Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Смаляков Теория СЭГ.doc
Скачиваний:
3
Добавлен:
16.08.2019
Размер:
663.55 Кб
Скачать

Блок самаправеркi

1. Зыходзячы з прачытанага, дайце ацэнку вызначэнню, якое нярэдка сустракаецца ў вучэбных дапаможнiках: эканамiчная геаграфія – навука аб размяшчэннi і тэрытарыяльнай арганізацыі вытворчасці.

2. Паспрабуйце адлюстраваць у выглядзе схемы сетку катэгорый, што сфарміраваліся на аснове фундаментальнай катэгорыі "размяшчэнне насельнiцтва і гаспадаркі", і дапоўніць яе іншымі вытворнымі катэгорыямі.

Эканомiка-геаграфiчнае становiшча. Гэта другая фундаментальная катэгорыя СЭГ. Эканомiка-геаграфічнае становiшча – адносіны аб’екта (прадпрыемства, паселiшча, эканамічнага раёна і інш.) да ўсiх iншых аб’ектаў, што знаходзяцца па-за яго межамі i маюць гаспадарчае значэнне. Маецца на ўвазе размяшчэнне аб’екта ў адносiнах да шляхоў транспарту, буйных гарадоў, раёнаў сельскагаспадарчай вытворчасцi, месцаў адпачынку i г. д. Калі эканомiка-географ даследуе які-небудзь аб’ект: асобнае прадпрыемства, населены пункт, эканамічны раён, краiну, – заўсёды адным з абавязковых бакоў яго характарыстыкі з’яўляецца ацэнка эканоміка-геаграфічнага становішча.

Асноўныя вытворныя катэгорыi: транспартна-геаграфічнае становiшча, палiтыка-геаграфiчнае становiшча, прамыслова-геаграфiчнае становiшча, аграгеаграфічнае становiшча.

Геаграфiчны падзел працы. Катэгорыя "геаграфiчны (тэрытарыяльны) падзел працы" азначае прасторавую форму грамадскага подзелу працы наогул. Геаграфiчны падзел працы – аб’ектыўны сацыяльна-эканамiчны працэс. Сутнасць яго ў спецыялiзацыі асобных частак краіны (або асобных краін) на вытворчасцi пэўных відаў прадукцыі і абмене імі. Пэўныя галіны гаспадаркі атрымліваюць развіццё там, дзе маюцца для гэтага найбольш спрыяльныя ўмовы. Геаграфiчны падзел працы мае дачыненне да ўсiх з’яў і працэсаў, якiя вывучае сацыяльна-эканамiчная геаграфія. У працэсе геаграфічнага падзелу працы ўсталёўваюцца пэўныя ўзаемасувязі памiж мясцовасцямі з рознай гаспадарчай спецыялiзацыяй, з рознай структурай гаспадаркі. Чым вышэйшы узровень развіцця грамадскай вытворчасці, тым больш складаныя і рознабаковыя сувязі памiж асобнымі рэгiёнамі, краінамі.

У сiстэму паняццяў, што складваюцца на падставе фундаментальнай катэгорыі "геаграфічны падзел працы", уваходзяць міжнародны падзел працы, мiжраённы падзел працы. Адна з асноўных вытворных катэгорый – тэрытарыяльная інтэграцыя працы. Яна азначае ўсё больш цесныя сувязі памiж тэрытарыяльнымі адзiнкамі, мясцовасцямі, што маюць розную гаспадарчую спецыялізацыю. Працэсы тэрытарыяльнага падзелу працы і тэрытарыяльнай iнтэграцыі працы дыялектычна ўзаемазвязаны.

Эканамiчны раён. Гэта яшчэ адна фундаментальная катэгорыя сацыяльна-эканамічнай геаграфіі. Вядомы савецкі эканомiкагеограф М. Каласоўскi лічыў паняцце "раён" зыходным, цэнтральным у геаграфічнай навуцы па аналогіі з тым, што ў матэматыцы зыходным з’яўляецца паняцце аб ліку, у фiзiцы – аб матэрыі і энергii.

Эканамiчны раён – гэта спецыялiзаваная тэрытарыяльная частка краіны. Кожны эканамічны раён вылучаецца своеасаблівым эканоміка-геаграфічным становішчам, прыродным патэнцыялам, колькасцю насельніцтва, структурай гаспадаркі, спецыялізацыяй.

Утварылася сiстэма вытворных катэгорый, што адлюстроўваюць віды і ўзроўнi эканамічнага раянавання (буйны эканамiчны раён, адміністрацыйна-эканамічны раён, унутрыабласны эканамічны раён) і разнастайныя бакі функцыянавання эканамічных раёнаў (спецыялiзацыя раёна, комплекснасць гаспадаркі раёна, мiжраённыя сувязi).

Тэрытарыяльная сацыяльна-эканамічная сістэма. Доўгi час у якасці адной з фундаментальных можна было разглядаць катэгорыю "тэрытарыяльна-вытворчы комплекс". Адзначым, што тэрытарыяльныя спалучэнні (сукупнасці) геаграфічных аб’ектаў, што размешчаны ў межах пэўнай тэрыторыі і знаходзяцца ў тых ці iншых узаемаадносінах i сувязях, з’яўляюцца прадметам вывучэння геаграфiчнай навукі. Адным з відаў такiх спалучэнняў з’яўляецца тэрытарыяльна-вытворчы комплекс.

У агульным плане тэрытарыяльна-вытворчы комплекс можна вызначыць як спалучэнне ўзаемазвязаных вытворчых аб’ектаў пэўнай тэрыторыi.

Аднак межы зместу фундаментальных катэгорый не з’яўляюцца нечым застылым, нязменным. Пры ўключэнні ў даследаванне новых аб’ектаў, выкарыстанні новых метадаў катэгорыі напаўняюцца новым зместам, што суправаджаецца пашырэннем iх рамак, з’яўленнем катэгорый больш высокага ўзроўню абагульнення, узроўню абстракцыі. Новыя катэгорыі ўбіраюць у сябе на правах вытворных тыя, якія раней лічыліся фундаментальнымі. Так, у дачыненні да "тэрытарыяльна-вытворчага комплексу" новай катэгорыяй з больш высокім узроўнем абагульнення стала катэгорыя "тэрытарыяльная сацыяльна-эканамiчная сістэма".

Названая катэгорыя азначае спалучэнне ўсіх элементаў гаспадаркі (не толькі вытворчых, але і сацыяльных) у межах пэўнай тэрыторыі. Такiм чынам, сацыяльна-эканамічная сістэма – гэта спалучэнне ўсіх эканоміка - і сацыяльна-геаграфічных аб’ектаў пэўнай тэрыторыi з сувязямі, што ўсталяваліся паміж імі. Так, у лік фундаментальных увайшла катэгорыя "тэрытарыяльная сацыяльна-эканамічная сістэ-ма".

Да вытворных адносяцца катэгорыі, што адлюстроўваюць маштабы сістэм па памерах тэрыторыі, iх іерархію, уласцівасці.