Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Смаляков Теория СЭГ.doc
Скачиваний:
3
Добавлен:
16.08.2019
Размер:
663.55 Кб
Скачать

Пашыральны блок

У XX ст. з’явiлiся спробы прыстасаваць геаграфiчныя паняцці да палітыкі, што прывяло да ўзнікнення геапалiтыкі. Па К. Хаўсхоферу (Германія), геапалітыка – гэта ўменне i мастацтва выкарыстоўваць геаграфiчныя веды для выпрацоўкі і абгрунтавання палітыкі дзяржавы. Свае iдэі ён атрымаў з прац шведскага палітыка Р. Чэлена, які распрацаваў асноўныя палажэннi геапалітыкі па аналогіі з Ф. Ратцэлем. Ідэі К. Хаўсхофера паўплывалі на палітыку нацыянал-сацыя-лістаў у гітлераўскай Германіі, таму іx аўтар быў асуджаны Нюрнбергскім трыбуналам.

Напрамкi даследаванняў у савецкай СЭГ. У сувязі з велізарнай тэрыторыяй краiны, разнастайнасцю прыродных умоў і рэсурсаў СЭГ у СССР дасягнула значных поспехаў. Але на Захадзе гэтыя дасягненні вядомы недастаткова. У савецкай СЭГ вызначылiся чатыры напрамкі даследаванняў: намаграфічны, галінова-статыстычны, краiна-знаўчы і раённы.

Намаграфiчны напрамак склаўся напрыканцы 20-х гадоў.. Навукоўцы, якія прытрымліваліся гэтага напрамку, даследавалi законы размяшчэння вытворчых сiл, вялі пошук колькасных стасункаў тэрытарыяльна вызначаных гаспадарчых зяў і iх матэматычных заканамернасцяў. Тэрмін у навуковае абарачэнне ўвёў А. Чаянаў у 1921 г. У працах прадстаўнікоў дадзенага напрамку (А. Чаянаў, І. Баскін, А. Котаў, А. Чэлінцаў, А. Рыбнікаў, Б. Кніповіч, М. Марозаў) было шмат цікавых на свой час перадавых уяўленняў, актуальных i сёння.

Галiнова-статыстычны напрамак разглядаў эканамічную геаграфію як эканамічную навуку – частку палітычнай эканоміі. У даследаваннях гэтага напрамку вывучаліся сучасны стан асобных галін гаспадаркі ў iх геаграфічнай распаўсюджанасці, умовы развіцця гэтых галiн. Па меркаванні галоўнага прадстаўніка гэтага напрамку У. Дэна, эканамiчная геаграфія – гаспадарчая геаграфiя, у цэнтры вывучэння яе павінны знаходзіцца чалавек, які жыве ў грамадстве, а таксама яго гаспадарчая дзейнасць i грамадскія адносіны, што з гэтай дзейнасці вынікаюць. У. Дэн уклаў у паняцце "гаспадарка" хаця і няпэўны, але ўсё ж сацыяльны змест і тым самым пашырыў сфе­ру эканамічнай геаграфіі. Да дасягненняў галінова-статыстычнага напрамку адносяцца падрабязныя апісанні асобных галін гаспадаркі ў iх развіцці, метадычная распрацоўка прыёмаў выкарыстання фактычнага матэрыялу, у тым ліку статыстычнага.

Краiназнаўчы напрамак у СЭГ – гэта краявідная канцэпцыя ў савецкай геаграфіі 20-х гадоў. У аснове ляжыць вучэнне аб тыпах эканамічных раёнаў з занальнымі рысамі, што паўтараюць прыродную занальнасць. У адпаведнасцi з краiназнаўчым напрамкам раён уяў-ляўся не як вытворчы комплекс з адпаведнай спецыялiзацыяй гаспадаркі ў маштабе ўсёй краіны, а толькі як аналаг геаграфічнага краявіду. Гэты напрамак рапрацоўваўся С. Бернштэйнам-Коганам.

Раённы напрамак у савецкай СЭГ лічыцца асноўным. Ён разглядае любую краіну як цэласную сістэму эканамічных раёнаў, а кожны раён як састаўную частку краіны. Такі падыход дазваляе вырашаць праблему комплекснага развіцця гаспадаркi краіны i кожнага з яе эканамічных раёнаў. У межах даследаванняў у дадзеным напрамку вывучаліся тэрытарыяльныя сістэмы рознага рангу, у тым лiку прамысловыя раёны i вузлы, сельскагаспадарчыя раёны,сістэмы рассялення, гарады, транспартныя сістэмы і вузлы, тэрытарыяльныя сістэмы сацыяльнай сферы. Для раённага напрамку характэрны гістарызм, даследаванне эканамічных раёнаў у межах геаграфічнага падзелу працы, арганічная сузязь тэрытарыяльных сацыяльна-эканамічных сiстэм з навакольным асяроддзем. Заснавальнікамі раённага напрамку ў СЭГ зяўляюцца М. Баранскі, І. Аляксандраў, М. Каласоўскі і іншыя.

За межамi СССР вылучалiся сваiм развіццём СЭГ ЗША, Вялі-кабрытанii, Германіі, Францыі, часткова Японіі. Астатнiя краiны знаходзілiся пад iх уплывам.

Развіццё СЭГ у ЗША вызначаецца дынамiзмам і шматвектарнасцю. Толькі простае знаёмства з дасягненнямі амерыканскіх географаў патрабуе шмат часу. Сучасны перыяд развiцця СЭГ у гэтай краiне неабходна звязваць з імёнамі І. Боўмэна, В. Бунге, А. Бацімер, А. Лёша, П. Джэймса, Р. Мэрфі, Г. Макарці, У. Айзарда, В. Эплбаўма і iнш. Распрацоўкі амерыканскiх географаў увачавідкі цягнуліся да тэарэтычна-філасофскіх абагульненняў, да фармалізацыі вынікаў. І ўсё ж для ЗША найбольш характэрныя чатыры асноўныя напрамкі ў геаграфічнай думцы (па П. Джэймсу і Дж. Марціну): 1) экалогія чалавека гэта аналiз прыстасавання чалавека да ўмоў навакольнага асяроддзя; 2) харалогiя – вывучэнне мясцовасцей і рэгiёнаў ад месца да месца; 3) гістарычная геаграфія, якая выйшла з нетраў харалогіі, імкнулася растлумачыць тэрытарыяльныя асаб-лівасці праз генезiс, калі працэсы змянення разглядаліся ў часе; 4) прыкладная геаграфiя, што ўзнікла з практычных патрэб (геаграфiя таваразвароту, даследаванне і класiфiкацыя земляў, вывучэнне пояса першых пасяленняў на захадзе ЗША, вывучэнне маркетынгу прыватнага бiзнесу і інш.).

СЭГ у Вялiкабрытанii развiваецца ў пяцi традыцыйных напрамках: 1) адкрыццё і даследаванне зямель; 2) гiстарычная геаграфiя; 3) практычная геаграфiя; 4) картаграфiя; 5) палявыя даследаванні. У 60-х гадах да традыцыйных напрамкаў дадаліся новыя. Рэгiяналізм і ўяўленні аб геаграфіі як прасторавай навуцы прывялi да біхевія-рысцкага і радыкальна-структуралісцкага падыходаў. У брытанскай СЭГ шмат yвaгі надаецца колькасным метадам статыстычнага апісання, статыстычным прыёмам праверкі гiпотэз. Напярэдаднi 70-х гадоў у брытанскай геаграфіі з’явіўся iнтарэс да яе практычнай карысці. Сярод навукоўцаў неабходна адзначыць П. Хагета, Д. Стодарда, Р. Дж. Чорлі, Г. Тэйлара і iнш.

У французскай СЭГ назiраецца паслабленне пазіцыі геаграфіі чалавека. Адзінства фізічнай геаграфіі і геаграфіі чалавека паступова знікае. Працы галіновага характару замяняюць у даследаваннях рэгіянальныя працы. Адметнай асаблівасцю сучаснай французскай геаграфіі зяўляецца шырокі ўдзел географаў у распрацоўцы буйных праграм па планаванні, перамяшчэннi цэнтра геаграфічнай думкі са сталіцы ў рэгіянальныя цэнтры. Сярод навукоўцаў вылучаем П. Клаваля, A. Maньe, дэ Мартона і iнш.

Нямецкая СЭГ пасля другой сусветнай вайны стваралася нанава. Да таго ж разяднанне нацыі на дзве краiны не магло станоўча адбiвацца на развiцці навукі. Ва ўсходняй частцы Германіі адчуваўся вялiзны ўплыў савецкай СЭГ. А вось у ФРГ ужо з 60-х гадоў назіраецца аднаўленне традыцыйнай для Германіі канцэпцыі "культурнага краявіду". Павышаная ўвага да культурных працэсаў прывяла да сацыяльнай геаграфіi, iнакш СЭГ. Асноўная мэта даследаванняў была ў вывучэнні асаблiвасцей культурнага краявiду, у якім галоўнай, пераўтваральнай сiлай зяўляецца людская супольнасць. Сярод сучасных нямецкіх географаў шырока вядомыя К. Троль, Г. Лаўтэнзах, Г. Бобек, Э. Нээф і інш.

Пералiчаныя вышэй краiны зяўляюцца сёння сусветнымі лідэрамі ў галіне СЭГ, пераемніцай СССР стала Расія. Іх нацыянальныя школы па-рознаму ўплываюць на развіццё навукі ў астатніх краінах свету.

СЭГ у іншых краінах. Былыя сацыялістычныя краiны доўгі час знаходзiлiся пад уплывам iдэй савецкай СЭГ, асаблiвасцямі якой былі групоўка асобных галіновых навук вакол ядра геаграфii, iмкненне ўнесці свае дасягненнi ў практыку будаўніцтва сацыялістычнага грамадства. Спачатку СЭГ у сацыялiстычныя краіны Еўропы прыйшла з Германіі і Францыі, і толькі пасля другой сусветнай вайны іx адтуль выцiснула савецкая школа. Найвышэйшага развiцця гэты працэс дасягнуў у Польшчы і Балгарыі. У адрозненне ад еўрапейскіх сацыялістычных краiн Кiтай спачатку знаходзіўся пад уплывам брытанскiх і амерыканскіх географаў.

Брытанскае ўздзеянне iшло ў калоніі і дамініёны Вялікабрытаніі, таму на гэтых цяпер незалежных тэрыторыях яно і захавалася. Сярод навукоўцаў, якія садзейнiчалі пашырэнню брытанскай геаграфіі за межамі сваёй краіны, больш за ўсё зрабiў Г. Тэйлар. Ён – пачынальнiк СЭГ у Аўстраліі і англамоўнай Канадзе. Да iншых краін брытанскага ўплыву адносяцца Новая Зеландыя, Індыя, Пакістан, Егiпет.

Сярод краiн, якія адчулі асабліва моцны і непасрэдны ўплыў французскай геаграфiі, можна назваць Бельгію, Італiю, Іспанiю, Партугалію, краіны Лацінскай Амерыкі і франкамоўную Канаду. Для географаў гэтых краін характэрна спроба прымiрыць фiзiчную і эканамічную геаграфію.

Пад уплывам нямецкiх геаграфiчных ідэй знаходзяцца цяпер Швецыя, Нарвегія, Фінляндыя, Данія, Нідэрланды, Швейцарыя, Аўстрыя. Сюды яны праніклі непасрэдна з Германіі, у вынiку чаго тут адбылося рэзкае размежаванне фiзiчнай геаграфіі і СЭГ.

Складаны шлях прайшла СЭГ у Японіі. Спачатку тут адчуваўся ўплыў нямецкай геаграфічнай школы і часткова французскай, а пасля другой сусветнай вайны вырасла роля амерыканскай СЭГ. Сярод ycіx краiн Японія вызначаецца найвышэйшай актыўнасцю ў стварэнні навуковых прац і эфектыўным удасканаленнем якасці выкладання СЭГ.