Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ПАДРУЧНІК 7.rtf
Скачиваний:
19
Добавлен:
12.11.2019
Размер:
2.64 Mб
Скачать

З “Хронікі Быхаўца”

Немцаў разбілі ўшчэнт, і самога магістра, і ўсіх яго комтураў забілі, і безліч немцаў пабілі і ўзялі ў палон... і затым, усіх іх разграміўшы і шмат гарадоў і зямель іх пабраўшы, астатняе спалілі, а людзей забралі ў палон... з вялікаю пашанаю і незвычайнаю перамогаю, заслужыўшы на ўвесь свет найвыдатную славу паехалі ў свае землі.

§ 13. Грамадзянская вайна 1432-1436 гг.

Супярэчнасці паміж групоўкамі феадалаў у ВКЛ. Пасля смерці Вітаўта ў 1430 г. адбыўся з’езд феадалаў ВКЛ, на якім вялікім князем літоўскім быў абраны Свідрыгайла. Ён быў братам Ягайлы і малодшым сынам Альгерда. Рашучы і энергічны, Свідрыгайла даўно змагаўся за ўладу і быў галоўным праціўнікам Вітаўта на працягу ўсяго яго праўлення.

Аднак, стаўшы на чале дзяржавы, Свідрыгайла выступіў гарачым прыхільнікам курса Вітаўта на поўную незалежнасць і адстойванне інтарэсаў Вялікага княства Літоўскага. Пачатак праўлення Свідрыгайлы быў адзначаны канфліктам з палякамі, якія раптоўна, нават без ведама свайго караля Ягайлы, захапілі частку Падолля – ўладанняў ВКЛ на захадзе Украіны. Ягайла, які на той час гасцяваў у Свідрыгайлы, быў затрыманы і вымушаны даць палякам загад вярнуць захопленыя землі.

Палякі адмовіліся выканаць загад і канфлікт перарос у ваеннае сутыкненне. Свідрыгайла пачаў пошук саюзнікаў і знайшоў іх у асобе малдаўскага гаспадара, татарскага хана, ноўгародскага баярства. Планаваўся таксама саюз з гусітамі, але Свідрыгайла аддаў перавагу германскаму імператару Жыгімонту, які абацаў яму, як калісьці Вітаўту, каралеўскую карону. Да антыпольскага саюзу далучыўся і Тэўтонскі ордэн. У 1431 г. палякі аб’явілі Свідрыгайлу вайну і пачалі баявыя дзеянні на Валыні.

Аднак у гэты ж час выспяваў унутраны канфлікт у ВКЛ. Супраць Свідрыгайлы сфарміравалася моцная апазіцыя літоўскіх феадалаў на чале з малодшым братам Вітаўта Жыгімонтам Кейстутавічам. У аснове іх незадаволенасці ляжала палітыка Свідрыгайлы па раздачы пасад выхадцам з усходу дзяржавы, пераважна “русінам” (беларусам і украінцам) праваслаўнага веравызнання. Сам Свідрыгайла быў католікам, аднак усë жыццë правëў сярод праваслаўных феадалаў, ведаў іх, давяраў ім, карыстаўся іх падтрымкай. Яму, Альгердавічу і зацятаму праціўніку Вітаўта, цяжка было разлічваць на падтрымку заходняй часткі дзяржавы, дзе традыцыйна падтрымлівалі Кейстута і яго нашчадкаў.

Літоўскія феадалы лічылі сябе пакрыўджанымі. Палітыка Свідрыгайлы падрывала палажэнні Гарадзельскай уніі 1413 г. аб раздачы дзяржаўных пасад толькі католікам. І польскія, і літоўскія феадалы былі зацікаўлены ў захаванні палажэнняў уніі. Паміж імі пазначыўся саюз, хоць кожны пераследваў свае мэты.

Змаганне паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам. 1 верасня 1432 г. мяцежнікі зрабілі спробу забіць Свідрыгайлу ў Ашмянах. На чале змовы стаяў Жыгімонт Кейстутавіч. Свідрыгайла быў папярэджаны і ўцёк у Полацк, дзе яго падтрымала мясцовая знаць, да якой далучыліся Віцебская, Смаленская і украінскія феадалы.

У Вільні вялікім князем літоўскім быў абвешчаны Жыгімонт, якога прызнала Літва, Жамойць, Падляшша, Панямонне, Брэсцкая і Мінская землі. У выніку дзяржава была расколата на дзве часткі – Вялікае княства Літоўскае і Вялікае княства Рускае. Пачалася вайна за вялікакняскі трон. Фактычна, гэта была вайна за ўладу буйных тэрытарыяльных груповак, хоць тут цесна перапляталіся таксама рысы дынастычнай барацьбы і рэлігійнага супрацьстаяння.

Польшча адразу ж аказала Жыгімонту Кейстатавічу ваенную дапамогу. Узамен ëн заключыў з палякамі новую унію, па якой пасля яго смерці ВКЛ пераходзіла да польскага караля і яго нашчадкаў. Свідрыгайлу падтрымалі цвярскі князь і лівонскія рыцары. Тэўтонскія рыцары таксама збіраліся выступіць на яго баку, аднак гэтаму перашкодзіў моцны ўдар па іх землях сумеснага польска-гусіцкага войска.

Вайна вялася вельмі жорстка. Ужо ў 1432 г. войскі Свідрыгайлы былі пад Вільняй. У наступным годзе ëн захапіў Коўна (Каўнас), спаліў Заслаўе і Мінск. У адказ Жыгімонт спрабаваў захапіць Віцебск і Мсціслаў. Вялася і дыпламатычная барацьба. У 1434 г. Жыгімонт выдаў прывілей, які ўраўноўваў праваслаўных феадалаў у асноўных правах з феадаламі-католікамі. Пачаўся пераход часткі прыхільнікаў Свідрыгайлы да Жыгімонта. Тайныя перагаворы з ім пачалі смаленскія баяры і праваслаўны мітрапаліт Герасім. Даведаўшыся пра гэта, Свідрыгайла спаліў Герасіма на вогнішчы.

Рашаючая бітва. Летам 1435 г. пад Вількамірам (цяпер г. Укмярге ў Літве) адбылася рашаючая бітва. У ёй удзельнічаў Свідрыгайла са сваімі сіламі і яго саюзнікі – рыцары Лівонскага ордэна, невялікі татарскі атрад, чэшскія і заходнееўрапейскія дабраахвотнікі. Сілы праціўнікаў былі прыблізна роўныя і налічвалі не больш чым па 10 тыс. чалавек.

Бітва скончылася для Свідрыгайлы катастрофай. Яго войскі не паспелі да канца разгарнуць сваю цяжкую кавалерыю і палявы ўмацаваны лагер з вазоў, пабудаваны на гусіцкі манер. Ён быў атакаваны і разбураны літоўска-польскай конніцай. У крывавай бітве разам са сваімі атрадамі палягло 13 украінскіх і беларускіх князёў. Многія трапілі ў палон. Былі ўшчэнт разбіты атрады Лівонскага ордэна. Загінуў сам магістр. Свідрыгайла з невялікай групай сваіх рыцараў уцёк у Полацк.

Няўдачы Свідрыгайлы выклікалі незадавальненне сярод яго прыхільнікаў. Усходнеславянскія землі адна за другой сталі пераходзіць на бок Жыгімонта.

Аднак Полацк, Віцебск і іншыя гарады Беларусі аказвалі ўпартае супраціўленне Жыгімонту. I толькі ў выніку няроўнай барацьбы палачане і віцябляне вымушаны былі здацца. Свідрыгайла ўцёк на Валынь (Украіна). Баявыя дзеянні месцамі працягваліся яшчэ да 1439 г.

Вынікі вайны. Усталяванне міру. Умацаваўшы сваю ўладу, Жыгімонт Кейстутавіч таксама стаў выказваць намеры вызваліцца ад залежнасці Польшчы. Разгадаўшы яго задумы, польскія паны пайшлі на збліжэнне са Свідрыгайлам. Супраць Жыгімонта выступілі і прадстаўнікі літоўскай буйной арыстакратыі, якую ëн адштурхнуў ад сябе выключнай жорсткасцю. Не давяраючы знаці, Жыгімонт адсоўваў яе на задні план, атачаючы сябе дробнымі літоўскімі і беларускімі феадаламі. У 1440 г. супраць Жыгімонта была арганізавана змова і ëн быў забіты ў Троцкім замку.

Пасля смерці Жыгімонта на пасаду вялікага князя літоўскага прэтэндавалі Свідрыгайла, сын Жыгімонта Кейстутавіча Міхал (Міхалюшка) і сын Ягайлы Уладзіслаў. Аднак рада паноў, якая адбылася ў чэрвені 1440 г., абрала другога сына Ягайлы, трынаццацігадовага Казіміра. Ён увайшоў у гісторыю як Казімір IV Ягелон. На доўгі перыяд у Вялікім княстве Літоўскім усталяваўся мір. Надышоў час займацца перабудовай грамадскага жыцця.

Гістарычная крыніца

І сеў [пасля смерці Вітаўта] на вялікае княжанне князь вялікі Свідрыгайла Альгердавіч у Вільні і Троках... І не справіўся ён з кіраваннем краіны. І першага верасня [1432 г.] пасадзіла Літва на вялікае княжанне, у Вільню і Трокі, вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча. Свідрыгайла ж пайшоў [княжыць] у Полацк і Смаленск, і рускія князі і баяры пасадзілі яго на вялікае княжанне Рускае.

Гэта цікава. Адным з кіраўнікоў войска Свідрыгайлы ў бітве пад Вількамірам 1435 г. быў былы намеснік Вітаўта ў Чэхіі Жыгімонт Карыбутавіч. Паранены, ён трапіў у рукі Жыгімонта Кейстутавіча. На пытанне, чаму ён не ратаваўся ўцекамі, легендарны герой гусіцкага руху адказаў, што такі ўчынак не варты яго слаўнага рыцарскага імя і што яго перасталі б паважаць нават ворагі. Такі адказ уразіў Жыгімонта Кейстутавіча, але ён усё ж загадаў патаемна забіць свайго ворага, насыпаўшы яд у яго раны.