Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ПАДРУЧНІК 7.rtf
Скачиваний:
19
Добавлен:
12.11.2019
Размер:
2.64 Mб
Скачать

З Хронікі Быхаўца

Княжачы ў зямлі Літоўскай, пачаў ён [Міндоўг] збіваць братоў сваіх ды сыноўцаў, а некаторых выгнаў з зямлі, і пачаў княжыць ува ўсёй зямлі Літоўскай адзін, і пачаў ганарыцца вельмі, узнёсся славаю ды гордасцю вялікаю, не трываючы супраць сябе нікога.

§ 3. Умацаванне вялікакняжацкай улады

Шляхі ўключэння беларускіх зямель у склад Вялікага княства Літоўскага. На працягу другой паловы ХІІІ – ХІV ст. у складзе Вялікага княства Літоўскага апынуліся ўсе беларускія землі. Яны ўваходзілі сюды рознымі ўляхамі. Часам мясцовыя жыхары, бачучы ў літоўскіх уладарах надзейную абарону ад знешніх ворагаў, самі запрашалі іх да сябе на княжэнне. Пры гэтым з запрошанымі князямі маглі заключацца спецыяльныя дагаворы, якія гарантавалі беларускім землям захаванне даўніх парадкаў. Верагодна такім чынам літоўскі князь Таўцівіл стаў правіць у старажытным Полацку ўжо ў сярэдзіне ХІІІ ст. Калі ж у 1307 г. Полацкая зямля ненадоўга трапіла ў рукі крыжакаў, палачане звярнуліся да вялікага князя літоўскага Віценя па дапамогу ў барацьбе з немцамі. Немцы былі прагнаныя, а Полацкая зямля канчаткова ўвайшла ў склад ВКЛ. Аднак Полацк працягваў карыстацца шырокімі правамі, а літоўскія князі, што правілі тут, павінны былі прымаць праваслаўе. Такім чынам, Полацкая зямля аказалася пад уладай Вялікага княства Літоўскага не ў выніку заваявання, а са згоды мясцовага баярства і купецтва. На пачатку XIV ст. адбылося ўключэнне ў склад Вялікага княства Літоўскага Мінскага княства.

Дабравольна ўвайшла ў склад ВКЛ і Віцебская зямля. Віцебскі князь Яраслаў, які не меў сыноў, заключыў дагавор с вялікім князем літоўскім Гедымінам. Па гэтым дагаворы ëн аддаваў сваю дачку Марыю за сына Гедыміна Альгерда. Пасля смерці Яраслава ў 1320 г. Альгерд стаў княжыць у Віцебску. Пры гэтым, напэўна, паміж Альгердам і віцебскім баярствам таксама заключаўся дагавор, па якім літоўскі князь абяцаў “старыны не рухаць” і пакінуць у Віцебску даўнія парадкі.

Некаторыя ўсходнеславянскія землі былі далучаны да ВКЛ ваенным шляхам. Ужо на пачатку праўлення Гедыміна канфлікт з Галіцка-Валынскім княствам прывëў да ўключэння ў склад ВКЛ Брэстчыны. У 1359 г. Альгердам было захоплена Мсціслаўскае княства, якое належыла Смаленску. Пазней смаляне зрабілі спробу адваяваць Мсціслаў, але былі разбітыя і самі трапілі ў залежнасць ад ВКЛ. У 1362 г. сілы Альгерда ў бітве на Сініх Водах разбілі татарскія войскі. Гэта было першае буйное паражэнне татар ва Усходняй Еўропе. У выніку ВКЛ замацавала сваю ўладу на большай частцы украінскіх зямель. Яно паклала пачатак вызвалення рускіх зямель ад мангола-татарскага ярма.

Хуткі тэрытарыяльны рост рост ВКЛ быў бы немагчымым без удзелу насельніцтва беларускіх зямель. Знайшоўшы досыць надзейную абарону ад знешняга ворага, мясцовае баярства і купецтва захоўвала звыклы лад, традыцыі і веру бацькоў. Ва ўнутраныя справы усходнеславянскіх княстваў вярхоўная ўлада практычна не ўмешвалася. Гэтым тлумачыцца як адносная трываласць новай дзяржавы, так і даволі лëгкае далучэнне да яго новых тэрыторый Русі.

Княжанне Гедыміна. Пасля смерці Віценя велікакняжацкі трон заняў яго брат Гедымін (Гедзіміна). У часы яго праўлення Вялікае княства Літоўскае ператвараецца ў адзін з галоўных цэнтраў збірання рускіх зямель. Гэтаму спрыяла тое, што Галіцка-Валынскае княства ў той час пачало слабець, а Маскоўскае княства яшчэ не набрала моц, ачуняўшы ад страшнага мангола-татарскага пагрома.

Гедымін праводзіў дальнабачную знешнюю і ўнутраную палітыку. Ен імкнуўся супрацьстаяць крыжацкай і татарскай агрэсіі не толькі сілай зброі, але і дыпламатычнымі сродкамі. Пры Гедыміне актывізаваліся кантакты з Заходняй Еўропай, адкуль ëн запрашаў рамеснікаў і гандляроў. Каб спыніць націск крыжакаў, Гедымін абяцаў прыняць хрышчэнне і дазволіў дзейнасць у сваëй дзяржаве каталіцкіх манахаў. У часы Гедыміна ВКЛ упершыню ўступіла ў антынямецкі саюз з Польшчай.

Уваходжанню беларускіх зямель у Вялікае княства Літоўскае спрыяла тое важнае месца, якое займала ў дзяржаве славянская мова і культура. Старабеларуская мова ўжо ў XIV ст. набыла ў ВКЛ распаўсюджанне і стала афіцыйнай. Пры Гедыміне большая частка сучаснай Беларусі была ўжо ў складзе Вялікага княства Літоўскага. Прыкладна тры чвэрці насельніцтва гэтай дзяржавы былі “русьскими” людзьмі, як тады называлі беларусаў. Пад уплывам беларускага насельніцтва частка літоўскай знаці нават прымала праваслаўе. Сярод іх – брат Гедыміна і яго сыны, якія княжылі ва ўсходнеславянскіх землях. У той жа час выхадцы з гэтых зямель адыгрывалі пры Гедыміне значную ролю ў кіраванні дзяржавай. Асаблівым аўтарытэтам карыстаўся гродзенскі кашталян, або стараста Давыд. Ён узначальваў вайсковыя сілы дзяржавы пад час ваенных паходаў, выконваў дыпламатычныя даручэнні вялікага князя і нават быў жанаты на яго дачцэ Біруце.

У 1323 г. Гедымін перанёс сталіцу дзяржавы ў Вільню (цяперашні Вільнюс – сталіца Літоўскай Рэспублікі). Узросшая роля кіраўніка дзяржавы яскрава бачна ў змене яго тытула. Гедымін пачаў называць сябе “каралём Літвы і Русі”, “каралём літоўцаў і многіх рускіх”, прычым пад назвай “рускія”, “русіны” меліся на ўвазе жыхары беларускіх зямель. Таму дзяржава стала называцца “Вялікае княства Літоўскае і Рускае”. Пазней, калі да яго была далучана Жамойць, яно стала называцца “Вялікае княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае”. Але часцей ужывалася скарочаная назва “Вялікае княства Літоўскае”.

Вялікі князь Гедымін быў мудрым правіцелем. Ён праяўляў цярплівыя адносіны да розных рэлігій. Пры ім у Вільні былі заснаваны два каталіцкія кляштары (манастыры). Разам з тым вялікі князь не рабіў перашкод будаўніцтву праваслаўных цэркваў. Сам Гедымін не аддаваў перавагі ні праваслаўю, ні каталіцтву, ён заставаўся язычнікам. Такія адносіны да рэлігіі ў шматрэлігійнай дзяржаве садзейнічалі ўмацаванню краіны, рэлігійнаму міру ў ёй.

Гістарычная крыніца

У 1338 г. Гедымін заключыў гандлёвы дагавор з Лівонскім ордэнам. У канцы тэкста сказана, што дагавор заключаны “са згоды караля Літвы і яго дзяцей і ўсіх баяр, якія таксама свае абрады пры гэтым здзейснілі, і са згоды епіскапа Полацка, караля і горада Полацка і караля (князя) Віцебска, якія ўсе на гэтым вышэй названым зборы цалавалі хрэст”.

Гэта цікава. Каб спыыніць крыжаццкую агрэсію, Гедымін рабіў выгляд, што згаджаецца прыцяць каталіцтва, аднак у самы апошні момант прапаноўваў крыжакам такія ўмовы, якія яны выканаць не маглі. Напрыклад, ен прапаноўваў ім перасяяліцца ў прычарнаморскія стэпы для барацьбы з татарамі. У выніку хрост Гедыміна і Літвы зрываўся як бы па віне крыжакаў.