Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
E1.docx
Скачиваний:
54
Добавлен:
04.08.2019
Размер:
273.89 Кб
Скачать
  1. Асноўныя тэндэнцыі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь.

Эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь у 1990 – 2006 г. Пошук новых шляхоў эканамічнага развіцця звязваўся суверэннай Беларуссю з пераходам да рыначных адносін. Першымі крокамі ў гэтым накірунку стала раздзяржаўленне і прыватызацыя.

На пачатку станаўлення дэмакратыі ў краінах на постсавецкай прасторы дзейнічаў цалкам ліберальны прынцып: «Дазволена ўсё, што не забаронена законам». Але шлях краін Заходняй Еўропы да рыначнай эканомікі быў паступовым і натуральным, праз сістэму першапачатковага накаплення капіталу і стварэнне рыначнай інфраструктуры. На працягу больш чым двух стагоддзяў у гэтым рэгіёне праходзіла кшталтаванне і ўдасканаленне заканадаўчай базы эканамічнага развіцця. Пры пераходзе ад камандна-адміністрацыйнай эканомікі да рыначных адносін на пачатку 90-х г. ХХ ст. такой базы папросту не існавала. Таму вышэйадзначаны прынцып разумеўся ў краінах былога СССР абсалютна адвольна і па сутнасці ператварыўся ў беззаконнасць. Яшчэ ў канцы 80-х г. ХХ ст., калі ў Савецкім Саюзе быў уведзены закон аб кааперацыі, у большасці саюзных рэспублік ва ўмовах панавання аднапартыйнай сістэмы, манаполіі дзяржаўнай уласнасці і наяўнасці карупцыі кааператывы ўзначальвалі партыйныя і камсамольскія работнікі. А на пачатку 1990-х г. абвешчаная прыватызацыя па сутнасці ператварылася ў крадзеж.

Беларусь, уступіўшы на шлях рэфармавання пазней за сваіх суседзяў, магла скарыстаць іх вопыт і не паўтарыць іх памылак. Краіна мела нядрэнныя стартавыя магчымасці: патэнцыял вытворчасці, выгаднае геаграфічнае становішча і самы нізкі ўзровень карумпіраванасці сярод усіх рэспублік СССР. У кастрычніку 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Праграму пераходу да рыначных адносін, якая прадугледжвала:

1) раздзяржаўленне, прыватызацыю, дэманапалізацыю і развіццё канкурэнцыі;

2) стварэнне банкаўскай сістэмы, бюджэтнага і падатковага механізмаў, сістэмы цэнаўтварэння;

3) стварэнне рыначнай інфраструктуры ― рынку тавараў, капіталу, паслуг, працоўнай сілы і г. д.;

4) сацыяльную ахову насельніцтва ва ўмовах пераходу да рынку;

5) пераадоленне наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Апошні пункт быў асабліва важны, паколькі праблема Чарнобыля станавілася ўсё больш праблемай толькі Беларусі, пасля распаду СССР грошы на ліквідацыю наступстваў аварыі з саюзнага бюджэту перасталі паступаць, і ў перыяд незалежнасці ў бюджэце Рэспублікі Беларусь прадугледжвалася на гэтыя мэты каля 16 % выдаткаў.

Аднак рэфармаванне народнай гаспадаркі адбывалася не так хутка, як планавалася, і ў 1991–1993 г. у краіне рэзка абвастрыўся эканамічны крызіс. У пэўнай ступені ён быў абумоўлены пераходным працэсам да новай сістэмы гаспадарання, структурнай перабудовай народнай гаспадаркі, усталяваннем новых гаспадарчых сувязяў. У Савецкім Саюзе Беларусь выконвала ролю так званага «зборачнага цэха», тут завяршаўся цыкл многіх галін прамысловай вытворчасці. З распадам СССР парушыўся і адзіны эканамічны арганізм, мэтанакіравана створаны ўрадам, спынілася вытворчасць прадпрыемстваў, у фінансавай сферы панавала гіперінфляцыя.

Вярхоўным Саветам 30 верасня 1994 г. была прынята Праграма неадкладных мер па выхаду эканомікі Рэспублікі Беларусь з крызісу, прапанаваная Прэзідэнтам А.Р. Лукашэнкам. З аднаго боку, гэтая Праграма была дастаткова радыкальная, яна прадугледжвала лібералізацыю цэнаўтварэння, аслабленне падаткаў, прыватызацыю, а з другога ― строгі кантроль за прыватнай гаспадарчай дзейнасцю. Эканамічнай стратэгіяй краіны быў абвешчаны «рыначны сацыялізм», а спосабам вырашэння задач ― дысцыпліна на ўсіх узроўнях вытворчасці.

У верасні 1996 г. Прэзідэнтам былі зацвержаны «Асноўныя накірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 1996–2000 гг.». Мэтай праграмы стала пабудова сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі на падставах:

  • шырокага ўдзелу дзяржавы ў кіраванні эканомікай;

  • задавальнення сацыяльных запатрабаванняў у галіне аховы здароўя, культуры, адукацыі;

  • прыпынення прыватызацыі;

  • адмовы ад ліквідацыі калгасаў;

  • адмовы ад фарсіраваных тэмпаў пераходу да фермерскага гаспадарання на вёсцы і інш.

Важным штуршком для некаторай стабілізацыі эканомікі паслужыла падпісанне вясной 1996 г. Б.М. Ельцыным і А.Р. Лукашэнкам пагаднення «Аб задавальненні ўзаемных прэтэнзій Беларусі і Расіі». Згодна з дакументам, беларускія даўгі за энерганосьбіты ў памеры 1,4 млрд. амерыканскіх долараў былі спісаны, і краіны перайшлі да так званага «нулявога варыянта». Аднак пры выкананні праграмных палажэнняў былі заўважаны некаторыя негатыўныя фактары. У першую чаргу, гэта аднабаковая прывязанасць эканомікі Беларусі да расійскай эканомікі. Пасля жнівеньскага 1998 г. дэфолта ў Расіі зменшыліся паказчыкі развіцця і ў Беларусі.

Разам з тым у канцы 1990-х г. эканамічная сітуацыя ў краіне стабілізавалася, а ў 2005 г. упершыню быў дасягнуты прафіцыт бюджэту.

З мэтай стварэння ўмоваў для прыярытэтнага сацыяльна-эканамічнага развіцця сельскай мясцовасці і павышэння эфектыўнасці працы аграпрамысловага комплексу 25.03.2005 г. была прынята дзяржаўная Праграма адраджэння і развіцця сяла на 2005 – 2010 г. Асноўнымі мэтамі Праграмы з’яўляюцца адраджэнне і развіццё сяла на аснове ўмацавання аграрнай эканомікі, павышэнне даходаў сельскага насельніцтва, узроўню сацыяльнага, бытавога і інжынернага ўладкавання сельскіх населеных пунктаў, захаванне і паляпшэнне экалогіі ў іх і рацыянальнае выкарыстоўванне інвестыцый. Згодна з прагнозамі, рэалізацыя Праграмы дазволіць забяспечыць тэхнічнае і тэхналагічнае пераабсталяванне АПК, павялічыць аб’ём валавой унутранай прадукцыі на 45 %, пабудаваць 1 480 аграгарадкоў, палепшыць жыллёва-бытавыя ўмовы сельскага насельніцтва. На падставе Праграмы плануецца стварыць устойлівую аграрную эканоміку, якая будзе гарантаваць харчовую бяспеку краіны і забяспечыць больш высокі ўзровень жыцця сельскага насельніцтва.

Пошук Беларуссю шляхоў пабудовы ўласнай эканамічнай мадэлі працягваецца. Пачалася практычная рэалізацыя перспектыўнай ідэі стварэння Парка высокіх тэхналогій. На сучасным этапе рэфармаванне эканомікі ажыццяўляецца ў адпаведнасці са зместам шэрагу Дзяржаўных праграм – Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2010 г., Канцэпцыя сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2015 г., Асноўныя накірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006 – 2010 г. і інш.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]