Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Рэфармацыя

У пачатку XVI ст. Заходнюю Еўропу ускалыхнуў нябачны дагэтуль па актыўнасцi рэлiгiйны рух, якi ўвайшоў у гiсторыю пад назвай "Рэфармацыя". Рэфармацыя (ад лац. reformatio – пераўтварэнне) – шырокi грамадска-палiтычны i iдэалагiчны рух у XVI ст., накiраваны супраць засiлля каталiцкай царквы ва ўсiх сферах жыцця. Аб'ектыўна ён меў антыфеадальны характар. Iнiцыятарам i авангардам руху была буржуазiя, якая выступiла супраць феадалiзму i яго апоры – каталiцкай царквы. Галоўнай мэтай руху была рэформа светапогляду грамадства, стварэнне спрыяльных маральных i прававых умоў для дзейнасцi i быту класа буржуазii. Вось чаму Рэфармацыя з самага пачатку прыняла форму рэлiгiйнай барацьбы, якая па-рознаму праяўлялася ў розных краiнах.

У вузка канфесiянальным сэнсе Рэфармацыя азначала перагляд дагматаў каталiцызму i рэлiгiйныя пераўтварэннi, што прывялi да ўзнiкнення новага кiрунку ў хрысцiянстве – пратэстантызму. Ён аб'ядноўвае шэраг самастойных цэркваў i сектаў (лютэранства, кальвiнiзм, англiканская царква, метадысты, баптысты, адвентысты i iнш.), якiя некалькi адроз­нiваюцца культам i арганiзацыяй, але звязаны агульнасцю паходжання i дагматыкi. Асноўныя дагматычныя палажэннi пратэстантызму сфармуляваны яго заснавальнiкамi М. Лютэрам, Ж. Кальвiнам, У. Цвiнглi.

Адным з асноўных патрабаванняў дзеячаў Рэфармацыi было стварэнне новай, дэцэнтралiзаванай, больш дэмакратычнай i таннай царквы. Працiўнiкi каталiцызму заяўлялi пра неабходнасць лiквiдаваць духавенства як асобную касту, манастыры i манаства, пышны каталiцкi культ, складаную абраднасць, секулярызаваць царкоўную маёмасць.

Ідэолагi Рэфармацыi выступалі супраць багаццяў царквы i яе магутнага ўплыву, аднак не адмаўлялiся ад самой рэлiгii. Яны жадалi прыстасаваць яе да iнтарэсаў той часткi грамадства, ад iмя якой выступалi. Бiблiя аб'яўлялася імі невычарпальнай крынiцай веры ў Бога для кожнага i таму iмкнулiся яе перакласцi на нацыянальныя мовы.

Рэфармацыя абудзiла ад шматвяковага сну Еўропу, нанесла моцны ўдар па феадальнаму ладу, пануючай царкве i хрысцiянскаму светапогляду, паслужыла пралогам новай буржуазнай эры. У першай палове XVI ст. яна ахапiла большасць краiн Еўропы, у 20-я гады пранiкла ў Польшчу. Неўзабаве дух пратэстанцтва павеяў i на Беларусi. Разнастайныя сувязi з еўрапейскiмi краiнамi, асаблiва гандаль, вандроўкi цэхавых рамеснiкаў, падарожжы магнатаў, навучанне лiтвiнскай моладзi ў шэрагу унiверсiтэтаў Еўропы садзейнiчалi пастаяннаму прытоку iнфармацыi i ўспрыманню новых рэлiгiйных павеваў тагачасным грамадствам Беларусi. Рэфармацыя на Беларусi развi­валася ў рэчышчы еўрапейскага руху. Значныя зрухi ў грамадска-палiтычным i духоўным жыццi, пашырэнне мiжнародных культурных i палiтычных кантактаў, гаспадарчы ўздым, рост гарадоў, абвастрэнне ўнутрыпалiтычных i сацыяльных супярэчнасцяў пад­рыхтавалi глебу для ўзнiкнення Рэфармацыi на беларускіх землях. У адрозненне ад заходнееўрапейскай яна развiвалася тут на феадальнай аснове i мела iншую сацыяльную базу. У вiр рэфармацыйнага руху былi ўцягнуты галоўным чынам прывiлеяваныя слаi: магнаты, частка дробнай i сярэдняй шляхты.

У сярэдзiне XVI ст. у ВКЛ пачалося iмклiвае распаўсюджванне iдэй заходнееўрапейскага пратэстантызму, iтальянскага антытры­нiтарызму i маскоўска-наўгародскай ерасi. Рэфармацыя на Беларусi не была простым водгукам заходняй, а выступала як нацыянальная гiстарычная з'ява; яе iдэолагi былi не эпiгонамi еўрапейскiх рэфармацыйных дзеячаў i гуманiстаў, а самастойнымi мыслiцелямi. Уз­нiкненне i развiццё такога руху ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм было магчыма на трывалай нацыянальнай аснове.

Асноўнымi рэфармацыйнымi плынямi ў Вялiкiм княстве Лi­тоўскiм былi кальвiнiзм, лютэранства, антытрынiтарызм. Лютэранства было распаўсюджана ў асноўным сярод гараджан iншаземнага паходжання, пераважна ў Жамойцi. Найбольшае пашырэнне на Беларусi атрымаў кальвiнiзм, дактрына якога iмпанавала шляхце.

У другой палове XVI ст. узнiклi своеасаблiвыя формы рэфармацыйнага руху ўнутры праваслаўнай царквы (брацтвы, некаторыя ерасi). Яны адлюстроўвалi антыцаркоўныя настроi часткi гарадскiх i плебейска-сялянскiх мас насельнiцтва.

Рэфармацыя на Беларусi прайшла тры этапы свайго раз­вiцця. На першым этапе (1553–1570 гг. – з часу ўзнiкнення першых пра­тэстанцкiх абшчын да з'яўлення езуiтаў у Вялiкiм княстве Лi­тоўскiм) адбываецца фармiраванне i хуткае развiццё руху, якi неўзабаве дасягнуў найвышэйшага ўзроўню. У гэты час вызначаюцца асноўныя "класiчныя" кiрункi – кальвiнiзм, лютэранства, анты­тры­нiтарызм.

На другiм этапе (1570–1596 гг. – да заключэння Берасцейскай царкоўнай унii) ускладняецца грамадска-палiтычнае жыццё, нарастаюць контррэфармацыйныя тэндэнцыi, умацоўваюцца пазiцыi каталiцкай царквы ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм i ва ўсёй Рэчы Пас­палiтай. Звужаецца сацыяльная база Рэфармацыi – адбываецца масавы пераход шляхты, якая раней падтрымлiвала яе, у каталiцтва.

Крызiс руху, выклiканы наступленнем контр­рэ­фар­ма­цыi, унутранымi су­пярэчнасцямi ў асяроддзi пануючага саслоўя, звужэннем сацыяльнай базы, расколам сярод пратэстантаў, а таксама ўзросшай роллю Польшчы ў палiтычным жыццi Рэчы Пас­палiтай, яшчэ больш выразна праяўляецца на трэцiм этапе, якi ахоплiвае 1596 г. – сярэдзiну XVII ст. У другой палове XVII ст. рэфармацыйны рух на Беларусi згас. Засталася народжаная iм пратэстанцкая царква, роля якой у духоўным i грамадска-палiтычным жыццi Беларусi сталася мiзэрнай.

У сярэдзiне XVI ст. рэлiгiйнымi навiнкамi захапiлiся магнаты (Радзiвiлы, Сапегi, Валовiчы, Кiшкi i iнш.) – працiўнiкi унii з Польшчай. З дапамогай пратэстанцкай веры яны жадалi захаваць адасобленасць сваёй дзяржавы ад каталiцкай Польшчы. Шляхту i заможных гараджан Рэфармацыя прываблiвала магчымасцю падарваць усемагутнасць царквы, якая падтрымлiвала iдэю стварэння Рэчы Пас­палiтай i ўшчамляла iх iнтарэсы. Пэўныя колы звязвалi з Рэфармацыяй надзеi на змяншэнне моцных уплываў маскоўскага праваслаўя. Гэтыя мэты паўплывалi на магнатаў, якiя сталi не толькi прыхiльнiкамi iдэй Рэфармацыi, але i кiраўнiкамi яе практычнага пераўтварэння ў жыццё. Шырокiя народныя масы заста­лiся да яе глухiмi, таму рух не меў тут такога размаху, як у Еўропе.

Асаблiва шчыраваў на нiве Рэфармацыi на Беларусi буйны магнат, вiленскi ваявода, канцлер, тагачасны некаранаваны ўладар Вялiкага княства Лiтоўскага Мiкалай Радзiвiл Чорны. Канцлер, якi паслядоўна адстойваў незалежнасць сваёй дзяржавы не толькi палiтычнымi, але i куль­турнымi сродкамi, хацеў з дапамогай новай веры iдэалагiчна i духоўна абаранiць ВКЛ i ад Польшчы, i ад Масковii. З уласцiвай яму дына­мiчнасцю ён стаў выкараняць ката­лiцтва ў дзяржаве. Толькi ў сваiх уладаннях канцлер закрыў 187 касцёлаў, разбурыў усе прыдарожныя ка­талiцкiя каплiчкi i крыжы i адкрыў 134 кальвiнісцкiя зборы. У 1553 г. ён заснаваў у Вiльнi першую пратэстанцкую абшчыну, а ў канцы 50-х гадоў заклаў у Бярэсцi першы на Беларусi збор (рэфармацкую царкву).

Пад асабiстым заступнiцтвам М. Радзiвiла ў сярэдзiне XVI ст. былi арганiзаваны пратэстанцкiя абшчыны ў Нясвiжы, Клецку, Iўi, Оршы i iнш. У 1557 г. у Вiльнi пад яго старшынствам адбыўся першы ўстаноўчы з'езд лiтоўскiх пратэстантаў. У другой палове XVI – пачатку XVII ст. у многiх гарадах i мястэчках ВКЛ ўзнi­каюць кальвiнісцкiя асяродкi: у Менску, Полацку, Вiцебску, Белiцы, Заслаўi, Глыбокiм, Жупранах, Iвянцы, Койданаве, Капылi, Любчы, Iўi, Гальшанах, Ляхавiчах, Навагародку, Смаргонi, Слуцку, Шклове i iнш. Вакол iх групуюцца выдатныя вучоныя, прапаведнiкi, пiсь­меннiкi, кнiгавыдаўцы. Некаторыя з iх (С. Будны, В. Цяпiнскi) становяцца ўпоравень са знакамiтымi еўрапейскiмi мыслiцелямi. Рэфармацыя спрыяла актывiзацыi духоўнага жыцця грамадства, развiццю асветы i арганiзацыi кнiгадрукавання, распаўсюджванню рэнесансна-гуманiстычных i рацыяналiстычных тэндэнцый у беларускай культуры i пашырэнню яе мiжнародных кантактаў. У другой палове XVI – першай палове XVII ст. на тэрыторыi Беларусi дзейнiчала каля 90 кальвiнісцкiх i 8 арыянскiх збораў. Большасць з iх размяшчалася ў заходнiх i цэнтральных паветах, дзе iснавалi буйныя прыватнаўласнiцкiя землеўладаннi. Гэтаму спрыяў i разнародны этнарэлiгiйны склад насельнiцтва рэгiёна ў параўнаннi з усходняй часткай Беларусi, дзе пераважала праваслаўнае насель­нiцтва. Адчыняюцца сотнi кальвiнісцкiх школ, дзе-нiдзе "шпiталi" (прытулкi для нямоглых), у буйнейшых абшчынах – друкарнi. Большасць рэфармацыйных абшчын знаходзiлася ў залежнасцi ад феадалаў-патронаў, якiя забяспечвалi пратэстанцкiх мiнiстраў (свяшчэннiкаў) i казнадзеяў (прапаведнiкаў) сродкамi на пражыццё – зямельнымi ўладаннямi, грашовым утрыманнем.

Да 60-х гадоў ХVI ст. у кальвiнiзм перайшла большасць беларускiх магнатаў i значная частка шляхты. З 600 праваслаўных шляхецкiх фамiлiй Навагародскага ваяводства вернасць сваёй рэлiгii захавалi толькi 16. Папскi нунцый Камендонi ў сакавiку 1564 г. паведамляў у Рым: "Ератычнае нахабства i свавольства бязмежныя", "колькасць ератыкоў страшэнна ўзрастае", "амаль штодзень апаганьваецца якi-небудзь касцёл, яшчэ нейкi час – i ўжо нешматлiкая каталiцкая царква застанецца без паствы".

У другой палове XVI ст. у асноўным склалася арганiзацыйная i тэрытарыяльная структура кальвiнісцкай царквы ў дзяржаве. Тут была ўтворана Лiтоўская правiнцыя, якая ўключала шэсць дыстрыктаў (Вiленскi, Завiленскi, Навагародскi, Рускi, Берасцейскi, Жмудскi) з суперiнтэндантамi на чале. Арганiзацыйным i кi­рую­чым цэнтрам была Вiленская абшчына. Важныя iдэйныя i царкоўна-рэлiгiйныя праблемы выно­сiлiся на абмеркаванне партыкулярных (па дыстрыктах), правiнцыяльных (усiх абшчын Вялiкага княства Лiтоўскага) i генеральных (з удзелам польскiх пратэстантаў) сiнодаў. У дзейнасцi абшчын прымалi ўдзел таксама свецкiя асобы – шляхта, гараджане.

Рэфармацыйны рух адыграў важную ролю ў развiццi рэлiгiйнай верацярпiмасцi ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм i Польшчы. На канвакацыйным сойме ў Варшаве ў 1573 г. быў прыняты акт Варшаўскай канфедэрацыi, якi абвясцiў рэлiгiйны мiр у Рэчы Пас­палiтай i гарантаваў рэлiгiйную "вольнасць" шляхецкаму саслоўю. У 1588 г. гэты акт, перакладзены на беларускую мову, быў уключаны ў III Статут Вялiкага княства Лiтоўскага, што фармальна забяспечыла прававую абароненасць пратэстантаў.

Пад сцягам кальвiнiзму спачатку аб'ядналiся ўсе слаi грамадства, якiя прымалi ўдзел у Рэфармацыi. Да 1562 г. яшчэ не было рэзкiх разыходжанняў памiж рознымi сацыяльнымi групоўкамi. Мiж тым магнаты i шляхта, калi дамаглiся сваiх мэт, рабiлiся ўсё больш абыякавымi да Рэфармацыi. Яны не толькi iгнаравалi iнта­рэсы iншых саслоўяў, але iмкнулiся падавiць радыкальную апа­зiцыю гараджан i сялян, якая вылучылася з кальвiнiсцкага лагера ў самастойную плынь на працягу 1562–1565 гг. Яе прыхiльнiкi называлi сябе антытрынiтарыямi, цi арыянамi (ад iмя святара Арыя, якi жыў у IV ст. н. э. у Александрыi i адмаўляў траiчнасць бажаства), а таксама лiтоўскiмi братамi, i не абмяжоўвалi Рэфармацыю рэлiгiйна-палiтычнымi лозунгамi, а патрабавалi сацыяльных пераўтварэнняў у грамадстве.

У рашэннi сацыяльных пытанняў антытрынiтарыi не былi адзiнымi. Даследчыкi адзначаюць дзве плынi ў iх руху: левую (плебейска-сялянскую) i правую (шляхецка-бюргерскую). Iдэолагi левага крыла (Пётр Ганезiй, Марцiн Чаховiц, Якуб з Калiнаўкi, Гжэгаж Павел, Лаўрэнцiй Крышкоўскi, Павел з Вiзны, Ян Не­маеўскi i iнш.) рэзка крытыкавалi аснову феадальнага грамадства: жорсткую эксплуатацыю сялянства, "нявольнiцтва", падтрымлiвалi жаданне гарадскiх нiзоў i сялянскiх мас скасаваць прыгоннiцтва. Яны выступалi супраць вярхоўнай улады, дзяржаўных устаноў, выкрывалi войны i дэспатызм феадалаў. Антытрынiтарыi выступалi за стварэнне бескласавага грамадства, заснаванага на прымiтыўна-камунiстычных асновах, дзе няма прыватнай уласнасцi, дзе праца з'яўляецца абавязкам кожнага чалавека, дзе няма войн i ўсякага насiлля.

З такой праграмай не магла згадзiцца шляхта i блiзкiя да яе багатыя i сярэднiя слаi гараджан, якiя абаранялi феадальную ўласнасць на зямлю i эксплуатацыю сялян, саслоўна-класавую няроўнасць. Разам з тым яны прызнавалi неабходнасць правядзення сацыяльных рэформаў i паляпшэння становiшча сялянства, кры­тыкавалi свавольства магнатаў, асуджалi беззаконнасць. Вы­раз­нiкамi iх поглядаў з'явiлiся Сымон Будны i Васiль Цяпiнскi – вядомыя дзеячы Рэфармацыi, пiсьменнiкi, асветнiкi, гуманiсты.

Сымон Будны – найбольш выдатны прадстаўнiк памяркоўнага напрамку ў лiтоўскiм антытрынiтарызме. Яго дзейнасць звязана са зборамi ў Вiльнi, Клецку, Холме, Заслаўi, Лоску. У 1562 г. разам з Мацвеем Кавячынскiм i Лаўрэнцiем Крышкоўскiм Будны заснаваў у Нясвiжы пратэстанцкую друкарню. Яны рабiлi спробы выдаваць кнiгi кiрылiцай на старажытнабеларускай мове для распаўсюджвання рэфармацыйных iдэй сярод насельнiцтва. Захаваўся толькi Катэхiзiс 1562 г. – першая кнiга на беларускай мове, выдадзеная на тэрыторыi Беларусi. У сваёй кнiзе "Пра свецкую ўладу", надрукаванай у 1583 г. у Лоску, Будны знаёмiў чытачоў з поглядамi прад­стаўнiкоў радыкальнай Рэфармацыi. С. Будны i В. Цяпiнскi выс­тупалi за развiццё беларускай культуры на роднай мове. На думку В. Цяпiнскага, былая слава беларускага народа згасла па вiне духоўных i свецкiх феадалаў, якiя грэбавалi роднай мовай. Ён адстойваў права на яе самастойнае развiццё. В. Цяпiнскi з'яўляўся ў той час адзiным прадстаўнiком пануючага класа, якi абараняў нацыянальную мову i культуру, заклiкаў феадалаў даць асвету народу.

На арыянскiх сiнодах 60–70-х гадоў XVI ст. iшлi гарачыя спрэчкi памiж iдэолагамi розных кiрункаў антытрынiтарызму па наступных асноўных пытаннях: цi мае маральнае права "сапраўдны хрысцiянiн" эксплуатаваць працу прыгонных сялян, валодаць зямлёй, маёнткамi, займаць дзяржаўныя пасады, насiць зброю, прымаць удзел у войнах, падпарадкоўвацца свецкай уладзе i г. д.

Змякчыць сацыяльны радыкалiзм левых арыян, прымiрыць погляды левага i правага крыла, выпрацаваць кампрамiснае вучэнне паспрабаваў у 80-я гады XVI ст. Фаўст Соцын – асоба, якой наканавана было адыграць значную ролю ў польскiм i лiтоўскiм антытрынiтарызме. У канцы XVI ст. Соцын стаў яго фактычным лiдэрам. У адрозненне ад ранняга антытрынiтарызму ў гiстарычнай лiтаратуры анты­тры­нiтарызм XVII ст. прынята называць сацынiянствам. Новае вучэнне страцiла сацыяльную завостранасць, адкiнула праблемы бедных i багатых, прыватнай уласнасцi. Цэнтрам сацынiянства ў ВКЛ у пачатку XVII ст. быў Навагародак.

Польскiя i лiтвiнскiя феадалы, якiя спачатку падтрымлiвалi рэфармацыйны рух, напалоханыя прывiдам сялянскай вайны, пакi­нулi яго рады i перайшлi ў лагер контррэфармацыi. Феадальна-каталiцкая рэакцыя распачала наступленне, накiравала галоўны ўдар супраць антытрынiтарызму.

Тэалагiчны радыкалiзм некаторых арыянскiх iдэолагаў, а таксама iмкненне прапаведнiкаў на практыцы рэалiзаваць свае сацыяльныя лозунгi прывялi да канфлiкту з шырокiмi слаямi шляхты (у тым лiку кальвiнiсцкай), выклiкалi моцную трывогу правячых колаў. Узмацняюцца ганеннi i пачынаецца жорсткая траўля арыян езуiтамi i дзяржавай. Неабходна адзначыць таксама, што ў той час ролю iдэалагiчнай апазiцыi каталiцызму на Беларусi ўсё больш пачынае адыгрываць праваслаўе. Гэта таксама падрывала сацыяльную базу антытрынiтарызму.

Рэфармацыйная "мода" аказалася недаўгавечнай. Унутраныя супярэчнасцi, утапiзм наiўна-камунiстычных мараў найбольш радыкальных прадстаўнiкоў антытрынiтарызму, процiдзеянне вярхоў, дзяржаўныя санкцыi абумовiлi заняпад гэтага напрамку ўжо ў апошняй трэцi XVI ст.

У другой палове XVII ст. рэфармацыйны рух на Беларусi згас. Яшчэ ў 70-я гады XVI ст., калi ў iм узмацнiўся сацыяльны пратэст, ад яго адышлi феадалы. Як толькi рух выйшаў з-пад iх кантролю i яны ўбачылi ў iм небяспеку для сваiх iнтарэсаў, iх арыентацыя на пратэстантызм як на iдэалагiчную зброю супраць усемагутнасцi царквы на гэтым вычарпала сябе. Феадалы без ваганняў пачалi мяняць свае рэлiгiйныя погляды. Наступленне контррэфармацыi, унутраныя супярэчнасцi ў асяроддзi пануючага класа, адсутнасць апоры, а таксама ўзросшая роля Польшчы ў палiтычнай структуры Рэчы Паспалiтай абумовiлi параўнальна хуткi адыход значнай част­кi мясцовых феадалаў ад Рэфармацыi i пераход iх да каталiцызму. У гэту веру вярнулiся не толькi былыя католiкi. Яе прымалi таксама прадстаўнiкi праваслаўных фамiлiй (Валовiчы, Збаражскiя, Са­пегi), якiя ненадоўга далучылiся да каталiцтва (кальвінізму).

Нягледзячы на паражэнне, Рэфармацыя пакiнула след у гiсторыi Беларусi. Гэта значная i яркая з'ява ў грамадска-палiтычным i культурным жыццi беларускага народа. Аднак яе значэнне для гiсторыi Беларусi неадназначнае. Рэфармацыя садзейнiчала фармi­раванню грамадскай i ў некаторай ступенi нацыянальнай самасвядомасцi нашых продкаў, актывiзацыi духоўнага жыцця i пранiкненню ў яго рэнесансна-гуманiстычных iдэй, развiццю асветы кнiгадрукавання, станаўленню новых, секулярызаваных форм культуры, пашырэнню мiж­на­род­ных культурных сувязей i кантактаў, уключэнню ВКЛ у еўрапейскi культурна-гiстарычны працэс. З другога боку, Рэфармацыя садзейнiчала культурнай i палiтычнай паланiзацыi шляхты i часткi мяшчанства, звужала сацыяльную аснову ўласна беларускай культуры.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]