Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Смаляков Теория СЭГ.doc
Скачиваний:
3
Добавлен:
16.08.2019
Размер:
663.55 Кб
Скачать

Блок самаправеркi

1. Чаму ТВК лiчаць эфектыўнай формай размяшчэння вытворчасці? У чым заключаюцца iх перавагі? 2. Лакальныя ТВК і раённыя ТВК – у чым iх агульныя рысы і адрозненні?

Узнiкненне i развiццё ўяўленняў аб тэрытарыяльных сацыяльна-эканамічных сістэмах (ТСЭС). У § 12 паказана, як адбывалася паступовая трансфармацыя катэгорыі "тэрытарыяльна-вытворчы комплекс" у катэгорыю "тэрытарыяльная сацыяльна-эканамічная сіс-тэма".

У працах па сацыяльна-эканамiчнай геаграфii ТСЭС сталі разглядацца ў якасці аб’екта даследаванняў дадзенай навукі. Уяўленне ТСЭС паспяхова развівалася ў работах Ю. Саушкіна. У якасці прыкладаў тэрытарыяльных сiстэм, што фармiруюцца ў працэсе жыцця грамадства, ім прыводзяцца: сiстэма рассялення (г. зн. сiстэма ўзаема-звязаных населеных пунктаў), горад, прамысловы вузел, прамысловы раён, сiстэма шляхоў зносін, сістэма ўзаемазвязаных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і заводаў па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны, курортныя зоны, сістэмы электрастанцый, звязаных лiнiямі электраперадач. Гэта сведчыць аб тым, што да ТСЭС адносяцца спалучэнні розных аб’ектаў вытворчай і невытворчай сферы ў межах пэўнай тэрыторыі. Кожная з ТСЭС мае сваю гісторыю, унутраную арганізацыю, унутраныя і знешнiя сувязi, вельмі часта – ядро, заўсёды – межы, дакладныя або расплывiстыя. Кожная ТСЭС мае пэўную прасторавую канфiгурацыю аб’ектаў і ўласцiвых ім з’яў, своеасаблівы "малюнак размяшчэння".

Тэарэтычныя палажэнні аб ТСЭС развiвалiся ў працах М. Шарыгіна (Расія), С. Ныммік (Эстонія), М. Паламарчука (Украіна) і іншых эканомікагеографаў. У iх ТСЭС разглядаюцца i характарызуюцца як складаныя, дынамiчныя, адкрытыя ўтварэнні. ТСЭС склалiся i функцыянуюць у выніку грамадскага падзелу працы, у тым лiку геаграфічнага, і інтэграцыі грамадскага жыцця. Структура ТСЭС фарміруецца пад уздзеяннем і прыродных, i сацыяльна-эканамічных фактараў.

Кожная ТСЭС складаецца з некалькіх кампанентаў, ці падсістэм: прыродных рэсурсаў, насельніцтва і сеткі населеных пунктаў, вытворчай і невытворчай сферы. Ужо адзначалася, што прыродныя рэсурсы тэрыторыi з’яўляюцца натуральнай асновай фармiравання ў яе межах тэрытарыяльна-вытворчых комплексаў, а значыць і ТСЭС. Тэрытарыяльныя сацыяльна-эканамiчныя сістэмы ўключаюць прыродныя рэсурсы, што выкарыстоўваюцца ў розных галінах гаспадаркі, уцягнуты ў працэс вытворчасці. Рэсурсы невытворчай сферы, у тым лiку рэкрэацыйныя, таксама састаўным элементам уваходзяць у ТСЭС.

Сiстэма населеных пунктаў з іх жыхарамі – вытворцамі і спажыўцамі матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей – неад’емны кампанент ТСЭС. Сукупнасць прадпрыемстваў, устаноў і арганiзацый вытворчай i невытворчай сферы з iх разнастайнымі сувязямі стварае гаспадарчую спецыялiзацыю i цэласнасць ТСЭС.

Пашыральны блок

Адначасова з катэгорыяй "тэрытарыяльная сацыяльна-эканамічная сістэма" ў працах эканомiкагеографаў прапаноўваліся іншыя абазначэнні (назвы) для тэрытарыяльных спалучэнняў усіх геаграфічных аб’ектаў у межах канкрэтнай тэрыторыі. Так, эстонскія географы (С. Ныммік, У. Мерэстэ) ужываюць паняцце "сацыяльна-эканамічная прасторавая сiстэма", украінскія географы (М. Паламарчук і інш.) прапаноўвалі паняцце-тэрмін "эканоміка-геаграфічны комплекс". У адным з артыкулаў Е. Міронавай i Э. Файбусовіча (Расія) змяшчалася прапанова: "сацыяльна-эканамічнае геатэрытарыяльнае спалучэнне (сістэма)". Аднак шырокага распаўсюджання і замацавання ў літара-туры прапанаваныя тэрміны не знайшлі. Лічым, што сутнасць паняцця ўдала і поўна адлюстроўвае больш просты тэрмін "тэрытарыяльная гаспадарчая сiстэма", які можа ўжывацца ў якасці сінонiма ТСЭС.

Атрыбуты ТСЭС. Удакладнiм значэнне слова "атрыбут". Гэта неабходная, істотная ўласцівасць таго ці іншага аб’екта. Атрыбуты ТСЭС найбольш поўна вылучаны і ахарактарызаваны латышскім географам З. Дзенiсам. У якасці атрыбутаў ТСЭС ім названы: а) структурнасць; б) тэрытарыяльнасць; в) дынамічнасць; г) функцыянальнасць; д) узаемазвязанасць. Коратка разгледзiм сутнасць кожнай з пералічаных уласцівасцей ТСЭС.

Пад структурнасцю разумеюць магчымасць раздзяляць цэлае на асобныя элементы, кожнаму з якiх будзе ўласцiва пэўная функцыя. Структурнасць – магчымасць структурызацыі, падзелу на састаўныя часткі, структурныя кампаненты. Несумненна, ТСЭС з’яўляюцца складанымі ўтварэннямі, іх састаўныя часткі – узаемазвязаныя, больш простыя кампаненты. Яны складаюцца з элементаў, што адносяцца да рознаўзроўневых функцыянальна-структурных падсістэм.

Тое, што кожнай ТСЭС уласціва тэрытарыяльнасць, не патрабуе дадатковага абгрунтавання ці тлумачэння: гэта выцякае з самога вызначэння.

Тэрытарыяльныя сацыяльна-эканамічныя сістэмы знаходзяцца ў пастаянным развiццi, у дынаміцы. Адбываюцца змены ў іх галiновай і тэрытарыяльнай структуры, паглыбляюцца ўзаемасувязі паміж асобнымі элементамі.

У сацыяльна-эканамiчнай геаграфii, у эканоміцы функцыя – роля, якую выконвае той ці іншы аб’ект, працэс, тая цi іншая сукупнасць. Кожная ТСЭС выконвае пэўныя функцыі ў складзе больш шырокай па ахопе тэрыторыі сістэмы. У самой ТСЭС свае функцыі маюць яе састаўныя элементы. У гэтым праяўляецца функцыянальнасць тэрытарыяльных сацыяльна-эканамічных сiстэм.

Узаемазвязанасць азначае не толькі наяўнасць цесных узаемасувязей паміж элементамі ўнутры сістэмы. ТСЭС – адкрытыя ўтварэнні, што маюць інтэнсіўныя сувязі (па абмене рэчывам, энергіяй, iнфармацыяй) з іншымі тэрытарыяльнымі сiстэмамi.

Іерархічнасць ТСЭС. Тэрытарыяльныя сацыяльна-эканамічныя сістэмы адрозніваюцца не толькі функцыянальнай структурай, але і памерамi тэрыторыі, у межах якой яны функцыянуюць. Ім уласціва пэўная іерархія, супадпарадкаванне. Сістэма больш высокага ўзроўню (парадку) аб’ядноўвае некалькі сістэм нiжэйшага ўзроўню. Іерар- хічнасць можна разглядаць як яшчэ адзін атрыбут ТСЭС.

Зноў жа, як і ў дачыненні да ТВК, самы нізкі ўзровень (ранг) утвараюць лакальныя ТСЭС; некалькі лакальных тэрытарыяльных сістэм складаюць раённую ТСЭС; некалькі раённых – міжраённую (рэгія-нальную) ТСЭС. Кожная ТСЭС нiжэйшага ўзроўню з’яўляецца састаўной часткай тэрытарыяльнай сiстэмы больш высокага рангу.