Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Новы ЭУМК па бел. мове (праф.лекс) ЭА.docx
Скачиваний:
123
Добавлен:
31.08.2019
Размер:
925 Кб
Скачать

Гласарый

Агульнаўсходнеславянскі перыяд — этап утварэння беларускай мовы з VI ст. па ХІ ст.

Беларусізацыя — афіцыйная палітыка Кампартыі і ўрада БССР у 1920 — пачатку 1930-х гг., накіраваная на заканадаўчае замацаванне за беларускай мовай функцый дзяржаўнай мовы.

Закон «Аб мовах у Беларускай ССР» — прыняты на XIV сесіі Вярхоўнага Савета БССР адзінаццатага склікання 26 студзеня 1990 г. прававы дакумент аб статусе беларускай мовы як дзяржаўнай мовы.

Перыяд сучаснай беларускай мовы — перыяд развіцця беларускай мовы з ХІХ ст. і да нашых дзён.

Праславянскі перыяд — перыяд, калі з індаеўрапейскай мовы вылучылася праславянская мова ( з ІІІ тыс. да н. э. па VI ст. н. э. ).

Старабеларускі перыяд — першы этап развіцця беларускай мовы (з ХІІ па ХVIII стст.).

Пытанні для самападрыхтоўкі

    1. Якая падзея паўплывала на пашырэнне пісьменства ў нашым краі?

    2. На якой мове былі напісаны кнігі, што пачалі пранікаць на нашыя землі ў Х ст.?

    3. Калі і кім была створана славянская азбука?

    4. Якую ролю адыгрывала беларуская мова ў Вялікім княстве Літоўскім?

    5. Які перыяд старажытнабеларускага пісьменства ўвайшоў у гісторыю культуры пад назвай «залаты век»? Абгрунтуйце вашу думку.

    6. Што вы ведаеце пра пачатак кнігадрукавання ва ўсходніх славян?

    7. Назавіце помнікі пісьменства на старажытнабеларускай мове, якія захаваліся да нашых часоў.

    8. Якія гістарычныя падзеі прывялі да заняпаду старабеларускай мовы? Як гэта паўплывала на духоўную культуру Беларусі?

    9. Назавіце творы, якія паклалі пачатак новай беларускай (нацыянальнай) літаратурнай мове.

    10. Ахарактарызуйце агульны стан беларускай літаратурнай мовы ў канцы ХІХ ст.

    11. Якія перыядычныя выданні пачатку ХХ ст. вы ведаеце?

    12. Кім і калі былі зроблены першыя спробы кадыфікаваць арфаграфічныя і граматычныя нормы беларускай мовы?

    13. Якія грамадскія функцыі выконвала беларуская мова ў 20-я гады ХХ ст.?

    14. Чым было выклікана правядзенне Акадэмічнай канферэнцыі? Калі яна праводзілася і якія пытанні разглядала?

    15. Калі былі прыняты «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», якімі мы карыстаемся і сёння?

    16. Якія падзеі 80—90-х гг. абумовілі пачатак адраджэння беларускай мовы?

    17. Калі быў прыняты закон «Аб мовах у Беларускай ССР»?

Трэнінг уменняў

Заданне 1. Прачытайце тэкст і складзіце пытанні да яго. Дайце агульную характарыстыку тэксту (тып маўлення, стыль, тэма, ідэя, сродкі ўнутранай арганізацыі).

* На працягу апошняга тысячагоддзя славянскія мовы развіваліся ў розных умовах. Тым не менш і сёння здзіўляе незвычайная блізкасць гэтых моў у лексічным складзе і структуры слова, у агульнасці каранёў, граматычных форм, сінтаксічных канструкцый. Усё гэта водгалас старажытных сувязей, былой блізкасці продкаў славян. Але ж праславянская мова, зразумела, не была аднастайнай на ўсёй тэрыторыі, відавочна, яна мела дыялектныя адрозненні. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: якое месца займалі продкі беларусаў у межах праславянскай моўнай прасторы? Адназначнага адказу пакуль няма. Аднак большасць вучоных лічыць, што мова продкаў беларусаў пэўны час займала цэнтральнае становішча ў славянскім свеце. Сведчанне таму — шматлікія рысы, якія звязваюць яе, з аднаго боку, з іншымі ўсходнеславянскімі мовамі (напрыклад, на фанетычным узроўні: поўнагалоссе (ва ўсіх усходнеславянскіх мовах), аканне (у беларускай і рускай мовах), а з другога — з мовамі заходніх славян, разам з якімі зведала яна такія агульныя моўныя працэсы, як дзеканне, цеканне, страту мяккага [р’], падаўжэнне зычных і інш. Многа агульнага ў лексіцы, граматыцы мае беларуская мова з мовамі паўднёвых славян.

Стан вывучэння беларуска-іншаславянскіх сувязей старажытнай пары не дае магчымасці канчаткова вызначыць месца «прабеларусаў» у праславянскай моўнай прасторы, але верагодна, што яно знаходзілася хутчэй за ўсё ў цэнтры, чым на перыферыі (Л. І. Сямешка).

Заданне 2. Параўнайце ўрыўкі з беларускіх твораў розных гістарычных часоў. Вызначце ў іх найбольш істотныя адрозненні (у правапісе, граматычных формах, ужыванні слоў) у параўнанні з сучаснымі нормамі літаратурнай мовы.

* 1. Иже пребывши неколика время в монастыри, и потом испроси тогда сущаго епископа, нарицаемого Илья, правящаго стол святыя Софеи в Полотсте, дабы ей повелел ту пребыти — во церкви святыя Софии и каменныя, в голубници. И повелел ей да пребывает. И ту, въшедши, нача книгы писати своими руками. И наем емлюще требующем даяше... (Жыціе Ефрасінні Полацкай).

2. ...Того же року 88, от семое суботы аж до Рожства Христова, велми великая была непогода и неуставичность. В лете дожду не было, а у восень снегу не было, толко ветры а дожды. У восень о святом Покрове велми поводок великий был, аж по лугам пошла, праве яко на весне велика была. А до Рожства Христова у Днепра вода прибывала и з берегов выливалася (Баркулабаўская хроніка).

3. Дзецюкі! Жывучы пад рондам маскоўскім, кожны ведае, што ён нас абдзірае і глуміць; но мала хто добра падумаў, чы можна ад яго спадзявацца чаго для нас альбо для дзяцей нашых. Я, дзецюкі, лепш знаючы ад вас, напісаў пісьмо, каб не маглі туманіць розуму вашага. Для таго чытайце з увагаю, а як перачытаеце, давайце да другой вёскі («Мужыцкая праўда», К. Каліноўскі).

Заданне 3. Вызначце адметныя асаблівасці старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовы ў наступных словах:

* Выживати, семъ, жывот, вжо, тры, аржаный, довгий, илжывый, ильвица, кровъ — крыви, крычати, крывда, иншы, голубъ, веселле, блескъ — блищати, иржа, гром — грымети, сыпъ, церковъ, даканаець, восень, прышовъ, имгла, глотка — глытати, дзюравый, дзякло.

Заданне 4. Пазнаёмцеся з прыказкамі і прымаўкамі, напісанымі паводле граматыкі Б. Тарашкевіча. Вызначце характэрныя рысы беларускага правапісу, што існаваў да арфаграфічнай рэформы 1933 г.

* Няма тае хаткі, каб ня было звадкі. Адвага не зьнявага. Ад цяплосьці не баляць косьці. Распусьціўся, як старэцкая пуга. На сваім сьметніку і певень сьмелы. Цярпеньнем і працай горы пераносяць. За баляваньнем ходзіць галадаваньне.

Заданне 5. Прачытайце наступныя словы і адзначце асаблівасці беларускай мовы ў першых лексікаграфічных працах.

* Агаткі ж. мн. — кошачьи лапки (бот. Antennaria L); аднавок м. — циклоп (зоол. Cyclops). ЗТ. і інш.), арцабы м. мн. (устарелое) — шашки; асэсар м. (устар.слово) — заседатель; зрада ж. — (ст-рус. ізрада) — измена), бабусенька ж. — ласк. аб бабуся; Багданчук м. — уменш. от Багдан; даражэнькі — ласкат. от дарагі; грыбы м. мн. — губы (насмешливо); капцан м. — аборванец (бран.); коламаз м. — намазывающий колеса (унич.) (М. Байкоў, С. Некрашэвіч. Расійска-беларускі слоўнік. Мн., 1928).

Заданне 6 *. Складзіце падрабязны план адказу на пытанне «Беларуская мова як дзяржаўная ў Вялікім княстве Літоўскім».

Заданне 7 *. Раскажыце, якія этапы перадгісторыі і гісторыі беларускай мовы звязаны з датамі: ІІІ—І тысячагоддзі да н. э., VI—VIII стст., IX—XII стст., XIV—XVI стст., XIX—XX ст.?

Заданне 8 *. Падрыхтуйце паведамленне на адну з прапанаваных тэм.

  1. Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар.

  2. «Катэхізіс» С. Буднага — першая беларуская кніга.

  3. Кастусь Каліноўскі — змагар за Бацькаўшчыну.

  4. Мікола Гусоўскі і яго паэма «Песня пра зубра».

  5. Тадэвуш Касцюшка — выдатны палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай.

  6. Мітрафан Доўнар-Запольскі — бацька беларускай гістарычнай навукі.

  7. Яўхім Карскі — бацька беларускай філалогіі.

  8. Вацлаў Ластоўскі — выдатны палітычны і культурны дзеяч.

  9. «Залаты век» у гісторыі беларускай дзяржавы.

  10. Славутыя жанчыны Беларусі.

  11. Крыж Еўфрасінні Полацкай — выдатны помнік старажытнага мастацтва.

  12. Прадвеснік Адраджэння: Францішак Багушэвіч.

  13. Адам Міцкевіч — славуты паэт, вялікі сын нашага народа.

  14. Слуцкія паясы.