Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ПАДРУЧНІК 7.rtf
Скачиваний:
19
Добавлен:
12.11.2019
Размер:
2.64 Mб
Скачать

§26. Рэнесансавая культура ў вкл у хvі ст.

Рэнесанс і яго праявы ў культуры і штодзённым жыцці. Рэнесанс, што па-французску азначае Адраджэнне, складае ў культурным і духоўным жыцці Еўропы цэлую эпоху. Ён пачаўся ў Італіі ў ХІV ст. і хутка яго павевы распаўсюдзіліся на Поўнач, дакаціўшыся ў пачатку ХVІ ст. да беларускіх зямель. Рэнесанс закрануў не толькі мастацтва. Ён праявіўся ў павышэнні ўвагі да чалавека, яго знешняй і ўнутранай прыгажосці (гуманізм), у пошуку рэформ і ўдасканалення грамадства, рэлігійна-духоўнага абнаўлення, ва ўзрастанні ўвагі да прыроды і гісторыі. З Рэнесансам звязваецца ўзрастанне нацыянальнай годнасці. На змену аскетызму прыходзіць прага свецкіх забаў і ў той жа час унутранага самаўдасканалення.

Новыя павевы ў культуры ВКЛ распаўсюджваліся спачатку пры двары манархаў, затым магнатаў, а адтуль – у асяроддзі шляхты і багатых мяшчан, якія пераймалі звычкі знаці. Ужо двор вялікага князя Аляксандра быў у гэтым сэнсе бліскучым, аднак асабліва ўзмацніўся подых Рэнесансу ў часы Жыгімонта Старога і яго сына Жыгімонта Аўгуста. Сюды сцякаліся замежныя музыканты, мастакі, архітэктары, у тым ліку выхадцы з Італіі. Гэтаму ў нейкай меры спрыяла італьянскае паходжанне жонкі Жыгімонта Старога Боны Сфорца. Пры вялікакняскім і магнацкіх дварах наладжваліся піры з танцамі і спевамі, маскарады, рыцарскія турніры. Нават такі звыклы занятак, як паляванне, мог абстаўляцца з пышнай тэатральнасцю: пры паляванні на зубра часам ўзводзіліся спецыяльныя трыбуны, з якіх высакародныя гледачы любаваліся расправай над зверам. Сціпласць у харчаванні змянілася пошукам ўсë больш вытанчаных і далікатных страў. Залішняя пампезнасць і багацце праяўлялася і ў касцюмах магнатаў, якія спаборнічалі паміж сабой, пераймаючы модныя павевы то з Захаду, то з Усходу.

Каб атрымаць прызнанне сучаснікаў, чалавек імкнуўся да славы, сваёй асабістай, свайго роду і сваёй Айчыны. Адсюль вынікае павышаная цікавасць да мінулага, стварэнне міфаў, легендарных продкаў. Шляхта выводзіла сваё паходжанне то ад старажытных рымлян, то ад сарматаў, якія калісьці нібыта насялялі гэтыя землі. Згодна з новымі ўяўленнямі, чалавек не толькі павінен быў дасягнуць прыжыццёвай славы, але і перадаць яе нашчадкам. Каб пакінуць пра сябе добрую памяць, багатыя асобы займаліся мецэнацтвам, узводзілі за свой кошт новыя храмы, выдзялялі грошы на стварэнне твораў мастацтва.

У ХVІ ст. распаўсюджваецца традыцыя пышных партрэтаў, якія паказвалі ўладальнікаў у велічных позах, у багатых касцюмах ці рыцарскіх даспехах. Паступова складаецца традыцыя стварэння цэлых партрэтных галерэй магнацкіх родаў. З’яўляецца такі новы від мастацтва, як гравюра. Элементы Рэнесанса праяўляюцца ў скульптуры і архітэктуры. Пры забудове гарадоў Нясвіжа, Старага Быхава, Слуцка прасочваецца імкненне да стварэння “ідэальнага” горада. На змену суровым замкам прыходзяць палаца-замкавыя комплексы, спалучаўшыя рысы готыкі і Рэнесанса. У культавым дойлідстве рэнесансавыя рысы найбольш праявіліся пры пабудове пратэстанцкіх храмаў. Уздзеянне Рэнесансу адчуваецца нават у іконапісанні. На беларускіх абразах гэтага часу пачынаюць адлюстроўвацца дэталі штодзëннага жыцця, кананічнасць вобразаў змяняецца паказам чалавечых пачуццяў.

Літаратура. Развіццю літаратуры на беларускіх землях у ХVІ ст. спрыяў афіцыйны статус беларускай мовы. У гэтым выразна праявілася імкненне да пашырэння свецкай літаратуры, як уласнай так і перакладной. Дзякуючы перакладам агульнадаступным стаў такі пашыраны ў Заходняй Еўропе жанр, як рыцарскі раман (“Аповесць пра Баву”, “Аповесць пра Трыстана” і г.д.).

Важнае месца ў літаратуры ВКЛ першай паловы ХVІ ст. займаюць рэнесансовыя вершаваныя творы, напісаныя на лацінскай мове. Пачынальнікам гэтага жанру стаў Мікола Гусоўскі. У 1523 г. выйшла яго паэма “Песня пра Зубра”. Аўтар праслаўляе беларускую прыроду, слаўнае мінулае ВКЛ часоў Вітаўта, лічыць яго ўзорам для сучаснікаў. Адначасова ëн асуджае войны паміж хрысціянскімі народамі, заклікае іх згуртавацца перад турэцкай пагрозай.

Далейшае распаўсюджанне атрымала беларуска-літоўскае летапісанне. Найлепшымі яго ўзорамі сталі створаныя ў першай палове ХVІ ст. “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага” і “Хроніка Быхаўца”. Яны ў цэлым мелі сярэднявечны характар, але з відавочнымі рэнесансовымі рысамі (міфалагізацыя і папулярызацыя мінулага, патрыятычныя настроі, публіцыстычная скіраванасць).

Падобнымі рысамі прасякнуты і іншыя творы ХVІ ст. Яны праявіліся ў прадмовах і каментарыях да перакладаў Бібліі Францыска Скарыны, які імкнуўся выкарыстаць кнігі Святога пісання ў выхаваўчых мэтах. Гуманістычныя ноткі выразна гучаць у працы Міхалона Літвіна “Пра норавы татар, літвінаў і маскавітаў”. Аўтар не толькі прыводзіць цікавыя і падрабязныя звесткі пра гэтыя народы, але таксама крытыкуе адмоўныя бакі тагачаснага грамадства ВКЛ, заклікае да павышэння яго маральнасці.

Цэлы жанр рэнесансавай літаратуры ўзнік на глебе рэлігійнай палемікі, якая разгарнулася з сярэдзіны ХVІ ст. Пашырэнне ў ВКЛ Рэфармацыі прывяло да з’яўлення прац, у якіх аўтары не толькі асуджалі каталіцкую царкву, але і выступалі ў абарону свабоды чалавека, супраць феадальнага прыгнëта. Аднымі з найбольш яркіх пратэстанцкіх аўтараў сталі Сымон Будны і Васіль Цяпінскі.

Развіццё кнігадрукавання. Важнае значэнне для развіцця літаратуры мела пашырэнне кнігадрукавання. Дзякуючы яму з новымі творамі маглі азнаëміцца значна больш чытачоў. Пачынальнікам кнігадрукавання на беларускіх і ўсходнеславянскіх землях стаў Францыск Скарына, які ў 1517 г. выдаў сваю першую кнігу ў Празе, а ў 1522 і 1525 гг. ужо ў сталіцы ВКЛ – Вільні. На тэрыторыі Беларусі першая друкарня была заснавана ў 1553 г. у Брэсце. Самыя раннія друкаваныя кнігі ў ВКЛ былі выдадзены на беларускай мове. Першая літоўская кніга была выдадзена толькі ў 1547 г. па-за межамі дзяржавы, у Прусіі.

Хуткае пашырэнне кнігадрукавання ў другой палове ХVІ ст. было звязана з Рэфармацыяй. Важнай задачай пратэстантаў было распаўсюджанне сваіх ідэй і азнаямленне шырокага кола людзей з тэкстам Бібліі. Аднак у прапагандзе сваіх ідэй былі зацікаўлены і прадстаўнікі іншых канфесій. У ХVІ ст. у ВКЛ дзейнічала цэлая сетка друкарняў, якія выпусціла больш за 320 выданняў на беларускай, царкоўнаславянскай, польскай, лацінскай і інш. мовах.