Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Новы ЭУМК па бел. мове (праф.лекс) ЭА.docx
Скачиваний:
123
Добавлен:
31.08.2019
Размер:
925 Кб
Скачать

3.3 Структурныя адзінкі навуковага тэксту: сказ, абзац, складанае сінтаксічнае цэлае. Сродкі сувязі на ўзроўні сказаў і абзацаў навуковага тэксту

Асноўным носьбітам навуковага стылю з’яўляецца навуковы тэкст, з якога будуюцца розныя навуковыя жанры. Навуковы тэкст уяўляе сабою арганічнае адзінства з лагічна пабудаванай кампазіцыяй.

Улічваючы кампазіцыйныя асаблівасці тэкстаў, складзеных у навуковым стылі, вылучаюцца наступныя структурныя часткі навуковага тэксту:

  • уступная (абгрунтоўваецца актуальнасць тэмы, ставяцца мэты, задачы, вызначаюцца гіпотэзы, г.зн. праяўляецца аргументаванасць як стылёвая рыса навуковага стылю);

  • асноўная (мае мэту паказаць працэс даследавання праблемы і распрацоўкі тэмы, шляхі атрымання вынікаў);

  • заключная (падводзіцца вынік працы, паказваюцца магчымыя накірункі наступных навуковых даследаванняў).

Асноўнае патрабаванне да навуковага тэксту — матэрыял павінен выкладацца па дакладным плане, які адпавядае лагічнай структуры, што пасля адсочваецца па главах, раздзелах, параграфах і рубрыках. Наколькі будзе лагічным дзяленне асноўнай часткі на раздзелы, параграфы і абзацы, настолькі сістэма рубрык павінна з’яўляцца нагляднай формай рэалізацыі ўнутранай структуры навуковага твора.

Навуковы тэкст павінен характарызавацца разгорнутасцю выкладу, цэласнасцю, сістэмнасцю, завершанасцю, строгай лагічнай пабудовай. Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя метады выкладу:

  • метад індуктыўнай развагі — навуковы выклад вядзецца ад прыватнага да агульнага;

  • дэдуктыўны метад — навуковы доказ вядзецца ад агульнага да прыватнага.

Для забеспячэння дакладнасці ў навуковых тэкстах выкарыстоўваецца тэрміналогія, асноўнае патрабаванне да якой заключаецца ў адсутнасці мнагазначнасці аднаго і таго ж тэрміна ў адным творы, не дапускаецца змешванне тэрмінаў розных навуковых дысцыплін.

У навуковым тэксце не павінна быць залішняй экспрэсіўнасці, хоць зусім пазбегнуць яе амаль немагчыма. Але ўсе меркаванні і выказванні павінны быць доказныя і аб’ектыўныя.

Важным структурным элементам навуковага тэксту з’яўляецца абзац. Падзел тэксту на абзацы называецца сегментацыяй. Падзел навуковага тэксту на абзацы не мае строгіх правіл, таму асноўнае ўменне вылучаць абзацы фарміруецца праз чытанне навуковай літаратуры. Пры такім падыходзе адбываецца засваенне лагічнай структуры навуковых тэкстаў, асаблівасцей вылучэння абзацаў паміж структурнымі часткамі навуковага тэксту, а таксама аналізуецца сэнсавая сувязь паміж прапанаваным падзелам на абзацы, вызначаецца мэтазгоднасць сегментацыі. Такая ўвага да структуры навуковага тэксту, да асаблівасцей яго структурна-сэнсавага члянення дазваляе выпрацаваць разам з навыкамі выражэння асобных думак яшчэ і навыкі іх аб’яднання ў тэкст.

Аб’яднанне абзацаў у тэкст адбываецца на аснове агульнай думкі і задумы аўтара навуковага твору. Для забеспячэння чытабельнасці і лагічнасці выкладу ў навуковым тэксце выкарыстоўваюцца наступныя элементы:

  • маркіраваныя і немаркіраваныя спісы. У дадзеных элементах за аснову бярэцца вылучэнне пад лічбамі, літарамі або ілюстрацыямі структурных кампанентаў пэўнага паняцця. Дзякуючы спісам праглядаецца іерархічная структура навуковай з’явы, акцэнтуецца ўвага на яе элементах і інш.;

  • лексічныя паўторы, указальныя і асабовыя займеннікі, пабочныя словы, канструкцыі тыпу па меры таго як; у сувязі з тым што; у той час калі; нягледзячы на тое што; разам з тым; між тым; тым не менш і інш.;

  • умоўна-выніковы злучнік калі — то, які забяспечвае лагічнасць у пабудове адказу на ўмову, пры якой адбываецца пэўны працэс;

  • галоўныя часткі складаназалежных сказаў тыпу Дакажам, што...; Заўважым, што...; Дапусцім, што...; Зразумела цяпер, што.... і інш. У лінгвістычнай літаратуры такія часткі называюць буферамі-актывізатарамі, таму што яны звязваюць наступныя сказы з папярэднім кантэкстам і адначасова актывізуюць увагу чытача на ўспрыняцце новай інфармацыі [6, с. 35—39].

Такім чынам, вызначэнне мікраструктуры тэксту тлумачыцца неабходнасцю ўбачыць усе ўзроўні арганізацыі выражэння думак у навуковым тэксце: як на лексічным узроўні (напрыклад, тлумачэнне двух тэрмінаў у адным абзацы быць не можа), так і на сінтаксічным узроўні (сказы аб’ядноўваюцца ў абзацы па прынцыпе прычынна-выніковай сувязі).

Асобна можна спыніцца на магчымасцях маркіравання інфармацыі ў навуковым тэксце (тлусты шрыфт, курсіў, падкрэсліванне, разрадка і інш.). Умова ўжывання гэтых маркераў — не перабольшыць, бо кожнае вылучэнне павінна быць мэтазгодным, каб навуковы тэкст не набыў стракатую форму.