Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Новы ЭУМК па бел. мове (праф.лекс) ЭА.docx
Скачиваний:
123
Добавлен:
31.08.2019
Размер:
925 Кб
Скачать

Спіс рэкамендаваных крыніц па модулі

  1. Cучасная беларуская літаратурная мова : Лексікалогія. Фанетыка. Арфаграфія : вучэб. дапаможнік / М. Ц. Кавалёва [і інш.]. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн. — Мн. : Выш. шк., 1993. — С. 24—26; 51—54.

  2. Азарка, В. У. Беларуская мова: спецыяльная лексіка : вучэб.-метад. дапаможнік / В. У. Азарка, А. С. Васілеўская, М. М. Круталевіч. — 3-е выд., перапрац. — Мн. : БДПУ, 2007. — С. 35—59.

  3. Беларуская мова. Прафесійная лексіка : дапаможнік / склад.: В. В. Маршэўская, І. В. Піваварчык, А. С. Садоўская. — Гродна : ГрДУ, 2006. — 84 с.

  4. Беларуская мова: у 2 ч. / Я. М. Адамовіч [і інш.] ; пад агул. рэд. Л. М. Грыгор’евай. — 5-е выд., выпр. — Мн. : Выш. шк., 2004. — Ч. 1: Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Фразеалогія. Марфемная будова слова і словаўтварэнне. Марфалогія: падручнік. — С. 69—108.

  5. Ляшчынская, В. А. Беларуская мова. Тэрміналагічная лексіка : вучэб. дапаможнік / В. А. Ляшчынская. — Мн. : РІВШ БДУ, 2001. — 256 с.

  6. Метадычныя рэкамендацыі па курсе «Беларуская мова (прафесійная лексіка)» / склад. А. М. Лапкоўская. — Гродна : ГрДУ, 2001. — 85 с.

  7. Сямешка, Л. І. Курс беларускай мовы : падручнік / Л. І. Ся-мешка, І. Р. Шкраба, З. І. Бадзевіч. — Мн. : Універсітэцкае, 1996. — 654 с.

МОДУЛЬ 3

Функцыянаванне беларускай мовы ва ўмовах білінгвізму

Мэта — навучыцца вырашаць складаныя моўна-сацыяльныя праблемы бытавання беларускай мовы ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму.

Задачы:

  • засвоіць сістэму лексічных, граматычных і стылістычных сродкаў беларускай мовы, іх камунікатыўных крыніц; віды інтэрферэнцыі;

  • асэнсаваць паняцце білінгвізму як гістарычнай з’явы;

  • набыць уменні і навыкі карыстання моўнымі сродкамі беларускай мовы ў практычнай дзейнасці.

Тэма 1

Моўная сітуацыя ў Рэспубліцы Беларусь на сучасным этапе. Моўная інтэрферэнцыя і яе віды

1.1 Білінгвізм у Рэспубліцы Беларусь. Псіхалагічны, педагагічны, сацыялінгвістычны аспекты білінгвізму

Спецыфічная асаблівасць маўленчай сітуацыі ў Беларусі — наяўнасць двухмоўя. Двухмоўе, або білінгвізм (ад лац. bi — «двойчы» і lingua — «мова») — гэта «папераменнае карыстанне дзвюма мовамі. Калі ж ва ўжытку знаходзяцца тры і больш моў, прынята гаварыць пра шматмоўе, або полілінгвізм» [5, с. 174]. Значная частка насельніцтва тэрыторыі Беларусі карыстаецца дзвюма мовамі. Двухмоўе ў нашай краіне з’яўляецца дзяржаўным, паколькі статус афіцыйнай ці дзяржаўнай выконваюць дзве мовы: руская і беларуская.

Білінгвізм — гэта функцыянаванне дзвюх моў на адной тэрыторыі, у адным этнічным асяродку; выкарыстанне ў працэсе камунікатыўных зносін дзвюх моў адным і тым насельніцтвам.

Білінгвізм на тэрыторыі Беларусі ўзнік даўно. Ужо ў перыяд Вялікага княства Літоўскага існавала беларуска-царкоўнаславянскае двухмоўе. З пашырэннем польскай мовы ў краіне пачало складвацца беларуска-польскае двухмоўе. Калі ж беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі, шырока развіваецца беларуска-рускае двухмоўе.

Сучасная моўная сітуацыя на Беларусі характарызуецца суіснаваннем і выкарыстаннем беларускай і рускай моў і можа быць вызначана як беларуска-рускае двухмоўе.

Калі веданне дзвюх моў уласціва асобным членам соцыуму, то гэта індывідуальны білінгвізм, калі двухмоўнымі з’яўляюцца цэлыя групы, калектывы, то гаворка ідзе пра калектыўны білінгвізм, калі ж двухмоўе пашырана сярод усіх прадстаўнікоў нацыі, то гэта нацыянальны білінгвізм. Пры нацыянальным білінгвізме ў краіне афіцыйна прызнаюцца дзве дзяржаўныя мовы (у Беларусі — беларуская і руская, у Фінляндыі — фінская і шведская, у Канадзе — англійская і французская).

Калі дзве мовы ўжываюцца ізалявана адна ад другой (напрыклад, на працы — адна мова, дома — другая), то гаворка ідзе пра чысты білінгвізм, калі ж дзве мовы ўжываюцца ўперамешку (залежыць ад камунікатыўнай сітуацыі), то гэта змешаны білінгвізм. Змешаны ў сваю чаргу падзяляецца ў залежнасці ад ступені разумення носьбітам мовы няроднай мовы на рэцэптыўны (чалавек разумее другую мову, але не можа на ёй гаварыць), рэпрадуктыўны (чалавек разумее другую мову, аднаўляе тэкст) і прадуктыўны (чалавек разумее другую мову, аднаўляе тэкст і самастойна будуе на ёй сказы).

Індывідуальнае двухмоўе не абавязкова абазначае масавае двухмоўе, і, наадварот, нацыянальнае двухмоўе можа існаваць пры індывідуальным аднамоўі. Напрыклад, Швейцарыя — шматмоўная краіна, у якой дзяржаўнымі з’яўляюцца нямецкая, французская, італьянская і рэтараманская мовы. Аднак большасць жыхароў гэтай краіны валодаюць толькі якой-небудзь адной з названых вышэй моў [3, с. 12].

Білінгвізм — з’ява складаная, шматбаковая, яна цікавіць не толькі лінгвістыку, але і псіхалогію, псіхалінгвістыку, сацыялогію і таму даследуецца ў розных аспектах. Асноўныя з іх: псіхалагічны, педагагічны, сацыялінгвістычны. Псіхалагічны аспект двухмоўя звязаны з асаблівасцямі псіхалагічнага складу індывіда, з яго разумовымі здольнасцямі, эмацыянальнай прыстасаванасцю, з праблемай пераключэння з аднаго моўнага кода на другі. Педагагічны бок білінгвізму закранае розныя аспекты навучання другой мове, у тым ліку і ўплыў адной мовы на працэс засваення другой. Сацыялінгвістычны аспект двухмоўя ахоплівае кола пытанняў, звязаных з вывучэннем адносін «білінгвізм — грамадства», такіх як: сфера выкарыстання першай і другой мовы; ступень авалодвання мовамі; размеркаванне камунікатыўных функцый паміж мовамі; кантынгент ахопленых двухмоўем членаў соцыуму і шырыня выкарыстання другой мовы, свядомае ўмяшанне грамадства ў моўныя працэсы і інш. [2, с. 24].

Сучасная моўная сітуацыя на Беларусі характарызуецца пераважна суіснаваннем і выкарыстаннем беларускай і рускай моў і можа быць вызначана як беларуска-рускае двухмоўе. Нацыянальнае беларуска-рускае двухмоўе прадстаўлена:

  • індывідуальным беларуска-рускім двухмоўем, калі побач з роднай беларускай мовай двухмоўны індывід выкарыстоўвае і рускую мову;

  • руска-беларускім двухмоўем, калі побач з рускай мовай двухмоўны індывід выкарыстоўвае беларускую мову;

  • індывідуальным беларускім ці рускім аднамоўем.

Побач з беларуска-рускім двухмоўем на тэрыторыі Беларусі ў месцах сумеснага пражывання беларусаў з палякамі, літоўцамі, латышамі, украінцамі існуе беларуска-польскае, беларуска-літоўскае, беларуска-латышскае, беларуска-ўкраінскае двухмоўе. Для небеларускага насельніцтва яно мае характар польска-беларускага, літоўска-беларускага, латышска-беларускага і г. д. Паколькі ў гэтых раёнах функцыянуе і руская мова, можна гаварыць, напрыклад, пра мясцовае беларуска-польска-рускае і г.д. шматмоўе [3, с. 13].