Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Лекцыя 32. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654 – 1667 гг.

  • Прычыны вайны. Кампанія 1654 года

  • Контрнаступленне арміі ВКЛ. Ваенная кампанія 1655 г.

  • Пачатак першай Паўночнай вайны. Кейданская унія 1655 г.

  • Віленскае перамір’е 1656 – 1658 гг.

  • Народнае супраціўленне

  • Пачатак вызвалення ВКЛ. Андрусаўскі мір

  • Вечны мір” 1686 г. з Расіяй

Прычыны вайны. Кампанія 1654 г.

Казацка-сялянская вайна на Украіне перарасла ў зацяжны канфлікт, які ахапіў усю Усходнюю Еўропу. Калі ў пачатку паўстання Багдана Хмяльніцкага рускі цар Аляксей Міхайлавіч загадваў сваім ваяводам дзейнічаць супраць казакаў, дык пасля бітвы пад Батогам, дзе казакі ў 1652 г. разбілі лепшыя польскія сілы, ён разглядаў Хмяльніцкага як саюзніка. Дапамогай казакоў дазваляла вырашыць праблему агрэсіўнага Крымскага ханства, якое сваімі набегамі непакоіла Расію на працягу некалькіх стагоддзяў. Чым далей зацягвалася вайна ўкраінскіх казакаў з Польшчай, тым больш яна знясільвала апошнюю, ствараючы сітуацыю, вельмі зручную для ўмяшання ў канфлікт і нанясення ўдару па Рэчы Паспалітай.

Ужо ў сакавіку 1653 г. Расія пачала актыўна рыхтавацца да вайны праз закупку зброі, наём афіцэраў, дыпламатычную прапаганду. Расійскі бок выказаў незадаволенасць ганеннямі супраць праваслаўных у Рэчы Паспалітай. Патрыярх Нікан благаславіў цара на “еже благое дело”. Не менш важным лічылася вырашэнне "балтыйскага пытання", г.зн. атрымаць выхад да ўсходняга ўзбярэжжа Балтыйскага мора. Іншымі словамі, тэрытарыяльныя набыткі (імкненне вярнуць Смаленск, Чарнігаў, Дарагабуж) адыгрывалі галоўную ролю ў рашэнні Расіі аб'явіць вайну Рэчы Паспалітай.

Але зачэпкай да вайны стала праблема тытула рускага манарха. У тагачаснай перапісцы, літаратурных творах, прамовах бацьку цара называлі “Мішай”. Самаго Аляксея Міхайлавіча іменавалі не “самадзержцам”, а “дзяржаўцам”. Набыла вядомасць паэма Самуіла Твардоўскага з Скшыпны, якая закранала гонар і славу рускіх цароў. Летам 1653 г. маскоўскія паслы на чале з князем Б. Рэпнін-Абаленскім патрабавалі ад урада Рэчы Паспалітай пакараць смерцю тых службовых асоб, якія памыліліся ў напісанні царскага тытула.

З другога боку, 22 чэрвеня цар афіцыйна паведаміў Багдану Хмяльніцкаму пра згоду далучыць Украіну да сваёй дзяржавы. 1 кастрычніка 1653 г. у Маскве рашэннем Земскага сабора была абвешчана вайна Рэчы Паспалітай. Пасля Пераяслаўскай Рады, якая 8 студзеня 1654 г. прыняла рашэнне пра пераход Украіны пад царскую «высокую руку», вайна стала ўжо непазбежнай.

Вясной 1654 г. цар Аляксей Міхайлавіч сканцэнтраваў на межах Вялікага княства Літоўскага стотысячную армію (з улікам Нежынскага, Старадубаўскага і Чарнігаўскага казацкіх палкоў, накіраваных Хмяльніцкім у царскае распараджэнне). Такіх узброеных сіл не было ў ніводнай іншай дзяржавы Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

Галоўны ўдар наносіўся па Вялікаму княству Літоўскаму. У сярэдзіне мая (“сухі месяц”) 1654 г. тры вялікія групоўкі царскай арміі - з Вялікіх Лукаў, Вязьмы і Бранска - уварваліся ў межы ВКЛ. Паўночная армія ваяводы князя Шарамецьева накіравалася на Невель – Полацк – Друя – Усвяты – Віцебск, цэнтральная, якую вёў сам Аляксей Міхайлавіч, - на Смаленск, а паўднёва-заходняя, узначаленая ваяводам князем Аляксеем Трубяцкім, - на Мсціслаў - Барысаў. На дапамогу ім з поўдня ў Беларусь рушылі 20 тыс. украінскіх казакаў на чале з наказным гетманам Іванам Залатарэнкам, якім даручалася наступаць уздоўж Дняпра на Гомель, Рэчыцу, Рагачоў і вышэй.

Вайна заспела Княства зусім не падрыхтаваным да абароны. Памежныя гарады і замкі на Дзвіне і Дняпры засталіся не адноўленымі, без належных боезапасаў і прадуктаў, іх залогі - не павялічанымі. Да лета 1654 г. дзяржава не мела нават вялікага гетмана, бо кароль марудзіў з прызначэннем на гэтую пасаду Януша Радзівіла, які меў булаву палявога гетмана. Усё войска, сабранае ўрэшце Радзівілам, не перавышала 10-12 тыс., з іх трэцюю частку складала мала на што здольнае паспалітае рушэнне. Пры такой дыспрапорцыі сіл цяжка было спадзявацца на поспех.

Маскоўскі ўрад імкнуўся выкарыстаць у вайне канфесійную праблему і нейтралізаваць або нават схіліць на свой бок праваслаўнае насельніцтва Беларусі. З гэтай мэтай у край пасылаліся царскія граматы, якія даводзілі, што Аляксей Міхайлавіч пачынае вайну ў імя абароны «святой восточной церкви греческого закона», і заклікалі праваслаўных выступаць разам з царскім войскам супраць «проклятых ляхов». Ігумен полацкага манастыра Афінаген Крыжаноўскі запэўніваў маскоўскія ўлады, што, як толькі цар прыйдзе з арміяй, «белорусцы де, сколько их есть, все в те поры восстанут на ляхов заодно». У некаторых месцах падобная прапаганда ўсё ж дасягнула пэўнага поспеху, асабліва ў самым пачатку вайны.

У ліпені 1654 г. руская армія ўступіла на тэрыторыю Беларусі, у хуткім часе заняла ўсё Полацкае ваяводства і Віцебскі павет. Падрыхтоўвалася аблога Смаленска. На паўночным напрамку армія Б. Шарамецьева 1 ліпеня заняла Невель, 17 – Полацк, затым Дзісну. У сярэдзіне ліпеня рускія войскі авалодалі Друяй і Усвятамі. Адначасова быў абложаны Віцебск. Каля трох месяцаў цягнулася аблога горада. Яго гарнізон складалі некалькі тысяч салдат і значная колькасць шляхты, якая загадзя схавалася за гарадскімі сценамі. Напярэдадні царская армія авалодала Мсціславам, у якім быў размешчаны моцны гарнізон, падмацаваны шляхтай; пасля жорсткіх баёў горад быў амаль цалкам знішчаны.

Пасля ўзяцця Мсціслава руская армія авалодала таксама Копыссю, Дуброўнай і Оршай. Армія Шарамецьева авалодала Глыбокім і Віцебскам.

Выступіўшы насустрач галоўнай маскоўскай арміі на ўсход Беларусі, вялікі гетман Януш Радзівіл выйграў першую бітву, дадзеную 12 жніўня 1654 г. 20-тысячнай арміі ваяводы Я. Чаркаскага пад Шкловам. Аднак потым 8-тысячны корпус гетмана быў адціснуты на Друці і разгромлены каля Шапялевіч арміяй ваяводы князя А. Трубяцкога. Яго рэшткі рассеяліся па лясах, і на нейкі час Вялікае Княства засталося без палявога войска наогул.

Маскоўскае войска пачало аблогу Смаленска. На сценах горада стаялі як жаўнеры, так і мяшчане агульнай колькасцю да 7 тыс. чалавек. Ім на дапамогу прарываліся войскі Радзівіла, якія знаходзіліся ў раёне Оршы. Аднак у выніку шэрагу бітваў войска ВКЛ вымушана было адступіць да Копысі і Шклова. Паміж варожымі бакамі пачаліся перамовы. У выніку смаленскі ваявода Ф. Абуховіч здаў горад. За гэта сойм абвінаваціў яго ў здрадніцтве. 23 верасня Аляксей Міхайлавіч урачыста ўвайшоў у Смаленск.

Шэраг беларускіх гарадоў у пачатку вайны капітуляваў. Гэта былі Магілёў, Новы Быхаў, Шклоў, Крычаў, Невель, Чавусы, а таксама Полацк, у якім абаранялася толькі залога замка, і інш. Некаторыя здаваліся пад уплывам прапаганды Канстанціна Паклонскага - беларускага шляхціца, які перайшоў на бок цара. У чэрвені 1654 г. ён з групай аднадумцаў звярнуўся да цара з прапановай сфарміраваць палкі з прадстаўнікоў беларускай шляхты і "ўсякіх служылых людзей, якія на вернае падданства прысягнулі". Цар вельмі прыхільна аднёсся да ідэі арганізацыі з ліку мясцовага дваранства воінскага кантынгенту і запэўніў Паклонскага, што захавае яму і яго прыхільнікам былыя правы і "маёмасці". Паклонскі, прызначаны ў палкоўнікі, стаў на чале 6-тысячнага войска,якое было сфарміравана са шляхты, мяшчан і сялян Магілёўскага, Мсціслаўскага і Чавускага паветаў. На рахунку Паклонскага была капітуляцыя Магілёва, які здаўся ў верасні 1654 г. Таксама Паклонскаму адчынілі вароты Гораў, Горкі, Шклоў. За гэта цар перадаў яму ў часовае кіраванне магілёў і Магілёўскі павет.

Аднак надзеі цара і яго акружэння не здзейсніліся. Палкі, якія сфарміраваў Паклонскі, выявілі сваю няздольнасць весці актыўныя баявыя дзеянні. Ужо ў кастрычніку 1654 г. афіцэры і салдаты пачалі пакідаць "беларускія палкі", а тыя, хто яшчэ заставаўся, не жадалі падначальвацца прарасійскаму камандаванню. Гэта было выклікана паводзінамі рускіх войск і акупацыйнай адміністрацыі, якія рабавалі і разбуралі маёнткі шляхты, гарады, мястэчкі і сёлы незалежна ад таго, прысягалі іх ўладальнікі цару ці не. Рускія ваяводы перайшлі да тактыкі "выпаленай зямлі". Знішчалі ўсё, што можна было знішчыць, а сялян, і асабліва рамеснікаў, сотнямі тысяч вывозілі ў вечны палон. У Маскве і іншых рускіх гарадах узніклі цэлыя слабодкі з гвалтоўна пераселеных туды "беларусцаў".

Інакш выглядала становішча ў паўднёва-ўсходняй частцы Беларусі, дзе дзейнічалі казацкія атрады І. Залатарэнкі. Па плану яны былі павінны ўзаемадзейнічаць з рускімі войскамі. Аднак прасоўванне казацкіх сіл на тэрыторыю паўднёва-ўсходняй Беларусі было вельмі павольным. Казацкія старшыні імкнуліся замацаваць сваю ўладу ў памежных з Украінай беларускіх землях. Згодна з Пераяслаўскім дагаворам 1654 г. казакі атрымалі права валодаць гарадамі, якія яны захопяць на тэрыторыі ВКЛ. Менавіта гэтым тлумачыцца жаданне Залатарэнкі авалодаць гарадамі і перадаць іх пад кіраванне казацкай вярхушкі. Прадстаўнікі казакоў угаворвалі гараджан здацца не на імя рускага цара, а на імя казацкага гетмана, і ў выпадку нязгоды разаралі дашчэнту навакольныя вёскі. Б. Хмяльніцкі паслаў на Беларусь вялікую колькасць казацкіх сіл. У хуткім часе ў лагеры Залатарэнкі паўсталі супярэчнасці, казакі пачалі пакідаць свае атрады. У канцы кастрычніка 1654 г. на Беларусі з 20 тыс. казакоў засталося ўсяго каля 8 тыс. Сам І. Залатарэнка прасіў цара аб дапамозе і скардзіўся на недавер да яго баявых сяброў.

Да канца 1654 г. казакі авалодалі Гомелем, Рэчыцай, Чачэрскам.

За лета-восень 1654 г. царскія ваяводы занялі ў Беларусі землі да Дняпра на ўсходзе і да Дзвіны на поўначы, на якіх было 33 гарады. Непадпарадкаванымі заставаліся толькі Стары Быхаў на Дняпры і Вяліж на Дзвіне. Такім чынам, пад кантролем царскіх войскаў знаходзілася тэрыторыя паўночна-ўсходняй, усходняй і паўднёва-ўсходняй Беларусі. Поспехі рускай арміі і казакаў, а таксама мэтанакіраваная прапаганда з боку Масквы прывялі да таго, што праваслаўныя гараджане, сяляне цэлымі воласцямі пачалі падаваць заявы з просьбай прыняць іх у рускае падданства. Пры гэтым шляхта праяўляла асцярожнасць, прасіла пацвердзіць яе правы і прывілеі. Маскоўскі ўрад ахвотна даваў такія пацвярджэнні.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]