Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ПАДРУЧНІК 7.rtf
Скачиваний:
19
Добавлен:
12.11.2019
Размер:
2.64 Mб
Скачать

З нямецкай хронікі

У 1333 г. магістр [Эбергард] са шматлікім войскам на лодках быў каля Полацка.

У 1334 г. гэты ж магістр … павёў шматлікае войска к Полацку.

У 1366 г. гэты ж магістр … павёў войска супраць русінаў на Полацк.

У той жа год [1373] Андрэй, князь полацкі, быў са сваімі людзьмі перад замкам Дынабург, дзе ён захапіў некалькі нашых [немцаў] з іх коньмі і павёў з сабой.

…У той жа [1375] год … князь Андрэй Полацкі рушыў з усёю сваёй конніцай і людзьмі к замку Дынабург… Ён таксама вывеў з сабой 15 сялян і коней. Апрача таго, ён забраў камандорскую жывёлу на забой, у якой [нямецкі] камандор пасля меў патрэбу цэлы год.

§ 8. Гаспадарчае жыццё

Сельскагаспадарчыя заняткі і промыслы. У беларускай вёсцы ХIII−ХІV стст. амаль усё неабходнае для жыцця людзі працягвалі, як і раней, вырабляць у сваёй гаспадарцы. Але з ростам колькасці насельніцтва значна ўзрасла патрэба ў прадуктах харчавання.

Стала пашырацца пасяўная плошча і распаўсюджвацца трохполле. Цяпер раллю ўжо дзялілі не на два, а на тры участкі. Адно поле засявалі восенню азімай збажыной, другое — яравымі, а трэцяе пакідалі незасеяным, пад парам.

Першае месца сярод зерневых культур належала азімаму жыту. Сяляне сеялі таксама проса, пшаніцу, ячмень, авёс, грэчку, лён, вырошчвалі боб, гарох і розную гародніну.

Важнай галіной сельскагаспадарчай вытворчасці з’яўлялася жывёлагадоўля. Відавы склад свойскай жывёлы ўключаў буйную рагатую жывёлу (карова, вол), дробную рагатую жывёлу (аўца, каза), свінню, каня, кошку, сабаку.

Дапаможным заняткам сельскага насельніцтва заставалася паляванне, рыбалоўства. Паўсюдна існавала бортніцтва.

Па ранейшаму сельская гаспадарка была звязана з хатнімі промысламі. Сялянская сям’я звычайна вырабляла прылады працы, посуд, палатно, грубае сукно, адзенне, абутак і інш. Паступова з сялян вылучаліся майстры, для якіх рамяство станавілася асобным заняткам.

Прылады працы. У сярэдневякоўі прылады працы для земляробства вырабляліся з дрэва. Толькі асобныя іх часткі з’яўляліся жалезнымі. На тэрыторыі Беларусі была распаўсюджана драўляная саха з дзвюмя металічнымі сашнікамі. Саха больш прыстасаваная да ўмоў лясной паласы. Яна добра рыхліла зямлю і падразала карэнне пустазелля, што неабходна пры вядзенні папаравай сістэмы земляробства.

Ураджай збіралі жалезнымі сярпамі. Па памерах і форме яны набліжаліся да прылад, якімі карысталіся нават у пачатку XX ст. Зерне намалочвалі ручным спосабам драўлянымі цапамі. Зерне на муку малолі пры дапамозе каменных жорнаў, якія мелі дыяметр да 35 см. Крупы вырабляліся ў ручных і нажных драўляных ступах.

Лён і каноплі апрацоўвалі на ільнамялках, часалі вялікімі драўлянымі грабянямі.

Сельскія паселішчы. Сельскія паселішчы называліся сёламі ці вёскамі. Вёскі размяшчаліся на берагах рэк і азёраў. У рачных і азёрных далінах былі больш зручныя для земляробства ўчасткі, лугі і выпасы, неабходныя для ўтрымання дамашняй жывёлы.

Вёскі складаліся з сялянскіх двароў – дымоў. У забудову сялянскага двара уваходзіла хата і некалькі гаспадарчых будынкаў: клець-свіран, хлеў, гумно. Двары размяшчаліся ці асобна адзін ад аднаго, ці групамі па 2−8 двароў. Планіроўка такіх вёсак была бессістэмнай.

Гарады. У ХІV ст. адбываецца замаруджаны, але прыкметны рост гарадоў. Павялічваюцца іх памеры і колькасць насельніцтва. Пашыраліся па плошчы Віцебск, Слуцк, Мінск, Наваградак, Гародня, Берасце. Асабліва хутка развіваўся Полацк – буйнейшы гандлёвы горад Вялікага княства Літоўскага. Тут, на левым беразе Заходняй Дзвіны ўтварыліся тры новыя пасады, заселеныя рамеснікамі, купцамі і іншым людам.

Гарадское насельніцтва расло, галоўным чынам, за кошт сялян, якія ў гарадскіх пасадах шукалі лепшай долі. Асабліва вабілі гарады тых людзей, якія валодамі рамеснымі навыкамі. Найбольш значныя гарады становяцца важнымі цэнтрамі рамяства і гандлю. Рамяство развіваецца і ў некаторых дробных населеных пунктах, якія раней былі крэпасцямі, замкамі, гаспадарскімі дварамі. Такія з’явы назіраліся ў Оршы, Быхаве, Бабруйску, Лідзе, Маладзечне. Вакол замкаў складваліся новыя пасады з вуліцамі, што сцякаліся да замкавых сцен.

Развіццё гандлю стрымлівала натуральная гаспадарка. Набыць рамесніцкія вырабы магла толькі абмежаваная колькасць пакупнікоў. Таму большасць рамеснікаў не прадавала тавары, а вырабляла іх на заказ ці абслугоўвала феадалаў.

Спецыяльнасці рамеснікаў і іх вырабы. Адной з прыкмет росту горада было развіццё рамяства. Павялічвалася колькасць рамеснікаў, узрастала колькасць рамесніцкіх спецыяльнасцяў. Удасканальвалася тэхніка, узрасталі колькасць і якасць прадукцыі, яе асартымент, пашыралася вытворчасць.

Важнай галіной рамяства ў гарадах заставалася апрацоўка металаў, у першую чаргу, кавальская справа. Сярод рамеснікаў былі не толькі кавалі, але з’явіліся слесары, якія стваралі складаныя вырабы, напрыклад, замкі для запірання дзвярэй, скрыняў, куфараў.

Высокага узроўню дасягнула ювелірная справа. З серабра і золата ювеліры выраблялі каштоўныя прадметы ўпрыгожання. Гэтыя металы выкарыстоўваліся таксама для афармлення царкоўных кніг. Прыкладам высокага майстэрства ювеліраў з’яўляюцца вокладкі Лаўрышаўскага евангелля ХІV ст.

У ХІV ст. адбываліся перамены ў гарбарным (апрацоўка шкур) і шавецкім (шыццё скуранога абутку) рамястве. Гэтыя дзве галіны рамяства канчаткова раздзяліліся. Адны рамеснікі працавалі гарбарамі, другія — шаўцамі. У ботах і чаравіках стаў рабіцца цвёрды заднік, што паляпшала вырабы, а потым навучыліся прымацоўваць да яго абцас, спачатку зусім невысокі.

З’явілася яшчэ адна галіна рамяства − рымарства. Галоўным заняткам рымараў стала шыццё хамутаў. 3 прымяненнем хамута вырасла працаздольнасць каня на раллі. Адначасова пашырылася магчымасць гужавага (коннага) транспорту, у якім ужываліся простыя колавыя павозкі.

Для пабудовы сярэдневяковых замкаў патрабавалася шмат будаўнічых матэрыялаў: цэглы. кафля, чарапіцы для пакрыцця дахаў. З канца ХІІІ ст. ва ужытак уваходзіць вялікапамерная цэгла, якая выраблялася беларускімі майстрамі. 3 такой цэглы узводзіліся Камянецкая вежа, Лідскі і Гродзенскі замкі, пабудовы ў Полацку, Наваградку. Прымяненне цэглы вялікага фармату паскарала тэмпы будаўніцтва. У пачатку ХІV ст. на Беларусі пры пабудове печаў пачынае выкарыстоўвацца так званая гаршчкападобная кафля, якая дапамагала лепш зберагчы цяпло.

Гэта цікава

Важнай часткай вупражы каня з’яўляецца хамут. Дакладна невядома, калі ён з’явіўся ў гаспадарцы ўсходніх славян. Пры археалагічных раскопках у Віцебску рэшткі хамута знойдзены ў наспластаванні XV ст. Напэўна, у познім сярэдневякоўі хамут ужо выкарыстоўваўся, што садзейнічала паляпшэнню земляробства і ўжыванню колавых павозак. Драўлянае кола ад павозкі знойдзена пры раскопках у Мінску, Полацку, Брэсце ў пластах ХІІ–ХІІІ стст.

Гістарычная крыніца