Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ПАДРУЧНІК 7.rtf
Скачиваний:
19
Добавлен:
12.11.2019
Размер:
2.64 Mб
Скачать

§27. Францыск Скарына – усходнеславянскі і беларускі гуманіст і асветнік.

Жыццëвы шлях Ф.Скарыны. Сярод іншых прадстаўнікоў рэнесансавай культуры на Беларусі вылучаецца постаць Францыска Скарыны. Скарына нарадзіўся каля 1490 г. у Полацку, у купецкай сям’і. Ягоны бацька Лука Скарына гандляваў скурамі і іншымі таварамі. Ён, відаць, быў чалавекам даволі адукаваным, таму змог даць свайму сыну першапачатковую адукацыю дома. Пазней малады Францішак удасканаліваў веды ў адной са школ Вільні або роднага Полацка, а ў 1504 г. паступіў у Кракаўскі універсітэт. Праз два гады ëн скончыў універсітэт і неўзабаве атрымаў дыплом доктара філасофіі.

Ужо тады выявіліся надзвычайныя здольнасці Скарыны, што адчыняла перад ім шырокія перспектывы. Нейкі час ëн быў сакратаром караля Даніі, аднак прага ведаў прывяла яго ў 1512 г. у славуты Падуанскі універсітэт у Італіі, дзе Скарына бліскуча абараніў дыплом доктара медыцынскіх навук. Напэўна ўжо тады Скарыну зацікавіла кнігадрукаванне, якое адзінае давала ў той час магчымасць зрабіць веды набыткам шырокага кола людзей.

Месцам сваёй кнігавыдавецкай дзейнасці Францішак Скарына выбраў Прагу, якая была на той час значным культурным цэнтрам Еўропы. Да таго ж дзякуючы знаходжанню на чэшскім троне прадстаўніка дынастыі Ягелонаў падтрымліваліся даволі цесныя кантакты паміж Вялікім княствам Літоўскім і Чэхіяй. У 1517 г. тут выйшла першая кніга Скарыны – Псалтыр. У далейшым, да 1520 г. пабачыла свет яшчэ 22 пражскія выданні Скарыны, пасля чаго ён пераехаў у сталіцу ВКЛ Вільню, дзе працягнуў сваю выдавецкую дзейнасць. Каля 1522 г. тут была выдадзена “Малая падарожная кніжыца”, а ў 1525 г. – “Апостал”.

Скарына спрабаваў распаўсюджваць свае кнігі не толькі на Радзіме, але і за яе межамі. З гэтай мэтай ён наведаў Маскоўскую дзяржаву. Аднак там палічылі, што скарынаўскія выданні не адпавядаюць прынятым ў Маскве царкоўным канонам. Таму яны былі спалены. Ездіў Скарына і ў Каралявец да прускага герцага. Аднак у далейшым Скарына стаў адчуваць сур’ёзныя матэрыяльныя цяжкасці. Памерлі амаль што ўсе мецэнаты яго выдавецкай дзейнасці. Скарына быў вымушаны пакінуць Радзіму і зноў скіравацца ў Прагу. Там ён да самай смерці працаваў каралеўскім садоўнікам.

Погляды і друкарская дзейнасць Скарыны. Францыск Скарына прысвяціў сваё жыццё выданню біблейскіх тэкстаў. Гэта не было выпадковым. У часы сярэдневякоўя Біблія была найбольш пашыранай кнігай. Яна мела не толькі рэлігійнае значэнне; па ёй вучыліся грамаце, яна служыла крыніцай ведаў па гісторыі, геаграфіі. Таму Скарына імкнуўся не толькі зрабіць Біблію больш даступнай, таннейшай, чым рукапісныя кнігі, але і надрукаваць яе зразумелай народу мовай. Для гэтага ён перакладаў кананічныя тэксты, уводзіў у іх элементы жывой гутарковай гаворкі.

Аднак Скарына не абмежаваўся толькі выдавецкай і перакладчыцкай дзейнасцю. У сваіх выданнях ён выступае і як аўтар прадмоў і сказанняў, якія набліжаюцца да пропаведзяў, павучанняў. Каб зрабіць біблейскія сюжэты больш зразумелымі простаму чытачу, Скарына ў даступнай форме каменціраваў іх, даваў тлумачэнні і звесткі аб апісваемых часах. Ён выкарыстоўвае прыёмы вершаскладання, змяшчае ўласныя гімны.

У прадмовах, сказаннях і пасляслоўях Скарыны чытаецца яго ўнутраны свет, для якога была характэрна гуманістычная скіраванасць, характэрная для эпохі Рэнесанса. Скарына выступае як гарачы патрыёт, адданы прыхільнік духоўнага і грамадскага адзінства народа, хрысціянскіх і агульначалавечых каштоўнасцяў.

У выданнях Скарыны прасочваецца яго глубокая павага да свецкіх навук, цікавасць да набыткаў антычнасці, прыхільнасць да ідэі справядлівых і дасканалых законаў, заснаваных на натуральным праве. Ідэалам Францыска Скарыны была справядлівая і моцная манархія, якая падтрымлівала б хрысціянскую справядлівасць, кіравалася законамі, жыла ў міры і згодзе з суседзямі, спрыяла развіццю гаспадаркі і духоўнай культуры падданых. Прыклады ідэальнага грамадства Скарына шукаў у мінулым, прычым яго ўвагу прыцягвалі не толькі біблейскія персанажы, але і дзеячы грэчаскай і рымскай антычнай гісторыі.

У сваіх выданнях Скарына змяшчаў звесткі па свецкіх навуках. Так, у Малой падарожнай кніжыцы маюцца звесткі па астраноміі, календары, даюцца беларускія назвы месяцаў года, прадстаўляюцца знакі Задыяка. Скарына лічыў, што па “Пеўнiцах” можна было навучыцца музыцы, па кнiгах Маісеевых – арыфметыцы, па кнiзе Iсуса Навiна – геаметрыі i астраномiі.

Выданні Скарыны унікальныя і з пункту гледжання афармлення. Яны з поўным правам могуць лічыцца шэдэўрам кніжнай справы. Яны маюць зручныя памеры, аздоблены высокамастацкімі гравюрамі, арнаментам, нават шрыфт вызначаецца дасканаласцю. Ілюстрацыі выданняў Скарыны не толькі ўпрыгожваюць тэкст, але і дапамагаюць паўней зразумець змест. Лічыцца, што ў афармленні кніг і падрыхтоўцы гравюр прымаў удзел сам Скарына.

У сваёй выдавецкай дзейнасці Ф.Скарына ўвёў некаторыя навінкі, невядомыя раней. Ён стаў выкарыстоўваць прамежкі паміж асобнымі словамі, што аблегчыла чытанне, разбіваў тэкст на абзацы. Гэта спрыяла распаўсюджанню яго кніг, рабіла іх яшчэ больш зразумелымі.

Велічнасць постаці Ф.Скарыны. Францыска Скарыну часам называюць “тытанам беларускага Адраджэння”. Ён стаў першым беларускім і ўсходнеславянскім першадрукаром, які намнога апярэдзіў сваіх паслядоўнікаў. Першыя друкаваныя кнігі ў суседніх з беларусамі народаў з’явіліся значна пазней. Аднак Скарына выступае не толькі як кніжнік, асветнік, носьбіт і пашыральнік духоўных каштоўнасцяў. Яго асоба ўвасобіла ў сабе шматбакавовасць, характэрную для найбольш слаўных прадстаўнікоў еўрапейскага Рэнесансу. Скарына праявіў сябе ў розных галінах навукі і мастацтва – як філасаф, медык, пісьменнік і паэт, перакладчык, мастак, першадрукар. Яму ж прыпісваюць удзел ў падрыхтоўцы першага звода законаў ВКЛ – Статута 1529 г.

Францыск Скарына стаў бадай што першым прыкметным дзеячам Адраджэння на беларускіх землях і пачынальнікам многіх наватарскіх тэндэнцый. Яго дзейнасць аказала ўплыў не толькі на кнігадрукаванне, але і на развіццё кніжнай гравюры ВКЛ, вершаскладання, пашырэнне свецкіх тэндэнцый у літаратуры. Увядзенне элементаў жывой народнай гаворкі ў царкоўнаславянскія тэксты паспрыяла развіццю старабеларускай мовы.

Гістарычная крыніца. З прадмовы Ф.Скарыны да кнігі “Юдзіф”. “Понеже прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по возъдуху, ведають гнезда своя; рыбы, плывающие по морю и в реках, чують виры своюя; пчелы и тым падобныя боронять ульев своих, тако ж и люди, и где зародилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имеють”.

Гэта цікава. Выданні Ф.Скарыны былі настолькі дасканалымі з пункту гледжання выдавецкай справы, што іх доўгі час не маглі пераўзысці найлепшыя еўрапейскія майстры.