадку вайны падтрымаць Вітаўта. У адказ Ордэн 6 жніўня 1409 г. аб’явіў Ягайле вайну.

Першы этап вайны скончыўся для палякаў няўдала: яны страцілі частку сваіх зямель. У кастрычніку Ягайла мусіў падпісаць з Ордэнам часовае перамір’е. У той жа час Вітаўт, які ваяваў асобна, дабіўся поспехаў і здолеў заняць Жамойць.

Мірную перадышку абодва бакі выкарыстоўвалі для падрыхтоўкі да новага сутыкнення: збіралі войскі, вербавалі наëмнікаў, вялі дыпламатычную барацьбу. Чэшскі кароль, запрошаны як міжнародны пасрэднік для мірнага вырашэння канфлікта, прыняў бок Ордэна. Аб падтрымцы крыжакаў заявіў і кароль Венгрыі. У снежні 1409 г. у Брэсце адбылася яшчэ адна нарада Ягайлы і Вітаўта, дзе быў распрацаваны падрабязны план вайны.

Ваенныя дзеянні былі адноўлены ў чэрвені 1410 г. Ягайла і Вітаўт планавалі злучыць свае сілы і рухацца на сталіцу Ордэна – Мальбарк. Кіраўнік Ордэна вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген даведваўся пра наступальныя планы сваіх праціўнікаў запозна. Ён спрабаваў перакрыць шлях на сталіцу, аднак аб’яднаныя сілы ВКЛ і Польшчы вырашылі ўхіліцца ад бітвы і далей рухацца на Мальбарк. Тым не менш, крыжакі зрабілі яшчэ адну спробу пераняць праціўнікаў і раніцай 15 ліпеня 1410 г. сутыкнуліся з імі каля вëскі Грунвальд.

Грунвальдская бітва. Войска крыжакаў, куды ўваходзіла шмат рыцараў з Германіі, Англіі, Францыі, Швейцарыі, Чэхіі і інш., налічвала каля 15–20 тыс. чалавек. Яны дзяліліся на 50 палкоў (харугваў). Яшчэ адну харугву крыжакі пакінулі для аховы межаў дзяржавы. Лівонскія рыцары ў бітве не ўдзельнічалі, бо перад гэтым заключылі мір з Вітаўтам.

Войска Вялікага княства Літоўскага і Польшчы было большым – каля 30–40 тыс. чалавек. Вітаўт прывëў з сабой 40 харугваў, у тым ліку з Полацка, Наваградка, Вільні, Трокаў, Смаленска, Віцебска, Гародні, Ліды, Берасця, Пінска, Мсціслава, Драгічына і іншых зямель. З Ягайлам прыйшло 50 харугваў. У аб’яднаным войску, акрамя беларускіх, літоўскіх і польскіх сіл, былі харугвы з Украіны, атрад з Чэхіі пад кіраўніцтвам Яна Жыжкі (у будучым героя гусіцкага руху) і татарская конніца.

Беларускія і літоўскія харугвы узначаліў вялікі князь Вітаўт. Агульнае кіраўніцтва аб’яднаным войскам ажыццяўляў польскі кароль Ягайла. Саюзныя сілы пабудаваліся трымя лініямі. Войскі ВКЛ размясціліся на правым фланзе, палякі – на левым. Крыжакі спачатку таксама стаялі трымя лініямі, але ўбачыўшы, што іх фронт выглядае карацейшым, падоўжылі яго за кошт адной з ліній.

Бітва пачалася атакай першай лініі Вітаўта. Крыжакі марна спрабавалі адбіць яе гарматным агнëм, пасля чаго кінулі супраць конніцы ВКЛ свае асноўныя сілы. Бітва цягнулася доўга і зацята, аднак праз нейкі час ваяры ВКЛ пачалі адступаць і частка іх кінулася наўцëкі. Гэтыя ўцëкі былі справакаваны татарскімі атрадамі, для якіх тактыка прытворных уцëкаў з далейшым вяртаннем у бітву была ўлюблëным прыëмам.

Для правага крыла саюзнікаў складася пагрозлівая сітуацыя. Яе ўратавалі тры палкі пад камандай мсціслаўскага князя Сымона Лугнена. Яны былі амаль усе пасечаны, але выстаялі і дачакаліся дапамогі – другой і трэцяй ліній войска Вітаўта. Адначасова палякі кінулі ў бой сваю першую лінію. Бітва закіпела на абодвух флангах і набыла небывалую лютасць. У гушчы бітвы быў звалены польскі каралеўскі сцяг і крыжакі ўжо заспявалі пераможны гімн. Ад паражэння палякаў уратавала ўвядзенне ў бой другой лініі.

У нямецкага магістра Ульрыха фон Юнгінгена таксама заставалася ў рэзерве адна лінія. Яе ëн павëў у бой асабіста. Страшны ўдар крыжакоў праламіў строй саюзнікаў. Тэўтоны зноў заспявалі гімн перамогі. Аднак тут па іх ударылі з розных бакоў уцалелыя флангі Ягайлы і Вітаўта, апошняя польская лінія і тыя ваяры ВКЛ, якія вярнуліся пасля ўцëкаў. Бітва ператварылася ў знішчэнне акружаных рыцараў. Загінуў сам магістр. Быў захоплены абоз і ўсе баявыя сцягі Ордэна.

Вынікі і гістарычнае значэнне бітвы. Тарунскі мір. Пасля перамогі пад Грунвальдам саюзнікі маглі без перашкод рухацца да Мальбарка. Па дарозе ім без збоя здаваліся прускія гарады і замкі. Аднак асада сталіцы Тэўтонскага ордэна зацягнулася. Хутка лагер саюзнікаў пакінулі войскі Вітаўта. Мудры князь не хацеў поўнага знішчэння Ордэна, які ëн разлічваў выкарыстоўваць для стрымлівання палякаў. Ён разумеў, што без гэтага Польшча зноў захоча заявіць прэтэнзіі да яго ўладанняў. Далейшая аблога Мальбарка стала марнай і хутка палякі таксама рушылі назад.

У 1411 г. у г. Торунь быў заключаны мір. Найбольш выгадны ëн быў для Вялікага княства Літоўскага, якому крыжакі вярталі Жамойць. Польшча таксама вяртала частку зямель. Акрамя таго, пераможцам павінна была быць выплачана вялікая сума грошай.

Тарунскі мір вызначыў новую сітуацыю ў Прыбалтыцы. Тэўтонскі ордэн страціў сваë вядучае становішча ў рэгіëне, аднак спратрэбілася яшчэ некалькі войнаў, каб ëн знік канчаткова. Значна ўзрос міжнародны аўтарытэт Вялікага княства Літоўскага і Польскага Каралеўства. Ажывіўся іх гандаль, болыш паспяхова сталі развівацца гаспадарка і культура.

Гэта цікава. Перад Грунвальдскай бітвай абодва бакі доўгі час стаялі ў нерашучасці, не жадаючы пачынаць бітву. Каб раззлаваць Ягайлу і Вітаўта і справакаваць іх наступленне ў невыгаднай мясцовасці, крыжацкі магістр прыслаў ім два мячы, заяўляючы, што калі ў іх не хапае зброі, то крыжакі пасылаюць яе ім, каб тыя маглі, нарэшце, адважыцца на бой. Ягайла і Вітаўт прынялі “падарунак” і хоць стараліся ніяк не выказаць свайго абурэння, аднак неўзабаве пачалі атаку.

Гістарычная крыніца